род кветкавых раслін сям. грушанкавых. Каля 40 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: грушанка зеленаватая (P. chlorantha), круглалістая (P. Rotundifolia), малая (P. minor) і сярэдняя (P. media). Растуць у лясах (пераважна хвойных і мяшаных) і хмызняках.
Невысокія шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім галінастым карэнішчам. Лісце сабрана ў прыкаранёвую разетку, на доўгіх чаранках, скурыстае, цёмна-зялёнае, зімуе. Кветкі белыя, ружовыя, чырванаватыя або зеленаватыя, у гронкападобных канцавых суквеццях на доўгіх кветаносах. Плод — шарападобная 5-гнездавая каробачка. Лек. (выкарыстоўваюць ў афіцыйнай і нар. медыцыне як мачагонны і процізапаленчы сродак) і дэкар. расліны. Надземная частка мае шмат дубільных рэчываў. Сухое лісце ўжываюць як сурагат чаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ КАНДЭНСА́Т,
прыродная сумесь узаемараствораных газападобных і лёгкакіпячых вадкіх вуглевадародаў (C5H12 + вышэйшыя), якія знаходзяцца ў зямных нетрах у газа- або парападобным стане. Ахалоджванне і зніжэнне ціску да атмасфернага пры эксплуатацыі газакандэнсатных пакладаў вядзе да выпадзення з сумесі вадкай фазы — кандэнсату. Газавая частка газавага кандэнсату належыць да катэгорыі тлустых газаў. Утрыманне вадкіх вуглевадародаў (кандэнсату) залежыць ад саставу газу, пластавых тэрмабарычных умоў, асаблівасцей міграцыі газавага кандэнсату і вагаецца ад 5—10 да 500—1000 г/м³. Генетычна газавы кандэнсат неаднародны. Фракцыйны і вуглевадародны састаў разнастайны (бензінавыя, газныя, метанавыя і інш. кампаненты). Газавы кандэнсат і яго састаўныя часткі выкарыстоўваюць як паліва для рухавікоў і як сыравіну для хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХАБО́РЫ, духаборцы,
сектанцкая плынь, адзін з кірункаў духоўных хрысціян. Узнікла ў Расіі ў 2-й пал. 18 ст. Назва паходзіць ад «барацьбіты за дух і ісціну». Асновы вучэння Д. выкладзены ў псалмах «Жывотнай кнігі», дзе трактуецца галоўнае для іх паняцце: Бог — усюдыісны дух. Д. не прызнавалі таінствы, абрады (акрамя шлюбу), святароў, манаства, адмаўлялі свецкую і духоўную ўладу, выступалі супраць дзяржавы і Рус.правасл. царквы. За непадпарадкаванне ўладам і адмаўленне ад воінскай службы праследаваліся царскім урадам, неаднаразова зведвалі дэпартацыі. У канцы 19 ст.частка Д. перасялілася ў Канаду. Невял. групамі жывуць на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, у Растоўскай, Тамбоўскай, Арэнбургскай абл. Расіі, на Д. Усходзе, Украіне і ў Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ СТРА́ТЫ,
частка энергіі пераменнага эл. поля, якая ў дыэлектрыку пераходзіць у цеплавую. Складаюцца са страт праводнасці (джоўлевы страты; гл.Джоўля—Ленца закон) і страт, абумоўленых актыўнай кампанентай току зрушэння ў дыэлектрыку; сегнетаэлектрыкі, акрамя таго, маюць страты на пераарыентацыю даменаў (гл.Сегнетаэлектрычны гістэрэзіс). У сінусаідальным полі характарызуюцца тангенсам вугла Д.с. tgδ, які вызначае долю эл. энергіі, што пераходзіць у цеплавую за 1 перыяд ваганняў эл. поля. Д.с. вымяраюцца, як правіла, разам з вымярэннем дыэлектрычнай пранікальнасці рэчыва. Змяншэнне страт мае важнае значэнне ў вытв-сці кандэнсатараў і эл.-ізаляцыйнай тэхніцы. Д.с. суправаджаюцца разаграваннем дыэлектрыка (дыэлектрычны нагрэў), што выкарыстоўваецца для высушвання матэрыялаў з малой цеплаправоднасцю (драўніны, паперы, керамікі і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРНО́ВА-ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
тып глеб, якія фарміруюцца пад хвойна-шыракалістымі і хвойна-драбналістымі лясамі ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму. Належаць да аўтаморфных глеб. Пашыраны на Пд лясной зоны Усх.-Еўрап. і Зах.-Сібірскай раўнін. На тэр. Беларусі найб. пашыраны тып глеб, размешчаны вял. масівамі ва ўсіх яе частках, пераважна на павышаных элементах рэльефу (у паніжаных пераважаюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы). Асн. плошча ворных зямель размешчана на супесках і пясках. Значная частка Дз.-п.г. мае мала гумусу (да 2%) і пажыўных рэчываў, дрэнную аэрацыю і нетрывалую структуру, невысокую насычанасць асновамі. Іх урадлівасць павышаюць паглыбленнем ворнага гарызонта і паляпшэннем яго структуры, вапнаваннем глебы, унясеннем мінер., арган. і зялёных угнаенняў, мікраэлементаў, увядзеннем правільных севазваротаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРО́БАВАЯ І ЦЭ́ЛАЯ ЧА́СТКІ ЛІ́КУ,
