Пілаві́ны (пілові́ны), пілаві́нне (плаві́ньня, пілаві́ня, пілаве́нне, пыловэ́ньне, пыловы́нне), пілаўня́ ’апілкі, адходы пры пілаванні’ (ТСБМ; Гарэц.; Шат.; Сл. ПЗБ; Варл.; Сл. Брэс.; Сцяшк. Сл.; Бяльк.; рагач., Мат. Гом.; карэліц., Нар. словатв.; Скарбы; ЛА, 1), зах.-укр. пилови́ння, лемк. пилови́ни, польск. piłowiny ’тс’. Бел.-польск.-зах.-укр. ізалекса. Да пілава́ць < піла́ (гл.). Суф. ‑ін‑ы са значэннем ’адходы, што узнікаюць пры выкананні адпаведнага дзеяння’ (Сцяцко, Афікс. наз.). Параўн. чэш., славац. piliny ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́скі, тро́сткі ‘рэшткі пасля прасейвання мукі’ (Інстр. 3), ‘высеўкі’ (віц., Шн. 3), тро́скі ‘смецце пры паланні ячменных круп, абтоўчаных у ступе’ (віц., Нар. лекс.). Параўн. укр. тро́ска ‘шлак’, польск. troskiпілавінне’, чэш. troski ‘абломкі, разваліны’, славац. troski ‘абломкі’, славен. troska ‘жамерыны, шлак’, харв., серб. trȍska, trȕska ‘шлак’, макед. троска ‘пустазелле’. Прасл. *troska (Сной₂, 787), магчыма, выводзіцца з *tręsti/*trǫsiti (Скок, 3, 497), параўн. атро́скі, атру́скі ‘адходы’, гл. трэсці, трусіць. Меркаванні пра сувязь з тро́шчыць, тру́шчыць ‘разбіваць’, гл. ЕСУМ, 5, 649–650.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЭ́НДЖАННЕ,

спосаб апрацоўкі харч. прадуктаў (пераважна сала, мяса, рыбы, сыру) для павышэння стойкасці пры доўгім захоўванні і надання ім спецыфічных смакавых якасцей; адзін са спосабаў кансервавання. Заснаваны на бактэрыцыдным і бактэрыястатычным дзеянні дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей і парашкоў. Разнавіднасці вэнджання — абсмажванне і запяканне ў дыме.

Прамысл. вэнджанне робіцца ў спец. вяндлярных прыстасаваннях дымам ад няпоўнага згарання драўніны ліставых парод: халоднае пры т-ры 18—22 °C працягласцю прыблізна 3—7 сутак (мясных прадуктаў) і 20—40 °C працягласцю 0,5—3 сутак (рыбных); гарачае пры т-ры 35—50 °C на працягу 12—48 гадз і 80—160 °C на працягу 0,5—6 гадз. Пры мокрым вэнджанні вяндлярныя вадкасці наносяць на прадукты, дадаюць у фарш (пры вырабе каўбас) або ў сумесь для салення (пры вырабе вяндліны) Выкарыстоўваецца і эл. (паскораны) спосаб вэнджання, пры якім іанізаваныя токам часцінкі дыму накіравана рухаюцца ў эл. полі высокага напружання і асядаюць на паверхні прадуктаў. На Беларусі здаўна свіныя лапаткі, кумпякі, каркавіну, каўбасы вэндзілі ў дамашніх вяндлярнях, комінах, лазнях, ёўнях. На паліва ішлі трэскі, стружкі, пілавінне дубу, вольхі, клёну, ясеню, каштану, яблыні, грушы. Каб надаць вяндліне прыемны пах, палілі ядловец (з іголкамі і шышкаягадамі), ельнік з шышкамі.

К.В.Фамічэнка.

т. 4, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

траско́вішча

1. Месца, дзе распілоўваюць і колюць дровы (Слаўг.). Тое ж трэснік (р. Пціч Серб. 1915, 53), трасочнік (Глуск. Янк. II, Рэч.), траскоўнік (Слаўг.).

2. Закінуты кар'ер, роў, куды ссыпаюць пілавінне, розныя адкіды; сметнік (Слаўг.). Тое ж трасочнік (Глуск. Янк. II).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Трач1 ‘пільшчык, чалавек, які распілоўвае ўздоўж бярвенні’ (Сл. Брэс., Бес.; кам., малар., ЛА, 3, Вруб.; беласт., Сл. ПЗБ, АБ, 9). З польск. tracz ад trzeć ‘церці, шараваць’, у тым ліку і ‘пілаваць’ (Брукнер, 580; Борысь, 648), параўн. ст.-бел. пила которою трутъ (Александрыя). Сюды ж: трачы́напілавінне’, трачкува́ті, трачува́ты ‘распілоўваць бервяно ўздоўж’, тра́чка ‘распілоўка’ (Сл. Брэсц.; беласт., Сл. ПЗБ).

