large [lɑ:dʒ] adj.
1. вялі́кі;
a lаrge city/room вялі́кі го́рад/пако́й
2. ва́жны, сур’ёзны;
a large problem ва́жная прабле́ма;
a large issue сур’ёзнае пыта́нне
♦
at large
1) нао́гул, у асно́ўным;
the public at large шыро́кія ко́лы грама́дства
2) на во́лі (пра збеглых звяроў)
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
ВАВЕНА́РГ (Vauvenargues) Люк дэ Клап’е (6.8.1715, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 28.5.1747),
французскі пісьменнік-мараліст, філосаф. Майстар афарыстычнага жанру. Першы літ. вопыт — «Разважанне пра свабоду» (нап. 1737), пазней разгорнуты ў «Трактаце пра свабоду волі». З 1743 перапісваўся з Вальтэрам. У 1745 напісаў «Разважанне пра няроўнасць багаццяў». У 1746 выдаў адзіную прыжыццёвую кнігу «Уводзіны ў пазнанне чалавечага розуму, а таксама Роздумы і максімы на розныя тэмы», дапоўненую «Парадоксамі і новымі роздумамі і максімамі». У цэнтры ўвагі Вавенарга — чалавечая прырода, якую ён лічыць зыходным пунктам чалавечых пачуццяў, інстынктаў, імпульсаў паводзін, з ёй ён звязвае ўяўленне пра спрадвечную дабрыню чалавека. Пачуццё ён супрацьпастаўляе розуму, сцвярджае перавагу першага і шукае шляхі прымірэння паміж імі. Жанравыя і кампазіцыйныя асаблівасці прозы Вавенарга (афарыстычныя разважанні і максімы) ідуць ад класічнай традыцыі 17 ст. Яго меркаванні пра класікаў л-ры 17 ст. і сучаснікаў больш кансерватыўныя. Аўтар серый «Характары» і «Дыялогі».
Тв.:
Oeuvres. Paris, 1981;
Рус. пер. — Введение в познание человеческого разума;
Фрагменты;
Критические замечания;
Размышления и максимы. Л., 1988.
Н.К.Мазоўка.
т. 3, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. activus дзейсны, дзейны) у псіхалогіі, уласцівасць псіхікі быць не толькі актам, але і крыніцай паводзін. Праяўляецца ў сувязі з дзейнасцю як дынамічная ўмова яе ўзнікнення, рэалізацыі і відазмянення. Паняццем «актыўнасць» падкрэсліваецца не рэактыўная, а актыўная сутнасць псіхічнага, якая найлепш праяўляецца праз свабоду волі і жадання. Актыўнасць можа быць вонкавая (праяўляецца праз рухі цела і маторыку) або ўнутраная (існуе ў плыні псіхічнага). У ёй вылучаюць паводзіны і дзейнасць. Дзейнасць адрозніваецца ад паводзін тым, што выклікаецца свядома пастаўленымі мэтамі, якія дасягаюцца пры дапамозе прылад працы. Тэрмін «актыўнасць» выкарыстоўваецца псіхолагамі і ў вузкім сэнсе: актыўнасць асобы — магчымасць чалавека быць суб’ектам міжасабовых зносін, дзейнасці і самарэалізацыі; актыўнасць надсітуацыйная звязана з перавышэннем зададзеных мэт дзейнасці, а звышнарматыўная актыўнасць — з перавышэннем звычайных нормаў дзейнасці; актыўнасць пошукавая — перабор розных варыянтаў сітуацыі дзеяння. Тэрмінам «актыўнасць» называюць таксама аспект тэмпераменту, які характарызуецца хуткасцю, тэмпам, энергіяй, магчымасцю пераадольваць цяжкасці.
Літ.:
Хекхаузен Х. Мотивация и деятельность: Пер. с нем. М., 1986. [Т.]1. С. 12—14, 54—55, 70—93, 152—160, 215, 216;
Общая психология. 2 изд. М., 1986. С. 205—215, 415.
Т.У.Васілец.
