ПАРААМІНАБЕНЗО́ЙНАЯ КІСЛАТА́, вітамін H1,

роставы фактар многіх мікраарганізмаў, у т. л. насельнікаў кішэчніка жывёл і чалавека, якія сінтэзуюць з яе фоліевую кіслату.

Бясколернае крышт. рэчыва, дрэнна раствараецца ў вадзе, добра ў спірце. Спрыяе сінтэзу РНК і ДНК, уплывае на абмен некат. біягенных амінаў. Антымікробнае ўздзеянне сульфаніламідных прэпаратаў заснавана на іх здольнасці (з-за структурнага падабенства з П.к.) парушаць сінтэз фоліевай к-ты. Этылавы (анестэзін) і дыэтыламінаэтылавы (навакаін) эфіры П.к. выкарыстоўваюць у медыцыне. На П.к. багатыя печань, ныркі, сэрца, дрожджы.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНІ́Н, 2-аміна-6-оксіпурын,

пурынавая аснова, якая ёсць ва ўсіх жывых клетках у саставе нуклеінавых к-т (ДНК і РНК). Структурны кампанент нізкамалекулярных каферментаў, зыходнае рэчыва пры біясінтэзе птэрынаў, рыбафлавіну, фоліевай к-ты. Нуклеатыд гуаніну ўдзельнічае ў сінтэзе бялку, актывацыі тлушчавых к-т, цыкле трыкарбонавых к-т, глюканеагенезе. У значнай колькасці знаходзіцца ў экскрэментах павукападобных і птушак (адкрыты ў складзе гуана, адсюль назва), у лусцэ і скуры рыб (вапнавае злучэнне гуаніну надае лусцэ рыб характэрны бляск), паўзуноў і земнаводных. Пры дэзамінаванні адэназіндэзаміназай гуанін пераўтвараецца ў ксанцін.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РНБЕРГ (Kornberg) Артур (н. 3.3.1918, Нью-Йорк),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Сіці-каледж у Нью-Йорку (1937) і Рочэстэрскі ун-т (1941). З 1947 у Нац. ін-це аховы здароўя, з 1950 адначасова ў Каліфарнійскім ун-це, з 1953 праф. Вашынгтонскага, з 1959 — Станфардскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні ўтварэння каферментаў, выдзяленні і вызначэнні хім. структуры ферментаў, ферментатыўным каталізе. Выдзеліў фермент ДНК-полімеразу, атрымаў біялагічна актыўную ДНК, адкрыў механізм біясінтэзу РНК і ДНК. Нобелеўская прэмія 1959 (разам з С.​Ачоа).

А.Корнберг.

т. 8, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФА́ЗА (ад грэч. pro раней, перад + phasis з’яўленне),

першая фаза дзялення клеткі і яе ядра шляхам меёзу ці мітозу. Найб. складаная і працяглая фаза. Важныя адзнакі П. — кандэнсацыя храмасом, спыненне сінтэзу РНК, растварэнне ядзерка і пачатак фарміравання верацяна дзялення. У клетках жывёл і некат. ніжэйшых раслін верацяно дзялення ўтварае мітатычны апарат разам з цэнтрыёлямі, у клетках вышэйшых раслін і некат. прасцейшых — без іх. У П. меёзу I, якая мае 5 стадый, акрамя таго адбываецца кан’югацыя гамалагічных храмасом. П. меёзу II адбываецца аналагічна П. мітозу.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФЕКЦЫ́ЙНАЯ АНЕМІ́Я КО́НЕЙ,

вірусная хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем органаў кроваўтварэння, пастаяннай або з рэцыдывамі ліхаманкай, анеміяй і працяглым вірусаносьбіцтвам. Пашырана ў многіх краінах свету, у т. л. на Беларусі. Хварэюць коні, радзей аслы і мулы. Узбуджальнік — РНК-змяшчальны вірус, крыніцай якога з’яўляюцца хворыя жывёлы і вірусаносьбіты, крывасосныя насякомыя і інш. Інкубацыйны перыяд 5—90 сут. Цячэнне хваробы спачатку вострае, потым хранічнае і латэнтнае. Т-ра павышаецца да 40—42 °C. Адзначаецца агульная слабасць, узбуджальнасць, сардэчная недастатковасць, ацёкі ў вобласці жывата і канечнасцей. У крыві рэзка памяншаецца колькасць эрытрацытаў і гемаглабіну, павялічваецца колькасць лімфацытаў. Лячэнне не распрацавана.

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНО́ (Monod) Жак Люсьен (9.2.1910, Парыж — 31.5.1976),

французскі біяхімік і мікрабіёлаг. Чл. Франц. АН. Скончыў Парыжскі ун-т (1934), працаваў у ім. З 1945 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы (з 1971 дырэктар), адначасова з 1959 праф. Парыжскага ун-та, у 1967—72 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па пытаннях росту бактэрый, індукцыі і рэпрэсіі бактэрыяльных ферментаў. Аўтар гіпотэз аб пераносе пры ўдзеле інфарм. РНК генет. інфармацыі з ДНК на рыбасомы і аб механізме генет. рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрый (канцэпцыя аперона). Нобелеўская прэмія 1965 (разам з Ф.Жакобам і А.М.Львовым).

