прыхільнікі рэліг.-філас. вучэння, якое склалася ў 7 ст. ў Візантыі. Было кампрамісам паміж артадаксальнай догмай, прынятай на Халкідонскім саборы, і монафізіцтвам. Паводле вучэння М., Хрыстос валодаў дзвюма прыродамі (чалавечай і божай), але адной воляй і адной «энергіяй» (богачалавечай), і самастойнасць чалавечай волі Хрыста знікла ў выніку яе паглынання божай воляй. Найб. вядомыя М.: Сергій, патрыярх канстанцінопальскі (610—638), Кір, епіскап Фасіса, Феодар, епіскап Фарана (Сінайскі п-аў). Улады Візантыі падтрымлівалі вучэнне М., бо разлічвалі з яго дапамогай умацаваць свае пазіцыі ў па-монафізіцку настроенага насельніцтва ўсх. правінцый, у 638 яго афіцыйна ўхваліў імператар Іраклій. Аднак М. былі асуджаны як ерэтыкі на Латэранскім (648) і Канстанцінопальскім (680—681) саборах. Пасля разгрому М. усталявалася містычнае вучэнне пра 2 прыроды і 2 волі Хрыста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎЧАДЗЬ, Моўчадка,
рака ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 98 км. Пл. вадазбору 1140 км². Пачынаецца каля в. Кузевічы Баранавіцкага р-на, цячэ пераважна па Навагрудскім узв.Асн. прытокі: Сваротва, Ятранка, Паніква, Промша (справа), Івязянка, Дзятлаўка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. каля 1,5 км. Пойма двухбаковая, часткова забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі. Схілы спадзістыя, сярэдне стромкія, на ўсім працягу верхняга і сярэдняга цячэння перарывістыя, тэрасы шыр. да 1,5 км. Рэчышча моцназвілістае, каля 10 км каналізаванае, паміж вёскамі Дварэц і Агароднікі Дзятлаўскага р-на і ў ніжнім цячэнні невял. астравы. За 9 км ад вусця — ГЭС і Гезгальскае вадасховішча; у сутоках М. і Ятранкі г.п. Наваельня, на зах. ускраіне якога курортная зона і санаторый. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1654 Адбылася ў г. Мсціслаў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Баі паміжрус. войскамі на чале з А.М.Трубяцкім і войскам ВКЛ пачаліся ў ліп. 1654. Войскі Трубяцкога аблажылі горад. На дапамогу мсціслаўцам падышлі «служылыя людзі» «рословского урядника» М.Посахаўскага колькасцю больш за 3 тыс.чал., якія былі разбіты. У выніку прыступу 22 ліп. горад быў узяты. Паведамляючы аб гэтай перамозе Б.Хмяльніцкаму, цар Аляксей Міхайлавіч у сваёй грамаце пісаў, што горад «взяты взятьем и шляхты, поляков и литвы и иных служилых людей и ксензов и езвуитов и иного их чину побито больши десяти тысяч человек». У якасці палонных баяры і ваяводы адаслалі цару «городничего мсциславского Я.Стенкевича, да ротмистров и иных начальных людей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКА (Дзяніс) (? — пасля 1671),
кіраўнік атрада бел. сялян у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, наказны бел. палкоўнік. Арганізаваны ім у 1656—57 атрад дзейнічаў у Мінскім і Аршанскім пав., рабіў рэйды па шляхецкіх маёнтках. Яго рэзідэнцыямі былі Ігумен (1656) і Камень (з 1657) у Мінскім пав. У вер. 1658 перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, вёў баявыя дзеянні супраць рас. войск ва ўзаемадзеянні з І.Нячаем і С.Аскеркам (гл.Аскеркі). 22.5.1659 сейм Рэчы Паспалітай надаў М. шляхецтва. У снеж. 1664 здзейсніў рэйд у Ноўгарад-Северскі пав., у студз. 1665 — у ваколіцы Чарнігава. У маі 1665 на шляху паміж Старадубам і Гомелем яго атрад (400 чал.) разбіты і сам ён паранены. Пазней служыў у войску гетмана ВКЛ П.Сапегі.
