АМЕНАРЭ́Я (ад а... + грэч. mēn месяц + rheō цяку),
адсутнасць менструацый на працягу 6 і больш месяцаў у палаваспелых жанчын (ад 15—16 да 45 гадоў). Абумоўлена недастатковасцю гармонаў, якія дзейнічаюць на палавыя органы жанчыны, або неўспрымальнасцю палавых органаў да гармонаў. Фізіялагічная аменарэя назіраецца да палавой спеласці, у перыяд цяжарнасці, лактацыі і ў клімактэрычны перыяд. Пры несапраўднай аменарэі менструальны цыкл нармальны, але кроў не выходзіць вонкі з прычыны заган развіцця палавых органаў (адсутнасць похвы або шыйкі маткі, адтуліны ў дзявоцкай пляве і інш.). Пры сапраўднай паталагічнай аменарэі адсутнічаюць цыклічныя змены ў палавых органах, фізіял. працэсы выспявання фалікулаў і яйцаклеткі, што выклікае бясплоднасць; парушана функц. сістэма рэгуляцыі менструальнай і ў цэлым генератыўнай функцыі жанчыны (гіпаталамус—гіпофіз—перыферычныя залозы—палавыя органы). Адрозніваюць аменарэю паталагічную першасную (менструацыі не было ні разу ў жыцці), абумоўленую паталогіяй выспявання яечнікаў, наднырачнікаў, шчытападобнай залозы, маткі, а таксама гіпаталама-гіпафізарнай вобласці і вышэйшых аддзелаў ц. н. с. Развіваецца пры ўздзеянні неспрыяльных фактараў на арганізм жанчыны ў перыяд унутрывантробнага развіцця і адразу пасля родаў. Аменарэя паталагічная другасная (менструацыя была хоць адзін раз) звязана таксама з захворваннямі органаў — звёнаў рэгуляцыі менструальнай функцыі ў выніку запаленчых, функцыян., арган. (пухліны) пашкоджанняў, нервова-псіхічных стрэсаў і інш. у перыяд палавой сталасці. Папярэднічае хваробе гіпаменструальны сіндром: менструацыі (пасля нармальных) рэдкія, кароткія, з мізэрным крывацёкам. Для лячэння неабходна спец. абследаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХЛІ́НЫ, новаўтварэнні,
паталагічныя лакальныя або дыфузныя разрастанні тканак арганізма чалавека і жывёл. Узнікаюць у выніку размнажэння якасна змененых клетак, атыповыя ўласцівасці якіх у адносінах дыферэнцыроўкі, характару росту і інш. працэсаў перадаюцца пры іх дзяленні. Самая вял. частата развіцця і разнастайнасць форм П. назіраецца ў чалавека. Вывучэннем прычын і механізмаў узнікнення П., іх біял. уласцівасцей, распрацоўкай дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі займаецца анкалогія. Анкалагічныя захворванні займаюць 2-е месца сярод прычын смерці дарослых і дзяцей. П. ўзнікаюць пад уздзеяннем шматлікіх унутр. (гарманальныя і імунныя парушэнні, перадпухлінныя захворванні і інш.) і знешніх прычын (іанізавальнае і ультрафіялетавае апрамяненне, анкагенныя рэчывы, курэнне, мех. траўма і інш.). Назвы асобных відаў П. паходзяць ад назвы тканак, з якіх яны развіваюцца, з дадаткам канчатка-ома. Адрозніваюць дабра- і злаякасныя П. (вылучаюць таксама прамежкавыя паміж імі). Дабраякасныя маюць выразныя межы, растуць павольна, у выніку навакольныя тканкі адсоўваюцца і сціскаюцца; небяспекі для арганізма звычайна не выклікаюць. Злаякасныя П. праяўляюцца ў форме рака ці саркомы. Асобна вылучаюць злаякасныя П. сістэмы крыві — лейкозы і лімфомы. Яны не маюць выразных межаў, хутка растуць, разбураюць навакольныя тканкі, выклікаюць метастазы з утварэннем пухлінных вузлоў. Пасля выдалення злаякасных П. часта ўзнікаюць рэцыдывы. Большасць П. развіваецца доўгі час без сімптомаў (да 10—20 г. і больш), часта на фоне перадпухлінных хвароб (напр., эрозія шыйкі маткі). Лячэнне: хірург., прамянёвае і хіміятэрапія. П. раслін выклікаюцца грыбамі, бактэрыямі, вірусамі, насякомымі, уздзеяннем нізкіх т-р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА.
