грыме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.

1. Утвараць моцныя рэзкія гукі, грукат, шум. Паравоз дрыжаў, грымеў, скрыгатаў. Мележ. У кароўніку грымелі ланцугі, чуўся звон бляшаных даёнак, цурканне малака. Дуброўскі. // чым. Утвараць рэзкія гукі, грукат, стук. Брук грыміць стукатам колаў і конскіх падкоў. Скрыган. Нястомны дзяцел лес трывожыць, Па хвоі дзюбаю грыміць. Калачынскі. // Пра раскаты грому. Усё новыя і новыя ўдары грому глуха грымяць над самым вакзалам. Лупсякоў. / у безас. ужыв. На дварэ яшчэ грымела, нібы там хто варочаў каменне. Ваданосаў. // Пра выбухі, страляніну, шум мора і пад. Грымелі гарматы, тахкалі мінамёты. Ставер. Мора грымела, але рыбакоў не палохала. Лось. Воддал[ь] грымеў марскі прыбой. Самуйлёнак. // Пра гучныя песні, крык, шумную ігру на музычных інструментах і пад. Над плошчай грымела «ура». □ У суседнім пакоі грымела радыёла. Корбан. У парку грымеў аркестр. Хадкевіч. // перан. Разм. Гаварыць гучным узрушаным голасам, з гневам або запалам. — Яшчэ вады! Яшчэ! — грыміць Змітрок. Бядуля. — Я заўсёды стаяў цвёрда на зямлі, — грымеў словамі мельнік. Чорны.

2. перан. Карыстацца вялікай папулярнасцю, славіцца. — Дырэктар школы Яснікоў ужо грыміць на ўсю рэспубліку. Шамякін. // Мець вялікае пашырэнне. [Бандарчык:] Слава пра наш калгас грыміць на ўсю вобласць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязмо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які нічога не гаворыць, маўчыць. Была Аксіння бязмоўная, ціхая. Свядомасць вярталася да яе. Вярцінскі. // Які неахвотна гаворыць, не любіць гаварыць; маўклівы. Строгі, амаль бязмоўны палкоўнік, здаралася, выклікаў Ніну ноччу. Васілевіч. // перан. Які не адважваецца, не асмельваецца падаць свой голас; баязлівы. [Ярохін:] — Чалавек павінен быць вясёлы, жыццярадасны, і няма ніякай патрэбы ператварацца яму ў нейкую бязмоўную мумію. Шамякін. Будучы пісьменнік бачыў, як уласніцтва, кожнадзённы клопат пра кавалак хлеба ў хаце, вечныя нястачы нявечылі жыццё жанчыны, ператваралі яе ў парабчанку, у бязмоўную служку мужа і свёкра. Кудраўцаў. // Які выражаецца без слоў, не суправаджаецца словамі. Бязмоўны погляд. □ І я чытаю ў.. [вачах], як і тады, адно бязмоўнае пытанне: «Ці праўда гэта, што ты — мой найлепшы друг?» Брыль. Міхась стаіць, знявагі поўны, І погляд кідае бязмоўны. О, колькі крыўды ў ім, абразы!.. Колас. // перан. У якім не чуваць ніякіх гукаў; ціхі. Бязмоўны лес. □ Чэсік любіць блукаць па гэтых бязмоўных могілках. Васілевіч. // перан. Такі, дзе адсутнічаюць гукі мовы, гаворка. Білі барабаны, гайдалася, як ніва перад бурай, бязмоўная плошча, і каб гук, каб крык ці плач — толькі гром барабанаў. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заграба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Захопліваючы, грабучы, збіраць у адно месца, у кучу; зграбаць. Заграбаць сена. □ Ячны .. заграбае рукамі ў кужэльны беленькі фартух залатыя зярняты. Брыль. // (звычайна са словамі «нага», «ногі»). Чапляць, ссоўваць зямлю пры хадзьбе. Заграбаць нагамі. □ Акаваныя жалезам боты пакінулі след... Можа Змітрок Шэмет? Не. У Змітрака адна падкова трэснула, да таго ж, ён заграбае абцасам зямлю, не пакідаючы яснага следу. Бажко. // перан. Разм. З прагнасцю захопліваць, прысвойваць; многа атрымліваць, зарабляць. — Паны заўсёды заграбалі лепшыя землі сабе, заўсёды адціскалі нашага брата бліжэй да балота і пяскоў. Брыль.

