дэсантная аперацыя войск Паўн.-Каўказскага фронту (камандуючы ген.-палк. І.Я.Пятроў), сіл Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. Л.А.Уладзімірскі) і Азоўскай ваен. флатыліі (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) у Вял.Айч. вайну. Праведзена 31.10—11.12.1943 з мэтай авалодання Керчанскім п-вам. Адначасова планавалася высадзіць сіламі Азоўскай ваен. флатыліі (АВФ) 3 дывізіі 56-й арміі на ПнУ ад г. Керч (асн. напрамак) і сіламі Чарнаморскага флоту пад кіраўніцтвам контр-адм. Г.М.Халасцякова 1 дывізію 18-й арміі каля пас. Эльтыген на Пд ад Керчы (дапаможны напрамак), пасля іх сустрэчнымі ўдарамі авалодаць партамі Керч і Камыш-Бурун. Удзельнічалі 130 тыс.чал., больш за 2 тыс. гармат і мінамётаў, 125 танкаў, 278 катэраў і дапаможных суднаў, больш за 1000 самалётаў 4-й Паветр. арміі і марской авіяцыі. Вечарам 31 кастр. з-за шторму сарвалася высадка дэсантных атрадаў на асн. напрамку. 1 ліст. дэсант 18-й арміі захапіў плацдарм у раёне Эльтыгена. Ва ўмовах адцягнення для блакады плацдарма значных сіл праціўніка АВФ 3 ліст. высадзіла дэсант з часцей 56-й арміі, які да 12 ліст. выйшаў на рубеж Азоўскае м. — паўн.-ўсх. ўскраіна Керчы, дзе і замацаваўся. Дэсант з раёна Эльтыгена 6—7 снеж. прарваўся да паўд. ускраіны Керчы, захапіў пануючую над горадам гару Мітрыдат, але 9 снеж. пад націскам праціўніка пакінуў яе і 11 снеж. быў эвакуіраваны суднамі АВФ. Нягледзячы на незавершанасць, К.-Э.а. стварыла перадумовы (захоп буйнога плацдарма) для вызвалення Крыма ў ходзе Крымскай аперацыі 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́Н,
зямельны насып над стараж. пахаваннем, часам засыпанае зямлёй пахавальнае збудаванне. Звычай хаваць нябожчыкаў у К. склаўся на мяжы неаліту і энеаліту, на Беларусі — на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. Выяўленыя на Беларусі асобныя К. і курганныя могільнікі належаць усх.-слав. плямёнам, славяна-балцкаму насельніцтву, балтам, найб.стараж. — плямёнам сярэднедняпроўскай культуры. Вядомы пад назвамі курганы, капцы, валатоўкі, сопкі, французскія або шведскія магілы. Адрозніваюцца формай, памерамі, унутр. будовай, становішчам нябожчыка, абрадам пахавання, характарам пахавальнага інвентару. Найб. пашыраны круглыя (дыям. 3—18 м, зрэдку да 25), доўгія курганы і падоўжаныя ў плане К. (даўж. 10—110 м). Да канца 1-га тыс.н.э. пахавальны абрад — трупаспаленне, у 11—13 ст. — трупапалажэнне. Найчасцей у К. пахаваны адзін нябожчык, радзей 2—3, зрэдку больш, бываюць пазнейшыя падпахаванні. Больш ранняе трупаспаленне адбывалася па-за межамі К., пазней на месцы насыпу; рэшткі крэмацыі змяшчалі на падсыпцы, на гарызонце, у гаршку ці інш. пасудзіне, у выкапанай ямцы. Трупапалажэнне ў залежнасці ад племяннога абраду адбывалася на гарызонце, у яме, у некат. К. выяўлены рэшткі драўляных трун. Нябожчыка клалі на спіне або на баку, зрэдку ў сядзячым становішчы, галавой у пэўным напрамку свету (ва ўсх. славян звычайна на 3). Пахавальны інвентар складаецца з керамічнага посуду (або яго рэштак), прылад працы і побыту, упрыгожанняў. Сустракаюцца насыпы без пахаванняў — кенатафы. У 14 ст. курганныя пахаванні заменены грунтавымі пахаваннямі на могілках.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Курган. Курганны могільнік каля в. Высачаны Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАПРАВО́Д,
комплекс збудаванняў для перапампоўкі сырой нафты з раёнаў нафтаздабычы да месцаў перапрацоўкі. Складаюцца з трубаправодаў, нафтаперапамповачных станцый, сродкаў сувязі, дапаможных збудаванняў. Адрозніваюць Н. мясцовыя (на промыслах падаюць нафту на невял. адлегласці — ад месца здабычы да пунктаў збору і падрыхтоўкі), магістральныя (транспартуюць нафту на далёкія адлегласці — да месцаў перапрацоўкі), унутраныя (на нафтаперапр. з-дах).
