Гай Пліній Цэцылій Секунд (Gaius Plinius Caecilius Secundus; 61 ці 62, г. Кома, Італія — каля 114), старажытнарымскі пісьменнік і дзярж. дзеяч. Пляменнік і прыёмны сын Плінія Старэйшага. Консул (100), імператарскі легат у прав. Віфінія і Понт (111—113). З твораў П. захаваліся 10 кн. пісьмаў і пахвальная прамова ў гонар Траяна («Панегірык»). У лістах П. вял.гіст. матэрыял, які характарызуе эканам. і паліт. жыццё ў Рым. імперыі 1—2 ст., яе культуру і побыт.
Тв.:
Рус.пер. — Письма Плиния Младшего. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІКАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад полі... + кандэнсацыя),
метад сінтэзу палімераў, заснаваны на рэакцыі паміж сабой бі- або поліфункцыян. манамераў і (ці) алігамераў, якая звычайна суправаджаецца вылучэннем нізкамалекулярнага прадукту (вады, аміяку, спірту і інш.); адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў.
П. біфункцыян. манамераў наз. лінейнай, П. з удзелам манамераў, у якіх больш за 2 функцыян. групы, — трохвымернай; у выніку ўтвараюцца, адпаведна, лінейныя і сеткавыя палімеры. Разнавіднасць П. — поліцыклакандэнсацыя, пры якой адначасова з П. адбываецца ўнутрымалекулярная цыклізацыя лінейнага прадукту. П. ляжыць у аснове біясінтэзу бялкоў, нуклеінавых кіслот, цэлюлозы, крухмалу і інш. У прам-сці выкарыстоўваюць для атрымання поліэфіраў (напр., поліэтылентэрэфталату), сінт. смол (напр., фенола-фармальдэгідных смол), поліамідаў, полікарбанатаў, поліўрэтанаў і інш.
Літ.:
Соколов Л.Б. Основы синтеза полимеров методом поликонденсации. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́Ў (Уладзіслаў Генадзевіч) (28.12.1908, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 1993),
расійскі харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Нар.арт.СССР (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1936). Вучань А.Аляксандрава, Дз.Кабалеўскага. З 1936 арганізаваў і ўзначаліў Дзіцячы хор пры Цэнтр. доме маст. выхавання дзяцей, выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1951 праф., у 1957—60 і з 1980 заг. кафедры). Адначасова ў 1946—52 хормайстар Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі, у 1956—88 арганізатар і маст. кіраўнік Дзярж. маскоўскага хору. У рэпертуары хар. творы розных эпох, стыляў, жанраў. Сярод яго твораў хар. цыклы, апрацоўкі рус.нар. песень. Аўтар кн. «Работа з хорам» (3-е выд. 1967) і падручніка (у сааўтарстве). Сярод вучняў М.Кутузаў, У.Мінін, Г.Панцюкоў. Дзярж. прэмія Расіі 1979.
Літ.:
В.Соколов: Дирижер, педагог, композитор. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РКІ (Mustela),
2 віды млекакормячых жывёл сям. куніцавых. Н. амер. (M. vison) пашырана ў Паўн. Амерыцы, акліматызавана ва Усх. Еўропе (на Беларусі з 1953) і на Д. Усходзе. Н. еўрап. (M. lutreola) пашырана ў Еўропе і паўд.зах. Сібіры. Жывуць у норах, дуплах, каля лясных рэк, азёр, балот.
Даўж. Н. амер. да 54 см, хваста да 25 см, маса да 2,4 кг; даўж. Н. еўрап. да 45 см, хваста да 20 см, маса да 1.1 кг. Цела тонкае, выцягнутае, ногі кароткія, з плавальнымі перапонкамі. Футра густое, бліскучае, бураватае. Драпежнікі. Палігамы. Нараджаюць да 9, зрэдку да 18 дзіцянят. Аб’екты промыслу і развядзення. Н. амер. гадуюць на зверафермах з 1870-х г., на Беларусі — з 1966. Выведзена больш за сотню каляровых варыяцый.
