Кіда́ць ’кідаць, пакідаць’ (Нас., Яруш., Касп., Ян., ТС), ’садзіць (бульбу)’ (Ян., Шат.), ’складаць стог’ (Выг., Маш., КЭС, лаг.), ’пакідаць на гадоўлю’ (Жд. 2). Укр. кидати, рус. кидать ’тс’, ст.-слав. искыдати ’выкідваць’, балг. кидам ’кідаць’, кина ’рваць’, серб.-харв. ки̏дати ’рваць, чысціць’, славен. kidati ’выкідваць, ачышчаць’, польск. kidać ’кідаць’ (польск. kidać мае яшчэ значэнне ’капаць, пра густую вадкасць’), чэш. kydati ’кідаць (гной)’, славац. kydať ’тс’, в.-луж. kidać ’высыпаць, выліваць, раскідаць (гной)’, н.-луж. kidaś ’тс’. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: ст.-ісл. skióta ’кідаць, страляць’, ст.-англ. scēotan ’тс’, ст.-в.-ням. sciozan ’кідаць; страляць; хутка рухаць’. Гэта супастаўленне дазваляе аднавіць і.-е. *(s)keu̯d‑. Прасл. kydati — ітэратыў ад *kud‑. Аднак супраць гэтай рэканструкцыі іншыя паралелі: літ. šáuti ’страляць; штурхаць; хутка рухаць’, лат. saũt ’хутка рухаць у вызначаным напрамку’, saut ’страляць’, літ. šáudyti ’страляць (шматразовае дзеянне)’, šaudỹkle ’страла’. Супастаўленне дзвюх лексічных груп сведчыць аб іх роднаснасці, але тады мы павінны вызначыць два варыянты архетыпа: *(s)keu̯d‑ і *(s)k̑eu̯, якія, аднак, можна аб’яднаць у *(s)k̑eu̯(d), дзе d‑, магчыма, суфікс асновы цяперашняга часу, якая замяніла старую атэматычную аснову. У гэтым выпадку наглядаецца рэгулярная рэфлексацыя індаеўрапейскага пачатку *(s)k̑ як (s)k або (Мартынаў, Слав. акком., 156). Параўн. Покарны, 955–956; Фасмер, 2, 230; Слаўскі, 2, 137; ЕСУМ, 2, 429–430.

Кідаць ’уводзіць аснову ў бёрда’ (Нар. сл.), кідаць у бёрда ’працягваць у бёрда ніткі асновы’ (Жыв. сл.), кідаць у ніт ’працягваць праз ніт ніткі асновы’ (Жыв. сл., КЭС, лаг.). Гл. кі́даць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́ха1 ‘жанчына, якая трэ лён’ (Сцяшк.). Да церці (гл.). Суфікс ‑уха, які ўтварае назвы асоб па прафесіі, узыходзіць да прасл. *‑uxa, прадуктыўнага ў паўночных славян і ў славенскіх гаворках (Слаўскі, SP, 1, 75).

Тру́ха2 ‘картачная гульня’ (ТС). Няясна.

