ПАЛІТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА ГРАМА́ДСТВА сістэма сац. інстытутаў дзярж.-арганізаванага грамадства, якія ажыццяўляюць паліт. функцыі. Уключае дзяржаву, партыі палітычныя, прафсаюзы, царкву, інш. арг-цыі і рухі. У ёй вылучаюць: падсістэму паліт. ідэй, тэорый, поглядаў, эмоцый, пачуццяў, якія складаюць паліт. свядомасць; падсістэму паліт. адносін паміж грамадствам і дзяржавай, рознымі класамі і сац. групамі, дзяржавамі і г.д.; падсістэму паліт. ін-таў, якія ўтвараюць паліт. арг-цыю грамадства. Характарызуецца адаптаванасцю, звязанай з уменнем прыстасоўвацца да сац. асяроддзя і складанасцю, якая вызначаецца колькасцю яе элементаў і сувязямі, што існуюць паміж імі. Пры ўскладненні сац. асяроддзя, у якім яна функцыянуе, жыццёвае значэнне для яе мае пошук кампрамісаў і кансэнсусусац.паліт. сіл шляхам прыняцця паліт. рашэнняў. Паводле характару паліт. рэжыму П.с.г. падзяляюцца на дэмакр., аўтарытарныя і таталітарныя; паводле гатоўнасці і здольнасці ўспрымаць інавацыі звонку — на адкрытыя і закрытыя; паводле характару ўзаемаадносін паміж цэнтрам і месцамі — на дэцэнтралізаваныя, цэнтралізаваныя і звышцэнтралізаваныя. Паводле прынцыпу легітымнасці адрозніваюць традыцыйныя, легальныя або харызматычныя. У аснове традыц. улады ляжыць вера ў свяшчэнны характар норм. Здзяйсненне легальнай улады грунтуецца на прызнанні добраахвотна ўстаноўленых юрыд. нормаў, накіраваных на рэгуляванне адносін кіравання і падпарадкавання. Харызматычная ўлада звязана з асобай лідэра, якога надзяляюць выключнымі рысамі. П.с.г. ўласцівы наяўнасць мноства актыўных удзельнікаў; фармалізацыя гэтых удзельнікаў па асаблівасцях іх арганізацыі і функцыянавання; працэдуры абмену інфармацыяй; спалучэнне канфрантацыі і ўзаемадапамогі паміж элементамі сістэм. У рамках П.с.г. адбываецца паліт. сацыялізацыя асобы, выпрацоўка паліт. праграм і курсаў, узгадненне інтарэсаў розных сац.-паліт. сіл з мэтай забеспячэння, захавання і ўмацавання адзінства і згоды ў грамадстве, размеркаванне рэсурсаў, фарміраванне і выкарыстанне грамадскай думкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШУ́Т (франц. parachute ад parer папярэджваць + chute падзенне),
апарат для запавольвання скорасці падзення ў паветры чалавека ці грузаў. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, касманаўтыцы, парашутным спорце і інш.
Ідэю П. падаў і навук. абгрунтаваў Леанарда да Вінчы (1495). У 1617 першы спуск на П. з высокай вежы здзейсніў венецыянскі інж.-механік Ф.Веранцыо. У 1783 француз С.Ленарман стварыў і выпрабаваў П. з жорсткім каркасам (у выглядзе вял. парасона), на якімфранц. паветраплавальнік А.Ж.Гарнерэн у 1797 спусціўся з паветр. шара. Ранцавы П. створаны ў Расіі Г.Я.Кацельнікавым (1911). У СССР першы скачок з П. здзейсніў у 1927 М.М.Громаў; вучэбна-трэніровачныя П. з’явіліся ў 1930.