Ж.Мано.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́ЛІЕВАЯ КІСЛАТА́, вітамін B9, вітамін Bc, фалацын,

C13H19O6N7, вітамін з групы B. Вылучыў амер. хімік Р.​Уільямс (1941). Пашырана ў расл. і жывёльных тканках (напр., капуста, таматы, суніцы, печань). У арганізм чалавека паступае з ежай.

Дробнакрышт. жоўты парашок без смаку і паху, дрэнна раствараецца ў вадзе, разбураецца пад уздзеяннем святла, пры апрацоўцы і кансерваванні гародніны. Складаецца з астаткаў гетэрацыклічнага птэрыдзіну, параамінабензойнай кіслаты і глутамінавай кіслаты. Актыўная форма Ф.к. — тэтрагідрафоліевая к-та. Удзельнічае ў сінтэзе ДНК і РНК. Неабходная для размнажэння клетак, росту і развіцця арганізма. Сутачная патрэбнасць чалавека 0,2—0,4 мг.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЛІ (Holley) Роберт Уільям (28.1.1922, г. Эрбана, ЗША — 11.2.1993),

амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл. Нац. АН ЗША (1968), Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Д-р філасофіі (1947). Скончыў Ілінойскі (1942) і Корнелскі (1947) ун-ты. З 1947 у Вашынгтонскім, з 1948 у Корнелскім ун-тах. З 1966 у Ін-це Солка, адначасова з 1968 ва ун-це Каліфорніі (г. Сан-Дыега). Навук. працы па расшыфроўцы будовы індывід. транспартных РНК (тРНК). Атрымаў (1962) высокаачышчаныя прэпараты 3 прыродных тРНК і вызначыў (1965) поўную структуру адной з іх — аланінавай. Нобелеўская прэмія 1968. (з Х.Г.Каранам, М.У.Нірэнбергам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Р.У.Холі.

т. 17, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЭНАКАРТЫКАТРО́ПНЫ ГАРМО́Н, картыкатрапін (АКТГ),

гармон пярэдняй долі гіпофіза, які стымулюе функцыю кары наднырачнікаў (выпрацоўку картызону). Поліпептыд складаецца з 39 рэшткаў амінакіслот. Выдзяленне АКТГ рэгулюецца гармонам гіпаталамуса кортыкаліберынам. На яго сакрэцыю ўплываюць антыдыурэтычны гармон, катэхаламіны, вазаактыўны інтэрстынальны пептыд, картызол, ангіятэнзін. Пры дзеянні АКТГ на кару наднырачнікаў стымулюецца яе рост, паскараецца сінтэз бялку і РНК, павялічваецца сінтэз і сакрэцыя стэроідаў наднырачнікаў, што паскарае пераўтварэнне халестэролу ў прэгненалон. АКТГ у вял. колькасці можа выклікаць актывацыю ліпазы і ўзмацненне ліполізу, стымуляваць сакрэцыю інсуліну падстраўнікавай залозай. Прэпараты АКТГ атрымліваюць з гіпофіза свіней, авечак; выкарыстоўваюць як лек. сродкі пры захворванні сістэмы крыві, рэўматоідным артрыце, падагры, розных алергічных хваробах і інш.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЯФА́ГІ [ад бактэрыі +...фаг(і)], фагі,

вірусы бактэрый, здольныя пашкоджваць бактэрыяльную клетку, размнажацца ў ёй і выклікаць яе разбурэнне (лізіс). Пашыраны ў глебе, раслінных і жывёльных арганізмах. Вылучаюць бактэрыяфагі ўмераныя (не парушаюць жыццядзейнасці пашкоджанай клеткі) і вірулентныя (выклікаюць гібель клеткі). Упершыню апісаны ў 1915. Класічны аб’ект даследаванняў у малекулярнай генетыцы. Выкарыстоўваюць для фагапрафілактыкі і фагатэрапіі інфекцыйных хвароб.

Складаюцца з бялковай абалонкі (капсіда) і ўнутранага змесціва — нуклеінавай кіслаты (ДНК або РНК). Маюць форму сперматазоіда або ніткападобную ці шматгранную. Да вызначанай клеткі прымацоўваюцца з дапамогай хваставых нітак-адросткаў.

Схема будовы бактэрыяфага: 1 — абалон-ка; 2 — нуклеінавая кіслата; 3 — стрыжань; 4 — канал; 5 — чахол; 6 — базальная пласцінка; 7 — зубцы; 8 — ніткі-адросткі.

т. 2, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)