Існавала ў 12—16 ст.; адзін з удзелаў, на якія ў 12 ст. распалася Полацкая зямля. Утворана, магчыма, пасля смерці кн. Усяслава Брачыславіча (1101) як удзел яго сына Барыса. Пасля Д.к. належала сынам апошняга Рагвалоду і Івану, менскаму кн. Расціславу Глебавічу і яго сыну Глебу (з 1151), зноў Рагвалоду Глебавічу (з 1158), яго сынам Глебу (1180) і Усяславу (1186) і мяркуемаму ўнуку Барысу (1197). У 13 — пач. 14 ст. ў Д.к., верагодна. правіла мясц. дынастыя, якая ў 1-й пал. 14 ст. трапіла ў васальную залежнасць ад Гедзіміна ці яго сына Альгерда. Пасля заняцця Альгердам велікакняжацкага пасада (1345) Д.к. ўвайшло ў ВКЛ. У 2-й пал. 14—1-й пал. 15 ст. яно ахоплівала тэрыторыю паміж Барысаўскай вол. на 3, Лукомскім княствам і Аболецкай вол. на Пн, Аршанскай і Копыскай вол. на У, Цяцерынскай вол. на Пд (часткі сучасных Талачынскага, Крупскага і Круглянскага р-наў). З 2-й пал. 15 ст. Д.к. пачало распадацца ў сувязі з падзелам яго тэр. паміж асобнымі галінамі кн.Друцкіх. Маёнткі Багрынава, Гольцава, Шыйкі адышлі да вял. князя і былі падараваны кн. Адзінцэвічам. Друцкі замак заставаўся ў сумесным валоданні ўсіх кн. Друцкіх. З канца 15 ст. ў выніку згасання некат. галін кн. Друцкіх іх долі ў Д.к. перайшлі да інш.феад. родаў: кн. Ямантовічаў, Гаштольдаў, Іллінічаў, Гарнастаяў, Сапегаў. У 16 ст. Д.к. канчаткова ператварылася ў кангламерат самастойных феад. вотчын. Пасля адм. рэформы ў ВКЛ 1565—66 яго тэр. цалкам уключана ў Аршанскі павет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЧНЫЯ ЎЛАСЦІ́ВАСЦІ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,
сукупнасць паказчыкаў, якія характарызуюць супраціўленне матэрыялаў прыкладзеным нагрузкам, асаблівасці іх дэфармавання і разбурэння. Вызначаюцца пры механічных выпрабаваннях: статычных (на расцяжэнне, сцісканне, выгін, кручэнне, цвёрдасць), дынамічных, або ударных (на ударную вязкасць), стомленасных (пры шматразовым прыкладанні нагрузкі), а таксама працяглых высокатэмпературных (на паўзучасць, працяглую трываласць, рэлаксацыю).