Складаецца з купала са стропамі, падвясной падвеснай сістэмы, выцяжнога П., ранца, чахла, выцяжных фала, кальца і аварыйнага кальца. Адрозніваюць П. па форме купала (напр., круглы, прамавугольны, па плошчы 0,1—1000 м² і больш) і асаблівасцях канструкцый (напр., са шчылінамі і клапанамі, якія дапамагаюць кіраваць П.). Ёсць П., купал якіх у час спуску набывае форму крыла лятальнага апарата. Паводле прызначэння П. падзяляюць на людскія, грузавыя і спецыяльныя. Людскія бываюць выратавальныя, трэніровачныя, спарт., дэсантныя. Для спуску цяжкіх грузаў ужываюць шматкупальныя сістэмы (3 і больш). Спец. П. служаць для тармажэння самалёта (пры пасадцы), гоначнага аўтамабіля, спуску на зямлю касм. спускальных апаратаў, радыёзондаў і інш., а таксама спуску касм. апаратаў на тыя планеты, якія маюць атмасферу і інш.
Схема раскрыцця парашута: 1 — выкід выцяжнога парашута з парашутнага кантэйнера; 2 — выцягванне купала са стропаў асноўнага парашута раскрытым выцяжным парашутам; 3, 4, 5 — напаўненне купала паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у фалькларыстыцы і этнаграфіі 19 ст., прыхільнікі якога надавалі міфалогіі універсальнае значэнне як крыніцы культуры і прыцягвалі яе да тлумачэння паходжання і сэнсу фальклорных і этнагр. з’яў. Асн. палажэнні М.ш. распрацавалі браты Я. і В. Грым, А.Кун (Германія), М.Мюлер (Вялікабрытанія). Яны разглядалі вераванні, паданні, песні, казкі, легенды і інш. як рэшткі стараж., т.зв. міфалагічнага светапогляду, які нібыта быў заснаваны на ўвасабленні нябесных з’яў — Сонца, Месяца, хмар, грому і інш. На іх погляд, гэтыя ўвасабленні былі багамі, якім пакланяліся. Меркавалі, што з цягам часу такая рэлігійна-міфалаг. сістэма разбурылася і ранейшыя багі ператварыліся ў казачных персанажаў. На думку вучоных, рэшткі міфалаг. светапогляду захаваліся ў нар. звычаях і абрадах, сутнасць іх часта тлумачылі памылкова. Асновай нар. светапогляду М.ш. лічыла міф. Прыхільнікамі М.ш. ў Расіі былі А.М.Афанасьеў, Ф.І.Буслаеў, А.Ф.Мілер, А.А.Патабня і інш. На Беларусі М.ш. была пануючым кірункам 1-й пал. 19 ст. і ў 1860—70-я г. З яе пазіцый напісаны этнагр. працы П.М.Шпілеўскага, які адмаўляў эвалюцыю бел.нар. культуры. Падобныя погляды падзяляў і А.Кіркор. П.В.Шэйн на аснове прынцыпаў М.ш. склаў «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці» (выд. 1867), зб. «Беларускія народныя песні» (1874). П.А.Бяссонаў у зб. «Беларускія песні» (1871) частку стараж.бел. звычаяў і абрадаў выводзіў з хрысціянскай міфалогіі і тлумачыў іх яе матывамі. Метадалогія і высновы М.ш., заснаваныя на ідэалізацыі міфалогіі, перабольшванні яе ролі ў гісторыі мастацтва, падвяргаліся крытыцы. М.ш. адыграла важную ролю ў актывізацыі збірання і вывучэння фальклору, этнагр. матэрыялаў, росце цікавасці да нар. культуры, абуджэнні нац. свядомасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАТ,
1) машына ўдарнага дзеяння для апрацоўкі метал. загатовак ціскам. Мае ўдарную ч. (поршань, шток, бабу), масіўную аснову — шабат, што ўспрымае ўдар, станіну, прывод і механізм кіравання. Бываюць парапаветраныя, пнеўматычныя, гідраўлічныя, мех. і інш. Выкарыстоўваюцца для коўкі (ковачныя М.) і аб’ёмнай ці ліставой штампоўкі (штамповачныя М.).
