павалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; пр. павалок, ‑лакла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Пацягнуць волакам, не адрываючы ад паверхні чаго‑н. Віктар ухапіў Мірона за ногі і павалок па зямлі. Маўр. Выплыў Сенька з затока, пераехаў Прыпяць, потым, спусціўшыся крыху ніжэй, прыстаў да берага і павалок лодку ў кусты. Краўчанка.

2. Панесці што‑н. цяжкае, з цяжкасцю. Праца закіпела дружна. Хлопцы, дзяўчаты павалаклі дошкі, цэглу, жалеза. Карпюк. Завішнюк узяў свае мяшкі, трыножнік і павалок на двор, як нешта зусім чужое. Пташнікаў.

3. Разм. Павесці сілком, прымусіць пайсці куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок са двара. Брыль. Паліцыянты схапілі высокага .. харыста Паўла Моніча і павалаклі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разда́цца ​1, ‑дасца; ‑дадуцца; пр. раздаўся, ‑далася, ‑лося; заг. раздайся; зак.

Прагучаць, пачуцца. Зусім недалёка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Лынькоў. Над шалашом раздалася дзіўная песня. Якімовіч.

разда́цца ​2, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. раздаўся, ‑далася, ‑лося; заг. раздайся; зак.

1. Стаць большым, шырэйшым, расшырыцца. Яўген наліваецца сілаю, раздаўся ў плячах. Карпаў. Цьмяным перламутрам пачалі адсвечваць кусты арэшніку, пупышкі на ім крыху раздаліся і выпусцілі малінавыя зорачкі цвету. Лужанін.

2. Расступіцца, рассунуцца, утварыўшы прастору ў сярэдзіне. Народ раздаўся ў бакі.

3. Раскалоцца, раздзяліцца. І трэск аўтаматаў яшчэ не замоўк, Калі разарваўся На купіне мох, — Як бы раздалася Яна папалам, І ўстала дзяўчына З гранатаю там. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́рань, -я, мн. карані́, каранёў, м.

1. Падземная частка расліны, пры дапамозе якой яна замацоўваецца ў зямлі і атрымлівае пажыўныя рэчывы.

Выкапаць куст з коранем.

2. Частка зуба, ногця, воласа і пад., якая знаходзіцца ў целе.

К. зуба.

3. перан. Пачатак, аснова чаго-н.

К. зла.

4. У граматыцы: асноўная частка слова без суфікса і прыстаўкі.

Правільна вызначыць к. слова.

5. У матэматыцы: лік, які пры ўзвядзенні ў пэўную ступень дае дадзены лік.

Квадратны к.

Здабыць к.

◊

Глядзець у корань (разм.) — унікаць у сутнасць якой-н. справы.

Вырваць з коранем — канчаткова пазбавіцца ад чаго-н.

На корані — пра расліны: не зжаты, не скошаны.

Пад корань —

1) ля самай асновы (ссякаць, зразаць што-н.).

Высякаць кусты пад корань;

2) канчаткова (разбураць, знішчаць).

Пусціць карані — трывала, надоўга абаснавацца дзе-н.

У корані —

1) зусім, абсалютна (не згаджацца з чым-н.);

2) у самай аснове, карэнным чынам (змяняць і пад.).

У корані змянілася жыццё.

|| памянш. карэ́ньчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 і 2 знач.).

|| прым. каранёвы, -ая, -ае (да 1, 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

карчава́ха Месца, дзе выкарчаваны лес, кусты пад сенажаць ці поле (Слаўг.). Тое ж карчава́нне, церабле́нне, карчоба (Слаўг.).

□ ур. Карчава́ха (лог) каля в. Церахоўка Слаўг., ур. Карчава́хі (заліўны луг) каля в. Рудня Слаўг., ур. Карчава́ха (поле) каля в. Ржаўка Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

мо́ршчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; незак.