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́РЫ БЭРД ЗЯМЛЯ́ (Marie Byrd Land),
частка тэр.Зах. Антарктыды, паміж шэльфавым ледавіком Роса на З і Зямлёй Элсуарта на У. Большая ч. тэрыторыі — паверхня ледавіковага плато, на якім пераважаюць вяршыні 1000—1500 м. Таўшчыня ледавіковага покрыва 1000—2000 м, у некаторых месцах дасягае 4000 м. Ложа ледавіка месцамі знаходзіцца ніжэй узр. м. на 500—1500 м. Трапляюцца месцы, дзе лёд запаўняе ўпадзіны, дно якіх знаходзіцца ніжэй узр. м. на 2000 м і больш. Каля ўзбярэжжа над ледавіковай паверхняй узвышаюцца нунатакі і горныя хрыбты (Эдсел-Форд, Хал-Флад, Эгзэк’ютыў-Каміты і інш.) выш. да 3000—4000 м. Найб. высокая вяршыня — г. Сідлі ў хр. Эгзек’ютыў-Каміты. Адкрыта амер. экспедыцыяй Р.Бэрда ў 1929. Названа ў імя жонкі нач. экспедыцыі. У 1957—72 дзейнічала навук. станцыя ЗША Бэрд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬ (ад лац. normalis прамы) да крывой (паверхні) у зададзеным пункце, прамая, што праходзіць праз зададзены пункт перпендыкулярна да датычнай прамой ці да датычнай плоскасці. Мае дастасаванні ў дыферэнцыяльнай геаметрыі, геам. оптыцы, механіцы і інш.
Плоская крывая мае ў кожным пункце (за выключэннем некаторых асаблівых пунктаў) адзіную Н. Прасторавая крывая ў кожным неасаблівым пункце мае бясконцае мноства Н., сукупнасць якіх утварае нармальную плоскасць. Н., якая ляжыць у судатычнай плоскасці (лімітнае становішча плоскасці, што праходзіць праз 3 пункты крывой пры імкненні адлегласці паміж імі да нуля), наз.галоўнай, а Н., якая праходзіць перпендыкулярна гэтай плоскасці — бінармаллю. Датычная, гал. Н. і бінармаль утвараюць рухомы трыэдр крывой.
Да арт.Нармаль. Рухомы трыэдр да крывой у пункце Μ: N — галоўная нармаль; B — бінармаль; T — датычная да крывой; P — нармальная плоскасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КАМІ́СІЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ ПА СПРА́ВАХ ЮНЕ́СКА,
міжведамасны орган, створаны пастановай Савета Міністраў БССР ад 15.10.1956. У сваёй дзейнасці кіруецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, статутамі ЮНЕСКА і Палажэннем аб Нац. камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА (зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17.9.1997). Забяспечвае ўзаемадзеянне і каардынацыю супрацоўніцтва з ААН Па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА) бел.дзярж. устаноў, грамадскіх аб’яднанняў і асоб, якія маюць прызнаны аўтарытэт у сферах кампетэнцыі ЮНЕСКА. Ажыццяўляе сувязь ’паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ЮНЕСКА, даводзіць да ведама ЮНЕСКА інфармацыю аб нац. патрэбах і прыярытэтах у галіне адукацыі, навукі і культуры, аказвае інфармац. і кансультатыўнае садзейнічанне органам дзярж. кіравання, дзярж. і грамадскім арг-цыям Беларусі, якія працуюць у галіне адукацыі, навукі, культуры і камунікацыі. Рабочым апаратам Нац. камісіі з’яўляецца сакратарыят, які ўзначальвае адказны сакратар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОНКАНФАРМІ́СТЫ,