Рычажныя М. з ручным прыводам вядомыя з 13—14 ст. У пач. 16 ст. з’явіліся М. з прыводам ад вадзянога кола — т.зв. сярэднебойныя (Германія) і хваставыя (Францыя, Італія, Вялікабрытанія). Пазней узніклі т.зв. лабавыя і таўкачовыя, а таксама М. інш. канструкцый. У сярэдзіне 18 ст. сталі ўжываць М. з паравым прыводам. Першы паравы М., у якім пара непасрэдна прыводзіла ў рух рухомыя часткі, сканструяваў англ. машынабудаўнік Дж.Несміт (патэнт 1842). У пач. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць М. з электрапрыводам, у 1940-я г. — выбуховыя, у 1950-я г. — высокахуткасныя газавыя.
2) Буд. машына для забівання ў грунт паляў, шпунтоў і інш., разнавіднасць палябойнага абсталявання. Бываюць ударнага і вібрацыйнага (гл.Вібрамолат) дзеяння; парапаветраныя, дызельныя (гл.Дызель-молат) і мех. (з прыводам ад лябёдкі). Выкарыстоўваюцца ў мостабудаванні, гідратэхн., дарожным, прамысл. і інш. буд-ве.
3) Ручны інструмент для коўкі металаў. Малыя М. наз. ручнікамі, вял. цяжкія — кувалдамі (гл. ў арт.Кавальскі інструмент).
У.М.Сацута.
Схемы асноўных тыпаў молатаў: а — парапаветранага; б — пнеўматычнага; в — гідраўлічнага; г — механічнага з гнуткай сувяззю; д — які працуе па цыкле рухавіка ўнутранага згарання; е — электрамагнітнага; 1 — поршань; 2 — шток; 3 — баба; 4 — накіравальныя станіны; 5 — верхні баёк (ці штамп); 6 — ніжні баёк (ці штамп); 7 — шабот; 8 — гідрацыліндр; 9 — рэмень; 10 — электрамагніт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛА́НКА»
(«Blitz»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгады Сіроцінскай і мясц. насельніцтва ў Бешанковіцкім і Сіроцінскім р-нах Віцебскай вобл. (у міжрэччы Зах. Дзвіны і Обалі, уздоўж чыг. Віцебск—Полацк) 23.9—4.10.1942 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 21-й ахоўнай дывізіі пры падтрымцы браняпоезда і паліцэйскіх падраздзяленняў мясц. гарнізонаў. 23 вер. праціўнік пачаў наступленне, імкнучыся акружыць брыгаду, расчляніць яе на часткі і знішчыць. Асн. сілы брыгады своечасова адышлі за р. Обаль і занялі абарону на яе правым беразе; атрады 4-ы (камандзір Дз.М.Ляўковіч) і 3-і (камандзір В.Р.Несцераў) апынуліся ў акружэнні. 4-ы атрад 3 сутак адбіваў атакі карнікаў, а потым пад прыкрыццём невялікага заслона (2 сутак стрымліваў праціўніка) прарваўся да в. Залужжа, адкуль мясц. жыхары вывелі яго да в. Грабянцы ў тыл ворага. На У ад в.Шашы бой у акружэнні вёў 3-і атрад, разам з якім у лесе хавалася каля 3 тыс.мясц. жыхароў. Спачатку праціўнік вёў моцны артыл. агонь, потым пачаў прачэсваць лес. Адбіваючыся апошнімі гранатамі, партызаны разам з жанчынамі, малымі і старымі пачалі адыход да Зах. Дзвіны, дзе размяшчаліся сілы загараджэння карнікаў. У гэты час эскадрылля сав. штурмавікоў, што наносіла ўдары па станцыях Полацк і Гараны, вярталася з задання. Лётчыкі заўважылі вял. колькасць гітлераўцаў на беразе ракі і з брыючага палёту абстралялі іх. Выкарыстаўшы паніку ў стане праціўніка, партызаны з часткай насельніцтва пераправіліся цераз раку і выйшлі ў размяшчэнне атрада «Смерць фашызму». Пацярпеўшы няўдачу ў аперацыі, карнікі загубілі 567 чал., спалілі 9 вёсак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАПО́ЛІЯ (ад мана... + грэч. pōleō прадаю),
