Во́бліца1 ’плотка’ (З нар. сл.). Памяншальнае ад вобла (гл.) або ўтварэнне ад *obьl‑ пры дапамозе суфікса іца.

Во́бліца2 ’частка рукі ад далоні да локця’ (Шатал.). Відавочна, вытворнае ад *обьлъ ’круглы’, г. зн. знешняя круглявая частка рукі ад далоні да локця. Параўн. славен. oblica ’знешні круглы бок аполка’, серб.-харв. òblica ’нешта акругленае’, польск. oblica ’папярочная дошка ў плоце, да якой прыбіваюць жэрдкі’, рус. о́бливана ’круглы бок апошняй у бервяне дошкі, аполка; сам аполак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэ́рліца ’рыбалоўная снасць’. Рус. літ. жерли́ца, дыял. же́рлица, же́рли́ка ’тс’, укр. жерлига ’вялікая вуда’ (Грынч.). Фасмер (2, 49) і Шанскі (Д, Е, Ж, 284) развіваюць дапушчэнне Праабражэнскага (1, 229) аб паходжанні ад жерло са знач. ’горла’ (таго ж кораня) або ’вуда для лоўлі з жыўцом’ ад жэрці з суф. ‑ла (< *‑dlo), улічваючы жор ’час, калі добра бярэцца рыба’. Аднак і пры гэтых тлумачэннях не зусім ясная варыянтная суфіксацыя, а семантыка патрабуе далейшых удакладненняў і пацвярджэнняў. Трэба ўлічыць, што часцей назвы прадметаў на іца ад прыметнікаў (параўн. пале́гліца ’палеглая пшаніца’, кру́гліца ’круглая ніва’, гл. Сцяц., Афікс. наз., 110–111).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прастапо́ліца ’не зарослае (лесам або кустамі) поле’ (карэл., Нар. словатв.), прастапо́льніца ’поле, на якое ніколі не клалі гной’ (Скарбы). Польск. prostopole ’поле на лясной паляне, з якога звычайна быў добры ўраджай’. Да про́сты і поле, складанае, аформлена суфіксам іца. Сюды ж прастапо́лё ’неўрадлівае поле’ (слонім., Сцяшк.), прастапо́ль ’няўгноеная глеба’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Магчыма, адлюстроўвае сістэму падсечна-агнявога земляробства, параўн. ст.-бел. полѧ простого моркгъ (Статут 1588); славен. prosto polje ’адкрытае, чыстае поле’, г. зн. ’ляда’, а таксама ў песні: Ой, у полі‑прастаполі / Там зрадзіла проса (Песні Беласточчыны. Мн., 1997, 503). Гл. Цыхун, Зб. Абрэмбскай-Яблонскай, 53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Масні́ца1, мастні́ца, масні́чына ’дошка падлогі, моста’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Янк. 1, Юрч., Грыг., Нас., Мат. Гом.; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС; гом., Нар. сл., Жыв. сл.; Бір. дыс.). Укр. валын. мастни́ця, рус. кур., пск., смал., цвяр. мостница, мосница, мостничина. Да мост ’падлога, мост’ (гл.). Аб суфіксе ‑ica (іца) гл. Слаўскі (SP, 1, 98–99), Сцяцко (Афікс. наз., 157–158).

*Масні́ца2, масьныэця ’маслабойка (машына)’ (Тарн.), масні́чка ’тс’ (рэч., Мат. Гом.). Укр. ма́сничка. З maslьnica. Да ма́сла (гл.).

Масні́ца3 ’клін, пры дапамозе якога сошка спалучаецца з аглоблямі’ (Сержп., Земл.). Да мост (гл.).

*Ма́сніца, ма́сныця ’масленіца’ (драг., З нар. сл.). Укр. ма́сниця ’тс’. Без ‑ле‑ з ма́сленіца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МА́ЙЯ,

індзейскі народ у Мексіцы, Гватэмале (п-аў Юкатан) і Белізе. 700 тыс. чал., у т. л. ў Мексіцы 670 тыс. (1992). Мова М. з галіны майя-кічэ. Вернікі — католікі. Продкі М. стварылі адну з найб. развітых цывілізацый дакалумбавай Амерыкі, якая існавала на тэр. сучасных паўд.-ўсх. Мексікі, Гватэмалы, Беліза і Гандураса. Узнікненне цывілізацыі М. звязана з культурай альмекаў. Умоўна стараж. гісторыю М. падзяляюць на «Стараж. царства» (1-е тыс. да н.э. — 8—9 ст. н.э.) і «Новае царства» (11—16 ст.). «Стараж. царства» — час найб. культ. росквіту цывілізацыі М., асн. цэнтры якой знаходзіліся ў даліне р. Усумасінта і на плато Петэн. З гэтых часоў захаваліся руіны больш як 40 гар. цэнтраў М.: Цікаля, Вашактуна, Капана, Паленке, Банампака і інш. Паводле апошніх даследаванняў, яны былі сапраўднымі гарадамі, а не толькі цырыманіяльнымі цэнтрамі, як лічылася раней. М. ведалі развітую сістэму земляробства («паднятыя палі», ірыгацыю, палі на тэрасах), якая дазваляла ім вырошчваць кукурузу, фасолю, гарбузы, памідоры, караняплоды, бавоўнік. З свойскіх жывёл гадавалі індыкоў і сабак. Займаліся паляваннем, рыбалоўствам і пчалярствам. Унутр. супярэчнасці і ўварванне інш. плямён прывялі да заняпаду і поўнага абязлюдзення гарадоў. З 9 ст. пачаўся рост паселішчаў М. на п-ве Юкатан, якія да пач. 11 ст. былі заваяваны плямёнамі тальтэкаў з Мексікі. Узнікла змешаная майя-тальтэкская культура. Сталіцай тальтэкаў быў г. Чычэн-іца, які разбурылі паўстаўшыя М. ў пач. 13 ст. У 13—15 ст. на Юкатане панавалі правіцелі г. Майяпан; значнымі цэнтрамі былі гарады Ушмаль, Тулум і інш. (захаваліся руіны). Пасля разбурэння ў сярэдзіне 15 ст. Майяпана на Юкатане ўзнікла мноства незалежных гарадоў-дзяржаў, што былі заваяваны іспанцамі (апошні з іх, Тайясаль, у 1697). М. неаднаразова паўставалі супраць іспанцаў і ўлад Мексікі (найб. працяглым было паўстанне 1847—1904). Ад стараж. цывілізацыі М. захаваліся шматлікія рэшткі будынкаў — храмы на вял. 4-гранных ступеньчатых пірамідах («Храм Сонца» і «Храм надпісаў» у Паленке і інш.), шматпакаёвыя палацы, пляцоўкі для культавых гульняў. Значнае развіццё набыла скульптура ў выглядзе рэльефаў на сценах храмаў і стэлах. Жывапіс прадстаўлены насценнымі размалёўкамі (Банампак). М. стварылі найб. дасканалую ў дакалумбавай Амерыцы сістэму пісьма (гл. Майя пісьмо), валодалі ведамі ў матэматыцы і астраноміі, якія дазволілі ім стварыць дакладны сонечны каляндар.

