ЖАНО́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,

спецыфічныя хваробы жанчын, звязаныя з анатама-фізіял. асаблівасцямі іх арганізма. Бываюць у розныя перыяды жыцця жанчыны; выклікаюць парушэнні функцый палавых органаў, іншы раз жыццядзейнасці ўсяго арганізма. Заганы развіцця палавых органаў уласцівы жаночаму арганізму да надыходу палавой спеласці, запаленні — у перыяд палавой спеласці (бываюць ад ганарэі, абортаў, пасляродавых ускладненняў, радзей ад сіфілісу, туберкулёзу, трыхаманозу і інш.). У гэты перыяд могуць развівацца дабраякасныя і злаякасныя пухліны (фібраміёмы маткі, кісты яечнікаў, рак шыйкі і цела маткі). Паразітычныя і грыбковыя Ж.х. выклікаюцца грыбкамі (напр., малочніца) і гельмінтамі. Ж.х. бываюць, калі парушана размяшчэнне палавых органаў — пры зрушэнні маткі і сценак похвы ці іх выпадзенні. Самастойная група Ж.х. — парушэнні менструальнага цыкла. Пасля клімактэрыю (гл. Клімакс) запаленні жаночых палавых органаў бываюць радзей, але могуць развіцца пухліны (рак маткі, яечнікаў і інш.). Прыкметы Ж.х.: болі, белі, крывацёкі, агульныя сімптомы (павышэнне т-ры цела), расстройствы інш. органаў і сістэм (сардэчна-сасудзістай, нерв. і інш.). Лячэнне: медыкаментознае, хірургічнае. Гл. таксама Бясплоднасць. І.У.Дуда.

т. 6, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАМО́Р (Amanita),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. мухаморавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы. Растуць у лясах рознага тыпу пераважна ва ўмеранай зоне. Мікарызаўтваральнікі. На Беларусі 19 відаў. Найб. вядомыя М.: белы ці зялёны, або бледная паганка, пантэрны (A. pantherina), смярдзючы, або белая паганка (A. virosa), чырв. (A. muscaria). Трапляюцца з ліп. па кастрычнік.

Пладовае цела (шапка на ножцы) у маладых М. абкружана агульным пакрывалам, потым яно разрываецца і застаецца каля асновы ножкі ў выглядзе мешкападобнай похвы, а на шапцы — як белыя шматкі або лускавінкі. Шапка белая, зялёная, шэрая, шэра-фіялетавая, чырв. дыям. да 20 см. Пласцінкі белыя, жаўтаватыя. Ножка цыліндрычная або булавападобная, уверсе бывае з кольцам ад частковага покрыва. Споры шарападобныя, бясколерныя. Ёсць ядомыя, напр., М. шэра-ружовы, цэзарскі грыб, смяротна атрутныя — бледная паганка і М. смярдзючы. Інш. віды маюць фізіял. актыўныя рэчывы (таксіны, галюцынагены і інш), якія ўздзейнічаюць на нерв. сістэму.

С.С.Колас.

Мухамор: 1 — чырвоны; 2 — смярдзючы; 3 — пантэрны.

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Машна́, машонка, машонкі ’мяшочак для грошай, скураны капшук’, ’мяшочак, у якім знаходзяцца мужчынскія палавыя залозы’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Шат., Сцяшк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ігн. машня́ ’машонка ў барана’ (Сл. ПЗБ), пін. мошо́нка ’месца ў коласе, дзе знаходзіцца жыта’ (Шатал.). Зах.-укр. моше́нка, мушна́, мошенчя́, мошонка ’кашалёк’, рус. мошна́, ст.-рус. мошна, мошня ’тс’; польск. moszna, н.-луж. mošyna, в.-луж. mošeń, чэш., славац. mošna; славен. móšnja ’кашалёк’, ’машонка’, серб.-харв. мо̀шње, мошна, мо̏шнице ’машонка’, ст.-слав. мошьна. Прасл. mošьna (< *mok‑s‑inā), роднаснае да літ. mãkštys, makštìsпохвы’, makšnà ’тс’, mãkas, mẽkeris, лат. maks ’кашалёк’, ст.-прус. dantimax ’дзёсны’, ст.-в.-ням. mago ’страўнік’, уэльск. megin ’мех’ (Міклашыч, 203; Голуб-Копечны, 230; Буга, Rinkt., 1, 332; Фасмер, 2, 667; Скок, 2, 460).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗГВАЛТАВА́ННЕ,

злачынны ўчынак, звязаны з палавымі зносінамі, пры ўжыванні фіз. насілля, пагроз ці з выкарыстаннем бездапаможнага стану. Найчасцей З. ўчыняюць гетэрасексуалы, зрэдку бісексуалы. Доказам З. ў нявінніцы з’яўляецца анат. парушэнне цэласнасці дзявоцкай плявы, у дзяцей магчымы надрывы палавых губ, прамежнасці і разрывы похвы. Пры З. з фіз. насіллем жанчыне наносяць цялесныя пашкоджанні, пазбаўляюць яе магчымасці супраціўляцца (звязваюць, закрываюць рот і інш.); можа быць з пабоямі, спробамі душыць, параніць і інш. Псіхічнае насілле пры З. выражаецца ў пагрозе ці запалохванні пацярпелай або блізкіх ёй людзей. Можа мець вынікі: цяжарнасць пацярпелай, асабліва непаўналетняй, заражэнне венерычнай хваробай, СНІДам, нерв. і псіхічныя расстройствы.