т. 1, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЭ́ЦЫЙ (Boethius, Boetius) Аніцый Манлій Севярын (каля 480, Рым — 524), рымскі філосаф і дзярж. дзеяч. З арыстакратычнага роду Аніцыяў. Сенатар. Бліжэйшы саноўнік остгоцкага караля Тэадорыха; абвінавачаны ў змове супраць яго, зняволены ў турму і пакараны смерцю. Па сваіх філас. поглядах належаў да александрыйскага кірунку ў неаплатанізме. У гал. творы трактаце «Суцяшэнне філасофіяй» (напісаны ў зняволенні) сцвярджаў, што супакой можна знайсці толькі ў дабрадзейнасці, заклікаў страсці падпарадкоўваць розуму і з даверам ставіцца да вышэйшай Божай волі. На развіццё сярэдневяковай навукі і філасофіі значна паўплывалі яго пераклады (з каментарыямі) на лац. мову лагічных твораў Арыстоцеля. Баэцый лічыцца стваральнікам сярэдневяковай логікі і распрацоўшчыкам лагічнай тэрміналогіі на лац. мове. З яго імем звязана развіццё дыялектыкі як агульнай тэорыі ведаў, якая ўключае пытанне аб рэальнасці таго, што спасцігаецца ў агульных паняццях. Гэтае пытанне ўвайшло ў гісторыю як філас. праблема універсалій. Аўтар трактата «Аб музыцы», перакладаў на лац. мову «Арыфметыкі» Нікамаха, «Пачаткаў» Эўкліда, трактатаў па астралогіі і багаслоўі.
Тв.:
Рус. пер. — «Утешение философией» и другие трактаты. М., 1990.
Літ.:
Уколова В.Н. «Последнний римлянин» Боэций. М., 1987.
Н.К.Мазоўка.
т. 2, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗБЯРУ́К Уладзімір Міхайлавіч (н. 29.8.1923, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1963). Скончыў БДУ (1949). Настаўнічаў. З 1955 выкладаў у Полацкім пед. ін-це. У 1959—93 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1954. Даследуе бел. л-ру стараж. перыяду, 19 — пач. 20 ст., праблемы бел. рамантызму, бел.-польскія літ. сувязі, творчасць Я.Коласа, Ф.Багушэвіча, Ф.Скарыны, А.Гаруна, К.Каліноўскага, Г.Пельгрымоўскага, мітрапаліта Кіпрыяна і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), даследаванняў па гісторыі Беларусі.
Тв.:
Якуб Колас (жыццё і творчасць). Мн., 1962;
Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX ст. Мн., 1972;
Ступені росту: Бел. літ. канца XIX — пачатку XX ст. і традыцыі пол. пісьменнікаў. Мн., 1974;
Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле слав. традыцый. Мн., 1979;
Славянскія літаратуры і праблемы беларускага параўнальнага літаратуразнаўства (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1982;
Рамантычны пошук: Назіранні над бел. рамантызмам пачатку XX ст. Мн., 1983;
Светлай волі зычны звон: Алесь Гарун. Мн., 1991.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ГЕН (Cohen) Герман (4.7.1842, г. Косвіг, Германія — 4.4.1918),
нямецкі філосаф, заснавальнік і кіраўнік марбургскай школы неакантыянства. Праф. у Марбургу (1876—1912) і Берліне (з 1912). Адмаўляў кантаўскае разуменне «рэчы ў сабе» ў якасці рэальнага вытоку пачуццяў пазнаючага суб’екта, а лічыў яе мэтанакіраванай ідэяй мыслення і канчатковым паняццем чалавечага вопыту. Мысленне, на яго думку, акрэслівае і форму, і змест пазнання. Пабудаваў уласную сістэму філасофіі, у якую ўвайшлі логіка, этыка, эстэтыка і філасофія рэлігіі. Філасофія, паводле К., падымаецца да ўзроўню навукі, калі аб’ектамі філас. пазнання становяцца не рэчы і працэсы аб’ектыўнай рэальнасці, а факты навукі. Лічыў, што навук., у т. л. філас., мысленне мае творчы характар у сэнсе неабмежаванасці зместу лагічных канструкцый. Як І.Кант прызнаваў прымат этыкі адносна навук. ведаў, але трактаваў яе як логіку волі. Паводле К., фундамент культуры складаюць тэарэт. пазнанні, а таксама права і прававая дзяржава ў ліберальным разуменні. Сац.-паліт. погляды К. звязаны з распрацоўкай тэорыі «этычнага сацыялізму». Асн. працы: «Тэорыя вопыту Канта» (1871), «Сістэма філасофіі» (т. 1—3, 1902—12).
