РАКО́ЎСКІ (Георгі Стойкаў) (крас. 1821, г. Коцел, Балгарыя — 9.10.1867),
балгарскі рэвалюцыянер-дэмакрат, паэт і публіцыст; адзін з арганізатараў нац.-вызв. руху балг. народа супраць тур. няволі. Вучыўся ў грэч. вучылішчы ў Стамбуле. У 1841 засн. тайнае т-вапа арганізацыі вызв. антытур. паўстання ў Балгарыі і Грэцыі, у тым жа годзе ўзначаліў антытур. выступленне ў рум.г. Брэіла. У 1853 спрабаваў арганізаваць антытур. паўстанне ў Балгарыі; у 1854 кіраваў там партыз. атрадам у гарах Стара-Планіна. З 1855 у эміграцыі ў Румыніі, Сербіі, Расіі. У 1861—62 засн. у Бялградзе 1-ю Балг. легію (легіён) для барацьбы з туркамі, у канцы 1866 у Бухарэсце аб’яднаў ваявод партыз. чэт (атрадаў) для планамерных дзеянняў у мэтах вызвалення Балгарыі. У 1867 склаў «Часовы закон народных атрадаў». Выдаваў газ. «Българска дневница» («Балгарскі дзённік»), «Дунавски лебед» («Дунайскі лебедзь»), час. «Бъдушност» («Будучыня»), у якіх прапагандаваў ідэю братэрства балканскіх народаў у барацьбе за вызваленне. У паэме «Лясны падарожны» (1857) апяваў барацьбу балг.гайдукоў супраць тур. прыгнёту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТЧ (Васіль Фёдаравіч) (28.10.1816—14.1.1870),
ваенны дзеяч, гісторык. Ген.-маёр (1860). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1837), дзе пазней выкладаў. З 1860 загадваў палігоннымі заняткамі артылерыі Асобнага гвардз. корпуса. З 1864 пам.нач. артылерыі Віленскай ваен. акругі; па даручэнні М.М.Мураўёва складаў «Звесткі пра польскі мяцеж 1863 г. ў Паўночна-Заходняй Расіі». Меў доступ да ўсіх сакрэтных следчых матэрыялаў і мог сам распытваць вязняў. У 1869 выйшаў у адстаўку і праца засталася незавершанай. У 1867—68 надрукаваны «Уводзіны» і 2 першыя тамы. Праца напісана ў афіцыёзным духу, змяшчала каштоўныя матэрыялы пра рэв. светапогляд і паліт. праграму К.Каліноўскага. Архіў Р., у т. л. неапублікаваныя фрагменты «Звестак...», захоўваецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Тв.:
Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т 1—2. Вильна, 1867—68;
З «Сведений» В.Ф.Ратча // Каліноўскі К. За нашую вольнасць: Тв., дак. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДИНА»,
масавы расійскі гіст. ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1989 у Маскве на рус. мове штомесяц. Першапачаткова выданне газ.«Правда». Друкуе навук.-папулярныя артыкулы папаліт., эканам., ваен., рэліг., этн. гісторыі і гісторыі культуры Расіі і СССР, усеагульнай гісторыі, публіцыстычныя матэрыялы, нататкі, інтэрв’ю. З 1990 спачатку раз на год, потым раз на паўгода выходзяць і тэматычныя нумары часопіса (пра войны 1812, Крымскую 1853—56, грамадзянскую 1918—20 у Расіі, сав.-фінляндскую 1939—40, Вял. Айчынную, 1-ю і 2-ю сусветныя, пра 300-гадовую гісторыю рас.ВМФ, пра Польшчу і інш.). Шэраг матэрыялаў асвятляе асобныя пытанні гісторыі і культуры Беларусі — артыкулы пра ВКЛ (1995, №3), Ф.Скарыну (1992, №4), А.Т.Касцюшку (1994, №12), С.Булак-Балаховіча (1997, №11), М.Шагала (1991, №5), удзел Дняпроўскай ваен. флатыліі ў паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939 (1996, №7/8) і інш. З 1993 да часопіса выдаецца дадатак «Источник» (6 выпускаў за год), дзе друкуюцца рассакрэчаныя дакументы з рас. архіваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́НА (Rhône),