Літ.:
Соколов В.Е. Редкие и исчезающие животные;
Млекопитающие. М., 1986;
Сидорович В.Е. Норки, выдра, ласка и другие куньи. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СТАВАНГАРД (ад пост... + авангард),
неаавангард, у музыцы ўмоўная назва розных плыней сучаснага зах.-еўрапейскага муз. мастацтва, для якіх характэрна адмаўленне ад эстэт. установак авангарда. Тэрмін зацвердзіўся ў канцы 1960-х г. Выявіўся ў змешванні розных стыляў (гл.Полістылістыка), тэхнік пісьма ў адным творы (напр., «Атмасферы» Дз.Лігеці). Разрыў паміж пераўскладненай авангарднай музыкай і ўспрыманнем яе публікай прывёў да ўзнікнення музыкі мінімалістаў з культам прастаты, звароту да традыц. музыкі ўсх. культур з іх запаволеным успрыманнем часу. Для П. характэрны пошук новых уласцівасцей гуку (у галіне санорыкі, мікрахраматыкі, электроннай музыкі), панаванне т.зв. афармальнай музыкі: «адкрытых» твораў, ці якія «развіваюцца» (усе віды алеаторыкі, «момантавая музыка», «жывая электронная музыка», «музыка дзеяння» і інш., у якіх муз. твор прадстаўлены не як вынік творчай дзейнасці, а як працэс). Яскравыя вынаходніцтвы П. — формульная, мультыформульная і суперформульная кампазіцыі. Рысы П. найб. уласцівы творчасці кампазітараў Л.Берыо, Г.Генцэ, К.Штокгаўзена, П.Булеза, Л.Нона. У бел. музыцы П. у чыстым выглядзе не знайшоў увасаблення, пэўныя яго прыёмы выкарыстоўваюць А.Сонін («Прысвячэнне Сапфо»), Дз.Смольскі («Актафонія») і інш.
Літ.:
Соколов А.С. Музыкальная композиция XX в.: Диалектика творчества. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКАКРЫ́ЛЫЯ (Chiroptera),
атрад млекакормячых, якія прыстасаваліся да працяглага палёту. 2 падатр.: крыланы (Megachiroptera) і лятучыя мышы, або кажаны. Вядомы з эацэну (каля 65 млн.г. назад). Крыланы пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я; каля 200 відаў. Лятучыя мышы пашыраны паўсюдна, акрамя Арктыкі і Антарктыды; больш за 800 відаў. Насяляюць розныя ландшафты, жывуць у пячорах, расколінах скал, дуплах, пабудовах і інш. Большасць відаў утвараюць калоніі (часам да некалькіх млн. асобін). Актыўныя ў прыцемку і ўначы. Некат. трапічныя віды — носьбіты вірусаў шаленства і інш. небяспечных хвароб. На Беларусі 17 відаў з родаў вячэрніцы, начніцы, вушаны, кажаны, нетапыры і шыракавушкі. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 4 падвіды; у Чырв. кнізе Беларусі — 7 відаў.
Даўж. крыланаў да 42 см, размах крылаў да 1,65 м; даўж. кажаноў да 14 см. Пярэднія канечнасці ператвораны ў скурыстыя крылы, якія, як і ўсё цела, укрыты кароткім аксаміцістым валасяным покрывам. У палёце і пры паляванні арыентуюцца гал. чынам з дапамогай ультрагуку. З органаў пачуццяў найб. развітыя слых і дотык. Крыланы кормяцца пераважна пладамі, лятучыя мышы — насякомаедныя, некат. — рыбаедныя, ёсць крывасмокі. Нараджаюць 1—2 дзіцянят 1 раз у год. Гл. таксама Вушан, Кажанок.