2. што. Закопваць у што‑н. сыпкае. Пакуль Андрэй заграбаў у снег Зялёнкавы транты, у галаве яго зусім праяснілася. Чарнышэвіч.

3. Грэбці вёсламі, рукамі і пад. Міканор Іванавіч рытмічна апускаў вёслы, адкідваўся назад і моцна, напружваючы сілы, заграбаў. Даніленка. Нейкі момант Казік яшчэ спрабаваў утрымацца ў паветры. Дрыгаў нагамі, сутаргава заграбаў рукамі. Шыловіч.

4. Незак. да загрэбці (у 2 знач.).

•••

Хоць граблямі (лапатай) заграбай — пра вялікую колькасць чаго‑н.

Чужымі рукамі жар заграбаць — карыстацца вынікамі чужой працы ў сваіх карыслівых мэтах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халадзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; незак., каго-што.

1. Рабіць халодным; ахалоджваць, астуджваць. Ралля дробна рассыпалася пад плугам і прыемна халадзіла босыя ногі. Чорны. На аўсе яшчэ не абсохла раса. Яна мочыць і халодзіць ногі. Крапіва. / у безас. ужыв. Сёння ў машыне не было да чаго прычапіцца, таму.. [Якаў] адчуў, як пачало халадзіць спіну, і хутка вылез. Кулакоўскі.

2. і без дап. Выклікаць адчуванне холаду. Два грузчыкі.. умасціліся спераду, каля самай кабіны, тварамі супроць ветру, які не пыліць ім у вочы, а толькі прыемна халодзіць. Брыль. Ніна прыпала да вады, якая здалася вельмі чыстай і прыемна халадзіла, — піла, піла і ўсё не магла задаволіцца. Мележ.

3. перан. (звычайна са словамі «сэрца», «душу», «кроў» і пад.). Агортваць холадам пры моцным хваляванні, страху і пад. [Сцяпан] моцна адчуў сваю самотнасць. Гэта пачуццё пракрадвалася і халадзіла яго душу і раней. Дуброўскі. / у безас. ужыв. Ад страху ўсяго.. [Лёньку] халадзіла, і ляцеў ён бы на крылах. Капыловіч.

4. безас. без дап. Пра халоднае надвор’е. Дні стаялі пагодлівыя, а па начах ужо халадзіла, сяды-тады націскаў марозік. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрысці́ць, хрышчу, хрысціш, хрысціць; незак., каго-што.

1. Спраўляць над кім‑н. царкоўны абрад хрышчэння. Дзён праз дзесяць хлопчыка павезлі хрысціць. Лужанін. Як толькі Алімпа трохі акрыяла пасля родаў, маці захадзілася хрысціць у папа дзіця. Сабаленка.

2. Быць хросным бацькам або хроснай маці.

3. Рабіць знак крыжа (у 2 знач.) над кім‑, чым‑н. Як зірнулі [бабкі] на труну, напалохаліся.. Пачалі ілбы хрысціць ды галасіць. Лынькоў. На фоне акна Лялькевіч убачыў, як разгубленая, спалоханая Поля хрысціла ўслед брата і сястру. Шамякін.

4. Разм. Даваць мянушку. [Ларывон] апраўдваў сваю мянушку, якой яго паціху хрысцілі людзі: Бугай. Мележ. // Лаяць, абзываць. Глянуў стары на пустую раёўню, прынесеную пчалаводам, і раптам зноў пачаў хрысціць Юрку ўсякімі словамі. Кулакоўскі.

5. Разм. Біць, хвастаць. Я спытаўся: «І Хрысціна цябе б’е?» «Кожны дзень хрысціць, ратунку ніякага няма», — адказаў хлопчык і ўнурыў галаву. Гурскі. Хто захапляўся, гучна сёрбаў, дзед таго лыжкай па лбе хрысціў. Калачынскі.