Дыяметр труб Н. 60—1220 мм, рабочы ціск 0,7—8 МПа, скорасць руху нафты 0,9—2,6 м/с. Магістральныя Н бываюць даўжынёй некалькі тысяч кіламетраў (напр., Н. «Дружба» больш за 5 тыс.км, 1-я нітка яго ўведзена ў 1964, 2-я — у 1974). Трубаправоды магістральных Н. укладваюцца ў грунт, для засцярогі ад карозіі ўкрываюцца бітумнай масцікай, маюць таксама эл. сродкі засцярогі. Трубаправоды і інш. збудаванні для перамяшчэння прадуктаў перапрацоўкі нафты (бензіну, газы, дызельнага паліва і інш.) наз.нафтапрадуктаправодамі.
На тэр. Беларусі агульная працягласць магістральных Н. рознага дыяметра (630, 720, 820, 1020 мм) у аднаніткавым вылічэнні складае 2,9 тыс.км. Па мясцовых Н. нафта ад усіх радовішчаў (іх больш за 40) перапампоўваецца да ўстаноўкі прамысл. падрыхтоўкі нафты, дзе яна праходзіць абязводжванне, абяссольванне, сепарацыю і падаецца ў Н. «Дружба». Праз сістэму магістральных Н. «Дружба» расійская нафта транспартуецца ў краіны СНД (Украіна, Беларусь), Прыбалтыкі (Літва, Латвія — порт Вентспілс), Усх. і Зах. Еўропы (Польшча, Германія, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Югаславія).
В.А.Вядзернікаў.
Схема магістральнага нафтаправода: 1 — нафтавы промысел; 2 — пункт збору і падрыхтоўкі нафты; 3 — помпавая станцыя; 4 — калодзеж з рэгулявальнымі прыстасаваннямі; 5 — размеркавальны пункт; 6 — нафтаперапрацоўчы завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЕ́ТЫ (ад грэч. planētēs блукаючы),
вялікія нябесныя целы, якія абарачаюцца вакол Сонца (ці інш. зоркі), свецяцца іх адбітым святлом і маюць масы недастаткова вял. для таго, каб стаць зоркай. Паміж П. і Сонцам існуе ўзаемнае прыцягненне (гл.Сусветнага прыцягнення закону рух П. вакол Сонца прыблізна апісваецца Кеплера законамі.