З. ў крымінальным правезлачынства супраць палавой свабоды жанчыны, якое выяўляецца ў палавой сувязі з выкарыстаннем насілля, пагрозы або бездапаможнага становішча пацярпелай; адно з цяжкіх злачынстваў супраць жыцця, здароўя, свабоды і годнасці асобы, адказнасць за якое прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Закон прадугледжвае асаблівы парадак узбуджэння крымін. спраў аб З. (справа аб З. без абцяжваючых акалічнасцей узбуджаецца толькі па заяве пацярпелай), разглядаецца яна судом, як правіла, на закрытым пасяджэнні. Бел. крымін. права прадугледжвае суровае пакаранне за З. ў выглядзе доўгатэрміновага пазбаўлення волі, а пры З. пры абцяжваючых акалічнасцях — аж да пакарання смерцю.

Г.А.Маслыка.

т. 7, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕНАРЭ́Я (ад а... + грэч. mēn месяц + rheō цяку),

адсутнасць менструацый на працягу 6 і больш месяцаў у палаваспелых жанчын (ад 15—16 да 45 гадоў). Абумоўлена недастатковасцю гармонаў, якія дзейнічаюць на палавыя органы жанчыны, або неўспрымальнасцю палавых органаў да гармонаў. Фізіялагічная аменарэя назіраецца да палавой спеласці, у перыяд цяжарнасці, лактацыі і ў клімактэрычны перыяд. Пры несапраўднай аменарэі менструальны цыкл нармальны, але кроў не выходзіць вонкі з прычыны заган развіцця палавых органаў (адсутнасць похвы або шыйкі маткі, адтуліны ў дзявоцкай пляве і інш.). Пры сапраўднай паталагічнай аменарэі адсутнічаюць цыклічныя змены ў палавых органах, фізіял. працэсы выспявання фалікулаў і яйцаклеткі, што выклікае бясплоднасць; парушана функц. сістэма рэгуляцыі менструальнай і ў цэлым генератыўнай функцыі жанчыны (гіпаталамус—гіпофіз—перыферычныя залозы—палавыя органы). Адрозніваюць аменарэю паталагічную першасную (менструацыі не было ні разу ў жыцці), абумоўленую паталогіяй выспявання яечнікаў, наднырачнікаў, шчытападобнай залозы, маткі, а таксама гіпаталама-гіпафізарнай вобласці і вышэйшых аддзелаў ц. н. с. Развіваецца пры ўздзеянні неспрыяльных фактараў на арганізм жанчыны ў перыяд унутрывантробнага развіцця і адразу пасля родаў. Аменарэя паталагічная другасная (менструацыя была хоць адзін раз) звязана таксама з захворваннямі органаў — звёнаў рэгуляцыі менструальнай функцыі ў выніку запаленчых, функцыян., арган. (пухліны) пашкоджанняў, нервова-псіхічных стрэсаў і інш. у перыяд палавой сталасці. Папярэднічае хваробе гіпаменструальны сіндром: менструацыі (пасля нармальных) рэдкія, кароткія, з мізэрным крывацёкам. Для лячэння неабходна спец. абследаванне.

І.І.Дуда.

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тасава́ць1 ’перамешваць (ігральныя карты)’ (ТСБМ, Янк. 1), та́соваць ’тасаваць (карты)’ (ТС), тасова́ті ’тс’ (Вруб.), тусува́ць ’мяшаць карты’ (Бяльк.), сюды ж тасо́ваны ’перамешаны, пераблытаны’ (ТС). Праз польск. tasować ’перамешваць карты’, ’расстаўляць, распінаць, ставіць’ з франц. tasser ’збіраць у кучу’, звязанае з tas ’куча’ (Фасмер, 4, 26; Брукнер, 566; ЕСУМ, 5, 526).

Тасава́ць2 ’штурхаць, штыляць’ (Янк. 1), ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.), ’рыхліць, ускопваць’ (Сцяшк. Сл.; карэліц., Шатал.), сюды ж тасыну́ты ’штурхануць, піхануць’ (Клім., Сл. Брэс.). Відаць, роднаснае чэш. tasiti ’сячы; вымаць з похвы’, якое Махэк₂ (637) лічыць ітэратывам ад tesati (гл. цясаць) і параўноўвае з лат. test, якое акрамя ’абчосваць’ мае значэнне ’біць’. Сюды ж, магчыма, ст.-бел. тасоване ’?’: ковалю за тасоване прутов осми и два новых… заплатили (1686 г., КГС). Параўн. таскаць, ташчыць, гл.

Тасава́ць3 ’зносіць, цягаць, кідаць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Няясна. Нагадвае чэш. tasiti ’цягнуць, валачы’, якое Махэк₂ (637) параўноўвае з рус. таска́ть ’цягаць, валачы’ (параўн. таскаць, гл.), роднасным літ. tąsýti ’торгаць, цягаць, валачы’; паводле аўтараў Сл. ПЗБ (5, 92), апошняе магло быць крыніцай слова, што не мае падстаў. Махэк₂ (там жа) лічыць чэшскае слова ізаляваным у славянскіх мовах, паколькі адсутнічае зыходны дзеяслоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)