Труха́ ‘пацяруха, перацёртае сена, салома’ (ТСБМ; Некр. і Байк., Сл. ПЗБ; бялын., ЛА, 2), ‘дробныя сухія рэшткі чаго-небудзь’, ‘што-небудзь нікчэмнае, бескарыснае’ (ТСБМ; Сержп. Прык.), ‘трухлявая драўніна’ (Мат. Гом.), ‘старая драўляная будыніна’ (Вушац. сл.). Укр. труха́ ‘пацяруха’, трухва ‘гніль у дрэве’, рус. труха́ ‘пацяруха’, ‘парахня’, стараж.-рус. трухъ ‘прэлы, трухлявы’, ‘змрочны’, чэш. troucha, trouch ‘што-небудзь спарахнелае’, славац. trúch ‘тс’, серб. тру̏ва ‘пацяруха’, трух, тру̀шни хле̏б ‘хлеб з мякінай’, харв. truha ‘адкіды’, славен. trûšje зборн. ‘гніль’. Прасл. *truxa, *truxъ — зборныя назоўнікі, суадносныя з і.-е. *trou̯‑s‑ ‘раскрышаны’, ‘струхлелы’, ‘састарэлы’ (Борысь, 643; Арол, 4, 110). Фасмер (4, 114) у якасці роднасных падае лат. tràusls ‘ломкі, крохкі’, trusls ‘гнілы, прэлы’, trusêt, trust ‘гніць, прэць’, літ. traušùs ‘ломкі, крохкі’, traũšti ‘крышыцца’. Сной (Бязлай, 4, 231) мяркуе, што праславянская аснова мела *‑ǫ, магчыма, другаснае (Новое в рус. этим., 240). Гл.: Буга, Rinkt., 1, 489; 2, 632; Зубаты, Studie, 1(2), 120–121; Каруліс, 2, 453; Скок, 3, 515; Бязлай, 4, 230–231; Шустар-Шэўц, 1536, 1540; ЕСУМ, 5, 661. Меркаванні пра варыянтнасць асноў прасл. *trux‑/*trus(k)‑, што дае магчымасць ідэнтыфікацыі *truxa з *truska, *truskъ, гл. Куркіна, Этимология–1994–1996, 50–51 (гл. труск).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пя́тра, пʼя́тра ’вышкі ў хляве або гумне; ярус’ (Стан., мазыр., З нар. сл.; ПСл), piátro, pʼátro, pʼétro ’тс’ (Маш., Тарн.), пя́тра, пʼятро́ ’курасадня, куратнік’ (Мат. Маг.; мазыр., Шатал.), пя́тры ’столь у асеці з жордак’ (Бяльк.), пйа́тро, пя́тро ’гара ў хаце; старана ў гумне; прасла’ (палес., Нар. сл.), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (жытк., ДАБМ, камент., 872), ’пустоты пад вісячым ільдом на вадаёмах’ (ТС), пʼя́тра ’тс’ (парыц., Мат. Янк.), ст.-бел. пятро ’паверх, ярус’. Укр. пʼя́тра ’ярус’, рус. пя́тра ’вышкі; павець’, польск. piętro ’паверх’, чэш. patro ’паверх, вышкі ў хляве’, славен. pétro ’столь з брусоў, пуня’, серб.-харв. пѐтар ’верхні паверх, вышкі’, макед. петар (petar) ’столь, гарышча’ (Hendriks, The Radožda-Vevčani Dialect of Macedonian Lisse, 1976). Звычайна выводзяць прасл. *pętro ад *pęti (гл. пяцъ2) з рэдкім суфіксам *‑tro, гл. Фасмер, 3, 426; для паўдневаславянскіх слоў мяркуецца суфікс *‑rь (*pęt‑rь, гл. Заімаў, SlW, 172). Словаўтваральныя цяжкасці Банькоўскі (2, 574) прапануе пераадолець рэканструкцыяй прасл. *prętro, параўн. каш. přątro ’столь, вышкі; паднябенне’, ст.-польск., а таксама дыял. przętro ’паверх, тэраса’, в.-луж. přatr ’мацаванне даху ў адрыне, свіран’, н.