Маркоўнік 1 ’расліна, падобная да морквы, Anthriscus silvestris Hoffm.’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Растарг., ТС; маг., Кіс.; в.-дзв., брасл., чэрв., Сл. ПЗБ), рус. варон., укр. морковник ’тс’; морко́внік ’бядрынец каменяломкавы, Pimpinella saxifraga L.’ (стол., петрык.; Бейл.), рус. уладз. морковь ’тс’; ’чубатка пустая, Corydalis cava (L.) Schweigg.’ (стол., Бейл.), рус. табол. морковки ’Corydalis caphoides L.’, маркоўнік ’астранцыя вялікая, Astrantia major L.’ (стол., Бейл.). Да маркоўны < морква (гл.). Стол. морковнік ’сон лугавы, Pulsatilla pratensis Mill.’ (Бейл.) паходзіць з ⁺маркотны ’сонны, маркотны, пахілены’; параўн. чэш. poniclec < прасл. poniknǫti ’схіліцца’.
Маркоўнік 2 ’сасновы абалоністы лес’ (слаўг., Яшк.). Магчыма, роднасным да яго будзе рус. новасіб. морковник ’дрэва з тонкім ствалом і вялікім, тоўстым камлём’. Да морква (гл.). Семантычны перанос паводле падабенства.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аўсянка 1 ’рыбка Leucaspius delineatus, вярхоўка’ (Жук., 214), укр. вівсянка, рус. овсянка, польск. owsianka, славац. ovsianka, чэш. ovesnice, ovesnička. Ад авёс ’дробныя рыбкі’, параўн. укр. овес, рус. овес, польск. owies ’тс’, названыя так з-за падабенства да рассыпанага па паверхні вады аўса, параўн. іншыя назвы — вярхоўка, маляўка (гл. Ледэр, Fischn., 69; Усачова, Этимология, 1971, 181; Брукнер, 388).
Аўся́нка 2 ’птушка Emberiza’ (Бяльк., БелСЭ), укр. вівсянка, рус. овсянка, балг. овеса́рка. Ад авёс, параўн. іншыя назвы малых птушак — прасянка, канаплянка, што звязана са спосабам харчавання (гл. Федз.–Доўб., Птицы, 384).
Аўся́нка 3 ’каша з аўсяных круп’ (БРС, Бяльк., КЭС, лаг., Сцяшк., Вешт.), укр. вівсянка, рус. овсянка, польск. oswianka. Сцяжэнне атрыбутыўнай канструкцыі, параўн. аўсяная каша (Сцяшк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Век ’жыццё, вечнасць, час і да т. п.’ Ст.-рус. вѣкъ ’тс’, рус. век, укр. вік, польск. wiek, чэш. věk, ст.-слав. вѣкъ, балг. век, серб. ве̑к і г. д. Прасл. *věkъ ’век, жыццё, вечнасць і г. д.’ (з даўняга *voi̯kos, а гэта аблаутная форма да і.-е. *u̯ei̯k‑ ’сіла, выяўляць сілу’, літ. viẽkas ’сіла, жывучасць, жыццё’, veĩkti ’штосьці рабіць, працаваць’, véikus ’хуткі’, vỹkis ’жыццё, жывасць’, vikrùs ’бадзёры’, лац. vincere ’перамагаць’, ст.-ісл. veig ’сіла, моцнасць’, vīg ’барацьба’, гоц. weihan, ст.-в.-ням. wīgan ’змагацца’. Сюды прасл. *věčьnъ ’вечны’ (ст.-рус. вѣчьныи, бел. ве́чны, рус. ве́чный, укр. ві́чний, польск. wieczny, чэш. věčný, ст.-слав. вѣчьнъ, балг. ве́чен, серб. ве̏чан і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 286.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Забулды́га ’гуляка’. Рус. забулды́га ’тс’. Паводле версіі Гараева (113), метатэза з заблудыга. Але наяўнасць рус. дыял. булды́га, смал., уладз., маск., ніжнегар. ’гуляка, п’яніца’, сімб., калуж. ’грубіян, скандаліст’, уладз. ’дубіна’, калуж. ’высокае пустазелле’, ’маслак’, з якім, відаць, звязана забулдыга, робіць прапанову Гараева малаверагоднай (Фасмер, 2, 71). Булдыга ад булда, якое ў сваю чаргу ад була ’шышка, ком’ (Шанскі, 2, З, 11) ці ў выніку кантамінацыі булыга і балда (Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66–67). Дабрадомаў (Этимология, 1967, 260) кантамінацыю булава і балда, з аднаго боку, і волдыга, забулдыга, з другога, бачыць у самым слове булдыга, што выклікае сумненні. Бел. слова, магчыма, запазычана з рус., але, улічваючы пашырэнне ў смал. гаворках, магчыма, агульнае з рус. утварэнне. Гл. булд-, булдава.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прарэ́х, прарэ́ха ’разадранае або разрэзанае месца ў адзенні; дзірка’, ’пярэдні разрэз у штанах’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ), прарэ́х ’агрэх (у полі)’ (Скарбы), прарэшка, прарэшак ’пятля для гузіка’ (Інстр. 3), ’незасеянае месца на полі’ (Сцяшк. Сл.; гродз., Шн. 3), ’каўнер кашулі’ (Нас.). Рус. проре́ха, проре́шина, проре́ховина ’распоратае або разадранае месца ў адзенні’, ст.-рус. прарѣха. Этымалогія няпэўная. Лічыцца дэрыватам з другасным ‑х‑ (як праха, рус. сваха) ад прорэ́заць (гл. Фасмер, 3, 376 і наст.). Праабражэнскі (2, 137) узводзіць слова да рус. редкий і спасылаецца на проредь. Параўноўвалі таксама са ст.