В.І.Боўш.
т. 8, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДУА́НСКАЯ ШКО́ЛА,
філас. кірунак 14—16 ст., які развіваў ва ун-тах Паўн. Італіі (Падуі, Мантуі, Ферары, Балонні) традыцыі арыстоцелізму ў авераісцкай інтэрпрэтацыі (гл. Авераізм) або ў тлумачэнні Аляксандра Афрадыйскага (грэч. каментатар Арыстоцеля). Звязана з дзейнасцю праф. Падуанскага ун-та П’етра д’Абана, які замацаваў у італьян. ун-тах прыродазнаўчую праблематыку і арыстоцелізм у трактоўцы араб. філосафаў і Марсілія Падуанскага, які адстойваў аддзяленне палітыкі ад царк. аўтарытэту і рэліг. маралі. Да П.ш. належалі праф. Падуанскага і Балонскага ун-таў Анджэла д’Арэца, Паала Венета, Гаэтана да Цьене, Нікалета Вернія, П’етра Трапаліна, Марка Антоніо Зімара, Алесандра Акіліні, Агасціна Ніфа. На філас. думку некаторых прадстаўнікоў позняга перыяду П.ш. паўплывалі ідэі тамізму. Для П.ш. характэрны рысы сярэдневяковага вальнадумства. Прыняўшы дзвюх ісцін тэорыю, філосафы П.ш. развівалі палажэнні, матэрыялістычныя па сваёй тэндэнцыі і непрымірымыя з вучэннем царквы: своеасаблівы сенсуалізм у гнасеалогіі, уяўленне аб нястворанасці чалавечага роду і яго калект. бессмяротнасці, аб адзінстве бессмяротнай душы чалавецтва і смяротнасці індывід. душы, вучэнне аб несвабодзе волі чалавека, аб натуральным дэтэрмінізме. П.ш. мела ўплыў на італьян. філосафаў Дж.Бруна, Дж.Ваніні, П.Пампанацы і інш.
т. 11, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБ’ЕКТЫВІ́ЗМ,
светапоглядная ці метадалагічная пазіцыя, якая адмаўляе аб’ектыўны падыход да пазнання рэчаіснасці, ігнаруе аб’ектыўны ход прыродных ці грамадскіх працэсаў. Характарызуецца абсалютызацыяй ролі суб’екта ў розных сферах дзейнасці, найперш у пазнанні. У гісторыі філасофіі прадстаўнікі С. — Дж.Берклі, Д.Юм, І.Фіхтэ; элементы С. прысутнічаюць у вучэнні І.Канта, у шэрагу філас. кірункаў канца 19—20 ст. (філасофія жыцця, прагматызм, экзістэнцыялізм і інш.). Філас. канцэпцыі С. абвяшчаюць абсалютную аўтаномію свядомасці, волі і дзейнасці суб’екта, часам адмаўляюць абумоўленасць паводзін людзей аб’ектыўнай рэчаіснасцю. У сферы пазнання сац. рэальнасці С. выяўляецца ў свядомым ці несвядомым падпарадкаванні даследавання каштоўным і ідэалагічным перавагам даследчыка; на эмпірычным узроўні пазнання С. — выбар фактаў для абгрунтавання загадзя прызнанай іерархіі каштоўнасцей. Часам С. прыводзіць да дагматызму і прэтэндавання пэўнай асобы ці сац. групы на валоданне абсалютнай ісцінай. У сац. практыцы С. служыць абгрунтаваннем валюнтарызму. Паліт. С. выяўляецца ў прыняцці рашэнняў на аснове адвольных установак, у ігнараванні грамадскіх заканамернасцей. Ў сферы міжасобасных адносін С. грунтуецца на суб’ектыўных фактарах сімпатыі і антыпатыі без уліку дзелавых і маральных якасцей асобы.