выключнае (манапольнае) права вытв-сці, гандлю, промыслу, кіравання (улады), якое належыць адной асобе, групе або дзяржаве; буйная галіна, у якой невял. колькасць фірм кантралюе ўсю ці большую частку яе вытв-сці або буйныя аб’яднанні (канцэрны, кансорцыумы і г.д.), якія ўзнікаюць на базе канцэнтрацыі вытв-сці і капіталу і трымаюць большую частку выпуску або продажу якога-н. тавару; рынак, на якім колькасць прадаўцоў настолькі нязначная, што кожны з іх можа паўплываць на агульны аб’ём прапанавання і цану тавару (паслуг). У нац. эканоміцы аб’ектам інтарэсу з’яўляецца манапалізм — тып эканам. адносін, калі гасп. суб’ект прапануе контрагентам (іншаму боку) прымаць рашэнні на выгадных для сябе ўмовах, выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах рыначны попыт. Формы праяўлення М.: узніманне цэн, скарачэнне вытв-сці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка маркетынгу, рэкламы, якасці прадукцыі і інш. М. могуць мець значныя рэзервы (матэрыяльныя, фінансавыя) для ўкаранення вынікаў навук.-тэхн. прагрэсу, павелічэння прыбытку, паніжэння выдаткаў вытв-сці за кошт буйных аб’ёмаў выпуску прадукцыі, выкарыстанне больш дасканалых сродкаў працы, кваліфікаванай рабочай сілы і г.д.; аднак манапалізм можа прывесці да застою. Асн. прычыны М.: эфект маштабу (эканомія, абумоўленая пашырэннем вытв-сці); заканад. перашкоды для арг-цыі новых фірм (прадпрыемстваў), якія ўваходзяць у галіну, ліцэнзійныя, патэнтныя і інш. абмежаванні; несумленныя паводзіны ўдзельнікаў рынку, імкненне атрымаць звышпрыбытак і інш. Выдаткі і рыначны попыт з’яўляюцца асн. абмежавальнікамі М.; яны не дазваляюць манапалісту адвольна ўстанаўліваць высокую цану на сваю прадукцыю (гл.Манапольная цана). Узнікненню і ўмацаванню ўлады М. перашкаджае антыманапольнае заканадаўства. У галінах натуральнай М. (напр., у электра-, газа- і водазабеспячэнні) многія прадпрыемствы з’яўляюцца дзярж. ўласнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ СССР,
з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Рас.Сав. Федэратыўнай Сацыяліст. Рэспублікі (РСФСР), Укр.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі (УССР), Бел.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі (БССР) і Закаўказскай Сав. Федэратыўнай Сацыяліст. Рэспублікі (ЗСФСР), на якім абвешчана стварэнне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Адбыўся 30.12.1922 у Маскве. Дэлегаты з’езда (2214 чал., у т. л. 1673 з рашаючым голасам, 541 з дарадчым) былі выбраны на з’ездах Саветаў у кожнай з 4 намінальна незалежных рэспублік: 1727 ад РСФСР (1217 з рашаючым голасам), 364 ад УССР (354 з рашаючым голасам), 91 ад ЗСФСР (73 з рашаючым голасам), 33 ад БССР (23 з рашаючым голасам). З іх 94,1% былі камуністамі, 0,2% (5 чал.) належалі да інш. партый, 5,7% былі беспартыйнымі. Старшынёй з’езда абраны М.