ГА́ННА ЯГЕЛО́НКА (Anna Jagiellonka; 18.10.1523, г. Кракаў, Польшча — 9.9.1596),
каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1575—76). Дачка Жыгімонта I Старога і Боны Сфорцы, сястра Жыгімонта II Аўгуста, жонка Стафана Баторыя. Пасля смерці ў 1572 апошняга з дынастыі Ягелонаў Жыгімонта II Аўгуста шляхта абавязала будучага караля ўзяць шлюб з Ганнай Ягелонкай. У перыяд бескаралеўя 1575 абвешчана каралевай, у мужы ёй прызначаны Стафан Баторый; шлюб заключаны ў 1576. Аўдавеўшы ў 1585, Ганна Ягелонка дамаглася абрання на прастол Польшчы і ВКЛ свайго пляменніка Жыгімонта III Вазы. Апекавала Кракаўскую акадэмію, падтрымлівала цесныя сувязі з папскім нунцыем і езуітамі (Пётр Скарга). У якасці спадчыны валодала Кобрынскай эканоміяй, дала гарадам эканоміі Кобрыну і Гарадцу магдэбургскае права і гербы. У 1589 асабіста ўручыла жыхарам Кобрына прывілей, падпісаны каралём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЧЭ́ЎСКІ Іван Іванавіч [4.10.1800, Магілёўская губ. (паводле інш. звестак Чарнігаўская губ.) — 21.1.1869], удзельнік руху дзекабрыстаў. Па маці звязаны сваяцтвам з Г.Каніскім. Выхоўваўся ў Дваранскім палку ў Пецярбургу. З 1820 служыў у 8-й артыл. брыгадзе ў г. Наваград-Валынскі (цяпер Жытомірская вобл. Украіны). У 1823 уступіў у Т-ва з’яднаных славян. Сааўтар новага статута і праекта рэарганізацыі т-ва (1824—25). Вёў агітацыю сярод салдат і афіцэраў 8-й артыл. брыгады. У час паўстання Чарнігаўскага пях. палка (29.12.1825—3.1.1826) спрабаваў узняць суседнія вайск. часці. 20.1.1826 арыштаваны, накіраваны ў Пецярбург. Прыгавораны да смяротнага пакарання. Па царскай канфірмацыі пазбаўлены дваранства і высланы ў Сібір на катаржныя работы. Пасля сканчэння тэрміну катаргі (1839) жыў на пасяленні ў г. Пятроўскі Завод (зараз Пятроўск Забайкальскі Чыцінскай вобл., Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРО́ТНІК»,
бел. дзіцячая гульня. Для гульні патрэбны мячык — «гаротнік». Гуляюць 2 каманды (па 5—10 чал.). На роўнай цвёрдай пляцоўцы адзін у адным чэрцяць 3 кругі. Першы круг наз. «востраў» дыям. 1,5—2 м, другі — каля 8, трэці — 16 м. Пл. паміж меншым і сярэднім кругамі наз. «рака», паміж сярэднім і вял. — «бераг». Кругі дзеляць папалам. Каманды займаюць месцы на процілеглых «берагах». Ударам аб «востраў» мячык кідаюць на другі «бераг»; там яго павінны злавіць і перакінуць такім жа чынам назад. Калі мячык упадзе на зямлю ў межах яе «берага» ці гулец, кідаючы мяч, не стукне ім аб «востраў», ці мячык пасля адскоку ад «вострава» ўпадзе ў «раку» або за мяжу процілеглага «берага», каманда атрымлівае штрафное ачко. Гульня доўжыцца да 10 штрафных ачкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ (Gary) Рамэн [другі псеўд.Ажар
