ду́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.

1. Памянш. да дуга (у 1, 2 знач.); невялікая дуга. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала. Колас.

2. Ручка ці якая‑н. іншая частка прадмета ў форме невялікай дугі. Здалёк чуліся.. [Вольчыны] лёгкія крокі і рытмічна, у такт хады, пазвоньвалі дужкамі пустыя вёдры. Ракітны.

3. Адзін з парных знакаў прыпынку ў выглядзе простай або закругленай вертыкальнай рысы; адзін з парных матэматычных знакаў такой жа формы. Узяць у дужкі. Вынесці за дужкі.

•••

Квадратныя дужкі — дужкі тыпу [].

Круглыя дужкі — дужкі тыпу ().

Фігурныя дужкі — дужкі тыпу {}.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жа́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Разм.

1. каго-што чым. Гучна, з сілаю ўдарыць. Да .. [Вані] падбег паліцыянт, жахнуў гумай па плячах і пацягнуў хлопчыка да пастарунка. Карпюк.

2. што. З сілаю кінуць. [Пошта] узяў дзецюкову касу і разы тры махнуўшы .. па траве, з усяе сілы жахнуў яе аб купіну. Крапіва.

жахну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.

1. каго. Моцна спалохаць, выклікаць жах. І тое, што ўбачыў .. [пан] у чалавечых вачах, жахнула яго. Чорны.

2. Выбухнуць, успыхнуць, бліснуць (пра полымя, маланку і пад.). Буйныя каплі, як бы градам, Па лісцях дуба секанулі Ды далей сетку пацягнулі. І вось жахнула бліскавіца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заго́н 1, ‑а, м.

1. Паласа, участак ворнай зямлі, поля. На полі ветла, самавіта У рад стаялі копкі жыта, Так аздабляючы загоны. Колас. З левага боку .. кусцілася жыта, а па правую руку ляжалі старанна забаранаваныя вагоны. Алешка.

2. Агароджанае пад адкрытым небам месца для жывёлы. Егеры выпусцілі з загонаў гадавальніка адзін зубрыны статак. Краўчанка.

заго́н 2, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. заганяць ​1 — загнаць (у 1 знач.).

2. ‑а. Ланцуг загоншчыкаў на паляванні. Воўк зразумеў, што загоншчыкі, якія крычалі наперадзе, значна больш бяспечныя, чым стрэлы ззаду, і прарваўся праз загон. «Беларусь».

•••

У загоне — у закінутым стане, пад уціскам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зада́ча, ‑ы, ж.

1. Тое, што неабходна выканаць, вырашыць. Паставіць перад сабой задачу. Вырашыць задачу. Першачарговая задача. □ Усе бліжэйшыя задачы прадуманы і абмеркаваны, і цяпер старшыня са спакойнай душой ішоў дадому. Васілевіч. // Мэта, да якой імкнуцца, якой хочуць дасягнуць. Задачай бальшавіцкай агітацыі было дабіцца, каб салдаты выбіралі на з’езд рэвалюцыйна настроеных дэлегатаў. «Весці». // Пра цяжкасці, якія патрэбна пераадолець. — Вось задача, дык задача: Дзе і як знайсці яды? Колас.

2. Пытанне (звычайна матэматычнае), якое рашаецца шляхам вылічэнняў з захаваннем пэўных умоў. Арыфметычная задача. Рашыць задачу. // Практыкаванне, якое выконваецца шляхам лагічных разважанняў, разумовых заключэнняў і пад. Шахматная задача.

•••

Задаць задачу гл. задаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задво́рак, ‑рка, м.

1. Задняя частка двара. Юрка падняў лямпу і ўбачыў, што ў адзіным акенцы, якое выходзіла на задворак, няма шыбін. Курто.

2. толькі мн. (задво́ркі, ‑аў). Месца за дварамі, ззаду двароў. У садах, што пачыналіся з задворкаў і спускаліся аж да паплавоў, было змрочна і туманна. Сіўцоў. Задворкамі, каб не кідацца людзям у вочы, як злодзей, [Лабановіч] накіраваўся на дарогу ў бок станцыі. Колас. // перан. Пра глухую, закінутую мясцовасць, ускраіну чаго‑н. і пад. З адсталага аграрнага прыдатка імперыялістычных дзяржаў, з задворкаў Еўропы Латвія ператварылася ў высакаразвітую індустрыяльную .. рэспубліку. «Звязда».