Паводле сучасных даных у Сонечнай сістэме 9 вял. П. Паводле фіз, характарыстык адрозніваюць П. зямной групы (Меркурый, Венера, Зямля, Марс), П.-гіганты (Юпітэр, Сатурн, Уран, Нептун) і Плутон, які з 1999 лічыцца вял. П. і астэроідам адначасова. П. зямной групы маюць адносна невял. памеры, значную сярэднюю шчыльнасць, цвёрдыя паверхні, больш ці менш разрэджаныя атмасферы (акрамя Венеры); вярчэнне вакол восі павольнае; знаходзяцца на адносна невял. адлегласцях ад Сонца, таму атрымліваюць ад яго значную колькасць цеплаты. П.-гіганты характарызуюцца значна большымі масамі і памерамі, малой сярэдняй шчыльнасцю (газападобныя, з невял. цвёрдым ядром), хуткім вярчэннем вакол восі, значнай колькасцю спадарожнікаў. У межах Сонечнай сістэмы знаходзіцца вял. колькасць малых планет, ці астэроідаў (асн. частка ў поясе астэроідаў паміж арбітамі Марса і Юпітэра, другая — за арбітай Нептуна, у поясе Койпера). Непасрэдна не выяўлены П., якія б абарачаліся вакол інш. зорак (акрамя Сонца), але атрыманы даныя, якія ўскосна сведчаць пра наяўнасць П. у больш чым 20 зорак. Гл. таксама Касмагонія.
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984, Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Хаббард У.Б. Внутреннее строение планет: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМАРФІ́ЗМ (ад полі... + морфа) у біялогіі, наяўнасць у межах аднаго віду раслін або жывёл двух (дымарфізм) ці больш вельмі непадобных груп асобін. Уключае адрозненні ў знешнім выглядзе асобін з адной ці розных папуляцый. Характэрны для многіх відаў флоры і фауны, у т. л. на Беларусі.
Унутры папуляцый адрозніваюць некалькі тыпаў П. Узроставы П. звязаны з чаргаваннем пакаленняў (напр., у ржаўных грыбоў, прахадных рыб, насякомых, якія развіваюцца з метамарфозам). Палавы П. звязаны з неаднолькавай марфалогіяй і экалогіяй асобін рознага полу (у насякомых, птушак, млекакормячых). Функцыянальны П. адлюстроўвае ўзроставыя палавыя адрозненні і найб. выразны ў жывёл, якія развіваюцца з метамарфозам (напр., маляўкі рыб, лічынкі земнаводных і насякомых, функцыянальна нераўнацэнныя дарослым). Фазавы П. абумоўлены шчыльнасцю папуляцый, якая выклікае т.зв. фазавую зменлівасць (напр., у асобін адзіночнай і статкавай фаз у саранчовых). Генетычны П. звязаны з вар’іраваным уздзеяннем натуральнага адбору ў розных умовах, і з павышанай адноснай жыццяздольнасцю геннай структуры арганізма. Розныя тыпы ўнутрыпапуляцыйнага П. могуць быць узаемазвязаныя і сумяшчальныя ў часе. П. ускладняе і робіць больш разнастайнымі сувязі арганізма з асяроддзем, стварае аснову для відаўтварэння шляхам дывергенцыі ў працэсе эвалюцыі.
Полімарфізм у біялогіі: 1 — у розных папуляцыях хвой (хвоі, якія раслі ў розных умовах: а — у лесе, б — на адкрытым месцы, в — на балоце); у межах адной папуляцыі: 2 — генетычны (спадчынныя формы мухі дразафілы: а — самец, б — самка, в, г, д, е — розныя формы патомства); 3 — палавы (мурашка рыжая лясная: а — самка, б — самец, в — рабочая асобіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Як ганчарны цэнтр Ракаў вядомы з сярэдневякоўя. Тут выраблялі гасп. посуд, аздоблены выціснутым арнаментам ці ангобнай размалёўкай, а таксама кафлю з рэльефным малюнкам рэнесансавага, барочнага, класіцыстычнага характару, з канца 19 ст. ў стылі мадэрн. Найб. развіцця Р.к. дасягнула ў 19 — пач. 20 ст. (працавала больш за 100 ганчароў). Паводле памераў і аб’ёмаў гасп. посуд меў пэўныя назвы; цацкавы (аб’ёмам да 0,5 л), смятанкавы (1 л), рублёвы (2 л), квартавы (3 л), паўгарцавы (4—5 л), гарцавы (10 л), двухгарцавы (20 л), васьміквартавы, ці пакавы (больш за 20 л). Посуд пластычных акруглых форм звонку і ўнутры звычайна пакрывалі празрыстай палівай, у 1920—30-я г. нярэдка аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай расл. характару. Да канца 19 ст. бытаваў і чорнаглянцаваны посуд. Сярод вырабаў дэкар. керамікі — талеркі з пажадальнымі надпісамі, букетнікі, чарнільныя прыборы, попельніцы, фігурныя пасудзіны ў выглядзе бараноў, мядзведзяў, ільвоў, дзіцячыя цацкі. Наіўна-рэаліст. трактоўкай вызначаецца дробная пластыка 1920—30-х г. у выглядзе коннікаў, паненак, кавалераў у характэрным адзенні, з муз. інструментамі ці букетамі ў руках. З 1939 працавала арцель «Чырвоны ганчар», у 1945 — канцы 1950-х г. — «3-га ліпеня», якія выпускалі гасп. посуд нешырокага асартыменту і гладкую тэракотавую кафлю.