-луж. pśětš ’вышкі’, палаб. prǫtrü ’вышкі ў адрыне’, што да*prent‑ ’размяшчаць гарызантальна, насцілаць’ (гл. пратаць, прут, прасла), гл. таксама Гомалкава, Studia Etym. Brun., 1, 70 (мяркуецца пра зыходную семантыку ’вышкі з насланых жэрдак’). Пра заходнеславянскія формы падрабязна Шустар-Шэўц, 2, 1168 (супастаўляюцца з літ. sprę́sti ’расцягваць, распіраць’, sprindỹs ’пядзя’); SEK, 4, 121–122 (формы з *prętr‑ з’яўляюцца праславянскім дыялектызмам на фоне формаў з *pętr‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жвавы ’бойкі, рухавы’. Рус. паўд., зах. жвавый, укр. жвавий, польск. żwawy, памор. žvavï ’тс’, чэш. уст. нар. žvavý ’гаваркі, балбатлівы’, славац. уст. žvavosť ’балбатня’, в.-луж. žwawy ’хто жуе; балбатлівы’. Міклашыч (413) суадносіў бел. жвавы ’вясёлы’ з živ‑ (žĭv‑). Коген (Уч. зал. БГУ, сер. филол., вып. 1. Мн., 1940, с. 193) выдзяляў суфікс ‑ав‑. Таксама Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 10, 134) узводзяць да žĭv‑. Брукнер (668) лічыў, што żwawy да żuć ’жаваць’, а ўсх.-слав. словы з польск. Паходжанне польск. слова і яго семантыку ў русле думкі Брукнера тлумачыў Атрэмбскі (Życie wyrazów, 130–131). Трубачоў (Этимология, 1965, 63–64), рэканструюючы прасл. дыял. *žьvavъjь, указваў на семантычнае і фармальнае супадзенне з авест. j̆vaya ’жвавы’ і дапускаў іранскае ўздзеянне на слав., паколькі больш слав. форм з žьv‑ ён не адзначыў. Аднак такой формай можна лічыць жэўжык (гл.). Калі прыняць тэзіс Міклашыча пра *žьv‑//*živ‑, і.-е. форма будзе мець выгляд *g​ī̆​u (Покарны, 1, 468). Чэш., славац., в.-луж. і ст.-польск. значэнні ўказваюць на магчымасць прыняцця гіпотэзы Брукнера пра суаднясенне з жаваць, аднак, верагодна, бел. і ўкр. формы маглі ўзнікнуць незалежна ад польск. Мсцісл. жвялы ’жвавы’ і вытворныя (жвяла, жвяласць), жвялець ’жвавець’ (гл.), чэрв. жвалы, укр. дыял. жвалий ’жвавы’ (Жэлях.), магчыма, суадносяцца з літ. žvalus ’жвавы, лоўкі’. Да гэтай формы ўзводзіць бел. дыял. жвяла, жвялець Лаўчутэ (Baltistica, VI, 2, 199). Пры гэтым літ. форма магла ўздзейнічаць на бел., а бел. семантыка на літ. Супрун, Бел.-польск. ізал., 124–129.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́гала1 ’востры металічны прут, якім прапякаюць дзіркі ў дрэве, косці’ (ТСБМ), жага́ла (Янк. II, Нар. сл., 225). Рус. дыял. сіб., пск., смал., самар., валаг. жига́ло, жага́ло, укр. жигало, польск. żegadło, в.-луж. žahadło ’тс’, н.-луж. уст. żegadło, žygadło ’шып, восць, джала’, славен. žigálo ’металічны прут для выпальвання’. Параўн. балг. жѐгъл (жьо̑галь) ’жыгала’, ’кол’, макед. жегла, жегол ’жыгала’. Ст.-рус. жигало, жегало ’кадзільніца’ (XII ст.), ’жыгала’ (XVI ст.). Відаць, яшчэ прасл. утварэнне ад *žigati, *žegati з суфіксам *‑dlo, мяркуючы па рус., укр., польск., в.-луж., славен. паралелях, ужо ў прасл. мела знач. ’прут для прапякання’ (магчыма, побач з іншымі значэннямі). Зыходнае значэнне дзеяслова ’абпальваць, апякаць’ адлюстроўваецца і ў суч. бел. жыгаць (гл.), суфікс меў інструментальнае значэнне (Мейе, Études, 315–318).