•••

Не дзяцей хрысціць каму з кім — не мець інтарэсу да каго‑н., не жадаць мець справы з кім‑н.

Шалёны поп хрысціў каго гл. поп.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Келб ’пячкур’ (Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Яруш., Нар. лекс., Сцяц.). Польск. kielb ’Gobio fluviatilis’, рус. колб (паўдн. і зах.) колб ’тс’. Паводле Трубачова (ЭИРЯ, 2, 38), польск. і рус. формы ўзводзяцца заканамерна да прасл.⇉Якое запазычана з гоц. *kalbo ’бычок (назва рыбы) < kalbo ’бычок (назва жывёлы)’. Гэта версія не ўлічвае, аднак, больш складаныя адносіны паміж славянскімі словамі, якія можна ўзвесці да *kъlbъ ’назва рыбы’. Па-першае, яны маюць больш шырокі арэал распаўсюджання (польская, беларуская, руская і ўкраінская тэрыторыі) (гл. Герд, Лекс. балтызмы, 10–11). Па-другое, версія Герда аб балтыйскім паходжанні гэтых слоў у сваю чаргу датычыцца толькі некаторых вытворных форм. Па-трэцяе, гоц. *kalbo дало б прасл. *kolbъ (польск. *kłob, усх.-слав. *колоб). Па-чацвёртае, няма, як здаецца, ніводнай германскай назвы рыбы, роднаснай гоц. kalbo. Мы б аддалі перавагу іншай гіпотэзе (таксама ад гоцкай крыніцы kъlbъ) (гл. Мартынаў, Бел.-польск. ізал., 94–95). Але перш за ўсё трэба ўдакладніць некаторыя даныя. Літ. kėlbas запазычана з польск. kielb (Фрэнкель, 236). На літоўскай моўнай глебе ўзніклі вытворныя kelbukas (kilbukas), якія сталі крыніцай бел. кялбук, кяльбук. Бел. келб — запазычанне з польск. kielb. Формы кялбочак і келбунок вытворныя ў беларускіх гавор-ках. Прасл. kъlbъ, якое можна рэканструяваць на падставе польск. kielb, рус. колб і ўкр. колб, ковб — запазычанне з гоц. *kulbo. Параўн. ням. Kolbe — назва некаторых булавападобных рыб (Грым., 1607). Дарэчы, ням. Kaulkopf ’Cottus gobio’, якое таксама адносіцца да сямейства бычкоў (Gobiidae), названа так па прызнаку булавападобнасці (Keulenförmigkeit).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́мзаць ’паволі есці, жаваць’ (Нас.). Зыходным значэннем для гэтай групы слоў (якая ўваходзіць да вельмі разгалінаванага семантычна сямейства з асновай *gъmъz‑ у слав. мовах) з’яўляецца ’рабіць паволі, капашыцца і да т. п.’ Семантыка ’есці, жаваць паволі’ — гэта канкрэтызацыя больш агульнага значэння Далей сюды адносяцца гамзіць ’есці, уплятаць’ (Нас.), гамзі́ць ’рабіць неакуратна’ (Бяльк.). Аб іншых словах, якія адносяцца да *gъmъz‑, гл. гамза́ць1, гамза́ць2, гамзе́ць. Да га́мзаць адносіцца і ўкр. го́мзатися ’варочацца, капашыцца’ (Грынч.), рус. гомзи́ть ’кішэць’, гомози́ть ’мітусіцца’. Аб гэтым вялікім сямействе слав. слоў гл. у Фасмера (1, 435: пад гомоза́, гомза́ть) і асабліва ў Слаўскага, 1, 277–278. Вельмі падрабязны агляд гл. Трубачоў, Эт. сл., 193–195.

