здольнасць чалавека і жывёл вызначаць напрамак на крыніцу гуку, абумоўленая наяўнасцю 2 гукапрыёмнікаў. З-за таго, што вушы размешчаны на некаторай адлегласці адно ад аднаго, гукі, якія даходзяць да іх, адрозніваюцца па фазе і інтэнсіўнасці. Напрамак на крыніцу гуку з частатой да 1500 Гц выяўляецца найб. дакладна (дакладнасць у гарызантальнай плоскасці да 3°). Бінауральны эфект павялічваецца з павелічэннем адлегласці паміж прыёмнікамі, што дасягаецца з дапамогай гукаўлоўнікаў. Пры наяўнасці некалькіх разнесеных у прасторы крыніц гуку бінауральны эфект забяспечвае незалежнае ўспрыманне гуку ад кожнай з іх (напр., ад асобнага інструмента ў аркестры) і павялічвае гэтым перашкодаўстойлівасць слыхавога ўспрымання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАРЫЕНТА́ЦЫЯ (ад бія... + арыентацыя),
здольнасць жывёльных арганізмаў вызначаць сваё месца ў прасторы, сярод асобін таго ж ці іншых відаў, выбіраць аптымальнае становішча ў адносінах да фактараў асяроддзя і вызначаць біялагічна мэтазгодны напрамак руху.
Біяарыентацыя — адна з умоў прыстасавання (адаптацыі) арганізмаў да асяроддзя пражывання. Ажыццяўляецца на аснове біялакацыі (успрымання вонкавых уздзеянняў паверхняй цела або органамі пачуццяў) і эхалакацыі шляхам змены стану арганізма ў адпаведнасці з умовамі асяроддзя (марфафізіял. адаптацыя), змены месцаў існавання (міграцыя жывёл), утварэння статка, чародаў або будовы прыстанішчаў. У вышэйшых жывёл біяарыентацыя набывае характар складаных інстынктаў, якія ляжаць у аснове біянавігацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАСТРАНА́ЎТЫКА (ад бія... + астранаўтыка),
комплекс біял. навук, якія вывучаюць жыццядзейнасць зямных арганізмаў ва ўмовах адкрытай касм.прасторы і пры палётах на касм. лятальных апаратах. Даследаванні праводзіліся з 1930-х г. спачатку на паветр. шарах, потым на ракетах, штучных спадарожніках Зямлі, касм. караблях і станцыях. Вывучаюцца дзеянне экстрэмальных фактараў (бязважкасці, паскарэнняў, вібрацыі, шуму) на жывыя арганізмы, асаблівасці іх рэакцыі, межы ўстойлівасці і цярплівасці, распрацоўваюцца сістэмы медыка-біял. забеспячэння працяглых касм. палётаў і адаптацыі жывых арганізмаў, у т. л. чалавека. Атрыманы новыя фундаментальныя даныя аб ролі гравітацыі ў ажыццяўленні клетачнага дзялення, перадачы генет. інфармацыі, росту і развіцця арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОХУА́ (кіт. — нац. жывапіс),
традыцыйная школа кіт. жывапісу вадзянымі фарбамі на шаўковых і каляровых скрутках. Тэрмін «гохуа» адрадзіўся ў пач. 20 ст. з аднаўленнем традыцый нац. жывапісу (існаваў з 3—2 ст. да н.э.), які меў тэхн. і жанравыя своеасаблівасці, спецыфічны метад адлюстравання прадмета пры дапамозе ліній і плям на нейтральным фоне, што надавала адчуванне бязмежнай прасторы. Спосабам гохуа малявалі кветкі, расліны, жывёл; у 1940—50-я г. яго сюжэты сталі больш разнастайныя, з’явіліся лірычныя і жанравыя кампазіцыі на сучасныя тэмы. Найб. вядомыя мастакі Цы Байшы і Сюй Бэйхун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЬБЕРТ ((Hilbert) Давід) (23.1.1862, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 14.2.1943),
нямецкі матэматык. Замежны ганаровы чл.АНСССР (1934). Скончыў Кёнігсбергскі ун-т. З 1893 праф. Кёнігсбергскага, у 1895—1933 Гётынгенскага ун-таў. Навук. працы па тэорыі інварыянтаў, тэорыі лікаў, тэорыі функцый, асновах геаметрыі, дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненнях, матэм. фізіцы, матэм. логіцы і інш. Аўтар канцэпцыі фармалізму ў матэматыцы. Увёў паняцце гільбертавай прасторы, якім шырока карыстаюцца ў матэматыцы і тэарэт. фізіцы.
