КУ́ДЛІХ ((KudUch) Ганс) (25.10.1823, в. Лобенштайн каля г. Крноў, Чэхія — 11.11.1917),

аўстрыйскі паліт. дзеяч. Скончыў Венскі ун-т (1848). У рэвалюцыю 1848—49 удзельнік паўстанняў у Вене і Пфальцы (гл. Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849), дэп. аўстр. рэйхстага (1848), ініцыіраваў прыняцце закону (7.9.1848) пра скасаванне асабістай залежнасці і павіннасцей сялян. Завочна прыгавораны аўстр. судом да пакарання смерцю; эмігрыраваў у Швейцарыю (1849), потым ЗША (1853), дзе і памёр. Аўтар успамінаў (т. 1—3, 1873).

т. 8, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЕ́ВІЧ (Ільдафонс Юр’евіч) (каля 1835, Віленскі пав. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. З 1860 каморнік у Гродзенскай губ. З 1861 у Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі, створанай К.​Каліноўскім. У 1863 сакратар паўстанцкага цывільнага начальніка Гродзенскай губ. З лета 1863 у Вільні, адзін з бліжэйшых памочнікаў Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем, член Выканаўчага аддзела Літвы. У студз. 1864 арыштаваны, прыгавораны да 6 гадоў катаргі. Далейшы лёс невядомы. Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́ШЫНСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1932,

узброенае выступленне сялян у Зах. Беларусі (в. Асташына і навакольныя вёскі Навагрудскага пав.) 19—20.3.1932 супраць падатковага прыгнёту. Адбылося пад кіраўніцтвам сялянскага к-та. Сяляне спалілі маёнтак абшарніка, сядзібы асадніка і гандляра, узброіўшыся паляўнічымі стрэльбамі, уступілі ў перастрэлку з паліцыяй, разграмілі паліцэйскі ўчастак, вызвалілі вязняў, захапілі зброю, спалілі двор каменданта паліцыі. Польскія ўлады жорстка расправіліся з удзельнікамі выступлення: паводле прыгавору надзвычайнага суда 5.7.1932 у Навагрудку 4 паўстанцы павешаны, 49 прыгавораны да турэмнага зняволення, з іх 5 да пажыццёвага зняволення.

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЛЕР ((Adler) Фрыдрых) (9.7.1879, Вена — 2.1.1960),

адзін з лідэраў аўстрыйскіх сацыял-дэмакратаў і тэарэтыкаў аўстрамарксізму. Па адукацыі фізік. У 1911—16 сакратар аўстр. с.-д. партыі. 21.10.1916 застрэліў аўстр. прэм’ера К.​Шцюргка; прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на 18 гадоў зняволення). У час рэвалюцыі ў Аўстрыі амнісціраваны (1918), кіраваў рабочымі саветамі (да 1919). Дэпутат аўстр. парламента (1919—23). Ген. сакратар 2 ½ Інтэрнацыянала (1921—23) і Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала (1923—40). У 1940 эмігрыраваў у ЗША, з 1946 жыў у Цюрыху.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁЎ-АПО́СТАЛ (Мацвей Іванавіч) (29.4.1793, С.-Пецярбург — 5.3.1886),

дзекабрыст. Падпалкоўнік у адстаўцы (з 1823). Брат С.І.Мураўёва-Апостала. З 1810 вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін. З 1811 у арміі. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў 1813—14. Адзін з заснавальнікаў «Саюза выратавання» (1816), чл. управы «Саюза працвітання» (1818). Удзельнік паўстання Чарнігаўскага палка (гл. Чарнігаўскага палка паўстанне). Прыгавораны да 20 гадоў катаргі, пазней тэрмін скарочаны да 15 гадоў. Паводле амністыі 1856 вернуты з Сібіры, да 1863 жыў у Цверы, потым у Маскве.