А.Б.Савеня.
т. 15, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СХОД РУ́СКІХ ФАБРЫ́ЧНА-ЗАВО́ДСКІХ РАБО́ЧЫХ САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГА»,
легальнае рабочае т-ва ў С.-Пецярбургу ў 1903—05. Засн. з дазволу ўлад і пры тайным удзеле паліцыі на ўзор зубатаўскіх арг-цый (гл. Зубатаўшчына) святаром Г.А.Гапонам. Паводле Статута (зацверджаны 28.2.1904) яго членамі маглі быць рабочыя толькі рус. паходжання і хрысц. веравызнання. Т-ва мела 11 раённых аддзяленняў, аб’ядноўвала да 10 тыс. чал. Яно вяло сярод рабочых культ.-асв. работу, прапагандавала ідэі адданасці цару і царкве, класавага міру і хрысц. сацыялізму, імкнулася скіраваць барацьбу рабочых за свае правы ў мірнае рэчышча. Аднак пад уплывам эканам. крызісу і выкліканага ім рэв. ўздыму дзейнасць «Сходу» насуперак волі яго кіраўнікоў паступова палітызавалася. У студз. 1905 яго аддзяленні сталі цэнтрамі агульнагар. стачкі. Па ініцыятыве Гапона была выпрацавана петыцыя да цара, куды пад уплывам сацыял-дэмакратаў уключаны паліт. і эканам. патрабаванні (скліканне Устаноўчага сходу, увядзенне дэмакр. свабод, 8-гадзіннага рабочага дня і інш.) і 9(22). 1.1905 арганізавана мірнае шэсце да Зімняга палаца, якое скончылася масавым расстрэлам рабочых (гл. «Крывавая нядзеля»); «Сход» распушчаны ўладамі.
т. 15, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВЯДЗЕ́НСКІ Аляксандр Іванавіч (31.3.1856, г. Тамбоў, Расія —7.3.1925),
расійскі філосаф, псіхолаг, логік, прадстаўнік неакантыянства. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1881), працаваў у ім у 1881—84, 1887—1922 (з 1890 праф.). У сваёй філас. канцэпцыі — «лагіцызме» — развіваў і паглыбляў асн. палажэнні І.Канта. На думку У., усялякае душэўнае жыццё падпарадкоўваецца ўздзеянню закону адсутнасці аб’ектыўных адзнак адушаўлення («псіхафізічны закон У.»), таму чужую душу нельга аднесці да пазнавальных з’яў. Прызнанне самога факта духоўнасці ў інш. людзях лічыў выяўленнем маральнага пачуцця чалавека, звязанага з маральным абавязкам, свабодай волі («Пра межы і адзнакі адушаўлення», 1892). Навук. псіхалогію лічыў дысцыплінай, што абмяжоўваецца апісаннем душэўных станаў з дапамогай метаду інтраспекцыі (саманазірання); крытычна ставіўся да эксперым. псіхалогіі і яе эмпірычных магчымасцей («Псіхалогія без усялякай метафізікі», 1914). Логіку разглядаў як частку гнасеалогіі, а яе гал. функцыяй лічыў праверку дакладнасці працэсу пазнання («Логіка як частка тэорыі пазнання», 1909). Выступаў супраць атэізму, які, на яго думку, з’яўляецца вынікам нізкай культуры грамадства, засілля матэрыялізму, пазітывізму і марксізму («Лёс веры ў бога ў барацьбе з атэізмам», 1922).
В.І.Боўш.
т. 16, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)