Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНАТРЭЗІ́Я (ад гін... + атрэзія),
парушэнне праходнасці палавога канала ў жанчын, абумоўленае анамаліямі развіцця похвы. Бывае таксама другаснай, пасля кальпіту, перанесенага ў дзяцінстве, што выклікае атрэзіюпохвы. У перыяд палавой спеласці ўзнікаюць схваткі і недамаганні ў дні, што адпавядаюць менструальнаму цыклу. Кроў не выходзіць вонкі, а збіраецца ў похве, потым у матцы і назапашваецца ў трубах (несапраўдная аменарэя), што выклікае расшырэнне ўнутр. палавых органаў да памеру дзіцячай галоўкі. Гінатрэзія запаленчай этыялогіі таксама другасная. Анамаліі развіцця похвы часта спалучаюцца з анамаліямі развіцця мачавой сістэмы. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДНЕРЭЛЁЗ,
бактэрыяльны вагіноз, бактэрыяльная хвароба палавых органаў чалавека. Узнікае ў выніку замяшчэння іх нармальнай мікрафлоры анаэробнымі бактэрыямі (напр., гарднерэла, адсюль назва). Перадаецца палавым шляхам. Найчасцей хварэюць жанчыны (паражаюцца похва і шыйка маткі), радзей мужчыны (пашкоджваюцца мочавыдзяляльны канал і прастата); магчыма ўнутрывантробнае інфіцыраванне плода. Інкубацыйны перыяд 7—10 дзён. Сімптомы: звадкаваныя выдзяленні з похвы і мочавыдзяляльнага канала з непрыемным пахам, сверб і смыленне ў палавых органах. Лячэнне: антыбіётыкі, змазванне слізістых абалонак похвыспец. растворамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПАДЗЕ́ННЕ МА́ТКІ,
частковы або поўны выхад маткі за палавую шчыліну; заключная ўскладненая стадыя апушчэння сценак похвы і маткі. Бывае пры парушэнні цэласці ці тонусу мышцаў тазавага дна, расслабленні апарата, які звязвае матку і мышцы пярэдняй брушной сценкі, пры павышаным унутрыбрушным ціску. Гэтаму садзейнічаюць частыя роды дзяцей з вял. вагой, цяжкая фіз. праца, гарманальныя і дыстрафічныя парушэнні тканак. Найчасцей хварэюць пажылыя (старэй за 60 гадоў) жанчыны.
Пры няпоўным выпадзенні маткі матка з шыйкай часткова выходзіць за межы палавой шчыліны, пры поўным усё цела маткі знаходзіцца за межамі палавой шчыліны. Спалучаецца з апушчэннем мачавога пузыра і пярэдняй сценкі прамой кішкі. Выпадзенне маткі праяўляецца адчуваннем пабочнага цела ў палавой шчыліне, ацёкам, іншы раз трафічнымі язвамі шыйкі, сценак похвы і маткі, болямі і цяжарам унізе жывата, расстройствамі мочаспускання і рэфекацыі (цяжкасць ці немагчымасць мочаспускання, нетрыманне мачы і газаў). Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАПАЛАВА́Я СІСТЭ́МА,
сукупнасць анатамічна, функцыянальна і генетычна звязаных органаў мочавыдзялення (нырак, мачаточнікаў) і палавой сістэмы ў беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. У земнаводных і большасці рыб мача і палавыя прадукты выводзяцца праз мезанефральныя пратокі. У самцоў паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека першасная нырка ператвараецца ў прыдатак семянніка, а яе праток (вольфаў) — у семяправод; у самак палавыя прадукты выводзяцца праз яйцаводы. М.с. мае агульную вывадную трубку (мочаспускальны канал у мужчын) ці адкрываецца ў адзіную агульную прастору (пераддзвер’е похвы ў жанчын). У мочапалавыя каналы ўпадаюць пратокі дадатковых залоз: у самцоў — семянныя пузыркі і прастата, цыбуліна-бульбаурэтральныя залозы; у самак — вял. залозы пераддзвер’я похвы. Рост і фарміраванне органаў М.с. адбываецца найб. інтэнсіўна пры палавым выспяванні. Пры старэнні назіраецца характэрнае для парэнхіматозных органаў (ныркі, палавыя залозы) замяшчэнне парэнхіматозных клетак злучальнай тканкай, змяншэнне іх памераў і зніжэнне функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АСТО́Я»,
