ФІТАФТАРО́ЗЫ (ад фіта... +грэч. phtoros знішчэнне, пагібель),
хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі роду фітафтора. Пашкоджваюць расліны шматлікіх сям. паслёнавых, ружакветных, цытрусавых і інш. Праяўляюцца некрозамі, плямамі, гнілямі, язвамі на пашкоджаных надземных і падземных ч. раслін; расліны вянуць, моцна адстаюць у росце і развіцці або гінуць. Заражэнне адбываецца летам (звычайна канідыямі), якія разносяцца ветрам і дажджом. Узбуджальнікі зімуюць у пашкоджаных органах раслін, расл. рэштках, глебе ў выглядзе міцэлію. ааспор, хламідаспор. Пашырэнню Ф. спрыяе вільготнае надвор’е. Пры Ф. бульбы і памідораў (на Беларусі найб. шкаданосныя) лісце, часцей у 2-й пал. лета, пакрываецца буйнымі бурымі плямамі з белым павуціністым налётам канідый грыба на ніжнім баку, потым адмірае. На клубнях і пладах бурыя, шэрыя плямы разрастаюцца і ператвараюцца ў бурую цвёрдую гніль. Найб. устойлівыя да Ф. сарты бульбы: Лошыцкая, Тэмп, Агенчык і інш.Ружовая гніль бульбы праяўляецца ў сховішчах. Пашкоджаныя клубні на разрэзе напачатку ружавеюць, потым чарнеюць; у раслін гніюць карані і каранёвыя шыйкі. Ф. пладовых і дрэвавых культур праяўляюцца некрозамі і ўтварэннем ракавых трэшчын на ствалах і галінках яблыні, грушы, хвоі, гніллю пладоў, лісця і каранёў у яблыні і грушы.