КУ́РАЧКІН Уладзімір Акімавіч (н. 7.5.1922, г. Астрахань, Расія),

расійскі акцёр, рэжысёр аперэты, педагог. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Уральскі ун-т (1951), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1962). З 1946 акцёр, з 1963 гал. рэж. Свярдлоўскага т-ра муз. камедыі, у 1986—88 — Маскоўскага т-ра аперэты, у 1990—97 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Пермскага опернага т-ра. У 1964—74 выкладаў ва Уральскай кансерваторыі, з 1988 праф. Маскоўскага ун-та культуры. Сярод пастановак: у Свярдлоўскім т-ры — опера «Арабела» Р.​Штрауса, аперэты «Севастопальскі вальс» К.​Лістова, «Белая ноч» Ц.​Хрэннікава, «Дзяўчына з блакітнымі вачамі» В.​Мурадэлі, «Гары, гары, мая зорка» С.​Пажлакова, «Цудоўная Алена» Ж.​Афенбаха, «Хэло, Долі!» Дж.​Германа, «Учора скончылася вайна» В.​Ільіна (залаты медаль імя А.​Папова, 1986); у Пермскім т-ры — опера «Скупы рыцар» С.​Рахманінава (1998).

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РЭК Альфрэд Марцінавіч (н. 21.11. 1922, Ташкент),

расійскі акардэаніст, метадыст, дырыжор, інструментазнавец, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1995). Д-р мастацтвазнаўства (1987). Скончыў муз. вучылішча (1950) і Ін-т культуры (1967) у Маскве. З 1947 выкладае, у т. л. з 1975 у Ленінградскім ін-це т-ра, музыкі і кінематаграфіі, з 1980 у Маскоўскім пед. ін-це (з 1988 праф.). Заснавальнік (1997) Міжнар. музея рус. гармоніка ў Маскве (на базе ўласнай калекцыі, больш за 150 інструментаў). Аўтар вучэбна-метадычных і інструментазнаўчых прац, у т. л. энцыклапедыі «Гармонік» (1994), аўтабіягр. кн. «Запіскі вязня» (1989) і «Турэмны рэквіем» (1997), складальнік шматлікіх зборнікаў п’ес і аўтар пералажэнняў для акардэона.

Тв.:

Школа игры на аккордеоне. М., 1962;

Из истории аккордеона и баяна. М., 1967;

Справочник по гармоникам. М., 1968;

Основа постановки аккордеониста. Киев, 1974.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́НАЎ Леў Барысавіч (н. 1.12.1930, г. Іванава, Расія),

расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Скончыў Ін-т ваен. дырыжораў у Маскве (1952). Маст. кіраўнік армейскіх ансамбляў. У 1979—88 начальнік і муз. кіраўнік Ансамбля песні і танца Бел. ваен. акругі (з 1992 Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 праф.), з 1995 кіраўнік камернага аркестра гімназіі-каледжа пры ёй. Аўтар песень («Пяюць гвардзейцы на прывале», «Беражом зямлі світанні», «Сцягоў прамяністая слава», «Мы ідзём па вуліцы» і інш.), аранжыровак твораў муз. класікі і сучасных кампазітараў, у т. л. «Змрок багоў» Р.​Вагнера, «Музычныя вечары» Б.​Брытэна паводле Дж.​Расіні, уверцюра да оперы «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Трыумфальны марш» з балета «Спартак» А.​Хачатурана, сюіта на тэмы оперы «Поргі і Бес» Дж.​Гершвіна і інш.

т. 11, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НСКІ Самуіл Уладзіміравіч (27.9.1902, г. Гайсін Вінніцкай вобл., Украіна — 2.5.1955),

бел. і расійскі кампазітар, харавы дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Кіеўскі муз.-драм. ін-т (1926), кампазіцыі вучыўся ў В.Залатарова. У 1928—41 у Мінску: маст. кіраўнік вак. ансамбля, хормайстар капэлы Бел. філармоніі, Ансамбля песні і танца БВА, кіраўнік самадз. хар. калектываў. У 1942—43 узначальваў Бел. дзярж. ансамбль песні і танца. З 1945 у Маскве. Аўтар песень і хароў, у т. л. песні «Вечарынка ў калгасе» на словы Я.​Купалы, аперэты «Зарэчны барок» (разам з М.​Івановым; паст. 1940), п’есы для арк. бел. нар. інструментаў «Кірмаш», твораў для духавога арк., інстр. мініяцюр, рамансаў, музыкі для т-ра і кіно, апрацовак нар. песень, у т. л. бел., рус., укр., англ., для мяшанага хору, для голасу з фп., баянам.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 12, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́Ў Уладзіслаў Генадзевіч (28.12.1908, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 1993),