І.Калінін, ганаровым старшынёй — У.І.Ленін. З’езд аднагалосна зацвердзіў Дэкларацыю аб утварэнні СССР і Саюзны дагавор, падпісаны 4 рэспублікамі. Па прапанове М.В.Фрунзе абодва дакументы вырашана перадаць на дадатковы разгляд у ЦВК саюзных рэспублік з тым, каб ЦВКСССР з улікам атрыманых водгукаў зацвердзіў іх і ўвёў у дзеянне. Канчатковы тэкст Дэкларацыі і Саюзнага дагавора падлягаў зацвярджэнню на 2-м з’ездзе Саветаў СССР. З’езд выбраў ЦВКСССР у складзе 371 чл. і 138 кандыдатаў ад усіх рэспублік прапарцыянальна колькасці іх насельніцтва з некаторымі адступленнямі на карысць менш населеных рэспублік (БССР, маючы 1,2% ад насельніцтва СССР, атрымала ў складзе саюзнага ЦВК 1,9% месцаў). На 1-й сесіі ЦВКСССР (30.12.1922) выбраны Прэзідыум ЦВК з 19 членаў і 13 кандыдатаў. Былі абраны 4 старшыні ЦВК: М.І.Калінін ад РСФСР, Р.І.Пятроўскі ад УССР, Н.Нарыманаў ад ЗСФСР, А.Р.Чарвякоў ад БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕРЫЗА́ЦЫЯ,
метад сінтэзу палімераў, пры якім макрамалекула ўтвараецца шляхам паслядоўнага далучэння малекул аднаго ці некалькіх манамераў да актыўнага цэнтра, што знаходзіцца ў канцы растучага ланцуга; адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў. У П. ўступаюць нізкамалекулярныя рэчывы, малекулы якіх маюць кратныя сувязі (алефіны, дыенавыя і ацэтыленавыя вуглевадароды, альдэгіды, нітрыты і інш.) або цыклічныя групоўкі, здольныя раскрывацца (аксіды алефінаў, цыклічныя эфіры, лактоны, лактамы і інш.).
Паводле колькасці манамераў, што ўдзельнічаюць у П., адрозніваюць гамаполімерызацыю (адзін манамер) і суполімерызацыю (2 і больш), паводле прыроды актыўнага цэнтра — радыкальную П., калі актыўны цэнтр — свабодны радыкал (гл.Ланцуговыя хімічныя рэакцыі), і іонную П., актыўныя цэнтры — іоны (аніённая ці катыённая П.) або палярызаваныя малекулы (каардынацыйна-іонная П.). Пры П. развіццё кінетычнага ланцуга (працэс П. ўключае некалькі асн. стадый, т.зв. элементарных актаў — ініцыіраванне, рост ланцуга, яго абрыў і перадача) адбываецца адначасова з ростам матэрыяльнага ланцуга макрамалекулы. Найб. пашыраныя спосабы ажыццяўлення П.: П. ў масе, ці блочная (П. вадкага манамера ў адсутнасці растваральніку), П. ў растворы (полімерызуецца раствораны манамер), эмульсійная П. і суспензійная П. (П. манамера, дыспергаванага ў вадзе), газафазная (П. газападобнага манамера пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ці на паверхні каталізатара), а таксама цвердафазная П. (П. манамераў у крышт. або шклопадобным стане). Метадам П. атрымліваюць каля 75% агульнага аб’ёму сінт. палімераў, што вырабляюць у свеце, (у т. л.найб. буйнатанажныя поліалефіны, полістырол, полівінілхларыд), а таксама асн. масу каўчукоў сінтэтычных.
Літ.:
Оудиан Дж. Основы химии полимеров: Пер. с англ.М., 1974;
Иванчев С.С. Радикальная полимеризация. Л., 1985;
Брук М.А., Павлов С.А. Полимеризация на поверхности твердых тел. М., 1990.