(Ajar) Эміль; сапр.Касеў (Kassew) Раман; 8.5.1914, Вільня — 2.12.1980], французскі пісьменнік расійскага паходжання. У Францыі жыў з 1927. Атрымаў вышэйшую юрыд. адукацыю. З 1945 на дыпламат. службе. Аўтар раманаў «Еўрапейскае выхаванне» (1945),
«Карані неба» (1956, Ганкураўская прэмія 1956), трылогіі «Амерыканская камедыя» (1966—69), цыкла «Браты Акіян» (1965—68), «Паветраныя змеі» (1980), эсэ «Жыцё і смерць Эміля Ажара» (апубл. ў 1981). Пад імем Э.Ажара апублікаваў раманы «Галубок» (1974), «Жыццё наперадзе» (1975, Ганкураўская прэмія 1975, экранізаваны ў 1978), «Трывога цара Саламона» (1979). Насуперак правілам атрымаў Ганкураўскую прэмію двойчы як два розныя пісьменнікі (містыфікацыя раскрылася толькі пасля яго смерці). Перавагу аддаваў экзістэнцыяльнай праблематыцы. Творы Гары адметныя глыбокім псіхалагізмам, спалучэннем трагізму і тонкага гумару, канкрэтна-рэальнага і ўмоўнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧЫЯ СУДЫ́Рэспублікі Беларусь,
судовыя органы, якія ў межах сваёй кампетэнцыі вырашаюць спрэчкі, што ўзнікаюць пры заключэнні і выкананні гаспадарчых дагавораў паміж прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі незалежна ад формаў уласнасці і падпарадкавання. Утвораны ў 1991. Арганізацыя і парадак дзейнасці вызначаюцца законам аб гасп. судзе ад 5.6.1991 і Гаспадарчым працэсуальным кодэксам. Сістэма гаспадарчых судоў складаецца з Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь і гаспадарчыя суды абласцей. Гаспадарчыя суды абласцей вырашаюць усе гасп. спрэчкі, акрамя спрэчак, якія разглядае Вышэйшы гасп.суд. Спрэчкі разглядаюцца суддзёй аднаасобна, па складаных справах старшыня суда мае права ўвесці ў склад суда яшчэ двух суддзяў. Рашэнне гаспадарчага суда па спрэчцы набывае законную сілу адразу ж пасля яго вынясення. Выкананне рашэння гаспадарчага суда праводзіцца на падставе загаду, які выдаецца гаспадарчым судом і з’яўляецца выканаўчым дакументам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ НІ́ЖНЯЯ ЦАРКВА́,
помнік стараж. дойлідства. Пабудавана ў 12 ст. майстрамі Гродзенскай школы дойлідства на тэр.Гродзенскага Старога замка. Пасля пажару 1183 да сярэдзіны 13 ст. разбурылася. Яе руіны выяўлены пад фрагментамі больш позняй Гродзенскай Верхняй царквы ў час археал. раскопак 1931—37. Часткова захаваліся рэшткі сцен (да выш. 3,5 м), фрагменты падкупальных слупоў і элементы дэкар. ўпрыгожання.
Паводле плана гэта быў 4-стаўповы храм тыпу ўпісанага крыжа без нартэкса з развітой алтарнай часткай. Фасады аздоблены паліраванымі і неапрацаванымі рознакаляровымі камянямі, маёлікавымі квадратнымі пліткамі і паліванай чашападобнай кафляй. Гал. ўпрыгожанне інтэр’ера — маёлікавая ўзорыстая падлога і алтарная перагародка. Захаваліся дэталі багата ўпрыгожанай драўлянай алтарнай перагародкі, пазалочаныя медныя лісты з выгравіраванымі выявамі апосталаў і святых у абрамленні кругоў са складаным раслінным і плеценым арнаментам.
