Труя́1 ‘атрута’ (ТС). Утворана пры дапамозе прасл. суф. *‑ja ад першаснай формы дзеяслова *tru‑ti ‘труціць’, як руя́ ‘гайня’ ад *ru‑ti ‘раўсці’ (Махэк₂, 532). Параўн. труі́зна (гл.).

Труя́2пацяруха’ (ТС, Альп.). Узыходзіць да прасл. *trouti ‘пераціраць, есці’, у якім ‑ou‑ перад зычным развілося ў ‑ū‑ ў аснове *tru‑ (ст.-слав. трути ‘пераціраць, есці’, рус. дыял. трутить ‘церці’), да якой далучаўся суф. *‑j‑a. Параўн. труха́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аці́ра ’мякіна’ (Рам.), ’буйнейшыя адходы пры ачыстцы збожжа’ (Мат. Гродз.), ’дробнае пацёртае сена’ (Юрч.), аціры ’дробная саломка, якая застаецца пасля абмалоту збажыны’ (парыц., Янк. Мат., Янк. II, БРС), рус. смал. атиря ’мякіна’, параўн. польск. ocierki ’часцінкі пры абранні’, славац. oteriny, чэш. otěřinyпацяруха’, otěrky ’збожжа з абабітага снапа’. Ад аціраць, церці, якое магло мець значэнне ’аббіваць, малаціць’, параўн. аціраць ’малаціць проса’ (Юрч.), чэш. otírati ’аббіваць’, otěrek ’абабіты, абмалочаны сноп’, гл. Фасмер, 1, 358; Махэк₂, 659. Параўн. вотрыны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трахна́1, трахня́ ‘мятая салома, адходы ад кулёў’ (дзісн., Бір.; паст., глыб., смарг., Сл. ПЗБ); ‘дробная салома’ (Сцяшк.), сюды ж трахні́ца ‘тс’, ‘пацяруха’ (паст., Сл. ПЗБ). Паводле распаўсюджання і акцэнтуацыі, канстатуецца балцкі ўплыў (Грынавяцкене і інш., Балто-слав. сб. М., 1972, 379). Параўн. літ. trakniaĩ ‘мятая салома, салома на страху’. Вярэніч (Междунар. конф. балтистов, 142) лічыць балтыйскае паходжанне недастаткова аргументаваным і дапускае славянскія аналогіі. Паводле ЕСУМ (5, 666), звязана з укр. тряхнути́ ‘трасянуць’, польск. trąchnąć ‘тс’, адпаведна з трэсці, трусіць і траха́ць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́песок ‘друз, трэск і інш.’ (ТС), тру̀пасок ‘труха, пацяруха’ (Альп.). Параўн. укр. палес. тру́песок ‘сухія трэскі’, якое ў ЕСУМ (5, 657) лічаць відазмененым тру́сок (гл. труск), што малаверагодна. Хутчэй утворана ад асновы трупех‑ (гл. наступнае слова) у выніку чаргавання х // с і збліжэння канца слова з пясок, параўн. ілюстрацыі: така земля, трупесок, не песок і не глей (ТС). Зыходная аснова прадстаўлена ў польск. дыял. trupa ‘парахно’ (MSGP), рус. трупи́ть ‘драбніць, крышыць’, тру́пья ‘старое, парванае адзенне’, трупъ ‘луска, перхаць’, в тре́пес ‘ушчэнт’ (СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ра1 ’Пяцікніжжа Маісеева’, ’першая частка Бібліі ў яўрэяў’, ’скрутак з гэтым тэкстам’ (ТСБМ). Параўн. ідыш Tojre ’Пяцікніжжа; рэлігійнае вучэнне, дактрына’, што са ст.-яўр. thōrā́h ’вучэнне, павучанне, закон’ (Міхельсон, Рус. мысль, 670; Голуб-Ліер, 485; ЕСУМ, 5, 602).