Жы́гала2 ’джала’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. смал., пск., цвяр., наўг., ленінгр., кастр., ярасл., валаг., арханг., паўн. дзвін, жи́га́ло, цвяр., пск. жага́ло ’тс’, укр. жига́л ’ўсё вострае’ (Жэлях.), н.-луж. уст. žegadło, žygadło ’шып, восць, джала’, в.-луж. žahadło ’джала’, чэш., славац. žihadlo ’джала’. Прасл. інструментальны назоўнік з суф. *‑dlo ад дзеяслова *žigati, *žegati, як і жыгала1. Зважаючы на пашырэнне ў бел., рус., серб.-луж., чэш., славац., значэнне мела паўн.-слав. распаўсюджанне і магло асноўвацца на значэннях дзеяслова жыгаць (гл.) ’апякаць > калоць > кусаць’, адлюстраваных і ў сум. бел. Нельга, аднак, выключаць магчымасць пераносу яшчэ ў паўн.-слав. з назвы металічнага інструмента на джала, але гэта здаецца менш верагодным. Жыгадла (Сл. паўн.-зах.) з польск. żegadło дыял. ’джала’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зык1 ’рэзкі гук’ (ТСБМ). Рус. зык, укр. зик ’тс’. Серб.-луж. zyk, zuk ’гук’, чэш. zuk ’кароткі гук здзіўлення’, серб.-харв. зи̑к ’піск’. Ст.-рус. зыкъ (XVII ст.). Верагодна, прасл. дыял. zy‑kъ уключае суфікс ‑k‑ъ (як znakъ), а аснову трэба рэканструяваць, як *zy‑ < і.-е. gʼhū‑ (гл. Покарны, 1, 413), варыянт *gʼhau‑, gʼhau̯ǝ‑ ’крычаць, зваць’, да якой узыходзіць zъvati (параўн. рык і раўці): авест. zuta‑ ’пазваны’, арм. n‑zovkʼ ’пракляцце’. Фасмер, 2, 109. Іначай, як гукапераймальны, тлумачаць корань Праабражэнскі (1, 259) і Шанскі (2, З, 115) (пад зыкать, але пад зычный дапускае сувязь з звук, звать, зуд, зуёк). Міклашыч (404) звязваў са звінець. Тэрміналагічнае (лінгв.) ужыванне зык ’гук’ адносіцца да пачатку XX ст. Красней, Лекс. і грам., 19. Лоеў. зык ’нагавор’ (Янк.) — развіццё значэння ад ’гук’.

Зык2 ’від авадня’, ’перыяд і стан узбуджэння кароў ад укусаў насякомых’ (Сл. паўн.-зах.; гарадоў, Нар. лекс.), зыкі́ ’беганне кароў ад укусу аваднёў’. Рус. зах. бранск., дан., краснадар. ’авадзень’, варонеж., кур., калуж., кубан., смал. ’непакой жывёлы ад укусаў аваднёў’, смал. зыки́ ’перыяд узбуджэння жывёлы ад свербу, выкліканага аваднямі’, кур., смал. зык ’гудзенне насякомых’, укр. дзиз ’авадзень’. Параўн. рус. дыял. бзык ’дзіўныя паводзіны; непакой ад укусу аваднёў; авадзень’, бзык, зик ’тс’. Гукапераймальнае (на што ўказвае, між іншым, варыянтнасць зык, бзык, зик, дзиз, бзык), верагодна, аформленае суфіксам ‑к (параўн. бык); развіццё значэння, відаць, ’гудзенне’ > ’суб’ект гудзення’ > ’стан жывёлы’ (праз выраз тыпу напаў зык) > ’час такога стану’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кама́р, къма́р, кома́р, кума́р ’двухкрылае насякомае-крывасмок Culex pipiens’ (ТСБМ, Сцяшк., Бяльк., Яруш., Растарг., Сл. паўн.-зах., ТС; КЭС, лаг.), камарно́ ’шмат камароў’ (Янк. 3.), камарня́ (Бяльк., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах.; чэрв. Нар. лекс.), камарне́ча (Ян.), камарэ́ча ’тс’ і агульная назва мошак (Інстр. II, Некр., Янк. 3., Сержп., ТСБМ, ТС), мсцісл. кымарьё ’тс’ (З нар. сл.). Укр. кома́рь, бойк. комари́ці ’машкара’, рус. кома́р(ь) ’тс’, ’мурашка’, раз. кама́р ’тс’, польск. komar, ст.-польск. і дыял. komór, komor, kumar, kumor, komos, kumas, komosa, kamosa, kamor ’камар’, н.