КАРАЦІ́НЫ,

пігменты аранжава-жоўтага колеру з групы караціноідаў. Належаць да ізапрэноідных вуглевадародаў, якія маюць 40 атамаў вугляроду. Да асн. ізамераў належаць α-, β -, γ-К.; сінтэзуюцца ў раслінным арганізме, удзельнічаюць у фотасінтэзе, дыханні, росце. Багатыя К. зялёнае лісце (асабліва шпінату), морква, шыпшына, парэчкі, памідоры, абрыкосы і інш. Найб. біял. значэнне мае β-К.: з яго малекулы ў арганізме жывёл і чалавека ўтвараюцца 2 малекулы вітаміну A. Некат. млекакормячыя здольны выбіральна назапашваць β-К. ў тлустай клятчатцы, малацэ, жоўтых целах яечнікаў. У прам-сці К. атрымліваюць з расліннай сыравіны, хім. і мікрабіял. сінтэзам. Прэпараты выкарыстоўваюць пры авітамінозах.

т. 8, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́НЫ (ад грэч. chroma колер, фарба),

сінтэтычныя неарган. пігменты ад светла-лімоннага да ярка-чырвонага колеру. Паводле хім. саставу — храматы (афарбоўка К. абумоўлена прысутнасцю іона CrO42-).

Адрозніваюць К. свінцовыя жоўтага (асн. кампанент — храмат свінцу PbCrO4, выкарыстанне абмежавана з-за ядавітасці) і аранжава-чырвонага колераў (састаў PbCrO4PbO), свінцова-малібдатныя чырвонага (акрамя PbCrO4 у іх састаў уваходзяць свінцу малібдат PbMoO4 і сульфат PbSO4), цынкавыя жоўтага колеру (найб. шырока выкарыстоўваюцца грунтовачны К. саставу ZnCrO4∙3Zn(OH)2 і малярны 3ZnCrO4∙Zn(OH)2∙K2CrO4∙2H2O) і інш. Выкарыстоўваюць для вырабу грунтовак, фарбаў, эмаляў, паліграфічных і маст. фарбаў.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛАНІ́НЫ,

высокамалекулярныя пігменты чорнага, цёмна-карычневага ці жоўтага колераў расл. і жывёльных арганізмаў. Ёсць у валасах, скуры, пер’і і сятчатцы вачэй пазваночных жывёл (у т. л. чалавека), кутыкуле насякомых і інш. Утвараюцца ў спец. пігментных клетках (меланацытах, меланафорах), у тканках звычайна звязаны з бялком. М. ў значнай ступені вызначаюць колер скуры чалавека (гл. Альбінізм, Меланізм). Узмоцненае ўтварэнне і адкладванне М. у скуры адбываецца пры апраменьванні сонечнымі і ультрафіялетавымі прамянямі (напр., загар, вяснушкі). Павышаная колькасць М. назіраецца ў некат. бародаўках і ў злаякасных пухлінах скуры чалавека (меланома). Спыненне біясінтэзу М. выклікае пасівенне валасоў.

т. 10, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

храмаге́нны

(ад храмагены)

які выдзяляе фарбавальнік або выклікае афарбоўванне;

х-ыя бактэрыі — бактэрыі, якія ў працэсе росту на розных пажыўных асяроддзях утвараюць афарбаваныя прадукты абмену (пігменты).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МЕ́ДЗІ АКСІДЫ,

злучэнні медзі з кіслародам. Найб. пашыраныя аксід медзі (I), ці геміаксід Cu2O і аксід медзі (II) CuO. Вядомы таксама няўстойлівы сесквіаксід Cu2O3.

Крышт. рэчывы, не раствараюцца ў вадзе. Паводле хім. уласцівасцей — асноўныя аксіды. Геміаксід медзі чырвона-рудога колеру, tпл 1242 °C. (плавіцца без раскладання). У прыродзе мінерал купрыт. Аксід медзі чорнага колеру, пры награванні да 1100 °C раскладаецца на Cu2O (адзін з лабараторных метадаў яго атрымання) і кісларод. У прыродзе мінерал тэнарыт. Выкарыстоўваюць М.а., як пігменты для шкла, керамікі; Cu2O таксама як кампанент фарбаў для аховы падводнай часткі суднаў ад абрастання і фунгіцыд. М.а. таксічныя, ГДК у паветры рабочай зоны 0,1 мг/м³.

