МО́ЗЕР ((Moser) Лукас) (каля 1390, г. Вейль-дэр-Штат, Германія — пасля 1434),
нямецкі жывапісец. Працаваў у Швабіі. Аўтар алтара св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне каля г. Бадэн (жывапісныя кампазіцыі «Падарожжа па моры», «Сон святых, якія прыбылі ў Марсель», «Яўленне св. Магдаліны жонцы князя», «Апошняе прычашчэнне св. Магдаліны ў саборы Экса», «Св. Марта», «Св. Лазар», «Магдаліна выцірае ногі Хрысту ў час балю ў Сімона», «Хрыстос з дзевамі разумнымі і неразумнымі», усе 1432). Вял. дакладнасцю і назіральнасцю вызначаецца перадача тыпажу персанажаў, арх. і пейзажнага фону, светлавых эфектаў, што сведчыць пра блізкасць мастака да жывапісных прыёмаў ранняга нідэрл. Адраджэння.
Я.Ф.Шунейка.
Л.Мозер. Алтар св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне. 1432.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́РКВІЧКА (Іван) (23.4.1856, с. Відзім, Чэхія — 16.5.1938),
балгарскі жывапісец і графік; прадстаўнік дэмакр. рэалізму. Па нацыянальнасці чэх. Чл.Балг.АН (1918). Вучыўся ў Пражскай (1873—76) і Мюнхенскай (1876—77) АМ. У 1881—1921 жыў у Балгарыі. У 1882—89 выкладаў малюнак у гімназіі ў Плоўдзіве. Адзін з заснавальнікаў, выкладчык і дырэктар (1896—1921) Дзярж. рысавальнага вучылішча ў Сафіі. У жывапісе пераважалі тэмы нар. свят і абрадаў, сцэны сялянскай працы, у якіх ён перадаў своеасаблівасць балг.нац. звычаяў і касцюмаў: «Кірмаш у Плоўдзіве» (1883, 1888), «Помнікі» (1894, 1895), «Ручэніца» (1894) і інш. Аўтар партрэтаў археолага С.Заімава (1904), праф. Шоўрака (1922) і інш. Як графік працаваў пераважна ў галіне ілюстрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШКО́Ў (Васіль Мікітавіч) (6.1.1868, г. Ялец, Расія — 26.11.1946),
расійскі жывапісец і графік. Нар. мастак Расіі (1943). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1882—89), Пецярбургскай АМ (1889—90). Чл. Маскоўскага т-ва мастакоў (з 1893), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). Выкладаў у Маскве ва ўласнай школе жывапісу і малявання (1892—1917), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1922—23), у Ленінградскай АМ (1937—40). Пісаў жанравыя карціны ў духу позніх перасоўнікаў, пейзажы, партрэты. Сярод твораў: «Лячэнне зубоў» (1891), «Сляпы мастак» (1898), «Трувіль» (1903), партрэты старой (1897), С.М.Будзённага, В.Р.Мянжынскага (абодва 1927), М.І.Калініна (1937), аўтапартрэт (1943) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗА́РАНКА (Мікалай Пятровіч) (н. 9.5.1927, г.п. Сямёнаўка Палтаўскай вобл., Украіна),
бел.жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). У 1963—76 выкладаў у Мінскім пед. ін-це, у 1978—88 у БПІ. Працуе ў розных жанрах жывапісу ў рэаліст. манеры. Сярод твораў: «На вызваленай зямлі» (1967); гіст. карціны «Партызаны» (1968), «Вайной апаленыя» (1975), «3 ліпеня» (1981), «Памяць» (1982), «Вясна 45 года» (1985), «Рабіна чырвоная» (1987); пейзажы «Зямля» (1969), «Цішыня» (1976), «Магілёўшчына» (1977), «Лагойшчына» (1979), «Бярэзіна», «Родная зямля» (абодва 1980), «Мірны вечар» (1984), «На дачы», «Бэз», «Сядзіба Верашчакі», «Мінск. Дом Ванюшкі» (усе 1990-я г.); партрэты «Аўтапартрэт» (1966), «М.Багдановіч» (1976), «Наташа» (1989), «Жаночы партрэт» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́АЛА УЧЭ́ЛА [Paolo Uccello; сапр.Паала ды Дона (Paolo di Dono); 1397, г. Фларэнцыя, Італія — 10.12.1475],
італьянскі жывапісец, прадстаўнік Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці (1407—14). Працаваў у Фларэнцыі, Венецыі (1425—30), Падуі (каля 1447) і Урбіна (1465—68). У ранні перыяд працаваў у традыцыях готыкі, пазней зазнаў уплывы Данатэла, Ф.Брунелескі і Мазачыо. Першы італьян. баталіст. Сярод твораў: фрэскі ў саборы (конны партрэт кандацьера Дж.Акута, 1436) і ў К’ёстра Вердэ ў царкве Санта-Марыя Навела (сярэдзіна 1430-х г. каля 1450) у Фларэнцыі, 3 карціны з эпізодамі бітвы пры Сан-Рамана (сярэдзіна 1450-х г.), «Бітва св. Георгія з драконам», прыдзела са сцэнамі прычашчэння, «Паляванне» (абедзве канец 1460-х г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ХЕР ((Pacher) Міхаэль) (каля 1435, г. Бруніка, Італія — 1498),