прыватнаўласніцкі герб у ВКЛ: на чырвоным полі 2 залатыя месяцы рагамі ў розныя бакі, паміж месяцамі меч без похвы, рукаяткай уверх; клейнод — на прылбіцы 5 страусавых пёраў. Паводле паданняў, узнік на пач. 11—12 ст. На тэр.ВКЛ пашыраны пасля прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413. Гербам «Астоя» карысталіся больш за 200 шляхецкіх родаў на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРЭЗІ́Я (ад а... + грэч. trēsis адтуліна),
1) поўная адсутнасць прасвету або адтуліны ў трубчастым органе. Прыроджаная атрэзія (аорты, стрававода, заднепраходнай адтуліны, похвы, маткі і інш.) развіваецца пры парушэнні эмбрыянальнага фарміравання органа. Пры некаторых прыроджаных атрэзіях нованароджаныя нежыццяздольныя. Набытая атрэзія ўзнікае з прычыны запалення або рубцовага працэсу (напр., атрэзія стрававода пры апёку кіслатой). Лячэнне хірургічнае.
2) Зваротнае развіццё фалікула ў яечніку млекакормячых. Інтэнсіўнае ў перыяд палавога выспявання і цяжарнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАЛІНІ́Т,
запаленне барталінавых залоз пераддзвер’я похвы ў жанчын. Узбуджальнікі барталініта — ганакокі і стафілакокі, часам стрэптакокі, кішачная палачка, трыхаманады і інш. Пачынаецца з запалення вывадной пратокі залозы (ацёк, гіперэмія, інфільтрацыя). Калі захворванне не лечаць, утвараецца абсцэс, які можа самаадвольна прарваць. Пры ўтварэнні новых абсцэсаў хвароба пераходзіць у хранічную форму. Найчасцей барталініт развіваецца з аднаго боку, бывае двухбаковы. Лячэнне: антыбактэрыяльная тэрапія, мясцова холад; пры нагнаенні і абсцэсах — разразанне, пры частых абвастрэннях — хірург. выдаленне залозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬВІ́Т (ад лац. vulva покрыва + ...іт),
запаленне вульвы (вонкавых палавых органаў жанчыны). Першасны вульвіт бывае пры траўматычных пашкоджаннях покрыўнага эпітэлію вульвы, парушэннях абмену рэчываў (цукровы дыябет), неахайнасці жанчыны і інш. Другасны вульвіт абумоўлены вострымі і хранічнымі запаленчымі працэсамі вышэйляжачых органаў жанчыны. Праяўляецца свербам, смыленнем і болямі, ацёкам, пачырваненнем, іншы раз язвамі на вялікіх і малых палавых губах, пераддзвер’і похвы, клітары. Пры несвоечасовым лячэнні могуць узнікнуць ускладненні. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, часта — хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСГЕНІТАЛІ́ЗМ (ад дыс... + лац. genitalis дзетародны, палавы),
агульная назва парушэнняў развіцця палавых органаў, пры якіх яны маюць празмерна вял. ці малыя памеры. Д. можа мець дачыненне да розных аддзелаў палавых органаў, аднак у плане сексуальных узаемаадносін вядучую ролю адыгрываюць змяненні формы і памераў геніталій (палавога члена, вульвы, похвы, шыйкі маткі), дзе ёсць эрагенныя зоны. Д. адрозніваюць ад набытых змяненняў формы і велічыні палавых органаў у выніку мех. пашкоджанняў, запаленчых, сасудзістых і інш. захворванняў, пухлін, парушэнняў лімфаадтоку.