узгорак каля г. Кадырлі (Турцыя), дзе былі адкрыты руіны горада 9—7 ст. да н. э. У выніку раскопак, якія вяліся з 1947, выяўлены 2 брамы і часткова палац. Брамы ўпрыгожаны каменнымі рэльефамі з выявамі розных сцэн: рытуальных, палявання, марской бітвы, музы́каў і інш. Рэльефы характэрны для навахецкага мастацтва. Знойдзены іерагліфічны надпіс (8 ст. да н. э.) на хецкай і ханаанскай мовах, якія дазваляюць меркаваць, што К.-Т. ўваходзіў у склад дзяржавы данунітаў, якая ў пач. 1-га тыс. да н. э. падначаліла хецкія пасяленні на ПдУ М. Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Закарпацкай вобл., Украіна. Засн. ў 1968 для аховы прыродных комплексаў высакагор’я Усх. Карпат. Пл. 19,9 тыс.га. Вылучаюць 3 участкі: Чарнагорскі, Вугальска-Шырокалужанскі, Даліну нарцысаў. На тэр. К.з. г. Гаверла (2061 м). Характэрны яловыя і мяшаныя букава-піхтава-яловыя лясы, карэнныя букавыя (найбуйнейшыя па плошчы лясы ў Цэнтр. Еўропе). На вяршынях лугі — паланіны. Шматлікія віды жывёл утвараюць мясц. формы: карпацкія высакародны алень, казуля, вавёрка; з птушак — глушэц, даўгахвостая няясыць, цецярук, рабчык і інш. Частка К.з. ўваходзіць у склад Карпацкага прыроднага парку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РХА, кірка (ад ням. Kirche царква),
назва лютэранскага храма ў германамоўным асяроддзі. З 16 ст. ў архітэктуры К. развівалася цэнтрычная схема як аснова зальнай прасторы царквы-аўдыторыі, якая спалучалася з традыцыямі готыкі, пазней — з рэнесансава-барочнымі формамі (Фраўэнкірхе ў Дрэздэне, 1722—38; Іоганіскірхе ў Мюнхене, 1733—50). Інтэр’ерам большасці К. характэрны сціпласць і аскетызм. Сучасная К. (асабліва там, дзе лютэране складаюць меншасць насельніцтва) выкарыстоўваецца не толькі як храм, a і як рэліг. прапагандысцка-культ.цэнтр. На Беларусі вядомы Гродзенская кірха. Мінская кірха, Полацкая кірха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЧ (ад ням. Kitsch таннасць, безгустоўнасць),
стэрэатыпнае псеўдамастацтва, якое не мае маст.-эстэт. каштоўнасці; спецыфічная з’ява, якая адносіцца да ніжэйшых пластоў масавай культуры. Тэрмін «К.» узнік у 19 ст. ў Германіі. Для К. характэрны імітацыя форм, звязаных у масавай свядомасці з прэстыжнымі формамі культуры, фабрыкацыя прымітыўнай, разлічанай на знешні эфект пачуццёва-прыемнай прыгажосці. Праявіўся практычна ва ўсіх галінах культуры, найб. пашырэнне атрымаў у жывапісе (т. зв. «салонны» жывапіс), літаратуры (бульварная літаратура), эстр. музыцы і розных формах быт. аздаблення. З 1960-х г. элементы К. выкарыстоўваюць поп-арт і некат. кірункі постмадэрнізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБА́РЫЯ (Lobaria),
род ліставатых лішайнікаў сям. лабарыевых. 80 відаў. Пашыраны ва ўмеранай, трапічнай і субтрапічнай зонах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 2 віды Л.: лёгачная (L. pulmonaria), занесена ў Чырв. кнігу, і ямчатая (L. scrobiculata). Трапляецца пераважна ў лясах на ствалах і галінах, радзей — на скалах.
