КРЫТЭ́РЫЙ (ад старажытнагрэч. kriterion сродак для суджэння),
адзнака, пакладзеная ў аснову класіфікацыі чаго-небудзь, або на падставе якой праводзіцца ацэнка, вызначэнне якой-небудзь з’явы, прадмета; мера для ацэнкі суджэння. Выступае як сродак праверкі ісціннасці ведаў, дзейнасці людзей і яе вынікаў, норм паводзін і дзеянняў чалавека, асобных сац. груп, этнасац. супольнасцей; іх ацэнка зыходзіць з прынятых у дадзеным грамадстве К. Функцыі асн. К. ісціны, стваральна-творчай дзейнасці людзей выконвае практыка. У навук. сферы К. апіраюцца на фундаментальныя палажэнні тэорыі пазнання і выступаюць як адзнакі ісціннасці або памылковасці тых ці інш. ідэй. У мастацтве К. звязаны з заканамернасцямі развіцця, разуменнем зместу эстэт. і мастацкіх каштоўнасцей і механізма праяўлення мастацка-ацэначнага працэсу. Гл. таксама Верыфікацыя, Дзеянне сацыяльнае, Крытэрый аптымальнасці.
В.А.Салееў.
т. 8, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОНГ ((Long) Маргерыт Мары Шарлот) (13.11.1874, г. Нім, Францыя — 13.2.1966),
французская піяністка, педагог. Вучылася ў Муз. ін-це ў Німе, потым у А.Мармантэля ў Парыжскай кансерваторыі (у 1906—40 выкладала ў ёй, з 1920 праф.). Шмат канцэртавала. Прапагандавала творчасць франц. імпрэсіяністаў і кампазітараў «Шасцёркі», выконвала прысвечаныя ёй творы М.Равеля, Д.Міё, Г.Фарэ і інш. Арганізавала з Ж.Цібо конкурс піяністаў і скрыпачоў (1943; з 1946 Міжнар. конкурс імя Л. — Ж.Цібо). Заснавала ўласную школу ігры на фп. на аснове распрацаванай ёю методыкі. Складальнік школы «Фартэпіяна» (1959). Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг па фп. мастацтве.
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Исполнительское искусство зарубежных стран. М., 1981. Вып. 9.
Літ.:
Хентова С. М.Лонг. М., 1961.
т. 9, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЙЛАЎ-СТАЯ́Н (сапр. Стаян-Себаў) Канстанцін Іванавіч
(25.3.1853, в. Пятроўка Адэскай вобл., Украіна — 13.6.1914),
балгарскі спявак (тэнар), рэжысёр, педагог. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. У 1888—94 артыст Вял. т-ра ў Маскве, Марыінскага т-ра ў Пецярбургу. Выступаў у оперных спектаклях у Віцебску, розных гарадах Расіі. Выкладаў. З 1907 у Балгарыі. З 1908 заснавальнік і кіраўнік «Балгарскага опернага таварыства» (з 1921 Сафійская нац. опера). Сярод партый: Манрыка, Радамес («Трубадур», «Аіда» Дж.Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Ленскі, Герман («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага). Аўтар тэарэт. прац па мастацтве спеваў.
Тв.:
Рус. пер. — Исповедь тенора. Т. 1—2. М., 1895—96.
Літ.:
Кръстев В.К. Михайлов-Стоян... // Музикални хоризонти. 1984. № 4.
т. 10, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЛЬЧЭР ((Multscher) Ганс) (каля 1400, г. Лойткірх, Германія — 1467),
нямецкі скульптар і жывапісец. З 1427 працаваў ва Ульме. Зазнаў уплывы Р.Кампена, нідэрл. і франц. скульптуры Ранняга Адраджэння. Адзін з першых у ням. мастацтве звярнуўся да вывучэння натуры, у рэліг. кампазіцыі ўводзіў быт. сюжэты, імкнуўся да перадачы індывід. характарыстыкі персанажаў праз гратэскава-выразную міміку і жэстыкуляцыю. Аўтар статуй Карла Вялікага, двух яго збраяносцаў, каралёў Чэхіі і Венгрыі (каля 1427—33), Хрыста-пакутніка на гал. партале (1429) і алтара (1433) у кафедральным саборы ва Ульме, Маці Божай для царквы ў Ландсбергу, св. Варвары і Магдаліны для капэлы св. Лаўрэнція ў Ротвайлі, мадэлі грабніцы Людвіга Барадатага (1435), алтара Марыі для Фраўэнкірхе ў Віпітэна (Італія, 1456—58), 8 карцін Ландсбергскага алтара (1437) і інш.
