Калоць1 ’датыкаючыся чым-н. вострым, выклікаць боль; утыкаючы што-н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым-н., праколваць’, ’бадаць, пароць (рагамі); забіваць чым-н. вострым (свіней)’, ’рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць’ (ТСБМ). У гаворках адзначаюцца значэнні ’датыкаючыся вострым, выклікаць боль і да т. п.’ (Бяльк., Касп., Нас., Сержп. Прымхі, Яруш.), ’забіваць свінню’ (Сержп. Прымхі), ’забіваць (рыбу) васцямі’ (полац., З нар. сл.), ’рассякаць на часткі, расшчапляць’ (Радч., Юрч.); у форме калоцца ’бадацца’ адзначаюць Мат. Гом.; калоць ’бадаць; забіваць; адчуваць востры боль, шчапаць’ (Сл. паўн.-зах.), калоць ’расшчапляць, калоць дровы; біць рагамі’ (ТС). У іншых мовах: укр. колоти ’калоць, бадаць, забіваць’, ’калоць свіней; расшчапляць, калоць дровы’, рус. колоть ’калоць; раздрабляць; забіваць свіней; калоць дровы і да т. п.’, у гаворках яшчэ і ’бадаць’, ’жаліць’. Польск. kłuć ’калоць; праколваць чым-н. вострым; раніць вочы’, ст.-польск. таксама ’змагацца на турніры’, літар. і дыял. ’забіваць (свінню) і інш.’, ’расшчапляць, калоць дрэве’ і цікавае ў Ліндэ, дыял. ’прарастаць’ (у Карловіча, 2, 377: «Pszenierka się kole»). Шэраг польск. значэнняў (гл. Слаўскі, 2, 275) безумоўна пад беларускім уплывам, параўн. адпаведныя спасылкі ў Карловіча, там жа, в.-луж. kłóć ’калоць; расшчапляць і да т. п.’, н.-луж. kłojś у падобных значэннях, чэш. kłáti ’калоць, забіваць; змагацца на турніры’, чэш. мар. ’бадаць; расшчапляць’, славац. klať ’забіваць (свіней)’, славен. kláti ’калоць; расшчапляць; біць; забіваць; кусаць; мучыць і да т. п.’, серб.-харв. кла́ти ’забіваць; мучыць; калоць; кусаць і да т. п.’, макед. колам ’забіваць, мучыць’, балг. коля ’пераразаць горла або адразаць галаву жывёле, калоць’, дыял. ’разразаць’, ст.-слав. клати ’заколваць, забіваць’. Узнаўляецца прасл. kolti з відавочна даўняй дыферэнцыяцыяй значэнняў на базе ’калоць (біць, датыкацца чым-небудзь вострым’, што давала і ’расшчапляць’ і ’забіваць’ (адкуль ’мучыць’ і інш.), гл. Слаўскі, 2, 275, дзе шырока прыводзіцца ранейшая літаратура. З і.-е. адпаведнікаў звычайна прыводзяць літ. kálti ’каваць, выдзёўбваць’ (цікава, што адпаведнае да слав. kovati літ. káuti мае значэнні ’біць, забіваць’ зусім не кавальскія тэрміны), лат. kalt ’біць’; з улікам іншых і.-е. форм узнаўляюць і.-е. kol параўн. БЕР, 2, 564.

Кало́ць2 ’свідраваць’ (Юрч.). Адпаведнікаў да гэтай лексемы як быццам няма. Магчыма, мясцовы наватвор на базе калоць ’праколваць дзірку’, адкуль ’рабіць дзірку’ > ’свідраваць’.