Трач2 ‘пугач’ (Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, памылкова расчытанае рукапіснае “пугач”; параўн., аднак, польск. дыял. tracz ‘długodziob’, ‘murogęś’, што не выключае гукапераймальнага паходжання, параўн. славен. trač ‘балбатня’, якое, паводле Сной₃, 797, з ням. tratschen ‘балбатаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пільсць1, пілсць ’поўсць, падшэрстак, валасяное покрыва жывёл’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Шатал.), пільсьць ’шчацінне (у кабана)’ (лаг., Шатал.), ’воўна горшай якасці’ (Варл.; Бір. Дзярж.), ’поўсць, якая вылезла пры ліньцы’ (Мядзв.), ’ачоскі ад воўны з пылам’ (Шат.), ’вельмі тонкі лямец, які вырабляўся з рознай шэрсці’ (Нас.). Запазычана з польскай pilść ’тканіна з шэрсці ці з воўны, атрыманая шляхам збівання (валяння) яе, лямец’ (Цвяткоў, 59; Кюнэ, Poln., 87). Узыходзіць да прасл. *pьlstь > бел. поўсць (гл.).

Пільсць2пілавінне’ (капыл., Сл. ПЗБ; слаўг., капыл., ЛА, 1), пільшч ’тс’ (круп., б.-каш., тамсама). Да піліць1 (гл.). Суф. ‑сць са зборна-рэчыўным значэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэз1 ’месца разрэзу; разрэз’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сцяшк. МГ), рэ́зік ’тс’ (Юрч. СНЛ), ’адзін праход пілой’ (ТС), рэзь ’месца распілоўкі’ (Мат. Гом.). Сюды ж рэ́за, ры́за, рі́зкапілавінне’ (ЛА, 1). Укр. різ, рус. рез, польск. rzez, в.-луж. rěz, чэш. řez, славац. rez, славен. réz, серб.-харв. ре̑з, макед. рез, балг. ряз. Прасл. *rězъ. Бязафікснае ўтварэнне ад рэзаць (гл.).

Рэз2 ’паласа зямлі, надзел, ніва’ (Байк. і Некр., Касп., Нас., Хрэст. дыял., Шат., Шатал., Яшк., Выг.), рыз, ры́ска, рэ́ска ’зямельны надзел у 5–10 сотак’ (Выг.), ’даўняя мера зямельнай плошчы (8 дзесяцін, 10 га)’ (ТС), рэс, нарэ́з ’паласа ворнай зямлі’ (ЛА, 2). Бязафікснае ўтварэнне ад рэзаць (гл.), параўн. яшчэ секъ ’адзінка колькасці мяса’ (Ст.-бел. лекс.). Няма падстаў лічыць лексічным літуанізмам, як прапануе Лаўчутэ (Лаўчутэ, Балтизмы, 72), а таксама нельга пагадзіцца з Дайлідэнасам, які лічыць гэтую форму семантычным літуанізмам (Бел. мова, вып. 15, 80). Гл. яшчэ рэзас.

Рэз3 ’забой скаціны’ (Банк, і Некр., Нас., Гарэц.). Рус. ре́зка ’тс’, польск. дыял. rzeź ’тс’, в.-луж. rěz ’разрэз; забой скаціны; лязо; пілавінне’. Ад рэзаць (гл.).