расійскі мастак. Нар. мастак Расіі (1956). Правадз.чл.АМСССР (1949). Вучыўся ў студыі І.Машкова ў Маскве (1914—18) і маскоўскіх Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—22). Старшыня аб’яднання «Быццё» (1920), чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1926), маст. кіраўнік «Окон ТАСС» (1941—45). Выкладаў у Студыі ваен. мастакоў імя М.Грэкава (1935—41), маскоўскім ін-це прыкладнога і дэкар. мастацтва (1948—51), маст. ін-це (1953—60) і інш. Ствараў прасякнутыя рамант. пафасам гісторыка-рэв., батальныя і жанравыя карціны: «Пакаранне Сцяпана Разіна» (1923), «Таманскі паход» (1928), «Шлях з Горак» (1929), «Браты» (1932), трыпціх «Шчорс» (1938), «Краснадонцы» (1948). Аўтар серыі «Гады і людзі» (1930—31). Аформіў спектаклі «Іван Грозны» А.Талстога (1945), «Стварэнне свету» М.Пагодзіна (1945) у Малым т-ры; «Ад усяго сэрца» Г.Жукоўскага (1951) у Вял. т-ры ў Маскве; кнігі А.Фадзеева, Дз.Фурманава, П.Яршова і інш. Выступаў таксама як майстар панарам і дыярам (кіраваў аднаўленнем панарамы Ф.Рубо «Абарона Севастопаля», 1954—56). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОК ((Locke) Джон) (29.8.1632, Рынгтан, Вялікабрытанія — 28.10.1704),
англійскі філосаф і паліт. мысліцель, заснавальнік лібералізму, асацыятыўнай псіхалогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1668). Скончыў Оксфардскі каледж. У 1667—69 жыў у Францыі і Галандыі. У цэнтры філасофіі Л. — тэорыя пазнання, заснаваная на адмаўленні існавання прыроджаных ідэй і прынцыпаў. Паводле Л., усе чалавечыя веды зыходзяць з вопыту; вопыт складаецца з простых ідэй — пачуццёвых уражанняў і назіранняў, якому розум падпарадкоўвае сваю дзейнасць («Вопыт пра чалавечы розум», 1690). Развіў вучэнне пра першасныя і другасныя якасці і тэорыю ўтварэння агульных ідэй (абстракцый). Яго сац.-паліт. канцэпцыя абапіраецца на звычаёвае права і тэорыю грамадскага дагавору («Два трактаты пра кіраванне», 1690). Распрацоўваў праблемы фарміравання грамадзянскай супольнасці і ўзнікнення дзяржавы, тэорыі раздзялення ўлад, як гал. элемента прававой дзяржавы. Абгрунтаваў палажэнне аб прыватнай уласнасці як неад’емным атрыбуце чалавека, узаемасувязі прыватнай уласнасці з працай чалавека і яго дабрабытам. У педагогіцы зыходзіў з вырашальнага ўплыву асяроддзя на выхаванне («Некаторыя думкі аб педагогіцы», 1693). Яго творы ў 18—19 ст. паўплывалі на развіццё тэорыі натуральнага права, канцэпцый грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы ў Беларусі, Літве і Польшчы (Б.Дабшэвіч, А.Доўгірд, К.Нарбут, А.Скарульскі, Я.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш.).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. филос. произв. Т. 1—2. М., 1960.