расійскі харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1936). Вучань А.​Аляксандрава, Дз.​Кабалеўскага. З 1936 арганізаваў і ўзначаліў Дзіцячы хор пры Цэнтр. доме маст. выхавання дзяцей, выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1951 праф., у 1957—60 і з 1980 заг. кафедры). Адначасова ў 1946—52 хормайстар Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі, у 1956—88 арганізатар і маст. кіраўнік Дзярж. маскоўскага хору. У рэпертуары хар. творы розных эпох, стыляў, жанраў. Сярод яго твораў хар. цыклы, апрацоўкі рус. нар. песень. Аўтар кн. «Работа з хорам» (3-е выд. 1967) і падручніка (у сааўтарстве). Сярод вучняў М.​Кутузаў, У.​Мінін, Г.​Панцюкоў. Дзярж. прэмія Расіі 1979.

Літ.:

В.​Соколов: Дирижер, педагог, композитор. М., 1988.

Л.​А.​Шыміновіч.

Уладзіслаў Генадзевіч Сакалоў.

т. 14, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ВЕС, Падуа Чавес-і-Рамірэс дэ (Padua Chávez y Ramirez de) Карлас (13.6.1899, Кальсада-дэ-Такула, каля Мехіка — 2.8.1978), мексіканскі кампазітар, дырыжор, педагог; адзін з заснавальнікаў (з С.Рэвуэльтасам) сучаснай мекс. кампазітарскай школы. У 1928—49 кіраўнік заснаванага ім сімф. аркестра Мехіка (пазней Нац. сімф. аркестр). Адначасова ў 1928—34 дырэктар Нац. кансерваторыі, у 1947—52 Нац. ін-та прыгожых мастацтваў і л-ры. Для творчасці 1920—30-х г. уласцівы элементы нар. (у прыватнасці, індзейскай) музыкі, муз. канструктывізму, з 1940-х г. — ускладненне муз. мовы з рысамі акадэмізму. Сярод твораў: опера «Панфіла і Лаўрэта» (паст. 1957); балеты «Новы агонь» (паст. 1928), «Чатыры сонцы» (паст. 1930); 7 сімфоній (1933—61); творы для арк. нар. мекс. інструментаў, камерна-інстр. ансамблі, п’есы для фп., хоры з арк. a cappella, рамансы.

Літ.: Доценко В.Р. К.​Чавес // Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.

т. 17, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНЕ́ВІЧ Фелікс (1762, г. Вільня — 21.5.1848),

кампазітар, скрыпач-віртуоз, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Мяркуюць, што з 1777 працаваў у капэле караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Варшаве. З 1784 гастраліраваў па Еўропе, працаваў у капэле герцага Арлеанскага, адначасова ўдасканальваўся ў І.​Гайдна, П.​Нардзіні, Г.​Пуньяні. З 1792 у Вялікабрытаніі, выступаў як скрыпач-канцэртант і кіраўнік аркестра. У 1803 адкрыў краму нот і муз. інструментаў у Ліверпулі. З 1815 працаваў у Шатландыі. Прадстаўнік еўрап. муз. класіцызму. Выкананню ўласцівы эмацыянальнасць, спеўнасць, чысціня інтанацыі, дасканалая тэхніка. Аўтар канцэртаў, у т. л. 5 для скрыпкі, для фп. з аркестрам, смычковых дывертысментаў, трыо, дуэтаў, санат і інш. Адзін з заснавальнікаў (1813) і капельмайстар (1813—15) Лонданскага філарманічнага т-ва. В.​А.​Моцарт прысвяціў Я. «Andante» для скр. з аркестрам. На Беларусі творы Я. прапагандуюць «Беларуская капэла», ансамбль «Класік-Авангард».

А.​В.​Фралоў.