рака ў Швейцарыі і Францыі. Даўж. 812 км, пл. басейна 98 тыс.км². Пачынаецца з Ронскага ледавіка ў Лепіцінскіх Альпах. Цячэ цераз Жэнеўскае воз., па Ронскай нізіне, упадае 2 рукавамі ў Ліёнскі зал. Міжземнага м., на З ад г. Марсель утварае дэльту (пл. больш за 12 тыс.км²). Гал. прытокі: Эн, Сона, Ардэш (справа), Ізер, Дзюранс (злева). У верхнім і сярэднім цячэнні жывіцца талымі водамі ледавікоў і снежнікаў. У правых прытоках пераважае дажджавое жыўленне. Да самага вусця Р. захоўвае рысы альпійскага рэжыму. Летняя паводка і зімовая межань. Р. — самая мнагаводная рака Францыі. Сярэдні гадавы расход каля вусця 1780 м³/с. На Р. і яе прытоках Ізер і Дзюранс каскады ГЭС (каля 70% агульнай магутнасці ГЭС Францыі). Суднаходная ад вусця р. Эн. Цераз р. Сона і шматлікія каналы злучана з рэкамі Рэйн, Мозель, Марна, Сена, Луара. У абход дэльты пабудаваны суднаходны канал ад г.Арль да Марселя. Выкарыстоўваецца для арашэння. На Р. — гарады Жэнева (Швейцарыя), Ліён, Валанс, Авіньён, Арль (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУР (Ruhr),
Рурская вобласць, галоўная вугальна-металург. база Германіі, на тэр. зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, па абодвух берагах р. Рэйн (асн.ч. на правабярэжжы, у бас. рэк Рур, Эмшэр, Ліпе). Тэрытарыяльна супадае з Рурскім вугальным басейнам. Пл. 3,3 тыс.км². Нас. каля 6 млн.чал. (2000); сярэдняя шчыльн. каля 1800 чал. на 1 км² (макс. больш за 5000 чал.). Гарады Р. (Эсэн, Дортмунд, Дуйсбург, Вуперталь, Дзюсельдорф, Мюльгайм, Гельзенкірхен, Бохум і інш.) з’яўляюцца вял.прамысл. цэнтрамі і зліліся ў адзіную канурбацыю. У Р. сканцэнтраваны гал. чынам галіны цяжкай прам-сці, асабліва кам.-вуг. (здабываецца каля 85% кам. вугалю ў краіне, у т. л. ўвесь каксавальны), чорная металургія, цяжкае машынабудаванне, хім. і коксахім. прам-сць. У сувязі з хранічным крызісам гэтых галін многія шахты і прадпрыемствы закрываюцца. Традыц. галіны прам-сці часткова замяняюцца новымі для Р. галінамі — аўтабудаваннем, эл.-тэхн., нафтаперапр., швейнай. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Густая сетка чыгунак, аўтадарог, унутр. водных шляхоў; нафтаправоды з Ротэрдама і Вільгельмсгафена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́К (дзявочае Родзька) Галіна
(24.5.1930, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 14.9.2000),
мастачка, мастацтвазнаўца, грамадскі дзеяч бел. дыяспары ў ЗША, удзельніца агульнаамер. руху за правы жанчын. Праф. (1993). З 1949 жыла ў ЗША. Скончыла Ратгерскі ун-т (штат Нью-Джэрсі) са ступенямі магістра бібліятэчных навук (1956) і магістра гісторыі мастацтва (1976). Працавала дырэктарам маст. б-кі гэтага ун-та. Удзельніца маст. выставак з 1969; творы экспанаваліся ў ЗША, Канадзе, Беларусі (1992, адзіная персанальная выстаўка на радзіме). Малявала ў манеры імпрэсіянізму сродкамі жывапісу і графікі пейзажы («Курган», «Папараць—кветка шчасця», «Буслы ў палёце» і інш., 1970—80-я г.), творы, якія адлюстроўваюць постаці і падзеі бел. гісторыі, паданні і легенды, катастрофу на Чарнобыльскай АЭС («Ефрасіння Полацкая», «Пагоня», «Чужанецкія крумкачы», «Голас продкаў», «Неспрыяльныя вятры», 1990-я г.). Уваходзіла ў склад кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў. Аўтар навук. публікацый пра мастацтва жанчын, ахову гіст. спадчыны Беларусі, па гісторыі бел. архітэктуры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́НАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (15.11.1875, г. Арол, Расія — 1913),
расійскі даследчык Арктыкі. Скончыў Арлоўскую духоўную семінарыю (1897), Парыжскі ун-т (1907). За ўдзел у студэнцкім рэв. руху ў Кіеўскім ун-це ў 1901 сасланы ва Усць-Сысольск (цяпер Сыктыўкар). У 1903 эмігрыраваў у Францыю. У 1908 прымаў удзел у франц., а ў 1909 — у рус. экспедыцыях на Новую Зямлю. У 1910 і 1911 кіраваў экспедыцыямі на гэты архіпелаг, пехатой перасек в-аў Паўночны, на маторна-ветразевых суднах плаваў вакол а-воў Паўночны і Паўднёвы. Правёў шэраг тапаграфічных, геал., і гідралагічных работ. У 1912 кіраваў экспедыцыяй на боце «Геркулес» па даследаванні вугляносных раёнаў Шпіцбергена, затым адправіўся на У і прапаў без вестак. У 1934 на астравах каля зах. ўзбярэжжа п-ва Таймыр знойдзены драўляны слуп з надпісам «Геркулес. 1913» і некат. рэчы ўдзельнікаў экспедыцыі. Імем Р. названы бухта і паўвостраў на Новай Зямлі, ледавік на Паўн. Зямлі, востраў у праліве Вількіцкага, гара ў Антарктыдзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЖА́ЎКА,