члены англ. царкоўнай арг-цыі (прэсвітэрыяне, кангрэгацыяналісты, квакеры, метадысты, баптысты і інш.), якія не прызналі абрадаў дзярж.англіканскай царквы. Плыні Н. (інш. назвы «дысентэры» — што адступаюць ад афіц. веравызнання) узніклі ў 16 ст., тэрмін «Н.» з’явіўся пасля прыняцця ў 1662 англ. парламентам «Акта пра аднастайнасць». Першапачаткова Н. імкнуліся рэфармаваць англіканскую царкву ў духу кальвінісцкага пурытанізму. Аднак афармленне англіканства як «сярэдняга шляху» паміж каталіцызмам і пратэстантызмам вымусіла іх адлучыцца ад дзярж. царквы і стаць у апазіцыю да яе. Ганенні на Н. асабліва ўзмацніліся пасля рэстаўрацыі манархіі ў 1660, калі шэрагам дзярж. актаў яны па сутнасці былі пастаўлены па-за законам і пачалі праследавацца. Многім з іх давялося эмігрыраваць, у т. л. ў Паўн. Амерыку. Законы, якія абмяжоўвалі грамадзянскія і паліт. правы Н., былі ў асноўным адменены ў 1828.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛЕАЗІ́ДЫ,
злучэнні, якія складаюцца з астаткаў азоцістай асновы і вугляводу рыбозы (рыбануклеазіды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеазіды); N-гліказіды пурынавых або пірамідзінавых асноў. Найб. значэнне маюць Н., што ўваходзяць у склад нуклеінавых кіслот: адэназін, гуаназін, урыдзін, цытыдзін, цымідзін. Свабодныя Н. ўтвараюцца пры гідролізе нуклеінавых к-т і нуклеатыдаў. Абарачальнае фасфат-залежнае расшчапленне Н. да рыбоза-1-фасфату і свабоднай асновы адбываецца пад уздзеяннем ферментаў нуклеазідфасфарылаз. Спецыфічныя нуклеазідазы каталізуюць гідроліз Н. і разрываюць сувязі паміж цукрам і асновай. Фасфарыліраванне Н. кіназамі выклікае ўтварэнне нуклеатыдаў. Некат. пурынавыя і пірымідзінавыя Н. з хім. мадыфікаванай вугляводнай ч. малекулы і (або) асновай валодаюць антыбіятычнай актыўнасцю і блакіруюць абмен пурынаў, пірамідзінаў і бялкоў як антыметабаліты натуральных субстратаў. Яны знаходзяцца ў клетцы ў свабодным стане і не ўваходзяць у склад нуклеінавых к-т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТА́ЦЫЯ,
вагальны рух восі ўласнага вярчэння цела, які адбываецца адначасова з прэцэсіяй і пры якім змяняецца вугал паміж воссю ўласнага вярчэння цела і воссю, вакол якой адбываецца прэцэсія, (вугал нутацыі Θ; гл.Эйлеравы вуглы).
У гіраскопа (ваўчка), што рухаецца пад дзеяннем сілы цяжару , Н. ўяўляе сабой ваганні восі гіраскопа, амплітуда і перыяд якіх тым меншыя. чым большая вуглавая скорасць яго ўласнага вярчэння Ω. Частата Н. пры вялікіх Ω можа быць такая вялікая. што нутацыйныя ваганні восі ваўчка будуць успрымацца на слых (гудзенне). Пры наяўнасці супраціўлення (трэння) нутацыйныя ваганні дастаткова хутка затухаюць, пасля чаго ў гіраскопа застаецца толькі прэцэсійны рух.
У астраноміі Н. — абумоўленыя прыцягненнем Сонца і Месяца невялікія ваганні зямной восі, якія накладваюцца на яе прэцэсійны рух. Адкрыў у 1737 англ. астраном Дж.Брадлей.