Рэз4 ’дарога (за прысядзібным полем)’ (Мат. Гом.), рэ́за ’глухія, пустэльныя і гразкія месцы’ (Яшк.). Укр.-палес. мікратапонім: луг Рэ́зки. Магчымае развіццё семантыкі ’надзел’ < ’надзел, адрэзаны ў аддаленым месцы’ < ’глухое месца’. Да рэз2 (гл.). Але калі ўзяць пад увагу рус. цвяр. ре́зы ’участак зямлі, з якога зразаецца пад ворыва зацвярдзелы верхні пласт’, тады да рэж (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труск ‘дробныя галінкі, ламачча’ (ТС, Ласт.), trusk ‘ігліца, шыгалле’ (АБ, 7); сюды ж, відаць, і тру́сок ‘тонкія галінкі, трэскі’ (ТС), тру́сак (trusok) ‘сухія галінкі, трэскі’ (Тур.), ‘трэскавае смецце’, ‘дробязь, драбяза’ (Нас., Некр. і Байк.), ‘попел, прысак’ (полац., Стан.), трусо́кпілавінне’ (Касп.), тру́сачкі ‘трэскі, смецце’ (Гарэц.), трусо́чык ‘дробны хвораст’ (Бяльк.). Параўн. укр. труск ‘дробна пабітыя, паламаныя галінкі, лаза’, ‘сухія галіны дрэў’, в.-луж. trusk ‘пацяруха’, ‘пыл’, ‘параскіданыя кавалкі’. Магчыма, да прасл. *truskъ ці *trǫskъ (ЕСУМ, 5, 659), генетычна звязаных з *trǫskati ‘аддзяляць’, ‘разрывацца, трэскацца, трашчаць’ (Фасмер, 4, 110), параўн. трускаць (гл.), а таксама рус. труск ‘трэск, хруст’, стараж.-рус. трускъ ‘тс’, польск. trusk, trzusk ‘тс’, якія, паводле Брукнера (579), звязаны чаргаваннем з *trysk‑, *trosk‑, а таксама з *trěsk] і са звонкім варыянтам *druzga ‘дробныя кавалачкі чаго-небудзь разбітага ўшчэнт’, *druzgati ‘ламаць, крушыць, разбіваць, раструшчваць, таўчы, сціскаць’ (SP, 4, 274–275), гл. друзгаць і наст. слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. грыз, ‑ла; незак., каго-што.

1. Кусаць, есці што‑н. цвёрдае, сухое. Грызці сухары. Грызці яблык. □ Камандзір палка маёр Урванцаў сядзеў на нарах і грыз воблу. Марціновіч. // Кусаць зубамі. [Кабыла] высока трымала галаву, стрыгла вушамі, нервова грызла цуглі. Федасеенка. // Пападаючы на каго‑н., кусаць, ірваць. Трос [мядзведзь] галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт. Бядуля. // перан. Удавацца, уразацца ў што‑н. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Дакучаць пастаяннымі прыдзіркамі, папрокамі, сваркамі. Містэр Пік пачаў праклінаць тую латарэю і грызці жонку за дурную ініцыятыву. Быкаў.

3. перан. Мучыць, трывожыць, не даваць спакою (пра думкі, пачуцці і пад.). [Іваноўскага] пакутліва грызла думка: а як жа прабрацца ў партызанскія раёны? Новікаў. Пракоп адчувае сябе адзінокім, яго штосьці есць, грызе. Колас.

•••

Як рэпу грызе — хто‑н. бойка, без запінкі чытае, гаворыць і пад. — Малайчына! Чытае, як рэпу грызе, — хваліў малодшага сына Міхал. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Траці́ны1пілавінне’ (Скарбы; гродз., Нар. сл.), троці́на ‘тс’ (кам., ЛА, 1). З польск. trociny ‘тс’, дыял. treciny і tręciny ‘тс’ < trot ‘тс’, troty ‘сечка з саломы і сена’, ‘смецце ў азаддзі, найгоршым збожжы’, а таксама каш. tråt ‘людскія і жывёльныя выдзяленні, адкіды’, якое з паўн.-прасл. *tertъ — дэрывата з суф. ‑tъ і менай карэннай галоснай *‑e‑ ў *‑o‑ прасл. *terti, гл. церці (Борысь, 642; Брукнер, 576; SEK, 5, 161; Калашнікаў, Этымалогія 1997–1999, 61–62).

Траці́ны2 ‘памінанне і абед па нябожчыку праз тры дні пасля яго смерці’ (Шат., Касп., Мат. Гом., Жд. 2, Ян.; чэрв., Сл. ПЗБ, Гіл.); трацці́ны ‘тс’ (Нас.; в.-дзв., Шатал., Рэг. сл. Віц.), траці́нкі, траці́ны ‘хаўтуры па нябожчыку на трэці дзень пасля пахавання’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. третини ‘трохдзённае памінанне памерлых’ (ГСБМ). Параўн. укр. дыял. трети́ни, трейті́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’. Да трэці (гл.) пры дапамозе суф. ‑ін‑ы са значэннем традыцыйнага абраду, як дзевяціны, саракавіны, гадавіны (Сцяцко, Афікс, наз., 214). Максімаў (Восточнослав. и общ. яз., 1978, 154) лічыць, што адлічэбнікавыя старарускія назвы абрадаў на ‑ін‑ы распаўсюдзіліся з захаду пад уплывам аддзеяслоўных назоўнікаў тыпу радзіны, запазычаных з польскай мовы, што малаверагодна, параўн. балг. трети́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’, девети́ни ‘памінанне на магіле на дзявяты дзень пасля смерці’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)