МАНО́ ((Monod) Жак Люсьен) (9.2.1910, Парыж — 31.5.1976),
французскі біяхімік і мікрабіёлаг. Чл.Франц.АН. Скончыў Парыжскі ун-т (1934), працаваў у ім. З 1945 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы (з 1971 дырэктар), адначасова з 1959 праф. Парыжскага ун-та, у 1967—72 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па пытаннях росту бактэрый, індукцыі і рэпрэсіі бактэрыяльных ферментаў. Аўтар гіпотэз аб пераносе пры ўдзеле інфарм. РНК генет. інфармацыі з ДНК на рыбасомы і аб механізме генет. рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрый (канцэпцыя аперона). Нобелеўская прэмія 1965 (разам з Ф.Жакобам і А.М.Львовым).