КАРАЦІ́НЫ,

пігменты аранжава-жоўтага колеру з групы караціноідаў. Належаць да ізапрэноідных вуглевадародаў, якія маюць 40 атамаў вугляроду. Да асн. ізамераў належаць α-, β -, γ-К; сінтэзуюцца ў раслінным арганізме, удзельнічаюць у фотасінтэзе, дыханні, росце. Багатыя К. зялёнае лісце (асабліва шпінату), морква, шыпшына, парэчкі, памідоры, абрыкосы і інш. Найб. біял. значэнне мае β-К.: з яго малекулы ў арганізме жывёл і чалавека ўтвараюцца 2 малекулы вітаміну A. Некат. млекакормячыя здольны выбіральна назапашваць β-К. ў тлустай клятчатцы, малацэ, жоўтых целах яечнікаў. У прам-сці К. атрымліваюць з расліннай сыравіны, хім. і мікрабіял. сінтэзам. Прэпараты выкарыстоўваюць пры авітамінозах.

т. 8, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)