-інд. rēkhā ’паласа, рыса’, лац. rīma ’расколіна, шчыліна’ (Ільінскі, РФВ 69, 16) і з лат. risums, rìsiens ’трэшчына, разрэз’ (Мацэнаўэр, LF, 14, 92).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пуры́шка ’парэчка’ (Адм.): заружавеўшыся, маўляў, пурышкі на ясным сонцы (Лёсік) сюды ж, магчыма, і рус. пуры́ш ’індык’. Відаць, узыходзіць да *pyriti/*puriti ’смажыць, пячы’, параўн. серб.-харв. пу̏рити ’падсмажваць’, укр. пи́рити ’чырванець ад гневу’, славен. piriti se ’чырванець (ад злосці)’, польск. zapyrzyć się ’зачырванецца’, в.-луж. pyrić ’паліць’, што да *pyrь ’агонь’ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 202–203); інакш адносна рускага слова Фасмер, 3, 410 (< рус. пы́рить ’тапырыць пер’е’). Паводле Трубачова (Зб. памяці Талстога, 1, 309), зыходнае *puriti з першапачатковым значэннем ’пячы, грэць’ захавалася толькі ў прыставачных утварэннях, куды адносяцца рус. дыял. опу́ри́ть ’абдаць мачой’ і пад. Параўн., аднак, рус. дыял. пу́рить ’мачыцца’ і папярэдняе слова. Не выключана, што з’яўляецца адаптаваным паланізмам, параўн. польск. porzeczki ’парэчкі’ (Арашонкава–Чабатар, Адм.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ізго́й ’чалавек, ад якога ўсе адхіліліся, які страціў сваё становішча ў грамадстве; адшчапенец’. Рус. изго́й, укр. ізго́й, ст.-рус. изгои ’чалавек, які страціў сувязь са сваім саслоўем (селянін, які адкупіўся на волю; князь, які страціў княства; купец, які разарыўся)’. Бязафікснае ўтварэнне ад *изгоити ’выжыць, выгнаць’ з из‑ + гоити ’жывіць’. У сіб. гаворках захавалася изго́ить са значэннямі ’паправіць, адрамантаваць, уладзіць’, ’адмыць, адчысціць’ і ’запэцкаць, сапсаваць’, параўн. выжыць ’выгнаць’ і ’ўцалець’. У якасці аналогіі ст.-рус. изгои ’выжыты з роду’ ад изгоити ’выжыць’. Фасмер (2, 121–122) прыводзіць серб.-харв. и̏зрод ’вырадак’ ад изро̀дити ’вырадзіцца’, рус. издо́й ’жывёла, якую перасталі даіць’ ад издоить ’выдаіць’. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 138; Шанскі, 2, I, 26–27.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кастэля́нка ’кастэлянка’ (БРС). Параўн. рус. кастеля́нша ’тс’. У ст.-бел. мове ўжо было засведчана гэта слова. Гл. Булыка, Запазыч., 144 (каштелянка; вытворнае ад каштелянъ, кашталянъ, кастелянъ ’камендант замка’). Параўн. яшчэ рус. (старое) кастеля́н ’наглядчык замка або грамадскага будынка’. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца італ. caslellano ’камендант, наглядчык замка’ (а гэта з лац. castellānus, утварэнне ад castellum ’замак’). Як і бел. кастэля́нка (каштелянка), але пры дапамозе іншага суфікса, узнікла рус. кастеля́нша (словаўтварэнне яго не бясспрэчнае; параўн. Шанскі, 2, К, 86). Гл. яшчэ Слаўскі, 2, 98.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Катастро́фа ’катастрофа’ (ТСБМ, БРС). Рус. катастро́фа, укр. катастро́фа. Запазычанне, магчыма праз пасрэдніцтва зах.-еўрап. моў з грэч. мовы. Параўн. рус. катастро́фа, якое, паводле Фасмера, 2, 209, узята непасрэдна з ням. мовы (Katastrophe < грэч. καταστροφή ’паварот, паваротны момант справы’). Але Шанскі (2, К, 93) лічыць рус. слова непасрэдным запазычаннем з франц. мовы ў першай палавіне XIX ст. (< франц. catastrophe < лац. catastropha < грэч.). Такія тлумачэнні, якія досыць істотна адрозніваюцца адно ад другога, сведчаць аб недастатковасці адных толькі этымалагічных меркаванняў і нераспрацаванасці гісторыі лексікі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каці́раваць ’вызначаць біржавую цану (курс) каштоўных папер, тавараў, замежнай валюты’ (ТСБМ). Відавочна, непасрэднае запазычанне з рус. мовы. У рус. мове гэта лексема ўзята з ням. kotieren у другой палавіне XIX ст. (упершыню адзначаецца ў слоўніку ў 1887 г.). Ням. kotieren < франц. coter ’каціраваць’ < ’меціць, нумараваць’. Гл. Шанскі, 2, К, 358. Каці́равацца ’цаніцца’, ’ацэньвацца (пра каштоўныя паперы, тавары, валюту)’, ’быць у абароце на біржы’, ’мець тую ці іншую ацэнку ў вачах грамадства’, з’яўляецца ўласна рус. ўтварэннем і адзначаецца з 1914 г. Шанскі, там жа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)