*Вешчанец, маг. вешчаніц ’званочак скучаны, Campanula glomerata L.’ (Кіс.). Іншыя разнавіднасці Campanula L. на Беларусі называюцца яшчэ званкі, званкі лугавыя, званок, звонка (Кіс.) і звязаны, такім чынам, са словам звон ’царкоўны звон, у які білі, калі трэба было паведаміць нейкую вестку’. У такім разе вешчаніц — гэта семантычны перанос, паводле формы, з лексемы звон ’царкоўны звон’ → ’званочак’ у дэмінутыўным значэнні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лізя́вы ’нясмачны’ (маст., Сцяшк. Сл.), лізявэй ’тс’ (пін., Шатал.). Трэба разглядаць як запазычаную лексему з пераносам значэння. Параўн. польск. lizawy — аб жывёле, якая захварэла ад недабору розных мінеральных злучэнняў (солей) і вітамінаў. Параўн. яшчэ польск. lizawka ’сумесь з солі, гліны і інш., якая давалася жывёле’, ’месца, дзе гэта мяшанка давалася жывёле’. Семантыка развівалася такім чынам: ’без солі’ > ’нясмачны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́мал ’мель, каса, абмялелае месца’ (Гарэц.). Рус. вы́мол ’яма, калдобіна’, укр. ви́мул ’яма, выбітая вадой’ (Марусенка, Полесье, 221), польск. wymuł ’канава, паглыбленне, вымытае вадой’, в.-луж. wumuł, чэш. výmol, славац. výmoľ ’тс’. Ад vymeti (гл. малоць) з нулявым афіксам (Гл. Махэк₂, 368). Памылкова Нітшэ (66), які звязвае гэта з мул ’іл’. Адносна вакалізму назоўніка гл. Варбот, Словообр., 24, 29.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́нгож ’вугор Anguilla L.’ (Крыв.). Запазычанне з польск. węgorz ’тс’ (а гэта да прасл. *ǫgorь ’тс’; гл. Брукнер, 609; Махэк₂, 667; Фасмер, 4, 146). Параўн. яшчэ вуго́р. Таксама запазычаны з польскай мовы і іншыя назвы вугра: вэ́нгер, вэнго́р, ві́нгор (Крыв.), ванго́ш, ванго́р (гл. Зданцэвіч, Бел.-польск. ізал., 33). Формы на ‑ор, відавочна, адлюстроўваюць адаптацыю да адпаведных бел. слоў (вуго́р).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́са ’тое, што вісіць’, звычайна ў загадцы гэта ’груша’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), укр. ві́са́ ’вага’, рус. наўг., тамб. виса ’тое, што вісіць; яблык’, арханг. виси ’павекі’, вяц., каз. ви́сы ’валасы’, сіб. ’апоўзіны’, польск. усх. wisa ’тс’, wisza//wisa ’тое, што вісіць (у загадцы)’, балг. виса ’тое, што вісіць’; ’шчака’. Да вісець. Гл. таксама Рудніцкі, 1, 439.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гале́ра (БРС, Касп.). Ст.-бел. кгалера, галера ’судна, галера’. Булыка (Запазыч., 146–147) мяркуе, што гэта слова ў ст.-бел. мове непасрэдна з польск. galera (< іт.). Рус. гале́ра (з XVII ст.) запазычана з ням. Galeere або іт. galera (так Фасмер, 1, 386). Шанскі (1, Г, 14) лічыць, што першакрыніцай рус. слова з’яўляецца хутчэй за ўсё іт. galera.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарадні́чы ’гараднічы’ (БРС). Рус. городни́чий, укр. городни́чий. Бел. і ўкр. лексемы запазычаны з рус.’ мовы (як і польск. gorodniczy). У рус. мове гэта слова, паводле Словаря русского языка XI–XVII вв. (вып. 4 (Г–Д). М., 1977), вядома ўжо з XVII ст. *(недакладна Шанскі: з XVIII ст.) і ўтворана на базе прыметніка городничий (параўн. городничий старецъ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Го́дзе ’годзе’ (БРС, Шат., Касп.), го́дзя ’тс’ (Бяльк.). Рус. дыял. го́де, укр. го́ді ’тс’. У іншых слав. мовах (агляд у Трубачова, Эт. сл., 6, 187) значэнне адпаведных слоў адрозніваецца ад семантыкі ўсх.-слав. лексем. Паводле Трубачова (там жа), гэта вытворнае (прасл. *godě) ад асновы *godъ, для якой Трубачоў (там жа, 192) рэканструюе першапачатковае значэнне ’падыходзячы час’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гры́ка ’грэчка’ (зэльв., Сцяц.). Ст.-бел. грика, грыка (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 85). Паводле Булыкі, запазычана з польск. gryka (а гэта з ням. Gricken). Адносна паходжання польск. слова ёсць і іншая думка (здаецца, больш абгрунтаваная): польск. gryka < літ. grìkai, а ням. назва грэчкі (дыял. прус. grick) узята з польск. gryka (агляд гл. у Слаўскага, 1, 363).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гіга́нт ’гігант’ (БРС). Рус. гига́нт, укр. гіга́нт. Паводле Шанскага (1, Г, 67–68), для рус. мовы крыніцай з’яўляецца грэч. γίγας, ‑αντος (у рус. мове з XIV ст. ужо ў форме гигантъ). Фасмер (1, 404–405) мяркуе, што ў новыя часы рус. мова запазычыла гэта слова з ням. Gigant. Для бел. і ўкр. непасрэднай крыніцай была, здаецца, рус. мова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)