СМА́ЛЬТА (ням. Smalte, Schmalte ад schmelzen плавіць),

каляровае шкло, якое выкарыстоўваецца для стварэння мазаікі. Бывае С. празрыстая (пры афарбоўцы шкла вогнетрывалымі фарбавальнікамі) і глухая (пры ўвядзенні ў шкляную масу двухвокісу волава, вокісу сурмы і інш. рэчываў, якія заглушаюць празрыстасць шкла). Існуюць жылістая і плямістая С., а таксама залатая і сярэбраная (дзеля гэтага паміж асн. і покрыўным слоем запрасоўваюць фольгу). Штампоўкай або расколваннем С. надаюць форму кубікаў або пласцін. Вядома з ант. часоў, яе шырока выкарыстоўвалі ў Візантыі, Італіі, Стараж. Русі. На Беларусі вытв-сць С. вядома з 11 ст. (Полацк). Шырока выкарыстоўваецца ў манументальным мастацтве, для аздаблення грамадскіх і культавых будынкаў.

т. 15, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)