1. Збірацца ў маршчыны (пра скуру, часткі твару). Велікаваты тонкі нос моршчыўся, і ад таго выразней выступалі баразёнкі зморшчын ля вачэй. Асіпенка. Каравая моршчыцца скура, Аброс [лясун] цёмным мохам, як пень. Багдановіч.

2. Моршчыць твар (ад болю, незадаволенасці і пад.). Вадэйка ўздрыгвае ўсім сваім вялікім целам, пакутліва моршчыцца. Навуменка. Бацька, скурчыўшыся, ляжаў у прымятым аеры ля раўка і моршчыўся ад болю. Бажко.

3. перан. Пакрывацца маршчынамі, рабізной (пра паверхню вады). Ад ветру з прысвістам шумелі голыя кусты, у затоках і невялікіх сажалках моршчылася цёмна-сіняя вада. Дуброўскі. Рачулкі моршчыліся ў пене. Бядуля. // Рабіцца няроўным, пакрывацца складкамі (пра адзежу, рэчы). Малатабоец Міша Чэчат глядзіць, .. як моршчыцца і сапе на ўсё нутро куртаты скураны мех. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́як,

1. прысл. Нейкім чынам, спосабам. Апошні зубр, які адбіўся ад статка.. і якому пашанцавала неяк застацца на волі, быў у 1919 годзе забіты ў пушчы браканьерамі. В. Вольскі. [Віктар:] — Ці не пусцілі б вы ў.. [хату] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі. // Чамусьці. Неяк нязвыкла глядзець на апушаныя снегам кусты чаромхі, якія паспелі апрануцца ў зеляніну. Ігнаценка.

2. прысл. Аднойчы. Неяк у вольны дзень пайшлі [Міколка з дзедам] рыбу лавіць на раку. Лынькоў. Выйшаў неяк Апанас з кузні, прысеў на бервяно, што ляжала ля жалезнага ламачча. Даніленка.

3. безас. у знач. вык., з інф. Разм. Нельга, няма як. [Віця:] — Ну, гайда са мной?.. [Аўгінька:] — Хату неяк кінуць адну, а то б.. пайшла... Ды і малых нешта няма. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уста́віцца, устаўлюся, уставішся, уставіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Умясціцца ўнутр чаго‑н. Шыба ўставілася ў раму.

2. Разм. Пільна глядзець па каго‑, што‑н.; утаропіцца. На двары Яхім спыніўся, уставіўся ў зямлю вачамі, як бы нешта разважаў. Колас. — Ты што, праўду гаворыш, ці жартуеш? — Тарэнта раптам ажывіўся, уставіўся адным сваім вокам спачатку ў Мікодаў твар, пасля ў Сузонаў. Галавач. — Што, тата? Табе холадна? — і Томас сінімі вачыма ўставіўся на бацьку. Броўка. // Накіраваць позірк на каго‑, што‑н. Вочы [у Юркі] акругліліся, павыпучваліся і ўставіліся ў кусты. Пташнікаў. Да шыбы прыпаў напалоханы жаночы твар, потым знік, і на хлопцаў ўставіліся насцярожаныя вочы гаспадара. Новікаў. Чорныя вочы з густымі вейкамі запытальна ўставіліся на Антона. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лаба́за ’вялікі дом’ (Мат. Гом.), узнікла ў выніку пераносу значэння паводле падабенства з либиз ’свіран, склад’ і інш. Параўн. аналагічнае драг. хата бы клуня ’вялізная хата’.