Слаявіна буйналіставатая з шырокімі лопасцямі, дыяметр 5—30 см. Зверху — характэрны сеткавы малюнак, знізу — кароткія раснічастыя рызоіды, месцамі голая. Пладовыя целы сподкападобныя Споры бясколерныя ці афарбаваныя, 2—10-клетачныя. Фікабіёнты з груп Trebouxia i Myrmecia.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГУНО́ВІЧ-ЧАРЭ́ПКА (Сяргей Аляксандравіч) (н. 27.12.1952, Мінск),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). З 1979 выкладае ў Бел.АМ. Творам характэрны выразная кампазіцыйная пабудова твора, дакладны малюнак, тонкі каларыт і рэалістычная форма выяўлення: трыпціхі «Батлейка» (1971) і «Мядзведжая забава» (1977), карціна «Натхненне. Прысвячэнне Ефрасінні Полацкай» (1993), партрэты фізіка-тэарэтыка А.Вялічкі (1979), рэстаўратара А.Ліпскага (1983), сына Піліпа (1994). Аўтар нацюрмортаў «Нацюрморт з ружовым гарбузом» (1981), «Начная госця» (1987), «Касачы» (1990), «Нацюрморт з вазай-гідрыяй» (1992), «Лілеі» (1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСІВА́Ж (ад франц. lessivage вышчалочванне, вымыванне),
перамяшчэнне ілістых (тонкадысперсных) часцінак глебы ў форме водных суспензій (без іх хім. пераўтварэння) з верхніх гарызонтаў у ніжнія. Характэрны для кантынентальнага і ўмеранага клімату з вял. колькасцю ападкаў у летні перыяд, са слабымі сезоннымі кантрастамі (атл., міжземнаморскі) на розных паводле генезісу глебаўтваральных пародах. Адбываецца ў шэрых, лясных, падзолістых і інш. глебах, з разнастайнай расліннасцю (лістападныя і шыракалістыя лясы цёплага пояса, мяшаныя і лісцевыя лясы больш халоднага клімату). У рознай ступені інтэнсіўнасці праяўляецца ва ўсіх глебава-кліматычных зонах Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМА́Н (ад грэч. limēn гавань, бухта),
1) выцягнуты малаводны заліў са звілістымі невысокімі берагамі (ліманны тып берага). Утвараецца пры падтапленні морам вусцевых частак раўнінных рэк або прыбярэжных паніжэнняў сушы. Бываюць адкрытыя ў бок мора і закрытыя, аддзеленыя ад мора касой, перасыпам. Звычайна ў закрытых Л. высокая канцэнтрацыя солей у вадзе, часам ёсць лячэбныя гразі. Характэрны для паўн. берагоў Чорнага м. 2) Натуральныя або штучныя намнажэнні вады вясной у паніжэннях у выглядзе мелкаводных азёр, якія летам перасыхаюць і ператвараюцца ў лугі. Выкарыстоўваюцца ў мэтах вільгацезарадкі глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНМЫ́НЬ,
адзін з буйнейшых будыйскіх пячорных храмаў Кітая, за 15 км на Пд ад г. Лаян (прав. Хэнань). Высечаны ў 495—898 у вапняковых скалах на берагах р. Іхэ. Складаецца з некалькіх соцень пячор (галоўныя — Біньян, 500—523; Фынсянь, 627—675) са шматлікімі статуямі будыйскіх божастваў, у т. л. Буды Вайрачана (672—676, выш. каля 15 м), рэльефамі, што ўвасабляюць слуг, манахаў, нябесных танцоўшчыц, святочныя працэсіі. Для манум.-велічнай скульптуры храма характэрны вытанчанасць прапорцый, графічная дакладнасць дэталей у спалучэнні з пластычна-мяккай трактоўкай форм. Цяпер музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),
горная сістэма на ПнЗ Канады, частка ўсх. пояса Кардыльер Паўн. Амерыкі. Абмежавана р. Піл на Пн і р. Саўт-Нахані на Пд. Даўж. каля 700 км. Выш. да 2469 м. Складзена пераважна з асадкавых парод. Ледавіковыя формы рэльефу. Характэрны востраканцовыя вяршыні і стромкія скалістыя схілы, расчлянёныя трогавымі далінамі. На схілах бяруць пачатак шматлікія прытокі р.Макензі. Расліннасць: таежныя яловыя лясы, рэдкалессе (да выш. 1200—1500 м), горныя тундры. Нац. парк Нахані (пл. 476,5 тыс. га, засн. ў 1972), уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Названа ў гонар А.Макензі.