Літ.:
Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.
Я.М.Сахута.
Да арт.Ракаўская кераміка. Цацкі «Коннікі». 1930-я г.Да арт.Ракаўская кераміка. Міска. 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ву́згалаўе ’падушка (у возе)’ (БРС); ’накладка на пярэднюю вось воза пры перавозцы бярвення’ (Шат.; лях., Янк. Мат.), вузгало́ўе ’частка воза — драўляны брусок над пярэдняй воссю’ (карэліц., Янк. II). Тэрміналагічнае значэнне другаснае, узнікшае шляхам пераносу слова з бытавой сферы; параўн. узгало́ўе ’месца ў галавах’ і пад. утварэнні ў слав. мовах, якія могуць мець і больш канкрэтныя значэнні: укр.узголо́вʼя ’тс’, польск.wezgłowie ’падушка’, славен.vzglȃvje, серб.-харв.у̀згла̄вље ’месца ў галавах’ і ’падушка’, балг.въ́зглаве ’падушка’ і інш., што дазваляе рэканструяваць прасл.vъz‑golvьje ’ўзгалоўе; падушка’. Параўн. вузгал, вузгалавак.
Ліўрэя ’фірменная адзежа швейцараў, лакеяў, фурманаў’ (ТСБМ). Запазычана з рус.ливрея ’тс’, якое з франц.livrée ’тс’, першапачаткова — ’адзежа, якую дзяржава і высокая шляхта выдавалі свіце’ < франц.livrer ’выдаваць’ < с.-лац.liberāre ’тс’. Аднак пры пасрэдніцтве франц.livrée і ісп.librea яшчэ ў XIII ст. слова пранікла ў ням. дыялекты і ў форме Liberei ’спецыяльная форма для прыслугі’ трапіла ў ст.-польск. мову (liberyja, XVI ст.), адтуль у ст.-бел. у выглядзе либерия ’ліўрэя’ (XVII ст.). Больш падрабязна гл. Фасмер, 2, 494; Слаўскі, 4, 219–220; Булыка, Запазыч., 107.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гарабе́й ’верабей’ (Сцяшк. МГ), гарабе́шак ’тс’ (Шатал.). Параўн. таксама формы арабей, верабей (гл.). Формы з пачатковым г‑ (замест в‑; гэтыя апошнія з’яўляюцца зыходнымі, прасл. тыпы можна звесці да *verb‑: *vorb‑ з рознай суфіксацыяй; гл. Трубачоў, Слав. языкозн., V, 177) другаснага паходжання. Яны адлюстроўваюць трактоўку зыходнага пачатковага гука *v‑ (адсюль мена г : в). Можна таксама меркаваць і аб дадатковым моманце: ва ўкр. мове побач з формамі воробе́ць, горобе́ць існуе і гворобе́ць. Гэта можа сведчыць і аб іншай фанетычнай з’яве — устаўцы перад пачатковым в‑ «паразітнага» гука г. Але першы варыянт тлумачэння больш верагодны.