ЮРКО́ЎСКІ Сігізмунд Антонавіч (? — 1901),

расійскі і бел. фатограф-вынаходнік, адзін са старэйшых фатографаў Расіі. Жыў і працаваў у Віцебску, дзе з 1867 меў уласнае атэлье. Сябраваў з І.Я.Рэпіным, наведваў яго ў Здраўнёве (каля Віцебска) у 1890-я г. Зрабіў некалькі фатаграфій мастака і членаў яго сям’і, майстэрні з работамі. Аўтар публікацый па ўласцівасцях фатагр. матэрыялаў, выкарыстанні фатаграфіі ў крыміналістычнай практыцы і інш. Вынайшаў імгненны фатагр. затвор (1882), механізм якога адкрываў і закрываў уваходную адтуліну фотааб’ектыва. Першы ў свеце сканструяваў шторна-шчылінны затвор для кароткіх экспазіцый (1883), які і стаў прататыпам затвораў сучасных малафарматных фотаапаратаў.

Літ.:

Соколов И.В. Вклад русской науки и техники в изобретение кинематографа // Изв. АН СССР. Отд. техн. наук. 1952. № 4;

Падліпскі А.М. Здраўнёва: тут жыў І.​Я.​Рэпін. Мн., 1995. С. 30—33.

М.​М.​Касцюковіч.

С.А.Юркоўскі.

т. 18, кн. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)