т. 10, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

караціно́іды

(ад карацін + -оід)

прыродныя фарбавальныя рэчывы (пігменты), якія ёсць у тканках вышэйшых раслін, водарасцях, грыбах, бактэрыях і прымаюць удзел у фотасінтэзе; да іх належаць карацін і ксантафіл.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПАРАШКО́ВЫЯ ФА́РБЫ,

парашкападобныя кампазіцыі, якія выкарыстоўваюць для атрымання пакрыццяў пераважна на тэрмаўстойлівых матэрыялах (металы, кераміка, шкло, бетон). Высокаэканамічныя ў выкарыстанні. Пакрыцці на аснове П.ф. вызначаюцца высокімі фіз.-мех. і ахоўнымі ўласцівасцямі.

Асн. кампаненты П.ф. — плёнкаўтваральныя рэчывы (эпаксідныя і поліэфірныя смолы, поліакрылаты, поліаміды, полівінілхларыд, поліэтылен і інш.) і пігменты (напр., аксіды тытану, хрому, жалеза). Маюць таксама напаўняльнікі, пластыфікатары, стабілізатары і інш. дабаўкі. Высокадысперсныя (памер часцінак 10—300 мкм). У прам-сці атрымліваюць змешваннем сухіх кампанентаў у млынках або турбазмешвальніках ці здрабненнем сумесі кампанентаў, гомагенізаванай у расплаве. Наносяць на падрыхтаваную паверхню вырабаў напыленнем. Таўшчыня пакрыццяў, што ўтвараюць П.ф., 50—400 мкм. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.

Літ.:

Яковлев А.Д. Порошковые краски. Л., 1987.

т. 12, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГМЕ́НТНЫЯ КЛЕ́ТКІ,

храматафоры, свабодныя і эпітэліяльныя клеткі нейраэктадэрмальнага паходжання, якія сінтэзуюць пігменты. Абумоўліваюць афарбоўку скурных покрываў, іх вытворных (валасоў, пер’я), унутр. высцілак цела і вока ў шэрагу груп беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечваюць ахоўную, агрэсіўную і шлюбную афарбоўку, прымаюць удзел у тэрмарэгуляцыі і ахове арганізма ад празмернага ультрафіялетавага выпрамянення. Функцыя П.к. знаходзіцца пад гарманальным, а ў рыб і нерв. кантролем, залежыць ад пары года, асвечанасці, эндагенных рытмаў і інш. Звычайна змена афарбоўкі з’яўляецца прыстасаваннем жывёлы да колеру навакольнага фону (асабліва ў насякомых, малюскаў, ракападобных і інш.). Парушэнні развіцця П.к. у зародка прыводзяць да радзімак (атыпічныя П.к.). У выніку злаякаснага перараджэння П.к. радзімак у чалавека развіваюцца пігментныя пухліны — меланомы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛІ́НЫ ВОСК,

тлушчападобнае жаўтаватае рэчыва, якое выдзяляецца васковымі залозамі пчол меданосных і выкарыстоўваецца імі для пабудовы пчаліных сотаў. На пабудову пчалінай ячэйкі ідзе каля 13—30 мг воску (50—120 васковых пласцінак). У склад П.в. ўваходзяць больш за 50 хім. злучэнняў: складаныя эфіры (да 75%), тлустыя кіслоты, вуглевадароды, вітамін А, мінер. солі, смолы, расл. пігменты і інш. Т-ра плаўлення 60—65 °C. Нерастваральны ў вадзе і гліцэрыне, добра раствараецца ў арган. растваральніках. Сыравіна для атрымання П.в. — суш (васковыя нарасты, выбракаваныя соты), вытапкі, пасечная і заводская мерва. Пры сонечнай васкатопцы атрымліваецца больш чысты, светла-жоўты П.в. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, медыцыне, касметыцы, для вырабу штучных вашчын.

В.​І.​Сапега.

Пчаліны воск.

т. 13, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬШТЭТЭР ((Willstätter) Рыхард Марцін) (13.8.1872, г. Карлсруэ, Германія — 3.8.1942),

нямецкі хімік-арганік. Замежны чл. Расійскай АН (1923), ганаровы чл. АН СССР (1929). Скончыў Мюнхенскі ун-т, у якім выкладаў у 1892—1925 (з 1902 праф.), у 1905—15 у Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху і ў Ін-це хіміі кайзера Вільгельма ў Берліне. З 1939 у Швейцарыі. Навук. працы па хіміі і біяхіміі прыродных злучэнняў.

Атрымаў крышт. хларафіл і вызначыў яго структуру (разам з А.​Штолем). Даследаваў будову алкалоідаў (атрапіну, трапіну, какаіну), раслінныя пігменты (антацыяны і флавоны), ферменты (амілазу, пераксідазу, ліпазу, цукрозу), раскладанне цэлюлозы, працэсы каталітычнай гідрагенізацыі і фотасінтэзу. Нобелеўская прэмія 1915.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986.

Р.М.Вільштэтэр.

т. 4, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)