•••

На задворках чаго — на заднім плане, убаку. Апынуцца на задворках гісторыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задра́цца 1, ‑дзяруся, ‑дзярэшся, ‑дзярэцца; пр. задраўся, ‑лася; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падняцца ўгору. [Плывец] бухнуўся галавою ў ваду, а ногі са шкарпэткамі задраліся ўгору. Колас. — Уй, — закрычыць, быццам ад страху, Аўдуля, а ў душы рада, смяецца, носік той кірпаты задзярэцца, вочкі прыжмурацца. Ермаловіч. // Загнуўшыся, падняцца ўверх (пра вопратку). Плацце задралася. // Адарваўшыся, загнуцца ўгору; залупіцца (у 1 знач.). Кара на ліпе задралася.

2. Разм. Загаліцца, падняўшы плацце, спадніцу.

3. Павесці сябе задзірыста. Сымон адчувае сябе ніякава. Задраўся тады крыху, як былі ў Івана. Сташэўскі.

задра́цца 2, ‑дзяруся, ‑дзярэшся, ‑дзярэцца; пр. задраўся, ‑дралася; зак.

Пачаць драцца (у 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зака́пацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Запэцкаць сябе каплямі чаго‑н.; абкапацца. Закапацца фарбай.

закапа́цца 2, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.

1. Схавацца, змясціўшыся ў выкапанае паглыбленне або засыпаўшы сябе чым‑н. зверху. Закапацца ў салому. Закапацца ў снег. // перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе, рабоце. З галавой закапаўся ў канспекты і падручнікі. □ І наш Варлен.. За навуковую работу ўзяўся: Даведнікаў за сотню перарыў, У кнігі з галавою закапаўся. Маеўскі.

2. перан. Разм. Маючы многа якой‑н. работы, не паспець яе своечасова выканаць. [Насці] хацелася пагаварыць, але Кузьме не было часу, бо ён закапаўся ў сваёй рабоце. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызна́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прызнаваць — прызнаць (у 3, 4 і 5 знач.) і прызнавацца — прызнацца (у 1 знач.).

2. Расказ, словы, у якіх хто‑н. прызнаецца ў чым‑н. Маёр Ладуцька слухаў прызнанні Філістовіча і не перапыняў яго нават тады, калі той паўтараў ужо вядомае. Паслядовіч. [Следчыя] чакалі ад Саўкі пачуць пра самае важнае для іх і такім прызнаннем не задаволіліся. Колас. Хлапец з дзяўчынаю сваёй Тут месца выбралі спатканняў І чула яблынька вясной Іх пацалункі і прызнанні. Танк.

3. Станоўчая ацэнка, адабрэнне. Атрымаць прызнанне ў чытача. □ [Гаворка:] Дзякую за такое высокае прызнанне майго таленту. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што, чым і па чым. Злёгку, нямоцна стукнуць. Дзед Ларка прыстукнуў малатком цвічок, прыцмокнуў языком. Пянкрат. — Вось і вы сваю цаглінку паклалі ў будынак школы, — сказаў муляр ды прыстукнуў кельмай зверху, раўняючы рад. Юрэвіч. — І, ведайце, усё на сваім пастаўлю, — прыстукнуў .. [Хлор] па стале кулаком. Гартны. Пшэбора спрытна павярнуўся, Як першы ў свеце кавалер, Прыстукнуў ботам ды прыгнуўся, Аж бліснуў срэбраны каўнер. Колас.

2. каго. Разм. Забіць, прыбіць. Рабіў Макар усё на злосць старшыні, лаяў яго спачатку за вочы, а пасмялеўшы, і ў вочы. Выпіўшы, пагражаў прыстукнуць у цёмным закутку. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысу́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Рашэнне суда; прыгавор. Бадай у пустым ужо зале суд вынес прысуд. Лынькоў. Словы прысуду былі нейкія быццам цяжкія, але яны не прыгняталі. Савіцкі. // перан. Меркаванне, думка аб чым‑н., ацэнка чаго‑н. Пятро не зводзіў вачэй з Галіны, стараючыся прачытаць на жончыным твары прысуд свайму рашэнню. Шахавец.

2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі, сходу. [Дзетдомаўцам] таксама непрыемна, што вось ён, Арсень Зайцаў, член дзіцячага савета, добры вучань і выхаванец, стаіць і чакае прысуду. Нядзведскі. І што асабліва ўрэзалася ў памяць Пракопу, дык гэта Лапко і яго праўдзівае прызнанне, і той прысуд, які вынесен быў яму сходам калгаснікаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)