-луж. komar, в.-луж. komor, чэш., славац. komár, славен. komár, серб.-харв. ко̀мар, макед. ку́мар, ко́мар, комарец, балг. комар, кумар, кумарь ’тс’. Прасл. komarъ//komarь. І.‑е. адпаведнікамі з’яўляюцца: літ. kamãnė ’сляпень; лясная пчала’, лат. kamane ’чмель, сляпень’, літ. kamìnė ’лясная пчала’, лат. kamine, kamene, ст.-прус. camus ’чмель’, далей с.-в.-ням. hummen ’гудзець’, humbal ’чмель’, ням. Hummel ’пчала’, нарв. humre ’іржаць, бурчаць’ (Фасмер, 2, 301; Слаўскі, 2, 377–378; БЕР, 2, 568). Немінен (Lingua Pozn., 3, 187–205) і Фрэнкель (212) гэту лексему звязваюць з прасл. komъ ’клубок, рой, камяк, камлыга, груда’ (гл. камы́), параўн. бел. выраз «камары мак таўкуць» — калі камары роем, слупам (клубком) круцяцца то ўгору, то ўніз. У такім выпадку вылучаецца суфікс ‑ар і ‑or, ‑ór таксама, як і ‑ах‑а ва ўкр. комаха ’насякомае’, ’мурашка’, ‑os‑, ‑os‑ у польск. лексемах (Гл. вышэй). А Махэк₂ (271) і Яначэк (Slavia, 24, 3) залічаюць у спіс балт. адпаведнікаў і літ. šamalуė́lis ’камар’ і mãšalas ’мошка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няма́ш ’няма’ (Нас., Касп., Гарэц., Сцяш.), нема́ш ’тс’ (ТС), німаш ’тс’ (Грыг., Касп., Бяльк., Сцяшк., Нік. Очерки, Сл. ПЗБ), сюды ж няма́шака (немашака, нямашка, німашака, нема́шэка, немашыка, нямашыка) ’тс’ (Нас., Гарэц., Касп., Шат., Мал.; мазыр., Шн. 2, Яруш., Гарэц., Сцяшк., Янк. 1, Яўс., Жд. 1, Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Маг., Сл. Брэс., Мат. Гом.), нямашацька, нямашытка, нямашачка ’тс’ (Грыг., Бяльк., Нік. Очерки, Мат. Маг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. немашъ (нимашъ) ’тс’ (XVI ст.). Паводле Карскага (2–3, 77; 369), форма 2 ас. адз. л. ад мець (< не маеш з кантракцыяй), аднак з большай верагоднасцю трактуецца як паланізм (< nie masz ’тс’, параўн. Карскі 2-3, 254; Кюнэ, Poln., 81; Булыка, Лекс. запазыч., 200), чаму ўсё ж пярэчыць надзвычай шырокае распаўсюджанне па ўсёй Беларусі. Грунтуючыся на прыслоўях тамашака, дармашака, суадносных з няма́шака (‑ка т. зв. пусты суфікс), Шуба (Прысл., 63) выводзіць ‑ш‑ з часціцы ж (гл.), што ў словах нямаш, тамаш, дармаш перастала ўспрымацца як часціца, параўн. немаж часу (мазыр., Мат.). Паводле Карскага (2–3, 69), формы алешака, дармашака ўтвораны пад уплывам нямаш, нямашака. Паходжанне канцавога зычнага (‑sz ці ż) дыскутавалася і ў польскай мове, параўн. Хмелёвец, PJ, 1921, 123–126. Цікавая абагульненая форма nimaš (jo sym nimaš, tyź nimaš, un nimaš) сустракаецца на польска-чэшскім паграніччы (JP, 44, 41), якая разглядаецца як кантактны («этычны») варыянт да nima (ESSJ SG, 2, 109). Няясна. На распаўсюджанне беларускага слова магло паўплываць літ. nėmàž ’німала, ніколькі, нічуць’ (ад mãžas ’малы, маленькі’, mažaĩ ’мала’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Там ’у тым месцы, не тут’; ’потым, затым, далей’; узмацняльная часціца ў спалучэннях (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Варл., Федар. 4; калінк., З нар. сл.; Вруб.), та́ма ’тс’ (Нас., Бяльк., Растарг.; калінк., З нар. сл.; Скарбы, Шатал., Мат. Гом., Мат. Маг., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 5), та́ме, та́мма ’там, вунь там, у тым месцы’ (ТС), ст.