Гамза́ць1 ’біць штуршкамі, калаціць’ (Нас.), гамзі́ць ’ціскаць каленямі або біць кулакамі’ (Нас.). Да вялікага сямейства слоў, якія разгледжаны пад ге́мзаць, гамзе́ль, гамзе́ць, гамзі́ць (гл.). Бел. словы гамзі́ць ’біць, есці’ і гамзі́ць ’рабіць неакуратна’. Трубачоў (Эт. сл., 7, 194–195) пад праформай *gъmъziti () разглядае з іншымі словамі з розных слав. моў, не высвятляючы развіцця семантыкі ў бел. лексемах. Магчыма, ’капашыцца’ ← *’капашыцца, турбаваць’ ← ’турбаваць, біць’ ← ’біць’.

Гамза́ць2 ’гнусавіць’ (БРС, Шат., Касп.). Параўн. вытворныя: гамза́ты ’той, што гаворыць у нос’ (Шат., Касп., Бяльк.), гамзу́н ’тс’ (Шат., Касп.), гамза́тка ’жанчына, што гаворыць у нос’ (Бяльк.), гамзаце́ль, гамзаце́нь ’гамзаты’ (Бяльк.). Бясспрэчна, гэта слова адносіцца да прасл. *gъmъz‑, г. зн. да вялікай групы слоў, разгледжаных пад га́мзаць, гамзе́ль, гамза́ць, гамзі́ць і г. д. Але развіццё семантыкі растлумачыць не вельмі лёгка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жазло́ ’посах асобай формы, сімвал улады; палачка ў рэгуліроўшчыка вулічнага руху; стрыжань з дужкай пры рэгуліроўцы руху паяздоў’ (ТСБМ). Рус., укр. жезл., дыял. жезло́, чэш. žezlo, уст. žezl, славац., в.-луж. žezlo, балг. жезъл, макед. жезол, серб.-харв. жѐзло, славен. žêzlo ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. жьзлъ ’посах, жазло’, ст.-бел. жезлъ. Параўн. серб.-харв. же́жељ ’посах, кол’. Лат. ziz(i)ls ’посах’ < ст.-рус. (Пагодзін, Следы, 161; Мюленбах-Эндзелін, 4, 730). Ст.-бел., а таксама шэраг сучасных слав. слоў з сімвалічным значэннем могуць узыходзіць да ст.-слав. Першаснае канкрэтнае значэнне ’посах’ адлюстроўваецца ў ст.-слав. жьзлъ, серб.-харв. жежељ і, магчыма, рус. калым, жезе́л ’посах’. Трубачоў (Зб. Раманскаму, 137–140) супастаўляе са ст.-ісл. geisl ’посах’ (ням. Geissel ’пуга’), а далей з грэч. χίλιοι ’тысяча’. Апошняе семантычна цяжка: ’посах з зарубкамі’ хутчэй мог бы абазначаць дзесятак, сотню, што прызнаў і Махэк₂ (726), адмовіўшыся ад папярэдніх параўнанняў з žehlo (Махэк₁, 594), да якіх, па сутнасці, прыйшоў Младэнаў (165), параўноўваючы жезъл са словамі з коранем *žig‑, і якія падтрымлівае БЕР (1, 531), звязваючы з жегъл (гл. жыга́ла1). Да Трубачова звычайна ст.-сл. жьзлъ параўноўвалі з ням. Kegel ’кол’, што мае фанетычныя цяжкасці, як і этымалогія І. Шмідта, да якой узыходзіць пункт гледжання Трубачова. Фасмер (2, 40) прыхільна аднёсся да параўнання з арм. gzri ’чарот’. Скок (3, 679) не атаясамлівае ў адрозненне ад Трубачова серб.-харв. жѐзло і жежељ, звязваючы апошняе з ц.-слав. жѧжель ’ашыйнік’. Аб žęželь гл. Варбот, Этимология, 1979, 32–34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тор1 ’дарога, след, пакінуты калёсамі’; ’кірунак дзейнасці; шлях’ (ТСБМ), ’праложаны шлях, сцежка’ (Нас.), ’санны след на снезе’ (маладз., Янк. Мат.), ’след, дарожка ад зубоў бараны’ (віл., Жыв. сл.), ’свае думкі, свой погляд’ (Сцяшк.), ’цвёрдая, укатаная дарога’ (Жд. 2), ’след ад колаў на цаліку’ (Барад.), ’чыгуначны пуць’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’каляіна, след’ (паст., Сл. ПЗБ), ’дарога’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. торъ ’шлях, дарога’, ’парадак’ (1585 г.; КГС). Укр. тор ’след, каляіна’, рус. дыял. тор ’утаптаная, уезджаная дарога’, польск. tor ’каляіна, пуць’, дыял. ’след’, чэш. дыял. tor ’утаптаная, уезджаная дарога’, ’след звера’, славен. tòr ’трэнне’, серб.-харв. то̑р ’загон для скаціны’, дыял. то̏р ’след; агароджа’, балг. тор ’угнаенне, гной’. З прасл. *torъ ’трэнне’, дыял. ’уезджаны шлях’, якое праз чаргаванне галосных звязана з *terti ’церці’. Супастаўляюць з лат. nuotars ’лука, зарослая кустоўем’, грэч. τορός ’пранізлівы, рэзкі; стромы’, ст.-інд. tāráḥ ’пранізлівы’, tā́raḥ ’тс’. (Фасмер, 4, 81; Брукнер, 574; Махэк₂, 648; ЕСУМ, 5, 602; Борысь, 638; Коген, Узвышша, 1929, 3, 96). Каламіец (Этимология–1984, 96) мяркуе, што назва ўзыходзіць да таго перыяду, калі грузы перамяшчаліся волакам, ад чаго на зямлі ад трэння заставаўся след.