аўстрыйскі жывапісец і скульптар; прадстаўнік пераходнага перыяду ад готыкі да Адраджэння. Зазнаў уплыў А.Мантэньі. Аўтар алтарных кампазіцый, якім уласцівы смелая перспектыўная пабудова прасторы і ракурсаў, скульпт. дакладнасць форм, жыццёвая выразнасць персанажаў, гучнасць каларыту: разны алтар царквы ў Бальцана (Італія, з 1471), скульпт. і жывапісны алтар царквы ў Санкт-Вольфгангу (1471—81), жывапісны алтар «Чатырох айцоў царквы» (1475—79) і інш, Скульпт. работы больш звязаны з традыцыямі готыкі, вызначаюцца драматызмам і вострай характарнасцю вобразаў, напружаным лінейным рытмам, узорыстасцю кампазіцыі («Каранаванне Марыі» ў алтары царквы ў Санкт-Вольфгангу і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́ЙСЛЕР ((Preisler) Ян) (18.2.1872, Попавіцы каля г. Бераўн, Чэхія — 27.4.1918),
чэшскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Празе (1887—95); выкладаў у ёй (1908—12) і Пражскай АМ (з 1913). Працаваў у рэчышчы сімвалізму. Сярод твораў: размалёўкі ў касцёле ў Пршэшціцы (1898), чэха-славацкім павільёне на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1899—1900), атэлі «Гранд» у Градзец-Кралаве (1903—04), мазаікі ў будынках б. Земскага банка ў Празе (1909—10) і Абласнога музея ў Градзец-Кралаве (1911); станковыя кампазіцыі «Вясна» (1900), «Карціна з вялікага цыкла» (1901—02), «Казка» (1902), «Чорнае возера» (1904), «Закаханыя» (1905), «Дзяўчаты ў лесе» («Вясна», 1906), «Адам і Ева», «Зялёны пейзаж» (абедзве 1908) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАБ’ЁЎ (Максім Нічыпаравіч) (6.8.1787, г. Пскоў, Расія — 29.8.1855),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1798—1809) і выкладаў у ёй (праф. з 1823). У складзе рус. арміі быў у Германіі і Францыі (1813—14), вандраваў па Б. Усходзе (1820—21), па Балканах (1828) і Італіі (1844—45). Некаторыя карціны пісаў па пуцявых замалёўках. Выканаў шэраг відаў Пецярбурга і Масквы. Дакладнасць арх. перспектывы спалучаў з узнёсла-эмацыянальным успрыманнем прыроды, выкарыстаннем разнастайных эфектаў асвятлення («Від на Маскоўскі Крэмль», 1815, «Восеньская ноч у Пецярбургу», «Узбярэжжа Нявы са сфінксамі каля Акадэміі мастацтваў», абедзве 1835, «Алея ў Альбана», 1845, і інш.). У яго пейзажах упершыню ў рус. мастацтве з’явіліся рысы рамант. бачання вобраза.
М.Вараб’ёў. Алея ў Альбана. 1845. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎ (Фёдар Аляксандравіч) (22.2.1850, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 6.10.1873),
рускі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Пецярбургу ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1866—67), у АМ (1871), зазнаў уплыў І.Шышкіна, быў блізкі да І.М.Крамскога. Ужо ў ранніх пейзажах, напісаных насычанымі фарбамі, адухоўленых і рамантычна ўзнёслых, вобразы рус. прыроды паэтычныя і глыбокія («Перад навальніцай», 1868—69, і інш.). Вынікам сумеснай паездкі на Волгу з І.Рэпіным (1870) сталі малюнкі і жывапісныя творы («Від на Волзе. Баржы»). Найб. значныя яго пейзажы («Адліга», 1871, «Мокры луг», 1872) маюць эпічны і велічны характар («У крымскіх гарах», 1873). У Нац.маст. музеі Беларусі карціны Васільева «Пейзаж» (1869), «Крым» і «Перад навальніцай» (абедзве 1873).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСНЯЦО́Ў (Апалінарый Міхайлавіч) (6.8.1856, в. Рабава Кіраўскай вобл., Расія — 23.1.1933),
рускі жывапісец і графік. Акад. Пецярбургскай АМ (1900). Вучыўся ў брата В.М.Васняцова, В.Дз.Паленава, І.Я.Рэпіна. Чл.Т-ваперасоўнікаў (з 1889). З 1903 узначальваў «Саюз рускіх мастакоў». Аўтар манум. эпічных пейзажаў і серый, гіст. палотнаў, прысвечаных старадаўняй Маскве, Падмаскоўю, Уралу і інш.Асн. творы: «Радзіма» (1886), «Змярканне» (1889), «Сібір» (1894), «Вуліца ў Кітай-горадзе. Пачатак 17 стагоддзя» (1900), «Возера» (1902), «Красная плошча ў 2-й палове 18 стагоддзя» (1925) і інш. Вядомы таксама як археолаг, педагог і тэарэтык мастацтва. У Нац.маст. музеі Беларусі яго карціны: «Веснавая цішыня» (1881), «Дняпро перад бурай» (1888), «Горнае возера. Урал» (1892), «Скіт» (1901?) і інш.