То́ра2 (то́ря) ’мякіна’ (Мат. Маг. 2) — у выніку характэрнага для гаворак усходу Беларусі адсячэння пачатковага а‑ ў лексеме ато́ра ’амеці’ (гл.), аналагічна да ткуль/аткуль, тлымаць/атлымаць ’адламаць’ (Бяльк.) і пад. Параўн. таксама аці́ра, аці́ры ’смецце’ (ЛА, 2) і чэш. otěřiny (sena) ’пацяруха (сена)’; усё да *terti ’церці’ з чаргаваннем галосных.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́хлы ‘гнілы, сатлелы; слабы на здароўе’ (Нас.), ‘гнілы і парахнявы’ (Шат., Байк. і Некр., Растарг.), ‘спарахнелы’ (паст., даўг., пін., Сл. ПЗБ), ‘друзлы’ (Варл.), сюды ж трухле́ць ‘гніць, парахнець, разбурацца’ (Нас., Гарэц., Некр. і Байк.), ст.-бел. трухлети ‘слабець, трухлець’ (XVII ст., ГСБМ); другасныя ўтварэнні трухлё ‘парахня’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ‘гнілое дрэва’ (дзятл., Жыв. сл.), трухля́ ‘парахно’ (Мат. Гом.), трухля́вы ‘гнілаваты’ (Шат., Гарэц.), ‘наздраваты; дуплаваты’ (Сл. ПЗБ), ‘трупехлы, спарахнелы’ (Некр. і Байк., Ян., Сцяшк.), ‘ператочаны чарвякамі’ (шальч., брасл., Сл. ПЗБ), ‘лядашчы’ (Ян.), ‘які ператварыўся ў парахно ад гнілі і часу’, ‘які аджыў свой век’ (ТСБМ), ‘слабы, нездаровы’ (Нас., Байк. і Некр., Юрч. Вытв.), трухля́к ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр.), трухля́вець ‘разбурацца ад часу, ператварацца ў пацяруху’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), трухло́ ‘старызна, гніль’ (Сцяшк. Сл.), ‘аматар паспаць’ (полац., Нар. лекс.), трухлі́на ‘непрыдатныя для будаўніцтва матэрыялы’ (Растарг.), ‘пацяруха’ (ТСБМ), ‘парахня’ (Юрч. Вытв.), ‘гніляк’ (ТС), тру́хля ‘спарахнелы, струхлелы будынак’ (ТСБМ), ‘пацяруха’ (ТСБМ), ‘састарэлы, бездапаможны чалавек’, трухля́ціна ‘тое, што разбурана трухленнем’ (Байк. і Некр.), трухласць ‘парахня’ (Нар. Гом.), трухне́ць ‘доўга спаць’ (полац., Нар. лекс.), трухні́ву, трухня́ву ‘крохкі, нямоцны’ (ТС), трухле́й ‘хваравіты чалавек’ (Скарбы). Укр. тру́хлий, трухля́вий ‘трухлявы’, трухліти, трухля́вити ‘станавіцца трухлявым’, рус. тру́хлый, трухля́вый ‘тс’, стараж.-рус. трухъ ‘прэлы, трупехлы’, польск. truchleć ’гніць, тлець’, ‘сохнуць’, truchło ‘прах, рэшткі’ славін. strëǔi ‘крохкі, спарахнелы’, чэш. trouch ‘лясная глеба’, славац. trúchly ‘спарахнелы’, серб. тру̏хао, тру̏о ‘гнілы’, харв. trȕo, trȕhli, trȕli ‘гнілы, друзлы’, славен. trúhəl ‘тс’, старое балг. тру́хъл ‘тс’, макед. дыял. трул, трлав ‘тс’. Прасл. *truxlъ ‘гнілы’, ідэнтычнае лат. tràusls ‘гнілы, крохкі, ломкі’ і інш. (Фасмер, 4, 111; Глухак, 641; ЕСУМ, 5, 661). Да труха́1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́на, тры́ны мн. л. ‘ільняная і канаплёвая траста, кастрыца’ (Уладз., Мат. Гом.; люб., ЛА, 4), ‘дробныя часткі валакна пры трапанні’, ‘цвёрдыя адходы пры апрацоўцы валакна’ (жытк., лельч., Трух.). Укр. три́на ‘апілкі’, три́ня ‘пацёртая салома’, три́ни ‘труха сена’, польск. tryna ‘апілкі’, trynia ‘адходы пры малацьбе’, tryny ‘тс’, ст.