Тор2 ’торф’ (Мат. Гом.; валож., Стан.). Да торф (гл.) з утратай не ўласцівага народнай мове гука ф. Малаверагодная сувязь з паўднёваславянскімі словамі, параўн. серб.-харв. тор ’конскі гной’, балг. тор ’угнаенне’ і інш.

Тор3 (торь) — пра торканне, сованне (Юрч. СНЛ). Магчыма, захаваны першасны імітатыў (гукаперайманне), параўн. другаснае ўскладненае суф. ‑к торьк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (мсцісл., Нар. лекс.), суадноснае з дзеясловам торкаць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адно́,

1. ліч. гл. адзін.

2. часціца абмежавальная. Разм. Толькі, выключна; больш нічога. [Андрэй] адно хмурыць твар і злосна страсае на лоб кучму бязладных сваіх валасоў. Зарэцкі. [Стары:] — Гаварыць можна адно тады, калі добра ведаеш чалавека. Бажко. Шпакі каля дарогі цэлы дзень адно крычаць. Колас. / У спалучэнні з словам «што». Зянон Ляпіч.. адно што дапытваў — катаваў сябе: чаму правароніў момант, калі немцы набліжаліся да вёскі? М. Ткачоў.

3. часціца ўзмацняльная (часта ў спалучэнні з часціцай «ж»). Разм. Узмацняе момант нечаканасці, раптоўнасці наступлення дзеяння. Бачу — адно ж зноў паваліў снег. Гляджу — адно ж едуць госці.

4. злучнік супраціўны. Разм. Злучае члены сказа і сказы з адносінамі неадпаведнасці (звычайна ў спалучэнні са словамі «што», «толькі»). Па свайму значэнню адпавядае злучнікам «толькі», «аднак». [Андрэй] жыў там некалькі дзён, а цяпер перабраўся на кватэру, вельмі добрую, адно што цесную. Чорны. Наталя не перамянілася, адно толькі, што папаўнела. Скрыган. / У спалучэнні з часціцай «ж». [Цёця Каця:] Мне здавалася раней, што ваша жонка чарнявая, адно ж яна бландзінка. Крапіва.

5. злучнік далучальны. Разм. Далучае сказы, якія дапаўняюць або ўдакладняюць выказаныя раней думкі. Навакол былі лясы, кары хапала, адно еш на здароўе. Чорны. У вайну.. [Полацк] быў дашчэнту разбуран нямецка-фашысцкімі захопнікамі, адно ляжалі горы руін, тырчалі абломкі сцен. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)