Кало́ць3 у выразе калоць‑калоць ’ківаць з боку на бок, патрасаючы’ (Нік. Напаў.), да калаціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трысці́ць1 ‘зводзіць дзве або тры ніткі ў адну для далейшага сукання’ (Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Мядзв., Варл., Янк. 1, Сцяц., Янк. 1, Сцяц., Сл. ПЗБ; арш., мёрск., в.-дзв., Шатал.; мсцісл., Жыв. сл.; рагач., Арх. ГУ, ЛА, 4, Мат. Маг.; круп., Нар. сл.), ‘падрыхтоўваць ніткі для сукання’ (Жд. 2), тросці́ць ‘тс’ (ТС), трасці́ць ‘тс’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Параўн. рус. тростить, тра́щивать, трестить ‘скручваць, звіваць, сплятаць, віць (вяроўку), сукаць, здвойваць пражу на верацяне’, ‘зліваць, ссыпаць у адно месца’, ‘змешваць’: не трости жита с ячменем (Даль), сюды ж, відаць, і балг. дыял. тръсти́на ‘вяроўка з конскага хваста або грывы’. Паводле Мяркулавай (Очерки, 47), дзеяслоў вытворны ад *trъstь/*trьstь (гл. тросць1;) з двума супрацьлеглымі значэннямі ‘віць, звіваць’ і ‘драбіць, расшчапляць на часткі’ (гл. трысціць2). Вывядзенне дзеяслова з тросць1 пацвярджаецца выразай трысьці́ць бе́рда ‘ўстаўляць новыя трысцінкі ў бёрдзе замест выпаўшых або паламаных’ (Нік. Очерки), а таксама трысці́ць аснову ‘ўводзіць аснову ў бёрда’ (там жа), трасці́ць ‘рабіць новае бёрда, устаўляць у яго трасцінкі’ (в.-дзв., Шатал.). Крытычны разгляд ранейшых версій з канстатацыяй іх недастатковай агрументаванасці гл. у Фасмер, 4, 108. Сюды ж трэ́шчаны ‘ссуканы’ (Сцяшк. Сл.; чэрв., ст.-дар., лід., Сл. ПЗБ), тры́шчаны ‘злучаны з 2–3 столак, нітак’ (Нас.; мсцісл., Жыв. сл.), трышчо́ны ‘злучаны разам (пра ніткі)’ (Ск. нар. мовы, Сцяц., Янк. 1, Мат. Гом.), тро́шчаны ‘складзены ўдвая’ (стол., ЛА, 4), тро́шчэны ‘ў якім зведзены дзве ніткі разам’ (ТС).

Трысці́ць2 ‘біць, разбіваць’ (Мат. Маг.), ‘ламаць з трэскам, без разбору’ (Юрч. Сін.), ‘ламаць на дробныя кавалкі, трэскі’ (Растарг.), тры́сціць ‘ламаць што-небудзь слаістае’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж тры́шчыць ‘рабіць, шчапаць, ламаць’ (Нас.) і трашчыць2 (гл.). На рускай тэрыторыі — толькі на мяжы з беларускай, параўн. рус. смал. растрысти́ть ‘драбіць на кавалачкі’, потрысци́ть ‘пашчапаць, паламаць на дробныя часткі’ (Дабр.). На думку Мяркулавай (Очерки, 47), ідэнтычна паводле паходжання трысціць1 (гл.), што, відавочна, грунтуецца на фіксацыі Даля (без указання тэрыторыі) рус. трести́ть лучину «расшчапляць мелка, на запалкі» ад тре́ста ‘чарот, траснік’. Аднак больш шырокая семантыка дазваляе зблізіць словы з іншымі дзеясловамі з варыянтным вакалізмам, як у трусці́ць ‘біць, разбіваць на кавалкі’, тру́шчыць, тру́скаць (гл.), укр. тро́скати ‘ўдараць пугай’, польск. trzaskać ‘раптоўна ўдараць па чым-небудзь, выклікаючы моцны розгалас’, ‘біць, таўчы’, ‘лопацца з трэскам’, чэш., славац. trosky ‘абломкі, рэшткі, руіны’, харв. trȍska, серб. тро̏ска ‘гараль, акаліна’, ‘шлак’, што да прасл. *trъstiti/*troskati гукапераймальнага паходжання, гл. троскат, трэск. Параўн. Фасмер, 4, 107; ЕСУМ, 5, 649; Борысь, 647.

Трысці́ць3 ‘крыць хату’, ‘перабудоўваць хату’ (слуц., Жыв. сл.). Відаць, пашырэнне значэння трысціць1 ‘складваць, злучаць’, магчыма, з канкрэтызацыяй ‘пакрываць чаротам’, што да тросць1, трысцё, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)