Тв.:
: Рус.пер. — Основания математики: Теория доказательств. М., 1982 (разам з П.Бернайсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЁНАК (Мікалай Іосіфавіч) (н. 21.3.1947, в. Чарневічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1973). Працуе ў быт., пейзажным, партрэтным жанрах, нацюрморце. Сярод твораў: «Хлябы» (1976), «Памяці бацькі» і «У азёрным краі» (1978), «Песня аб маёй зямлі» (1979), «Адна», «Гусоўскаму прысвячаецца», «Нацюрморт з рэшатам», «Зімовы нацюрморт» (усе 1980), «Лён Беларусі», «На роднай зямлі. Памяць», «Салдаткі. Адраджэнне» (усе 1981), «Беларускі краявід» і «Касьба» (1982), «Браслаўскія прасторы» і «Восеньскія дажджы» (1984), серыя «Алеі», «Дарога да храма», «Сад мастака», «Гладышы», «Яблынька майго дзяцінства» (усе 1990-я г.), «Калядны марозік» (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМІ́ТАВЫЯ (Calamitales),
парадак выкапнёвых раслін кл. хвашчоў. 2 сям. Вядомыя з ранняга карбону, росквіт у сярэднім карбоне, вымерлі ў пермі ці пач. трыясу. Засялялі нізінныя, часта забалочаныя прасторы.
Расліны ад дробных травяністых да буйных дрэвападобных выш. да 20 м, дыям. сцябла да 1 м, з інтэнсіўным галінаваннем. Сцябло падзялялася вузламі на міжвузеллі. На вузлах парасткаў месціліся кальчакі галін ці лінейнага лісця з адной жылкай. Спараносныя шышкі складаліся з пладушчага і стэрыльнага лісця (спарангіяфораў), якія чаргаваліся. Як і хвашчы, мелі вял. поласць на месцы стрыжня, але адрозніваліся ад іх моцным развіццём другаснай драўніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́МФА (ад лац. lympha чыстая вада, вільгаць),
вадкасць, што цыркулюе ў лімфатычнай сістэме пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечвае абмен рэчываў паміж тканкамі і крывёю арганізма. Нашча амаль празрыстая, пасля прыёму ежы белая, непразрыстая, падобная да малака, з вял. колькасцю неэмульгаванага тлушчу. Утвараецца фільтрацыяй плазмы крыві праз сценкі сасудзістых капіляраў у міжтканкавыя прасторы (тканкавая вадкасць). Мае ў сабе да 90% лімфацытаў, бялкі, гармоны, ліпіды, метабаліты, ферменты і інш.Удз. в. — 1,017—1,026; pH 7,4—9. Згусае не так хутка, як кроў (за 10—15 хвілін). Аб’ём Л. ў чалавека 1,5—2 л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗІ,
лінія сувязі, у якой перадача сігналаў ажыццяўляецца з дапамогай радыёхваль, што распаўсюджваюцца ў атмасферы Зямлі, водным асяроддзі, касм.прасторы.
У радыёсувязі адрозніваюць доўга-, сярэдне-, каротка-, ультракароткахвалевыя Л.р., у якіх для перадачы сігналаў выкарыстоўваюць розныя слаі атмасферы, што адрозніваюцца сваімі эл.-маг. ўласцівасцямі і адпаведна рознымі ўмовамі распаўсюджвання і адбіцця радыёхваль. Найб. пашыраны радыёрэлейныя лініі сувязі, у якіх выкарыстаны асаблівы эфект распаўсюджвання ЗВЧ-радыёхваль. З развіццём касманаўтыкі для сувязі паміж касм. лятальнымі апаратамі і наземнымі пунктамі кіравання створаны розныя касм. і спадарожнікавыя Л.р. (гл.Касмічная сувязь, Спадарожнікавая сувязь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАЛО́ПАЛІС [ад грэч. megas (megalu) вялікі + polis горад; паходзіць ад назвы стараж.-грэч. горада Мегалопаль, які ўзнік ад зліцця больш як 35 паселішчаў Аркадыі],
найбуйнейшая форма рассялення, якая ўтвараецца ў выніку зліцця суседніх гарадскіх агламерацый. Звычайна М. выцягнуты ўздоўж трансп. магістралей, але суцэльнай гар. забудовы не мае; прыкладна 9/10 яго плошчы займаюць адкрытыя прасторы. Найбольшыя М.: на Атлантычным узбярэжжы ЗША паміж Бостанам і Вашынгтонам, у Каліфорніі; на Ціхаакіянскім узбярэжжы в-ва Хонсю — ад Токіо да Осакі (Японія), у раёне ніжняга і сярэдняга Рэйна (Нідэрланды — Германія), ад Лондана да Ліверпуля (Вялікабрытанія), у раёне Вял. азёр (ЗША — Канада).