складаемыя, на якія адзіна магчымым спосабам раскладаецца любы рэчаісны лік. Цэлай часткай [x] ліку х наз.найб. цэлы лік, які не перавышае x, напр., [5, 6] = 5, [−3, 2] = −4; з яе дапамогай атрымліваюць, напр., раскладанне на простыя множнікі ліку n! = 1∙2∙3...∙n. Функцыя y = [x] — кавалкава неперарыўная (ступеньчатая) функцыя са скачкамі ў цэлых пунктах. Дробавая частка ліку x — рознасць x − [x]; заўсёды 0 ≤ {x} < 1; функцыя y = {x} — перыядычная функцыя з перыядам, роўным 1. З дробавай часткай звязана паняцце адлегласці да бліжэйшага цэлага ліку x [абазначаецца (x)]:
, дзе k = 0, ±1, ±2... Гэтыя паняцці выкарыстоўваюцца ў тэорыі лікаў і інш. раздзелах матэматыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКЕМБРЫ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
працэсы ўтварэння найстаражытнейшых складкавых сістэм зямной кары на працягу дакембрыю. Шматразова адбывалася з рознай інтэнсіўнасцю ў выглядзе спалучэння складкавых, насоўных і разломавых дэфармацый горных парод і іх метамарфізму. Эпохі Д.с. вызначаюцца па зменах структурнага плана комплексаў парод, метамарфізаваных у рознай ступені. Пад уплывам Д.с. да канца ранняга пратэразою сфарміравалася асн.частка кантынентальнай кары сучасных мацерыкоў. Найб. познія эпохі Д.с. праяўляліся на стараж. платформах у выглядзе расколвання, частковага ператварэння кары і лакальнага магматызму. Узрост эпох Д.с. вызначаецца радыелагічнымі метадамі. Найб. значныя эпохі Д.с.: саамская (3,7—3,5 млрд. гадоў), кольская (каля 3 млрд.), беламорская (2,8—2,6 млрд.), карэльская (1,7—1,6 млрд.), грэнвільская (каля 1 млрд.) і байкальская (680—480 млн. гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМАНІТО́Р (ад гідра... + манітор),
апарат для стварэння магутнага вадзянога струменя і кіравання ім; адзін з сродкаў гідрамеханізацыі. Выкарыстоўваецца для разбурэння і змывання горных парод, грунту, штучных масіваў (зацвярдзелых шлакаў, попелу і інш.).
Найб. пашыраны ў гідратэхн. і прамысл. буд-ве, пры адкрытай і падземнай распрацоўцы радовішчаў (напр., пры гідраўлічнай здабычы вугалю), пры свідравіннай гідраздабычы. Асн.частка гідраманітора — ствол са зменнай насадкай. Вада падаецца ў гідраманітор з напорнага трубаправода. Адрозніваюць гідраманітор нізкага (да 1 МПа), сярэдняга (1—5 МПа) і высокага (5—35 МПа) ціску; са стацыянарным і пульсоўным струменем; ручным і дыстанцыйным (праграмаваным) кіраваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРАСКАПІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
электрамеханічныя прыстасаванні для вызначэння параметраў руху (ці становішча) і стабілізацыі аб’екта, на якім яны ўстаноўлены. Асн.частка гіраскапічных прылад — гіраскоп.
Да гіраскапічных прылад адносяцца: гіратахометры і гіраінтэгратары (для вымярэння вуглавых скарасцей і вуглоў павароту); гірашыроты (паказваюць геагр. шырату месца), гіравертыкалі і гірагарызанталі (фіксуюць напрамак сапраўднай вертыкалі ці плоскасці гарызонта, што дае магчымасць вызначаць вугал нахілу аб’екта адносна падоўжнай або папярочнай восі); гіракомпасы; гірамагн. і гіраіндукцыйныя компасы і курсавыя сістэмы (паказваюць курс рухомага аб’екта ці вугал яго павароту вакол верт. восі); гіратэадаліты (гл. ў арт.Тэадаліты); гірастабілізатары і інш. Гіраскапічныя прылады выкарыстоўваюць у марскім флоце, авіяцыі, ракетнай і касм. тэхніцы, для спец. работ (маркшэйдэрскіх, геадэзічных, тапаграфічных і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІ́ДАШ, Гнедаш Кузьма Савельевіч (30.11.1914, в. Салагубаўка Сумскай вобл., Украіна — 19.6.1944), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен.танк. вучылішча (1940). У Чырв. Арміі з 1936. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну камандзір аператыўна-дыверсійнага цэнтра разведаддзела штаба 1-га Бел. фронту. Групы пад яго камандаваннем у тыле ворага ў 1943—44 вялі разведку і дыверсійную работу ў раёне Слуцка, Баранавіч, Кобрына, Мінска, Асіповіч, Пінска, Лунінца, Брэста, на тэр. Кіеўскай і Чарнігаўскай абл. Каля Слоніма частка групы была акружана карным атрадам, цяжка паранены маёр Гнідаш і радыстка К.Т.Давідзюк, каб не трапіць у палон, падарвалі сябе гранатай.