-польск. tryna ‘апілкі’, серб. три̏ње, три̏ња ‘сенная труха’, ‘адзенне, пагрызенае моллю’, балг. три́на ‘мякіна’, ‘пацяруха’, макед. трина ‘труха’, триње ‘апілкі, парахня’. Прасл. *tьrina вытворная ад *terti (гл. церці), параўн. роднасныя літ. trynė́, trỹnę ‘мазоль’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 48), trínti ‘церці, пілаваць, расціраць’, лат. trīt ‘церці’, ‘тачыць (нож)’, trinimas ‘пілаванне пільшчыкаў’, trìnka ‘адпілаваная калода, кавалак дрэва’, trỹnios ‘гадавіны’ — trin‑ з’яўляецца новай асновай, якая ўзнікла ў выніку перастаноўкі ir > ritirn‑, параўн. і.-е. *tr‑n‑h₁‑é) (Смачынскі, 689; Фрэнкель, 2, 1124). Гл. Брукнер, 579; Скок, 3, 512; Куркіна, Этимология–1976, 28; ЕСУМ, 5, 638.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труск ‘дробныя галінкі, ламачча’ (ТС, Ласт.), trusk ‘ігліца, шыгалле’ (АБ, 7); сюды ж, відаць, і тру́сок ‘тонкія галінкі, трэскі’ (ТС), тру́сак (trusok) ‘сухія галінкі, трэскі’ (Тур.), ‘трэскавае смецце’, ‘дробязь, драбяза’ (Нас., Некр. і Байк.), ‘попел, прысак’ (полац., Стан.), трусо́к ‘пілавінне’ (Касп.), тру́сачкі ‘трэскі, смецце’ (Гарэц.), трусо́чык ‘дробны хвораст’ (Бяльк.). Параўн. укр. труск ‘дробна пабітыя, паламаныя галінкі, лаза’, ‘сухія галіны дрэў’, в.-луж. truskпацяруха’, ‘пыл’, ‘параскіданыя кавалкі’. Магчыма, да прасл. *truskъ ці *trǫskъ (ЕСУМ, 5, 659), генетычна звязаных з *trǫskati ‘аддзяляць’, ‘разрывацца, трэскацца, трашчаць’ (Фасмер, 4, 110), параўн. трускаць (гл.), а таксама рус. труск ‘трэск, хруст’, стараж.-рус. трускъ ‘тс’, польск. trusk, trzusk ‘тс’, якія, паводле Брукнера (579), звязаны чаргаваннем з *trysk‑, *trosk‑, а таксама з *trěsk] і са звонкім варыянтам *druzga ‘дробныя кавалачкі чаго-небудзь разбітага ўшчэнт’, *druzgati ‘ламаць, крушыць, разбіваць, раструшчваць, таўчы, сціскаць’ (SP, 4, 274–275), гл. друзгаць і наст. слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́ска ‘тонкі кавалак дрэва, адчасаны ад бервяна, палена; шчэпка’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сержп. Прык., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., ТС, Сцяшк., Др.-Падб., Растарг.), трі́ска ‘тс’ (кам., Бес., Горбач, Зах.-пол. гов.; Сл. Брэс.), tryèska ‘тс’ (Федар. 4), ст.-бел. треска ‘тс’, ‘стрэмка’, ‘парушынка’ (ГСБМ). Укр. трі́ска, трі́сочок ‘тс’, рус. тре́ска, треска́ старое ‘жэрдка, шост, палка’, новае ‘трэска, лучына для рашэцін пад тынк’, пск. тре́ска, мн. л. тре́ски ‘шчэпка, дранка’, ‘драўляныя асколкі’; польск. trzaska ‘трэска’, ‘стружка’, н.-луж. tśĕska, в.-луж. třĕska, чэш. tříska, славац. tríeska ‘тс’, ‘стрэмка’, славен. tréska, tŕska і trskà, харв. trijèska, чак. trîska, серб. тре̏ска, тре́ска ‘трэска; габлюшка’, балг. треска̀ ‘тс’, макед. треска, дыял. тра́ската ‘трэска, падпалка’, рус.- ц.