КАПЦЮГА́НСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1994). За 1,3 км на Пд ад в. Ладыга Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., ва ўрочышчы Капцюганскі Лес. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,7 м, шыр. 3,4 м, выш. 2,2 м, у абводзе 12,4 м, аб’ём 18,6 м³, маса каля 49 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАР’Е́Р [франц. carrière ад позналац. quarraria (quadraria) каменяломня],

сукупнасць горных абсталяваных для здабычы вугалю, руд і нярудных карысных выкапняў адкрытым спосабам (гл. Адкрытая распрацоўка радовішчаў). Глыбіня да соцень метраў, плошча да тысяч гектараў. У вугальнай прам-сці наз. разрэзам, у гарнаруднай — рудніком, па здабычы каменю — каменяломняй. Пасля выпрацоўкі радовішчаў К. падлягаюць рэкультывацыі. На тэр. Беларусі ёсць К. па здабычы буд. матэрыялаў.

Кар’ер Мікашэвіцкага радовішча будаўнічага каменю.

т. 8, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНАВА́Л (італьян. carnevale, верагодна, ад лац. carrus navalis пацешлівая калясніца, карабель святочнай працэсіі),

форма масавай нар. культуры (вулічныя шэсці, тэатралізаваныя гульні, камічныя інсцэніроўкі, парадзіраванне грамадска-паліт. і інш. афіцыйна высокіх ін-таў, якія пераводзяцца ў гратэскава-камічны аспект). Склаўся ў сярэдневяковай Еўропе. Ва ўсх.-слав. рэгіёне выявіўся ў калядных, масленічных, велікодных, купальскіх і інш. абрадах з удзелам скамарохаў, блазнаў. Своеасаблівым К. на Беларусі з’яўляюцца Каляды.

т. 8, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІЯПЕ́Я (лац. Cassiopeja, нар. назва Касцы),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба; знаходзіцца ў Млечным Шляху. Найб. яркія зоркі α, β, γ, σ, ε (2,2; 2,3; 2,4; 2,7; 3,4 візуальнай зорнай велічыні) размешчаны ў выглядзе расцягнутай літары W. У сузор’і 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У К. выяўлена магутная галактычная крыніца радыёвыпрамянення Cas A. На тэр. Беларусі відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Касіяпея.

т. 8, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЁВАШЧЫТКО́ВЫЯ (Osteostraci),

падклас касцёвапанцырных вымерлых рыбападобных жывёл. Жылі ў познім сілуры — познім дэвоне ў марскіх і прэсных водах. Вялі прыдонны спосаб жыцця. На Беларусі рэшткі К. выяўлены ў тэрыгенна-карбанатных адкладах ніжняга і сярэдняга дэвону (Брэсцкая і Аршанская ўпадзіны). Продкі сучасных кругларотых.

Мелі сплюшчанае цела з укрытымі суцэльным панцырам галавой і пярэдняй ч. тулава. Унутр. шкілет неакасцянелы. Па рэштках К. вызначаюць узрост геал. адкладаў.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЯНЁЎСКІ КА́МАВЫ ЎЗГО́РАК,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1994). На паўд. ускраіне в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Купалападобны ўзгорак выш. 5—8 м, даўж. 100 м, шыр. 70 м. Форма авальная, паверхня нахілена на Пд і абкружана кальцавым валам выш. да 2 м. Узнік каля 150 тыс. г. назад пры раставанні дняпроўскага ледавіка. У 10—12 ст. тут існаваў стараж. горад.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШАПА́РАЎ (Анатоль Яфімавіч) (н. 15.10.1950, Мінск),

бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1979). У 1972—89 у ансамблі «Песняры», выконваў сола ў вак. цыкле У.​Мулявіна на словы Я.​Купалы і ў нар. песні «Дзяўчына-сардэнька» ў яго апрацоўцы, песнях «Добры вечар, дзяўчыначка» І.​Лучанка, «Волагда» Б.​Макравусава, «Я не магу іначай» А.​Пахмутавай Яго выкананне адметнае лірычнай напоўненасцю, эмацыянальнасцю. Жыве ў ЗША.

А.​Ю.​Дзям’яненка.

т. 8, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРАТАФІ́Р (ад грэч. keras

(keratos) рог + парфір),

альбітафір эфузіўная або жыльная магматычная горная парода з парфіравымі вылучэннямі шчолачнага палявога шпату (пераважна альбіту) і каляровых мінералаў (звычайна біятыту). Асн. маса шчыльная, складаецца пераважна з ізаметрычных або падоўжаных мікралітаў альбіту. Колер буры ці ружаваты. Шчыльн. 2610—2670 кг/м³. Характэрна генетычная сувязь са спілітамі. На Беларусі трапляецца на ПдУ у комплексе вулканічных парод дэвонскага асадкавага чахла.

т. 8, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІР’Я́НАЎ (Барыс Іванавіч) (н. 21.7.1947, г. Гомель),

бел. харавы дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972). З 1972 хормайстар, з 1995 гал. хормайстар Ансамбля песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Аўтар харавых аранжыровак арыг. песень бел. і рас. кампазітараў (у т. л. «Маша-Маруся», «Наш медсанбат» І.​Лучанка, «Армія мая», «Шчыт айчыны агнявы» Э.​Ханка, «Страявая паходная» А.​Чыркуна), бел. і рус. нар. песень.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́СЛЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

магматычныя сілікатныя горныя пароды з вял. колькасцю крэменязёму (64—78%). Лішак яго выдзяляецца ў выглядзе крышт. кварцу (граніт, дыярыт і інш.) або застаецца раствораным у аморфнай асн. масе — вулканічным шкле (абсідыян, смаляны камень і інш.). З К. г.п. звязаны радовішчы волава, вальфраму, золата, поліметалаў і інш. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачныя камяні. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. Гл. таксама Магматычныя горныя пароды.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)