Літ.:
Нарский И.С. Философия Джона Локка. М. 1960;
Соколов В.В. Европейская философия XV—XVII вв. М., 1984. С. 402—427.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЗУНЫ́ (Rodentia),
найбольш шматлікі атрад класа млекакормячых. 33 сям., каля 1600 відаў (паводле інш. звестак да 2000 відаў), што складае 40% ад відаў млекакормячых сусв. фауны. Вядомы з пач. палеацэну. Узніклі, магчыма, ад агульных продкаў з насякомаеднымі. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Найб. разнастайныя і шматлікія ў адкрытых ландшафтах умеранага і субтрапічнага паясоў, асабліва ў арыдных зонах. Найб. пашыраны вавёркавыя (гл.Вавёркі), палятухі, бабры, нутрыевыя (гл.Нутрыя), марскія свінкі, соні, тушканчыкавыя (гл.Тушканчыкі), мышоўкавыя (гл.Мышоўкі), мышыныя (гл.Мышы), слепаковыя (гл.Слепакі) і інш. 15 відаў і 4 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 сям., 24 віды. Насяляюць палі, лясы, сады, поймы рэк, зараснікі па берагах вадаёмаў, трапляюцца каля жылля і ў будынках. 3 віды — соня арэшнікавая (Muscardinus avellanarius), соня садовая (Eliomus quercinus) і палятуха звычайная (Pteromys volans) занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Даўж. цела ад 5 (мышоўкі) да 130 см (вадасвінка), маса ад 6 г да 60 кг. Валасяное покрыва (шчацінне або іголкі) ад густога, мяккага да рэдкага. Разцы развітыя, увесь час растуць і вострацца пры сціранні, карэнныя зубы з шырокай жавальнай паверхняй, аддзеленыя ад разцоў прамежкам — дыястэмай. Пераважна расліннаедныя. Вельмі пладавітыя, у многіх некалькі прыплодаў за год. Грызуны — корм для драпежных птушак і млекакормячых. Многія — захавальнікі і пераносчыкі прыродна-ачаговых хвароб, шкоднікі, аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАО́ПТЫКА,
раздзел фізікі, у якім вывучаецца ўзаемадзеянне металаў з эл.-магн. хвалямі аптычнага дыяпазону. Аптычныя характарыстыкі металаў выкарыстоўваюцца ў вытв-сці метал. люстэркаў, святлодзялільных паверхняў, дыфракцыйных рашотак і інш.; метадамі М. выяўляюцца вокісныя плёнкі на паверхні металаў, вызначаюцца іх аптычныя ўласцівасці і інш.
Узаемадзеянне эл.-магн. хвалі з металам звязана з наяўнасцю ў ім электронаў праводнасці і валентных электронаў. Аптычныя ўласцівасці металаў апісваюцца камплексным паказчыкам пераламлення, які ўстанаўлівае сувязь паміж падаючай і пераломленай хвалямі праз каэфіцыент паглынання і характарызуе затуханне хвалі ўнутры металу. Значэнні каэфіцыентаў адбіцця і паглынання залежаць ад электроннай будовы металу і даўжыні падаючай хвалі. Вял. каэфіцыент адбіцця (напр., у серабра да 99%) у шырокім дыяпазоне частот абумоўлены вял. канцэнтрацыяй электронаў праводнасці. Токі праводнасці экраніруюць знешняе эл.-магн. поле і вядуць да затухання хвалі ўнутры металу (хваля затухае ў слоі металу таўшчынёй да 1 мкм). Электроны праводнасці могуць паглынаць надзвычай малыя кванты энергіі, што істотна ў радыёчастотнай і інфрачырвонай абласцях спектра. Валентныя электроны ўдзельнічаюць ва ўнутр. фотаэфекце, што вядзе да ўтварэння палос паглынання, якія назіраюцца ў бачнай і бліжэйшай ультрафіялетавай абласцях спектра. З павелічэннем частаты каэфіцыент паглынання металаў змяншаецца і, напр., у рэнтгенаўскай вобласці, дзе аптычныя ўласцівасці металаў вызначаюцца электронамі ўнутр. абалонак атамаў, металы амаль не адрозніваюцца па аптычных уласцівасцях ад дыэлектрыкаў.
Літ.:
Соколов А.В. Оптические свойства металлов. М., 1961;
Металлооптика и сверхпроводимость. М., 1988;
Степанов Б.И. Введение в современную оптику. Мн., 1989.