-слав. трѣска. Прасл. *trěska ‘трэска’, ‘пацяруха’ (Сной₂, 788), роднаснае прасл. *trěskati ‘таўчы, біць, разбіваць’, *trěščiti ‘ўдарыць’ (Міклашыч, 361; Фасмер, 4, 100; Махэк₂, 658; Брукнер, 579; Голуб-Ліер, 492; ЕСУМ, 5, 645). Да трэск (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́тра1 ’кіслая мучная страва, саладуха’ (ТСБМ, Яруш.; в.-дзв., паст., брасл., віл., Сл. ПЗБ; мядз., Нар. словатв.; полац., Нар. сл.; Янук.; Нік. Очерки; Касп., Бяльк., ТС), ’цура’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’нясмачная, няякасная страва’ (брасл., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’страва з прасеянай жытняй мукі, заквашаная і запраўленая расцёртымі ягадамі’ (Малч.), ’усё, што робіць ежу крухмалістай’ (“как бы пудрит”) (Шн., 3), ’рэдкая гразь, балота’, ’раска на вадзе, якую ядуць качкі’ (гродз., ABSl, 9, 118), н. р. пу́тро ’саладуха’ (ТС), сюды ж путра́ны ’саладушны, зроблены з путры’ (Касп.), путря́нъй ’густы’ (гарад.; Нар. лекс.), параўн. укр. пу́тря ’страва з варанага ячменю і салодкага квасу’, рус. пу́тра, пу́тря, путро́ ’пойла з мукой; пшонная каша з маслам’. Запазычанне, у якасці крыніцы часцей за ўсё называецца літ. putrà ’рэдкая каша; поліўка; пойла’, лац. putra ’тс’ (Блесэ, SB, 5, 17–18, з літ-рай; Фасмер, 3, 413; гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 21, з літ-рай); бел. путра (“родъ худаго супа”) збліжаў з эст. pudder, puddro ’каша’ яшчэ Шымкевіч (Шымк. Собр.), параўн. таксама фін. puuro ’страва з мукі’, крыніцай запазычання якіх лічацца балтыйскія словы, што выводзяцца ад pùsti ’ўздувацца, набухаць’ (Фрэнкель, 681). Паводле Непакупнага (ABSl, 9, 118), гэта матывацыя пацвярджаецца ў адносінах да геаграфічных тэрмінаў, параўн. палес. зду́ховіна ’дрыгва’; Тапароў зыходным для гідронімаў з элементам put‑r‑ лічыць значэнне ’нешта разлезлае, няўстойлівае, нізкаякаснае’ і адносіць сюды літ. pùtryti, putróti ’чмякаць’, pùtarnoti ’плявузгаць’, лат. putrât, putruôt ’тс’, а таксама рус. пу́трить ’лаять’ (“что-то вроде ’разнести в пух и прах’, ’стереть в порошок’, ’размазать’”), што ўзыходзяць да і.-е. peu̯‑r *pou̯‑, *pū̆‑ з элементам ‑r‑ і семантыкай ’успухаць, раздавацца, разрэджвацца’ і ’гніць, раскладацца’ (Балто-слав. иссл., 1988–1996, 277). Параўн., аднак, заўвагу Віцьбіча: “Путра — усяго толькі нацыянальная латышская зацірка, якую часта можна спаткаць на стале латышскіх беднякоў” (Полымя, 1998, 3, 258), а таксама гродз. пу́тра (Цых.), по́тра (Скарбы) ’пацяруха’: перацерлі мышы зерне ў кублі, адна путра, што дазваляе хаця б для часткі слоў дапусціць сувязь з церці, тру (гл.).

Пу́тра2 ’лёгкія’ (мазыр., Шатал.). Няясна; магчыма, звязана з *ǫtrь ’унутранасці’, параўн. нутро́ ’сярэдзіна, вантробы’ (гл.), вагку́ша ’пячонка’, лёгку́ша ’лёгкія’.

Пу́тра3пацяруха’ (Цых.). Гл. по́тра ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)