т. 18, кн. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСЕ́К (Gossec) Франсуа Жазеф (17.1.1734, Верньі, прав. Эно, Бельгія — 16.2.1829),

французскі кампазітар, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік франц. сімфоніі. Чл. Ін-та Францыі (1795). Вучыўся ў пеўчай школе кафедральнага сабора ў Антверпене. З 1751 у Парыжы. Стварыў там муз. т-вы «Канцэрты аматараў», «Духоўныя канцэрты», кіраваў хорам у т-ры «Парыжская опера», арганізаваў Каралеўскую школу спеваў і дэкламацыі, на базе якой у 1795 адкрыта кансерваторыя (яе праф. і інспектар). У сваіх сімфоніях самабытна пераўтварыў дасягненні «мангеймскай школы». Узбагаціў камерна-інстр. жанр, пісаў камічныя оперы (каля 20), муз. трагедыі, балеты, араторыі, месы і інш. У час Франц. рэвалюцыі 1789—95 арганізатар і дырыжор масавых рэв. свят, пачынальнік манум. вак.-аркестравага стылю і новых муз. жанраў: рэв. масавай песні, музыкі гераічных і жалобных шэсцяў, буйных кантатна-аратарыяльных твораў для выканання на вольным паветры.

Літ.:

Радиге А. Французские музыканты эпохи Великой французской революции: Пер. с фр. М., 1934.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АНСА́МБЛЬ ТА́НЦА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1959 у Мінску. Уключае балетную трупу і аркестр. Першыя маст. кіраўнікі А.Апанасенка (1959—71) і С.Дрэчын (1971—73), з 1986 В.Дудкевіч; кіраўнік аркестра С.Хвашчынскі (з 1991). У рэпертуары больш за 100 пастановак: танцы і харэаграфічныя кампазіцыі, створаныя на аснове бел. танц. фальклору («Лявоніха», «Лянок», «Весялуха», «Мяцеліца», «Перапёлачка», «Каханачка», «Маталіха», «Полька-Янка», «Крыжачок», «На Купалле», «Беларуская рапсодыя», «Неглюбскія вячоркі», «Спеў дубраў», «Арэлі», «Церніца»), фальклору інш. народаў, сюжэтныя пастаноўкі («Беларуская партызанская», «Сінявокая і неўміручая», «Полечка-поле», «Хатынь», «Вечарына»), праграма «Карагод сяброў», гумарыстычныя сцэнкі («Крутуха», «Дырыжор аркестра» і інш.). У сваіх інтэрпрэтацыях бел. нар. танцаў ансамбль імкнецца захаваць іх характэрнасць, лёгкасць, зграбнасць рухаў, вынаходлівасць харэаграфічнага малюнка. Сярод артыстаў (1997) М.Ліпчык (баян). У розны час у ансамблі працавалі маст. кіраўнікі Г.Маёраў, В.​Бутрымовіч, балетмайстры Г.Мартынаў, Я.Штоп, артысты балета М.Апанасенка, Г.Белавусава, С.Вуячыч, А.Гарэлік, І.Цюрын, кіраўнік аркестра У.​Багадайка.

т. 6, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГАДЗЕ́ЕЎ Аляксей Пятровіч (7.4.1926, г.п. Альхаватка Данецкай вобл., Украіна — 23.7.1997),

бел. харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. Беларусі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас Г.Зелянковай). З 1959 хормайстар, у 1960—93 гал. хормайстар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Адначасова з 1958 выкладаў у Бел. акадэміі музыкі. Спектаклі, пастаўленыя з яго ўдзелам, вызначаліся высокай якасцю хар. гучання: оперы «Арэстэя» С.​Танеева і «Атэла» Дж.​Вердзі (1963), «Багема» Дж.​Пучыні (1968), «Хаваншчына» (1970) і «Барыс Гадуноў» (1974) М.​Мусаргскага, «Міндыя» А.​Тактакішвілі (1973), «Лаэнгрын» Р.​Вагнера і «Джардана Бруна» С.​Картэса (1977), «Новая зямля» Ю.​Семянякі (1982), «Іван Сусанін» М.​Глінкі (1984), «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1985), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана (1989), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1990), «Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі (1992), сцэн. кантата «Карміна Бурана» К.​Орфа (1983) і інш. Аўтар метадычных прац, кн. «Тэхніка харавога дырыжыравання» (1968).

А.​А.​Саламаха.

А.П.Кагадзееў.

т. 7, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)