-бел. тамъ, тамо ’тс’ (Альтбаўэр); сюды ж ускладнены часціцамі та́мака ’тс’ (Нас., Касп., Шат., Стан., Ласт.; калінк., З нар. сл.), та́макава, та́макай ’тс’ (Сцяшк. Сл.), та́майка ’тс’ (Скарбы), та́мка ’там, трохі далей’ (Сл. ПЗБ, Варл.), та́макі ’тс’ (ТС, Мат. Гом.), та́мачы ’тс’ (Жыв. сл., Сл. ПЗБ), та́мацька ’тс’ (Нас., Бяльк.), та́мачка, та́мачкі ’тс’ (Ласт., Сержп. Отч., Сцяшк. Сл., Касп.), тамо́чка ’тс’ (ТС). Укр. там, та́мо, та́мʼе ’тс’, рус. там ’тс’, польск. tam ’там; туды’, н.-луж. tam ’там; туды’, в.-луж. tam, tamie ’тс’, чэш. tam ’тс’, славац. tam ’тс’, славен. tam, tamkaj ’там’, серб.-харв. та̏мо ’там; туды’, балг. там, та́мо, таме́ ’тс’, макед. таму ’там, туды’, ст.-слав. тамо ’там’, рэдка ’туды’. Прасл. *tamo, дзе корань *ta‑ той жа, што ў прасл. *tako > так (гл.) і ў аблаўце — у прасл. *tъ > той (гл.), а суфікс *‑то той жа, што ў прасл. *semo ’тут; сюды’, *kamo ’куды’, *ovamo ’ў той бок’. Праславянскі корань *ta‑ ўзводзяць да індаеўрапейскага займеннікавага кораня *to‑, *tā‑, *tio‑ (Покарны, 1086–1087) і супастаўляюць праславянскае слова з лат. nuo tām ’адтуль’, грэч. τημος ’тады, у той час’ (Фасмер, 4, 17; Чарных, 2, 227; Борысь, 626).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарбы́ль ’узгорак, бугор’ (Касп.), ’маленькае ўзвышша на роўным месцы’ (Яшкін), ’горб’, ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’аполак, сегментальная ў папярочным сячэнні дошка’ (Сцяшк. МГ, Шатал.). Бясспрэчна, гэта лексема звязана з іншымі словамі, утворанымі таксама ад асновы горб‑ і якія маюць падобную суфіксацыю. Параўн. гарбе́ль ’гарбаты’ (БРС), далей гарбу́ль ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’гарбаты чалавек’ (Шатал.). Як бачым, каранёвая частка гэтых слоў тая ж самая, а суфікс мае адзін і той жа кансанантны элемент (‑l). Такім чынам, мы маем зыходнае *gъrb‑ylь, *gъrb‑ulь і *gъrb‑elь (*gъrb‑ělь?). Першыя дзве лексемы маюць суфіксацыю, якая звязана апафанічнымі адносінамі (‑y‑lь: ‑u‑lь*‑ū‑lь: *ou̯‑lь). Адносна ‑elь сказаць штосьці пэўнае аб яго непасрэднай сувязі з названымі суфіксамі цяжка (маем на ўвазе яго вакалічны элемент). Але ўсе тры базіруюцца на кансанантным ‑l‑ (агляд гэтай суфіксацыі гл. у Слаўскага, SP). Роднаснасць суфіксацыі, яе аднатыпнасць у функцыянальным плане дазваляюць меркаваць, што ўсе тры лексемы — гэта паралельныя ўтварэнні, аднолькавыя па словаўтваральнай структуры і па семантыцы. Іх паралелізм існавання можна высветліць тым, што яны ўзніклі ў розных дыялектах (у якіх выступала адна з форм названай суфіксацыі). Сама аснова *gъrb‑ мае шмат значэнняў (так было і ў прасл. дыялектах; агляд семантыкі прасл. *gъrbъ гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 199–201), якія добра высвятляюць дыяпазон ’горб’ — ’гара, узвышша’ і г. д. Параўн. аналагічныя ўтварэнні і ў рус. гаворках: горбу́ль ’маленькае ўзвышша; намёт снегу; дошкі-аполкі; агароджа з такіх дошак; пірог з бульбяной начынкай’ (СРНГ, 7, 23), горбы́ль ’горб; гарбаты чалавек; патыліца ў чалавека; нос чалавека; невялікае ўзвышша; пень; агароджа з дошак-аполкаў; рыба сазан’ (СРНГ, 7, 25).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)