Літ.:

Рус А. Народ майя: Пер. с исп. М., 1986;

Гуляев В.И. Города-государства майя. М., 1979;

Яго ж. Древние майя: Загадки погибшей цивилизации. М., 1983.

В.​У.​Адзярыха.

Да арт. Майя. Рэшткі палацавых пабудоў у Паленке (Мексіка).

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Зало́ўка, залві́ца, дыял. заві́ца ’мужава сястра’. Рус. золо́вка ’тс’, дыял. ’жонка брата’, зо́лва, зо́лвица ’тс’, укр. зови́ця ’мужава сястра’, польск. дыял. zołwica, załwica, чэш., славак. zolvica, славен. zȃłva, zȃlvica, серб.-харв. за̏ова, за̏овица, балг. зъ̀лва ’тс’, дыял. ’дзяўчына, што спявае на вяселлі з боку жаніха’, макед. золва. Ст.-рус. золовка (XVII ст.). Прасл. zъlъva (zъly). Грэч. гамер. *γάλωϜος ’мужава сястра’, лац. glōs ’мужава сястра’, ’братава жонка’. І.‑е. *gʼ(e)lōu̯‑ ’мужава сястра’. Далейшая этымалогія няясная. Аскалі (KZ, 12, 319–321) выводзіў з *gel‑ ’весяліцца, усміхацца’, але гэта няпэўна. Бел. формы — ст.-рус. ці прасл. пашырэнне прасл. памянш. суфіксамі ‑ка, іца. Фасмер, 2, 103; Шанскі, 2, З, 105; Копечны, Zákl. zásoba, 431; Траўтман, 373; Покарны, 1, 367–368; Трубачоў, История терм., 136–137; Шаўр, Etymologie, 63; Лаўроўскі, Назв. родства. 73–77; Панюціч, Лексіка нар. гаворак, 1975, 49–50; Паўленка, Нарысы па бел. словаўтв., 1978, 51.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыпо́л ’ніжні пярэдні край сукенкі, кашулі’ (ТСБМ, Мік., Мядзв., Шн. 2, Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк., Растарг.; чэрв., Сл. ПЗБ; ТС), перан. ’калені’ (віл., іўеў., чэрв., Сл. ПЗБ), прыпо́лле ’прыпол’ (Гарэц., Байк. і Некр.; Мат. Гом.), пры́пал ’тс’ (Сл. ПЗБ), сюды ж лексемы, якія працягваюць адзначаную семантыку: прыпо́л, прыпо́лле ’аб’ём таго, што можна пакласці ў прыпол ці фартух’ (Нас.), ’мера пры куплі-продажы’ (Інстр. 3). Рус. при́по́л ’крысо адзення; падол’, ’крысо адзення, падол, у які што-небудзь пакладзена’, припо́л ’колькасць чаго-небудзь, якая змяшчаецца ў падоле’, укр. припі́л ’полка ці крысо адзення, згорнутая такім чынам, каб у іх можна было пакласці што-небудзь’, польск. przypole ’фартух’. Ад пры‑ і пала́, гл. Першапачаткова прыпо́л, магчыма, абазначаў пярэдняе палотнішча спадніцы, калі яе рабілі з чатырох нашытых частак, накшталт панёвы; гл., напрыклад, Малчанава, Мат. культ., 140 і наст. Гэта была частка, якая знаходзілася пры по́лах і выкарыстоўвалася, калі ў яе трэба было пакласці што-небудзь; адсюль і пазнейшыя пераносныя значэнні.

Прыпо́л2 ’частка сахі, перакладная паліца’ (Др.-Падб., Гарэц.), прыпо́лак ’паліца ў сасе’ (Бяльк.; вільн., узд., Сл. ПЗБ), пріпо́лок ’тс’ (петрык., ельск., Маш., Выг.). Рус. смал. припо́лок ’невялікая паліца; палічка ў сасе для лепшага адвалу зямлі’. Утварэнне ад паліца (гл.) з адсячэннем суф. іца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)