калатня́, ‑і, ж.

Разм.

1. Сварка, звычайна з пабоямі (у хаце, у сям’і). — Мір і спакой гэтаму дому. А то ў другую хату зойдзеш, ідзе такая калатня, што хоць ты вушы затыкай. Гурскі.

2. перан. Бойка, вайна. Раз увосень, калі канчалася вайна, малады чырвонаармеец хадзіў.. і прыглядаўся да асобных будынкаў, што нейкім парадкам асталіся пасля гэтакай калатні. Чорны. Глядзела сонца ў засмучэнні На калатню варожых станаў. — Не вырваць злу ад зла кайданаў. Колас. // Мітусня, неразбярыха, перапалох. Учора ў гэтай самай цырульні была калатня: цэлы дзень дэфензіўшчыкі затрымлівалі і абшуквалі ўсіх. Сабаленка.

3. Дзеянне паводле дзеясл. калаціць (у 1 знач.); хістанне, дрыжанне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паві́нен, ‑нна, у знач. вык. (часцей з інф., з дзеясл. «быць» або без апошняга).

Абавязан, вымушан што‑н. рабіць, або мець якую‑н. якасць. Мы павінны змагацца за мір. □ Чалавек! Ён павінен быць варты свайго месца на зямлі. Карпаў. // Аб тым, што абавязкова здарыцца. Зацменне месяца павінна быць у 11 гадзін вечара. □ [Васіль:] — Мінут праз дзесяць тут па графіку павінен прайсці наступны поезд... Васілёнак. // Ужываецца для вырашэння магчымасці, непазбежнасці чаго‑н. Ён павінен хутка з’явіцца. □ [Муляры] павінны будуць сабрацца неўзабаве, перад закладкаю галоўнага будынка. Чорны. Не мае права жартаваць .. [Марына сваім] лёсам. Яна маладая, яна павінна быць шчаслівая па-сапраўднаму. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пале́гчы, ‑ляжа; ‑ляжам, ‑ляжаце, ‑лягуць; пр. палёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; зак.

1. Прыняць ляжачае, гарызантальнае становішча — пра ўсіх, многіх. Мужчыны пазаганялі коней у лозы і паляглі тут жа ў засені. Хадановіч. Калі дзеці палезлі спаць, Іван Пракопавіч падышоў да этажэркі, да кніг. Навуменка.

2. Прыгнуцца сцяблом да зямлі (пераважна пра збожжавыя расліны). Палягло на вытаптанай і размоклай зямлі пацямнеўшае жыта. Лынькоў. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася. Сачанка.

3. перан. Быць забітым, загінуць — пра ўсіх, многіх. Але суровы лёс салдацкі Ім выпаў — выжыць не змаглі. Ляжаць яны ў магілах брацкіх — За мір, за шчасце паляглі. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памі́лаваць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.

1. Дараваць каму‑н. віну; пашкадаваць каго‑н. [Талаш:] — Це памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі. Колас. У Колі ўжо так павялося: нашкодзіў — прасі прабачэння, памілавалі — пачынай зноў! Карпюк. Ты нёс праз гром і ўсе нягоды У цыраваным ранцы мір. І лёс памілаваў — з паходу Прыйшоў, не лёгшы дзесьці ў жвір. Бялевіч.

2. Адмяніць або змякчыць пакаранне асуджанаму. «Прашэнне, Сашанька, падай і цар памілуе... пішы...» — У ціхім голасе адчай, мальба збалелае душы. Вялюгін.

памілава́ць, ‑лу́ю, ‑лу́еш, ‑лу́е; зак., каго-што.

Мілаваць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

1. Адмяніць, ліквідаваць, прызнаць што‑н. нядзейсным, незаконным. Скасаваць дагавор. Скасаваць шлюб. Скасаваць штатную адзінку. □ [Ленін:] — Мы абяцалі народу мір, абяцалі скасаваць памешчыцкую ўласнасць на зямлю. Гурскі. Задоўга перад вайной раён скасавалі, і мястэчка паступова апусцела. Чыгрынаў. // Выкрасліць, закрэсліць. Скасаваць вершаваны радок.

2. Апратэставаць рашэнне суда ў касацыйным парадку; спыніць судовую справу. Усё падаваў прашэнні [Мудрэйка], падаваў скаргі, пасля зноў прашэнні, каб скасавалі справу. Чорны.

3. Абл. Зрабіць непрыкметным, адсунуць на задні план. Аніс, відаць, каб скасаваць сваю недарэчную выхадку, узяў пад локці Макара і Ёсіпа, якія, крыху збянтэжыўшыся, супыніліся ў парозе, і павёў іх наперад. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заваява́ць eróbern vt; erkämpfen vt; перан. erríngen* vt, erwérben* vt, gewínnen* vt;

заваява́ць мір den Fríeden erkämpfen;

заваява́ць сваё пра́ва sein Recht erkämpfen;

заваява́ць свабо́ду (sich) die Fréiheit erkämpfen [erríngen*];

заваява́ць прыз den Preis gewínnen*;

заваява́ць пе́ршае ме́сца den érsten Platz belégen [erríngen*];