Дэфармацыя цела пад уздзеяннем нагрузкі вызначаецца дыяграмай дэфармацыі, якая запісваецца на выпрабавальнай машыне пры расцяжэнні (сцісканні) узору. Напружанне, пры якім парушаецца прапарцыянальны нагрузцы рост дэфармацыі, наз. мяжой прапарцыянальнасці; найб. напружанне, якое вытрымлівае матэрыял без праяўлення астаткавай пластычнай дэфармацыі, наз.мяжой пругкасці; напружанне, пры якім астаткавая адносная дэфармацыя дасягае 0,2% (паводле Дзяржстандарту), наз.ўмоўнай мяжой цякучасці; адносіны максімальнай нагрузкі, якую вытрымлівае матэрыял, да плошчы папярочнага сячэння наз.мяжой трываласці матэрыялу (характарызуе яго часовае супраціўленне пластычнай дэфармацыі); тангенс вугла нахілу прамой, што апісвае суадносіны паміж напружаннем і дэфармацыяй, лікава роўны модулю пругкасці матэрыялу. Для ацэнкі супраціўлення пластычнай дэфармацыі праводзяць таксама выпрабаванні на цвёрдасць уцісканнем шарыка, конуса або піраміды (гл.Брынеля метад, Роквела метад, Вікерса метад). Пластычнасць канструкцыйных матэрыялаў пры расцяжэнні ацэньваюць падаўжэннем або звужэннем, пры сцісканні — укарачэннем, пры кручэнні — найбольшым вуглом закручвання рабочай ч. ўзору.
Літ.:
Фридман Я.Б. Механические свойства металлов. 3 изд. М., 1974.
В.К.Грыбоўскі.
Да арт.Механічныя ўласцівасці матэрыялаў. Тыповая дыяграма дэфармацыі пры расцяжэнні канструкцыйных матэрыялаў: σ — напружанне; δ — адносная дэфармацыя; σn — мяжа прапарцыянальнасці; σe — мяжа пругкасці; σm — умоўная мяжа цякучасці; σв — мяжа трываласці; P — нагрузка; Fo — пачатковая плошча папярочнага сячэння ўзору; в — пункт максімуму крывой расцяжэння пры раўнамерным дэфармаванні; в′ — пункт абрыву; к — крывая дэфармавання пасля ўтварэння «шыйкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІТА́РА (ісп. guitarra ад грэч. kithara кіфара, цытра),
струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Сучасная гітара складаецца з драўлянага корпуса з глыбокімі выемкамі па баках і плоскімі дэкамі (на верхняй — круглая рэзанатарная адтуліна), шыйкі з грыфам (на грыфе 19—24 метал. лады), галоўкі з калкамі. Струны (6) металічныя ці нейлонавыя (адпаведна 4 ці 3 ніжнія абвіты метал. каніцеллю), часам двайныя рады струн (2 верхнія настройваюцца ва унісон, 4 ніжняя — у актаву). Звычайная настройка: E(D)-A-d-g-h-e1 (натуецца на актаву вышэй). З пач. 19 ст. вядома 7-струнная, т.зв. руская гітара квартава-тэрцавай настройкі: D-G-н-d-g-h-d1. Гукарад храматычны. Прыёмы гуказдабывання: шчыпок вял. пальцам ніжніх струн, указальным, сярэднім і безыменным — верхніх, бразганне па ўсіх струнах, зашчыпванне плектрам. Гучанне гітары мяккае, тэмбрава разнастайнае, добра спалучаецца з чалавечым голасам і некат. муз. інструментамі. Выкарыстоўваецца як сольны інструмент і для акампанементу.
Інструменты тыпу гітары былі вядомы ў Іспаніі з 13 ст. У інш. краінах Еўропы гітара пашырана з сярэдзіны 18 ст. Да таго часу адносяцца і найб. раннія сведчанні пра яе на Беларусі (выява на фрэсках Слонімскай сінагогі). Спачатку бытавала сярод магнатаў і шляхты, у 19 ст. — інш. слаёў насельніцтва. З 1920—30-х г. у бел.нар.муз. практыцы разам з мандалінай, балалайкай, скрыпкай і басэтляй уключалася ў склад т.зв. струннай музыкі. У апошні час у эстраднай музыцы і джазе выкарыстоўваюць электрагітары з некалькімі гуказдымальнікамі і т.зв. тэмбраблокам. Сярод вядомых прафес. гітарыстаў А.Сеговія, А.Сіхра, А.Іваноў-Крамской, з бел. — Я.Грыдзюшка, У.Захараў, В.Жывалеўскі.
І.Дз.Назіна.
Да арт.Гітара. Гітарыст Мастак В.А.Трапінін. 1823.