урочышча ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., на месцы б. вёскі Рыжаўка, жыхары якой у 1930-я г. былі расселены ў калгасы; месца масавай загубы яўрэяў у Вял.Айч. вайну. За 4 км на З ад Дзяржынска, 2 км ад чыг. ст. Койданава на лініі Мінск—Баранавічы. Сюды па пракладзенай ням. фашыстамі чыгунцы Койданава—Станькава з ліст. 1941 да кастр. 1943 эшалонамі (да 40 таварных вагонаў кожны) прывозілі яўрэяў з Берліна, Брэмена, Брэслаў, Гамбурга, Гановера, Кёльна, Штутгарта (Германія), Брно, Прагі (Чэхаславакія), Варшавы, Вены і інш. гарадоў Зах. Еўропы. У ахвяр забіралі каштоўнасці і распранутых расстрэльвалі на краі ям, потым падпальвалі. Паводле ням. крыніц, толькі 1—3.3.1942 было расстраляна 3412 чал. У 10 магілах (даўж. 13—15, шыр. 4—5, глыб. 3 м) у кастр. 1944 выяўлены астанкі 10 541 чал. На месцы масавага расстрэлу помнік.
Літ.:
Трагедия евреев Белоруссии в годы немецкой оккупации (1941—1944): Сб. материалов и док. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВІ́ЗІЯ,
праверка фін.-гасп. дзейнасці прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў або службовых асоб за пэўны перыяд; асн. метад фінансавага кантролю; найб. глыбокае і поўнае абследаванне фін.-гасп. дзейнасці юрыд. асоб з мэтай праверкі яе законнасці, правільнасці і мэтазгоднасці. Р. праводзяць розныя кантралюючыя органы, найчасцей фінансавыя, а таксама органы дзярж. кіравання ў адносінах да падведамных арг-цый. Могуць праводзіцца паводле плана гэтых органаў і па ўказанні інш. кампетэнтных органаў, у т. л. праваахоўных. Паводле аб’екта праверкі адрозніваюць Р. дакументальныя, фактычныя, поўныя (суцэльныя), выбарачныя (частковыя). Бываюць планавыя і пазапланавыя (калі патрабуецца неадкладная праверка), комплексныя (праводзяцца сумесна некалькімі кантралюючымі органамі). Пры правядзенні дакументальнай Р. правяраюцца дакументы (асабліва першасныя грашовыя), таксама справаздачы, каштарысы і да т.п. Фактычная Р. азначае праверку дакументаў, наяўнасць грошай, матэрыяльных каштоўнасцей. Вынікі Р. афармляюцца актам, які мае важнае юрыд. значэнне. Акт падпісваюць кіраўнік рэвізійнай групы, кіраўнік і гал. бухгалтар арг-цыі, якую рэвізуюць. Свае пярэчанні і заўвагі кіраўнік і гал. бухгалтар абавязаны ў пісьмовай форме прыкласці да акта і падпісаць яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦКАЕ РАЁННАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала ў жн. 1941—ліст. 1943 у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. Складалася з 8 груп
(62 чал.) у вёсках Андрэеўка і Пасека (кіраўнікі Рыгор Іванавіч і Рыгор Ісакавіч Васільцы),
Вятхінь (М.Л.Саламаха), Гарноўка (Ю.А. і В.А. Раціборскія), Мілаград (З.А.Грабянчук), Ровенская Слабада (А.Ц.Дворнік, М.І.Звяртоўскі), Свірыдавічы (А.В.Карбаценка, В.А.Нямкевіч), 2 групы ў в. Холмеч і Завужаль (Ф.П.Севераў, М.С.Вайтовіч, М.Ф.Яўланчык). Падпольшчыкі мелі сувязь з групай, пакінутай у раёне па заданні ЦККП(б)Б, са створаным на яе базе партыз. атрадам імя Варашылава і атрадам «За Радзіму», здабывалі для іх разведданыя, дапамагалі зброяй, боепрыпасамі, харч. прадуктамі, праводзілі дыверсіі. Вялі агітацыю сярод насельніцтва, што спрыяла хуткаму росту партыз. сіл раёна. У барацьбе супраць ням. фашыстаў загінула 10 падпольшчыкаў. У г. Васілевічы Рэчыцкага р-на помнік у гонар загінуўшых падпольшчыкаў.