АСАЦЫЯТЫ́ЎНЫ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, у якім фіксуюцца семантычныя сувязі паміж словамі (з указаннем іх частаты), выяўленыя ў выніку прамога псіхалінгвістычнага апытання носьбітаў мовы (інфармантаў).

Інфармантам даецца слова-стымул і прапануецца адказаць на яго першым словам-рэакцыяй (свабодны асацыятыўны эксперымент) альбо сінанімічнымі, антанімічнымі, тэматычна звязанымі і інш. словамі-рэакцыямі (накіраваны асацыятыўны эксперымент). Вынікі такіх эксперыментаў афармляюцца ў выглядзе розных тыпаў асацыятыўных слоўнікаў. Прамы асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-стымулаў і ўсіх выяўленых на іх слоў-рэакцый ці толькі тых, што сустрэліся ў адказах 10 і больш інфармантаў, т.зв. ўстойлівыя асацыяцыі. Адваротны асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-рэакцый і ўсіх слоў-стымулаў, што выклікалі іх, ці толькі тых, якія з’яўляюцца ўстойлівай асацыяцыяй. Слоўнік асацыятыўных нормаў сумяшчае рысы прамога і адваротнага асацыятыўных слоўнікаў. Асацыятыўны тэзаўрус на падставе выяўленых сувязяў паміж словамі пэўнай мовы групуе іх у семантычныя палі, вызначае ўзаемаадносіны паміж імі і гэтак далей

На Беларусі выдадзены толькі прамы «Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы» А.І.Цітовай (1981).

В.К.Шчэрбін.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАФО́РМЫ

(ад гама... + лац. forma форма, вонкавы выгляд, абрыс),

словы, якія ў асобных граматычных формах супадаюць гучаннем і напісаннем, але не супадаюць значэннем. Амаформы могуць быць словамі той самай або розных часцін мовы, напр., «горы» (назоўны склон мн. л. назоўніка «гара») і «горы» (месны склон адз. л. назоўніка «гора»), «кліч» (назоўнік) і «кліч» (дзеяслоў загаднага ладу), «вусны» (назоўнік) і «вусны» (прыметнік) і інш.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРО́ШЧАННЕ ў мовазнаўстве, марфалагічны працэс; знікненне межаў паміж марфемамі, у выніку чаго з дзялімай асновы атрымліваецца недзялімая. Напр., бел. «воблака» <*ob=vlakъ<*ob=volkъ. Апрошчанне — частая з’ява пры запазычанні: бел. «варштат» < польск. warsztat < ням. Werkstatt ням. Werk ‘праца’ + Stätte ‘месца’. З апрошчваннем звязаны працэс дээтымалагізацыі і страты сувязі паміж роднаснымі словамі (бел. «трава — атрута», рус. «нож — заноза») і фузійны тып далучэння марфем (гл. Фузія). Тэрмін прапанаваны В.А.Багародзіцкім.

А.А.Кожынава.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ФІКС

(ад лац. affixus прымацаваны),

службовая марфема, якая перадае дадатковае лексічнае і граматычнае значэнне слова або вызначае адносіны слова да інш. слоў у сказе. Да афіксаў адносяцца: флексія, або канчатак, — вызначае граматычную форму слова і служыць для сувязі з інш. словамі ў сказе; прэфікс, або прыстаўка (перад коранем), суфікс (пасля кораня), конфікс (з абодвух бакоў кораня), постфікс (пасля суфікса ці флексіі) — служаць для ўтварэння новых слоў або формаў слова; інтэрфікс — выкарыстоўваецца для злучэння пэўных марфем у слове.

Л.І.Бурак.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЎДЭА́МУС»

(ад лац. gaudeamus будзем радавацца),

сярэдневяковая песня на лац. мове, гімн студэнтаў. Пачынаецца словамі «Gaudeamus igitur, juvenes dum sumus» («Будзем радавацца, пакуль мы юныя»); усхваляе жыццё, маладосць і навуку. У яе аснове песня 13 ст., упершыню надрукавана ў 1776. У 1781 апрацавана ням. вандроўным паэтам К.В.Кіндлебенам і стала папулярным студэнцкім гімнам у Германіі і інш. краінах Еўропы, у т. л. ў Расіі, Беларусі, краінах Балтыі, а таксама ў ЗША. Мелодыю «Гаўдэамус» выкарыстоўвалі кампазітары Ф.Ліст, І.Брамс, А.Кос-Анатольскі, Э.Гумпердынк (опера «Гаўдэамус») і інш.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫ́КЛЬ