заваява́ць даве́р (das) Vertráuen gewínnen*

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

АЛІМПІ́ЙСКАЯ СІМВО́ЛІКА,

сістэма атрыбутаў, агульных для ўсяго алімпійскага руху. Уключае алімпійскі сімвал, дэвіз (разам складаюць алімпійскую эмблему) і сцяг. Алімпійскі сімвал — 5 пераплеценых кольцаў блакітнага, чорнага, чырвонага, жоўтага і зялёнага колераў — аб’яднанне ў алімпійскім руху пяці кантынентаў. Алімпійскі дэвіз — «Citius, altius, fortius» («Хутчэй, вышэй, мацней»), Існуюць таксама неафіц. дэвізы (сфармуляваны П. дэ Кубертэнам): «Спорт — гэта мір», «Галоўнае не перамагчы, галоўнае — удзельнічаць». Алімпійскі сімвал і дэвіз зацверджаны Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) у 1913. Ён жа зацвердзіў іх у 1920 як часткі афіц. алімпійскай эмблемы, права выкарыстоўваць яе маюць толькі МАК і нац. алімпійскія к-ты. Алімпійскі сцяг — белае палотнішча з алімпійскім сімвалам у цэнтры; зацверджаны МАК у 1913. Вывешваецца на алімпійскіх спаборніцтвах з 1920. Спалучэнне колераў сцяга і алімпійскіх кольцаў сімвалізуе колеры ўсіх нацый. Да алімпійскай сімволікі адносяцца таксама афіц. эмблемы нац. алімпійскіх к-таў (спалучаюць алімпійскі сімвал з элементамі дзярж. геральдыкі), Алімпійскіх гульняў, сесій, кангрэсаў, т.зв. спадарожныя алімпійскія сімвалы (талісманы гульняў, піктаграмы, тэрміны-надпісы і інш.). Выкарыстанне алімпійскай сімволікі ў рэкламных і камерцыйных мэтах, не звязаных з алімпійскім рухам, забаронена алімпійскай хартыяй.

Да арт. Алімпійская сімволіка. Алімпійскі сцяг.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЬКО́ (Платон Мікітавіч) (1.12.1913, в. Чарнеччына Ахтырскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 10.8.1988),

украінскі паэт. У 1938—41 вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве. У Вял. Айч. вайну камандзір падраздзялення ў партызанскім злучэнні С.​А.​Каўпака. У зб-ках «Карпацкі рэйд» (1944), «Слаўны мір» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Цяпло зямлі маёй» (1959), «Разводдзе» (1970, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1972), «Сумленне памяці» (1980), «Асеніца» (1983) і інш. — героіка партыз. барацьбы і пасляваен. адбудовы, прыгажосць прыроды і чалавечых пачуццяў, роздум пра перажытае. Пісаў для дзяцей (за зб-кі «Чытаначка», «Аблятаў журавель», «Усім па сем» і інш. літ. прэмія імя Л.​Украінкі 1976). Пераклаў на ўкр. мову творы П.​Глебкі, В.​Віткі. На бел. мову творы Варанько перакладалі А.​Астапенка («Твая кніжка», 1954), А.​Вялюгін («Хлопчык Памагай», 1958), С.​Грахоўскі і інш. («Калыска памяці», 1983), а таксама М.​Аўрамчык, Вітка, Н.​Гілевіч, М.​Калачынскі, Е.​Лось, М.​Танк, У.​Шахавец (у кн. «Украінская савецкая паэзія. Анталогія», т. 2, 1975).

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1973.

В.​А.​Чабаненка.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Георгій Андрэевіч) (н. 20.7.1922, Масква),

бел. акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1967). Скончыў Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1944), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Ленінградскім тэатр, ін-це імя А.​Астроўскага (1955). З 1944 акцёр, з 1951 і рэжысёр, у 1965—79 гал. рэжысёр Брэсцкага абл. драм. т-ра імя ЛКСМБ. У 1979—87 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Акцёрскае мастацтва Волкава вызначалі вострая характарнасць у спалучэнні з тонкім псіхал. аналізам і лірызмам: Лапшын («У пошуках радасці» В.​Розава), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі) і інш. Як рэжысёру Волкаву характэрна арганічнае адчуванне акцёра, адметнае прачытанне твора і наданне яму выразнай сцэн. формы: «Беспасажніца» А.​Астроўскага (1957), «Выбачайце, калі ласка» (1958) і «Зацюканы апостал» (1972) А.​Макаёнка, «Джэні Герхарт» паводле Т.​Драйзера (1958), «Пігмаліён» Б.​Шоу (1964), «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна (1966), «Людзі і камяні» (1968) і «Брэсцкі мір» (1969) К.​Губарэвіча, «Апошняя інстанцыя» (1975) і «Нашчадак» (1976) М.​Матукоўскага, «Месяц у вёсцы» паводле І.​Тургенева (1975; т-р імя Ю.​Астэрвы ў г. Люблін, Польшча).

Г.А.Волкаў.

т. 4, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙДЭБРЭ́ХТ (Эрнст Давыдавіч) (н. 11.6.1936, с. Прыкумск Стаўрапольскага краю, Расія),

мастак тэатра. Скончыў Алма-ацінскае маст. вучылішча (1966). Працаваў у т-рах Алматы і Екацярынбурга. У 1984—90 гал. мастак Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У бел. т-ры стварыў дэкарацыі да опер «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1985), «Воўк і сямёра казлянят» А.​Уладзігерава (1984), «Кавалер руж» Р.​Штрауса (1987), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана (1989; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Іаланта» П.​Чайкоўскага (1993), вак.-харэаграфічнага прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа (1984), балетаў «Балеро» на муз. М.​Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (1986), «Жызэль» А.​Адана (1987), «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988). Яго працам уласцівы візуальная прыгажосць, магія тэатральнасці; шырока выкарыстоўвае стылізацыю і фантастыку, метафары і сімвалы. З 1989 у Германіі.

Літ.:

Ратабыльская Т. Спыніся, імгненне: (Нататкі з выстаўкі тэатр. мастакоў) // Тэатр. Мінск. 1989. № 1;

Яе ж. Сцэнограф Эрнст Гейдэбрэхт: Бел. перыяд творчасці // Мастацтва. 1993. № 7.

У.​В.​Мальцаў.

Э.Гейдэбрэхт. Эскіз дэкарацый да балета «Рамэо і Джульета».

т. 5, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)