Да арт.Гродзенская Ніжняя царква. Фрагмент маёлікавай падлогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСАКО́ЎСКІ (Іосіф Іракліевіч) (25.12.1904, в. Вародзькаў Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.2.1995),
двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945), ген. арміі (1968). Скончыў кав. школу (1931), бранятанк. (1932) і штабныя (1934) курсы, Ваен. акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1928, на камандных і штабных пасадах. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Варонежскім, 1-м Укр., 1-м і 2-м Бел. франтах: нач. штаба танк. палка, брыгады. Удзельнік аперацыі пад Ельняй (1941), бітвы пад Масквой, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Польшчы, баёў за Берлін. Вызначыўся ў час Львоўска-Сандамірскай (1944) і Вісла-Одэрскай (1945) аперацый. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі, з 1963 на адказных пасадах у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. СаветаСССР (1962—70). У Магілёве ўстаноўлены яго бюст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОНЧ-АСМАЛО́ЎСКІ (Глеб Анатолевіч) (3.11.1890, в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1.11.1943),
антраполаг і археолаг. Д-ргіст.н. Сын А.В.Бонч-Асмалоўскага. Скончыў Петраградскі ун-т (1923). У 1924—30 у Ленінградскім ун-це. З 1930 навук. супрацоўнік Геалагічнага ін-та АНСССР і Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. У 1926—27 і 1934 разам з К.М.Палікарповічам вёў археал. раскопкі на Гомельшчыне і Смаленшчыне (Бердыж, Гамкава, Каменная гара). Удзельнік этнагр. і археал. экспедыцый на Каўказе і ў Крыме. У час раскопак у пячоры Кіік-Каба (Крым, 1923—24) упершыню на тэр.СССР выявіў рэшткі выкапнёвага чалавека — неандэртальца, прылады працы ранняга палеаліту. У 1934 арыштаваны, засуджаны на 3 гады лагераў. Пакаранне адбываў у Варкуце. Пасля вяртання жыў пад Ленінградам. Рэабілітаваны ў 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЎКІНСКАЯ АБАРО́НА 1943,
баі партыз. палка «Трынаццаць», часткі сіл 15-га партыз. палка, 17-й брыгады, атрада «Перамога», падраздзяленняў інш. атрадаў супраць карнай экспедыцыі ням. фашыстаў 5—18.10.1943 у лесе каля в. Боўкі Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Гітлераўцы накіравалі карнікаў супраць партызанаў і насельніцтва, што знаходзілася пад аховай партызанаў у міжрэччы Проні і Дняпра. Партызаны занялі абарону і ўтрымлівалі яе 5 дзён. Праціўнік сіламі пях. дывізіі, некалькіх батальёнаў, авіяэскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў уклініўся ў абарону партызанаў, заняў некалькі вёсак і завяршыў іх акружэнне. Партызаны і большасць насельніцтва 14 кастр. адышлі і занялі новую абарону. Пасля больш як 20 жорсткіх баёў партызаны 18 кастр. прарвалі кальцо акружэння і выйшлі ў тыл праціўніка. У памяць пра Боўкінскую абарону каля в. Дабужа насыпаны курган Бессмяротнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НДА ((Brando) Марлан) (н. 3.4.1924, г. Омаха, ЗША),
амерыканскі акцёр. Вучыўся ў школе драм. мастацтва (Нью-Йорк, 1943). З 1944 іграў на Брадвеі. Вядомасць атрымаў пасля выканання ролі Стэнлі Кавальскага ў спектаклі «Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса. З 1950 здымаецца ў кіно. Мае ўласны стыль акцёрскай ігры — разнавіднасць сістэмы Станіслаўскага, прыстасаваная да кінакамеры. Выканаўца гал. роляў у драмах, камедыях, вестэрнах, дзе стварыў вобраз бунтоўнага героя, які не ў стане падтрымліваць сувязі з грамадствам: «Віва, Зана!», «Апошняе танга ў Парыжы», «Мужчыны», экранізацыя «Трамвая «Жаданне», «Апакаліпсіс», «У порце» (прэмія «Оскар», 1955), «Хросны бацька» (прэмія «Оскар», 1973, не прыняў) і інш. Супрацоўнічае з рэжысёрамі Ф.Копалай, Б.Берталучы, А.Пенам, Дж.Х’юстанам, Э.Дзмітрыкам. Як рэжысёр зняў вестэрн «Два аблічча помсты» (1960) і выканаў у ім гал. ролю.