прычапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., што.

1. Зачапіўшы за што‑н., прывесіць, прымацаваць. Зрабілі браты доўгі пасак з валовых шкур, прычапілі да яго кош. Якімовіч. Віця ўвагнаў у пясок жалезную палку, а канец капронавага троса, які быў наматаны на ёй, прычапіў да Паўлавага пояса. Шыцік. // Разм. Прышпіліць што‑н. да чаго‑н. Калі .. [Язэп] апрануўся, туга зацягнуў рэмень, адзеў на галаву пілотку, прычапіў медалі і два баявых ордэны, дык раптам адчуў сябе дужым, упэўненым і як бы зусім здаровым. Асіпенка.

2. Далучыць, прымацаваць пры дапамозе счэплівання (для руху). «Калі да цягніка прычапіць больш вагонаў, — разважаў Пеця, — дык і грузу можна перавезці больш». Шыловіч. Бавар, пераапрануты ў замасленую палатняную куртку, вывеў з-пад павеці старэнькі задымлены трактар, прычапіў да яго касілку. Ракітны.

3. Разм. Замацаваць за кім‑н., даць каму‑н. (празванне, мянушку і пад.). Ён рабіў справу старанна і дбала, З першай зоркай на працу заўсёды ўставаў. Хтось мянушку яму прычапіў — Грукатайла У адплату за тое, што спаць не даваў. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пас1, па́сак, па́сок, па́сік, па́сачак ’тканы пояс’, ’шнурок, папруга, рэмень’, ’стужка, пісяг’, ’пояс жанчыны’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Шпіл., Сцяшк., Тарн., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; КЭС, лаг.; ТС), ’доўгі, вузкі кавалак тканіны, скуры’ (ТСБМ), ’кавалак сала прадаўгаватай формы’ (пух., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’прыстасаванне для прывядзення ў рух машыны ці механізма’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом.), ’шнур у калаўроце’ (карэліц., Шатал.), ’доўгая чарада звязаных паміж сабою плытоў лесу’ (Маслен., Мат. Гом., Сл. Брэс., ТС), ’узоры на тканіне ў палосы’ (Сл. ПЗБ), па́ска, па́сачка ’паласа (паперы); палоска на тканіне’ (Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Сцяшк., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), пася́ты, паса́сты, пасася́чы ’паласаты’ (Сл. ПЗБ, Клім.); ст.-бел. пасъ ’рэмень’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. pas ’тс’ (Кюнэ, 86; Булыка, Лекс. запазыч., 110). Сюды ж паса́цца ’падпяразвацца’ (Нас.). Гл. таксама пояс.

Пас2 — ’вокліч аб адмове ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт’, ’няма сіл, магчымасцей’, пасава́ць ’здавацца’ (ТСБМ). З польск. pas, pasować ’тс’ (або другі раз праз рус. пас, пасовать ’тс’), якія з франц. (je) passe ’я ўстрымліваюся, пасую’ (Праабражэнскі, 2, 26; Варш. сл., 4, 72).

Пас3 ’перадача мяча, шайбы і да таго пад. у спартыўнай гульні’, пасо́ўка, пасава́ць ’перадаваць мяч, шайбу’ (ТСБМ). Праз рус. мову з англ. pass ’перадаваць’, якое з лац. passus ’крок, рух’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пярэ́сціць 1, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; незак.

1. што. Рабіць пярэстым, надаваць чаму‑н. пярэсты выгляд. Светлыя пасмы, як шоўкавыя істужкі, усюды весела пярэсцілі цяністы прыцемак лесу. Мележ. Цені выцягваліся, раслі, пярэсцілі і ўкрывалі сабою невялікія круглыя лужкі. Сачанка.

2. звычайна безас. Пра адчуванне пярэстасці, мітусні (у вачах). Нарэшце балота кончылася. Густы бярэзнік падымаўся некуды ўгару. Ад белых ствалоў пярэсціла ўваччу. Асіпенка. За вокнамі вагона мільгалі — аж пярэсціла ў вачах — тэлеграфныя слупы, чыгуначныя будкі. Сабаленка. Збажына калыхалася ад лёгкага подыху ветру і пярэсціла ў вачах. Сіўцоў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваёй пярэстасцю сярод чаго‑н. Дзе-нідзе на выгане пярэсцяць рознай велічыні лужыны. Бядуля. // чым або ад чаго. Быць пярэстым ад чаго‑н. Уся сцяна, у даўжыню, пярэсціла дзявочымі фотакарткамі. Ракітны.

пярэ́сціць 2, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; незак.

Разм. Моцна біць. Купец выхапіў з кішэні пасак ды прывязаў пана да хвоі. Потым выняў з-пад крыса п[о]пліску, паказаў пану і пытаецца: — Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла! І пачаў пярэсціць пана... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Нацягнуць, напяць тужэй. Падцягнуць пасак. Падцягнуць атосы. □ Варанецкі падцягнуў папругі свайму жарабку, ускочыў на сядло, і яны панесліся напрамкі цераз поле да свінафермы. Дуброўскі. Доктар усхапіўся, хуценька надзеў фуражку, падцягнуў гальштук. Сіпакоў. // Разм. Закруціць тужэй, падшрубаваць. Падцягнуць гайку. // Нацягваючы, падняць вышэй. [Костусь] падцягнуў вышэй халявы паляўні[чы]х сваіх ботаў,.. саскочыў з весніц. Чорны. [Зарубін] усё-такі падаслаў газету, акуратна падцягнуў штаны на каленях і толькі пасля гэтага сеў. Мехаў.

2. Цягнучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н. Манг выбраў доўгую галіну, зачапіў човен, падцягнуў да берага. Маўр. Хутка ўжо драбіны былі закладзены даверху, аставалася ўскінуць некалькі бярвенняў, якія мы падцягнулі да воза. Дамашэвіч. Круцізна берага і густы чарот перашкаджалі падцягнуць рыбіну бліжэй. Ляўданскі.

3. Сабраць, сканцэнтраваць дзе‑н., перамясціць бліжэй да каго‑, чаго‑н. (вайсковыя сілы, часці). Першымі пачалі.. [вайну] белапалякі.. Падцягнулі .. войска, падвезлі гарматы, бронемашыны, зброю. Колас. Абарона была прарвана, і мы апынуліся ў Карпатах. Аднак і немцы не зявалі. Яны падцягнулі новыя сілы і злучылі лінію фронту. Няхай.

4. перан. Разм. Прымусіць лепш выконваць работу, свае абавязкі, падняць дысцыпліну. Каб мець час падцягнуць дачок па музыцы, Сасноўскія ў гэтым годзе раней, чым звычайна, прыехалі з дачы. Карпаў.

5. і без дап. Далучыцца да таго, хто спявае, падпяваючы яму. Нечакана за алешнікам, каля ракі, у вышыню ўзляцела вясёлая песня. Зазвінелі маладыя жаночыя галасы.. Ім падцягнулі мужчынскія басы. Шамякін.

6. безас. Разм. Уцягнуць унутр (жывот, бакі і інш.). — Які ты худы, косці адны. — Гаварыла [жонка] шэптам. — Адны косці. І жывата зусім няма, бач, падцягнула як. Галавач. Губы і шчокі.. [жонцы] падцягнула, у старасці ўжо гаварыць не магла, толькі шамкала. Кулакоўскі.

•••

Жывот падцягнула (падвяло) — хочацца есці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Пэўная доля чаго‑н. цэлага. Пятрок разрэзаў пасак на дзве часткі: сабе ўзяў большую. □ Віцю даў меншую. Паўлаў. Уначы людзі былі разбуджаны нейкім асабліва моцным, але глухім грукатам. Нават зямля затрэслася і абвалілася частка берага. Маўр. // Участак якой‑н. плошчы. Сядзіба з будынкамі МТС знаходзілася на ўскраіне раённага цэнтра, у той яго частцы, куды ўшчыльную падступаў густы малады бор. Якімовіч. Гутарка ішла пра панскі луг, частку якога Вільчыцкі штогод прадаваў «на скос». Брыль. // Пэўная колькасць каго‑, чаго‑н., вылучаная з агульнага складу ці колькасці. Значная частка партызан разышлася па дарогах дзеля таго, каб у атрадзе было вядома ўсё, што робіцца на тэрыторыі раёна. Чорны. Ліст пажоўк на бярозах. Частка яго ляжала на зямлі. Ермаловіч. // Доля, якая каму‑н. належыць; пай. [Уладзік:] — А кабылу я ўсё-такі вазьму. Няхай будзе гэта з тае часткі, якая мне з гаспадаркі належыць. Крапіва.

2. Састаўны кампанент, элемент цэлага. Праблема героя рамана з’яўляецца часткай агульнай праблемы станоўчага героя савецкай літаратуры. Дзюбайла. // Прадмет, які ўваходзіць у сістэму якога‑н. адзінства; састаўны элемент якога‑н. арганізма, машыны і пад. Часткі прыёмніка. Запасныя часткі. Часткі цела. □ Сама ж кантора з’яўлялася часткай мураванага свірна з прасторным ацэментаваным падвалам. Колас. Пярэдняя частка.. моцнага тулава [зубра] цяжкая і масіўная, здаецца непамерна развітой у параўнанні з задняй, пакрытай карацейшымі і святлейшымі валасамі. В. Вольскі. // Раздзел, галіна і пад., якая характарызуе каго‑, што‑н. у якіх‑н. адносінах, з якога‑н. боку. У сваёй літаратурнай частцы.. [газета] па сутнасці прапагандавала эстэтычныя ідэі класічнай рускай літаратуры, мастацкія прынцыпы крытычнага рэалізму і народнасці. Ларчанка. Нарэшце, афіцыйная частка закончылася, і Меліяранскі пачаў знаёміць вучняў з выкладчыкамі. С. Александровіч.

3. Раздзел літаратурнага, музычнага твора. У 1954 г. Я. Колас надрукаваў апошнюю частку свайго рамана «На ростанях». Шкраба.

4. Аддзел якой‑н. установы, асобная галіна кіравання. Навучальная частка. □ Цётка Палашка ў штабной зямлянцы вяла рашучую атаку на Лявона Маркавіча, пад загадам якога знаходзілася гаспадарчая частка лагера. Лынькоў.

•••

Казённая частка — частка агнястрэльнай зброі, з якой яна зараджаецца.

Частка свету — адна з краін свету (Еўропа, Азія, Афрыка, Амерыка, Аўстралія, Антарктыда).

Ірвацца на часткі — імкнуцца выконваць адразу мноства розных спраў, даручэнняў, абавязкаў. Магдалена проста як не рвалася на часткі. Чорны.

Ірваць на часткі гл. ірваць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)