т. 11, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГА (Эдмунд Іванавіч) (каля 1840—23.9.1902),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Вучыўся (з 1857) у Пецярбургскім ун-це, зблізіўся з К.Каліноўскім. Член віленскага Камітэта руху 1863 (пазней Літоўскага правінцыяльнага камітэта), удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання, у ліст. 1862 вёў перагаворы ў Варшаве з Цэнтр. нац. к-там, адстойваў інтарэсы Літвы і Беларусі. 3.3.1863 арыштаваны, пасля працяглага зняволення ў віленскіх турмах прыгавораны да 8 гадоў катаргі. Пакаранне адбываў у Кадаінскіх капальнях разам з М.​Г.​Чарнышэўскім. Пасля працаваў у Пецярбургу і на Украіне.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРЫЯ́Н (Іван Якаўлевіч) (27.4.1913, в. Какошчыцы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.1.1970),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Чл. КПЗБ з 1933. У 1935 сакратар падп. Чамяроўскага раённага, Слонімскага і Навагрудскага акр. к-таў КСМЗБ, чл. ЦК КСМЗБ. Дэлегат II (1935) з’езда КПЗБ. У ліст. 1935 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. Пасля вызвалення Зах. Беларусі ў 1939 дэп. Нар. сходу. У Вял. Айч. вайну адзін з арганізатараў партыз. руху на Слонімшчыне, камісар партыз. атрада імя Дзяржынскага брыгады імя Ракасоўскага. Пасля вайны на сав. і гасп. рабоце ў Слоніме.

т. 5, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛГУ́ШЫНЦЫ,

члены рэв. народніцкага гуртка ў Расіі ў 1872—73, засн.

АВ.​Далгушыным у Пецярбургу (з 1873 у Маскве). Гурток аб’ядноўваў прадстаўнікоў інтэлігенцыі і рабочых, якія падзялялі погляды бакуністаў (гл. М.А.Бакунін). У 1873 стварылі падп. друкарню, дзе выдавалі агітац. брашуры, якія распаўсюджвалі сярод сялян і рабочых. Д. крытыкавалі грамадскі і дзярж. лад, прапаведавалі ідэі эканам. роўнасці, выбранага народам урада, падзелу зямлі і размеркавання яе «па справядлівасці» і інш. У ліп. 1874 Далгушын і 4 інш. чл. гуртка прыгавораны да катаргі, астатнія — да ссылкі. Д. — адна з першых спроб «хаджэння ў народ».

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЗА́НСКАЯ ЗМО́ВА»,

спроба ўзняць ваенна-сялянскае паўстанне ў Паволжы, каб падтрымаць паўстанне 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Акрамя польскіх і літ.-бел. паўстанцкіх цэнтраў у «К.з.» ўдзельнічалі або мелі намер да яе дачыніцца пецярбургская, маскоўская, казанская арг-цыі «Зямлі і волі», афіцэрскія і студэнцкія гурткі ў гарадах Расіі. У крас. 1863 «К.з.» раскрыта. Адзін з гал. кіраўнікоў І.​Кеневіч, члены рэв. арг-цыі афіцэры Н.​Іваніцкі, А.​Мрочак, Р.​Станкевіч, М.​Чарняк расстраляны ў Казані. Астатнія ўдзельнікі «К.з.» прыгавораны да турэмнага зняволення і катаржных работ.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 7, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГЕЛЬСТРО́М (Канстанцін Густававіч) (Яўстаф’евіч, 8.5.1799, г.п. Шумскае Цярнопальскай вобл., Украіна — 13.11.1851),

дзекабрыст. Служыў капітанам у Літоўскім піянерным сапёрным батальёне. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў т-ва «Ваенныя сябры». Адыграў значную ролю ў падрыхтоўцы Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825; батальён, адной з рот якога камандаваў І., першы адмовіўся ад прысягі Мікалаю I (24.12.1825). 27.12.1825 арыштаваны, зняволены ў беластоцкую турму. У 1827 пазбаўлены дваранства і прыгавораны да 10 гадоў катаргі ў Сібіры. З крас. 1836 радавы ў асобным Каўказскім корпусе. 13.2.1843 звольнены ў адстаўку ў чыне паручніка.

В.​В.​Швед.

т. 7, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)