Лабаза́, лабуза ’сцяблы буйной травы’ (З нар. сл.), ’жорсткае сена або розная трава, пустазелле’ (слуц., БНТ, Лег. і пад.), ’благое сена з асакі’ (КЭС, лаг.), полац. ’балотнае асакаватае сена’ (Нар. лекс.), лъбъзи ’нізкаякаснае сена з грубай, тоўстай травы’ (Нар. сл.), ’галіны’ (Сцяшк., Сл.). Укр. лабаз ’бадзяк клейкі, Cirsium erisithales L.’, лабазник ’спірэя, Spirea ulmaria L.’, лабу́з ’пустазелле; лісты, якія пакрываюць качаны кукурузы’, лабузіння ’сцяблы, пустазелле’, лобузіння ’расліны, якія застаюцца ад летняй гародніны’; рус. арханг. лабаза ’боцікі, Aconitum lycoctonum Jacq.’, ’трава з белай вир-шынкай’, лабазник ’спірэя’, польск. łobozg ’пустазелле’, Łoboź, tabuz ’сцяблы, кусты; вадзяныя расліны, чарот, сітняк, рагоз’, labas ’пустазелле’, серб.-харв. лабудина ’кукурузная салома; абадраны з катаха кукурузны ліст’, ’вехцік з ліпы, канапель’ (lobud ’даўбешка, доўбня, клін’, ’лісты кукурузы’ < тур. lobut). Прасл. lobozъ генетычна роднаснае са ст.-інд. вед. libuja ’чарот, ліяна’, палі labuja‑ ’тс’ ст.-грэч. λάβυξος, нейкая духмяная расліна’ (Петэрсан, ΚΖ, 46, 146–150; Бернекер, 1, 726; Фасмер, 2, 443). Супраць Слаўскі (5, 129); Фрыск (2, 67).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лаза́, лоза́ ’кусты і галлё некаторых парод вярбы, вінаграду’ (ТС, ТСБМ, Бяльк., Сл. паўн.-зах.), ’вярба вушастая, Salix aurita L.’ (Кіс.), ’вярба попельная, Salix cinerea’ (Кіс.), лаза белая ’вярба белая, Salix alba L.’ (Касп.). Укр. лоза, рус. лоза, лозина, ст.-рус. лоза ’вінаград’, польск. łoza, ст.-чэш. loza, славац. loza, lodza, славен. lóza, серб.-харв. ло̀за, макед. лоза, балг. лоза, ст.-слав. лоза. Прасл. loza ’гнуткі дубчык, галінка’, пазней ’вярба’, ’вінаградная лаза’. На след першаснай матывацыі наводзяць балг. ло́зя ’віцца, выгінацца, зварочваць’ і літ. lóžinti ’выгінаць, згінаць трохі’ (Слаўскі, 5, 240). Роднаснымі з’яўляюцца літ. lazdà ’кій, арэшнік’, ’націна бульбы, бобу, цыбулі’, lazà ’палка’, ’арэшнік’, лат. lagzda, lazda, lęgzda (аб балт. ‑zd‑, якое адпавядае слав. ‑z‑, гл. Уленбек, KZ, 40, 552–561; Леві, KZ, 40, 422; Слаўскі, SP, 1, 427), ст.-прус. laxde ’тс’, алб. lajthí, lejthí, lethí ’арэшнік’, перс. räz ’лаза’. Магчыма, лаза звязана са слав. lěska ’кій’ (Эндзелін, ИОРЯС, 17, 4, 120). Непераканаўча Бернекер (736): прасл. loza < lasā; неверагодна Махэк (Recherches, 10, 25 і наст.), які параўноўвае лексему з літ. lasà, lèsti ’корм’, ’дзяўбці’; няпэўна звязваць яе са ст.-грэч. ὀ‑λόγινονὀζὦδες (у Гесіхія). Непрымальнымі з’яўляюцца і іншыя версіі, педалічаныя Фасмерам (2, 512–513), Слаўскім (5, 240–241).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лагчы́на Шырокая нізіна; мокрае месца, глыбокая даліна, яма (БРС). Тое ж лагчаві́на (Слаўг.), лахчы́на (Нас.), лашчы́на (Беш. Касп., Ветк., Касц. Бяльк., Лёзн., Рэч., Слаўг.), лашчаві́на (Беш. Касп.), лашчына́, лашчы́ніна, лашчэ́віна (Слаўг.).

□ ур. Вязовая лашчы́на ці Вязовы лог (сенажаць, кусты) каля в. Ка́біна Гара́ Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)