т. 11, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Іван Васілевіч) (28.2.1913, г. Сатка Чэлябінскай вобл., Расія — 26.1.1998),
бел. мастак. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1946). З 1947 працаваў у Вільнюсе, у 1951—54 выкладаў у Вільнюскім дзярж. маст. ін-це. З 1958 у Мінску, з 1959 гал. мастак горада, у 1967—69 рэдактар Мін-ва культуры Беларусі. Працаваў у афармленчым і тэатр.-дэкар. мастацтве, станковай графіцы, плакаце, арх. праектаванні. Аўтар шэрагу эскізаў святочнага маст. афармлення Мінска (1960—67), афармлення павільёна ВДНГ СССР у Маскве (1967), дзён культуры Беларусі ва Ульянаўску (1969) і інш. Стварыў серыі акварэльных і пастэльных пейзажаў «Па роднай краіне» (1936—81), «Самарканд» (1942—43), «Ленінград» (1945—46), «Вільнюс» (1947—58), «Мінск» (1958—83), партрэтаў бел. архітэктараў (1982—84) і інш.
т. 11, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБАРО́КА (ад неа... + барока),
умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., які пераймаў формы, элементы кампазіцыі будынкаў стылю барока. Паяўленне Н. як праграмнага звароту да мастацтва мінулага звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. У імкненні да адраджэння пластычнасці ў архітэктуры дойліды актыўна займаліся стылізацыяй гіст. форм, надаючы ім новае сучаснае гучанне. На Беларусі Н. не мела значнага пашырэння. У кампазіцыі жылых і грамадскіх будынкаў выкарыстоўваліся пластычныя мансардавыя дахі, франтоны складанага абрысу, вежачкі з фігурнымі завяршэннямі, багатая арнаментыка і ляпны дэкор. Барочным дэкорам вылучаліся інтэр’еры шматлікіх жылых і сядзібных дамоў. Адраджэнне традыцый барока выявілася і ў культавай архітэктуры (касцёл Маці Божай у в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.).
А.М.Кулагін, В.М.Чарнатаў.
т. 11, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМІТЫ́Ў (ад лац. primitivus першапачатковы, першабытны),
1) неразвітая, простая з’ява ў параўнанні з наступнымі, пазнейшымі з’явамі гэтага ж роду.
2) У мастацтве — твор мастацтва, які адносіцца да ранняга этапу развіцця маст. культуры і не мае прыкмет прафес. дасканаласці. Цікавасць да П. і вызначэнне яго якасцей (маст. цэласнасць і прастата вобразаў, непасрэднасць успрымання) з’явіліся ў 18—19 ст. у выніку яго проціпастаўлення «спеламу», «дасканаламу» мастацтву (грэч. высокая класіка 5 ст. да н.э., Высокае Адраджэнне). Да П. былі аднесены творы першабытнага мастацтва, грэч. архаіка, мастацтва этрускаў, сярэдневяковае мастацтва (да 16 ст.), афр. мастацтва. У 20 ст. тэрмін «П.» ужываўся пераважна да твораў інсітнага мастацтва, часам да ранняга італьян. Адраджэння (т. зв. італьянскія прымітывісты Анджэліка, С.Батычэлі, Ф.Ліпі, С.Марціні, Пізанела, П.Учэла і інш.).
т. 13, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КУРС (ад франц. raccourci скарачэнне),
1) у выяўленчым мастацтве — скарачэнне памераў і формы рэальных і ўяўных прадметаў пры іх аддаленні ад вока паводле законаў лінейнай перспектывы. Паняцце «Р.» выкарыстоўваецца пераважна да аб’ектаў, якія цалкам ці па частках разглядаюцца ў нечаканых паваротах і пад «вострымі вугламі зроку» (зблізку, зверху ўніз, знізу ўверх і г.д.). У дэкар. размалёўках Р. часта выкарыстоўваецца для найб. эфектнай перадачы руху і прасторы.
2) У кіназдымцы — адлюстраванне аб’екта з розных пунктаў агляду нерухомай або рухомай кінакамерай. Прыём аператарскага мастацтва, што выкарыстоўваецца для будовы выяўл. мантажнай кампазіцыі фільма. Дае магчымасць усебакова паказаць дзеянне, падзею, з’яву, міміку, жэсты ці рухі чалавека, ствараць мантажныя метафары, уражанне сумяшчэння пункта здымкі аператара з пунктам агляду персанажа і інш. 3) Пункт погляду на што-н., аспект.
т. 13, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
імпрэсіяні́зм
(фр. impressionnisme, ад лац. impressio = уражанне)
напрамак у мастацтве і літаратуры канца XIX — пачатку XX ст., прадстаўнікі якога імкнуліся да непасрэднай перадачы суб’ектыўных адчуванняў, мімалётных уражанняў і настрояў.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
фармалі́зм
(фр. formalisme, ад лац. formalis = які датычыць формы)
1) фармальнае стаўленне да чаго-н. на шкоду справе;
2) кірунак у эстэтыцы, мастацтве, літаратуры, філасофіі, які надае асноўнае значэнне форме, яе знешняму выражэнню.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)