ГАЛО́ВАЧКА,

даўні галаўны ўбор замужніх жанчын у давыд-гарадоцка-тураўскім строі. Бытавала да сярэдзіны 20 ст. Складалася з уласна галовачкі (цвёрды каркас-аснова ў выглядзе шапкі без верху, надлобная частка якой пераходзіла ў трапецападобны грэбень), своеасаблівага чапца з паркалю ці кужэльнага палатна, што надзяваўся на грэбень, рабушкі (пасак з тых жа матэрыялаў для ахінання каркаса) і сярпанкі (складзеная ў некалькі столак, яна абвівала грэбень, праходзіла пад падбародкам і свабоднымі канцамі драпіравалася на спіне). Святочную галовачку аздаблялі вышыўкай, нашыўкамі залацістай тасьмы, набіванага пярэстага паркалю. Блізкі да галовачкі галаўны ўбор жанчын Давыд-Гарадка і Століна — падушачка.

М.Ф.Раманюк.

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́РА,

1) традыцыйная гаспадарчая пабудова на Беларусі для кароў. У 16—пач. 20 ст. будавалі з бярвення ці дыляў («у вянок», «замётам у шулы»), часам сцены плялі з лазовых дубцоў і абмазвалі глінай. У сял. гаспадарках абора — вял. хлеў. У фальварках і маёнтках аборы будавалі звычайна на 4—8 памяшканняў (кожнае мела асобныя вароты), згрупаваных прамавугольнікам вакол двара і звязаных адно з адным у суцэльную забудову. Такі комплекс часта злучаўся варотамі з падвор’ем, гумнішчам. У аборах вылучаліся памяшканні для цельных кароў, маладняку, маглі ўваходзіць таксама птушнікі, стайні, жылыя і гасп. будынкі для парабкоў.

2) Загароджаная частка двара для дзённага ўтрымання хатняй жывёлы (дзяннік).

3) Загон для жывёлы на выпасах.

4) Вяровачка з пянькі, лёну ці раменны пасак для прымацоўвання лапця і анучы.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)