(франц. article),

службовае слова, якое выкарыстоўваецца ў германскіх, раманскіх і інш. мовах як адзнака назоўніка. Выконвае розныя функцыі: вызначае катэгорыю пэўнасці (у англ. the, the city) і няпэўнасці (у англ. а; а village), катэгорыі роду (у ням. м.р. der, ж. р. die, н. р. das), ліку [у франц. адз. л. le, la (un, une) — мн. les, (des)], склону (у ням. у назоўнікаў мужчынскага роду Н.скл. der, Р.скл. des, Д.скл. dem, М.скл. den). Бываюць прэпазіцыйныя (перад словамі, да якіх адносяцца; у герм. і раманскіх мовах) і постпазіцыйныя (пасля гэтых слоў; у некаторых слав. мовах).

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ,

мовы, у якіх граматычныя значэнні выражаюцца не формамі слоў (як у сінтэтычных мовах), а гал. чынам службовымі словамі, парадкам слоў, інтанацыяй і інш. Да аналітычных моў належаць англ., франц., новаперс., балг. і інш. мовы. Аналітычныя спосабы часткова выкарыстоўваюцца і сінтэтычнымі мовамі, у т. л. і бел., напр. пры ўтварэнні складаных формаў ступеняў параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («самы цікавы», «больш прыгодны», «надзвычай вясёлы», «найбольш поўна»), будучага і прошлага часу дзеясловаў («буду пісаць», «пайшоў быў»), загаднага ладу («давай спяваць», «няхай квітнее»), складаных тыпаў выказніка («працаваць аграномам», «станавіцца мацнейшым»). Гл. таксама Тыпалагічная класіфікацыя моў.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАРО́ТАК,

слова або спалучэнне слоў, якім называюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца з мовай. У бел. мове выражаецца назоўным склонам назоўніка ці інш. часцінай мовы («Даруйце, любыя! Даруй, матуля!»), а таксама клічнай формай («Не шукай сабе, мой братку, з ветрам Бацькаўшчыну-матку»), Сінтаксічна З. са сказам не звязаны і членам сказа не бывае. Можа стаяць у пачатку, сярэдзіне і канцы сказа. Каб узмацніць эмацыянальнасць, З. суправаджаюць выклічнікам і інш. словамі эмацыянальнай ацэнкі: «О, край мой любімы, як многа прыволля, і думам, і працы бяскрайні прастор».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

А.Я.Баханькоў.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАЛІ́ЧНАСЦЬ,

даданы член сказа, які паясняе словы са значэннем дзеяння або прыкметы, паказваючы на час, месца, прычыну, умову, мэту, спосаб дзеяння, характар выяўлення, інтэнсіўнасць прыкметы. У бел. мове акалічнасці сінтаксічна звязваюцца з гал. словамі пры дапамозе прымыкання і кіравання. Ролю акалічнасці выконваюць прыслоўе («вельмі здольны»), дзеепрыслоўе («разглядаць не спяшаючыся»), інфінітыў («зайсці развітацца»), назоўнік з прыназоўнікам ці без яго («ехаць лесам», «зрабіць насуперак жаданню»), лічэбнік («уваходзіць па аднаму»), а таксама свабодныя словазлучэнні розных тыпаў («важыць тры тоны», «чытаць з ранку да вечара», «апрацаваны з дапамогай новага прыстасавання») і фразеалагізмы («жыць абы дзень да вечара»). У залежнасці ад сінтаксічнага значэння падзяляюцца на разрады — акалічнасці часу, прычыны, умовы, мэты, спосабу дзеяння і інш.

А.Я.Міхневіч.

т. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЕ́ЙЧАЎ Уладзімір Рыгоравіч

(н. 5.3.1930, г.п. Касторнае Курскай вобл., Расія),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1957). Друкуецца з 1950. У вершах, прасякнутых тонкім лірызмам і філас. роздумам, апяваецца прыгажосць рус. прыроды, дружба і каханне (зб. «Мікітавы камяні», 1957; «Сваімі словамі», 1964; «Пара чаромхі», 1971; «Мяжа», 1979; «У родным коле», 1984, і інш.). Пераклаў на рус. мову творы А.Зарыцкага (кн. «Сустрэча з восенню», 1975; з М.Сідарэнкам), Н.Гілевіча (зб. «Мой белы дзень», 1980, з П.Кошалем і С.Кузняцовай), асобныя вершы бел. паэтаў (зб. «Спасціжэнне», 1990). На бел. мову тв. Гардзейчава пераклалі А.Вярцінскі, В.Зуёнак, Лось.

Тв.:

Избранное. М., 1980;

Весна-общественница. М., 1987;

В светающих березах. Воронеж, 1990.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)