МЕТРАПО́ЛІТЭН-МУЗЕ́Й (Metropolitan Museum of Art) у Нью-Йорку, найбуйнейшы ў ЗША і адзін з буйнейшых у свеце збор твораў мастацтва. Засн. ў 1870 на аснове падараваных прыватных калекцый. Адкрыты ў 1872. Калекцыі музея прадстаўляюць усе буйнейшыя маст. культуры свету. У складзе М.-м. раздзелы мастацтва Амерыкі, Еўропы, краін Б.​Усходу, Азіі, Афрыкі, Акіяніі і Стараж. Амерыкі, Стараж. Егіпта, Грэцыі і Рыма, мастацтва ісламу, мастацтва 20 ст., зброі, муз. інструментаў, музеі кнігі і дзіцячы, ін-т касцюма. Філіял — музей сярэдневяковага мастацтва «Клуатры» ў Нью-Йорку (засн. ў 1926, адкрыты ў 1938).

Я.​Ф.​Шунейка.

Метраполітэн-музей.

т. 10, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (Ross Shelf Ісе),

найбуйнейшы шэльфавы ледавік у Антарктыдзе, паміж Зямлёй Мэры Бэрд на З і Зямлёй Вікторыі на У. Працяг з Пд на Пн каля 850 км, з У на З каля 900 км. На Пн абрываецца ў м. Роса стромкай сцяной выш. да 50 м. Пл. больш за 500 тыс. км² (зменьваецца па гадах). Выш. 30—100 м, таўшчыня лёду ў тылавой ч. да 700 м. Р.ш.л. жывяць далінныя ледавікі Бірдмара, Бэрда і інш. Адкрыты ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.​Роса. У 1929—59 (з перапынкамі) на ледавіку існавала база антарктычнай экспедыцыі ЗША Літл-Амерыка.

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБАЧА́НСКІЯ ВАЛУНЫ́,

помнік прыроды рэсп. значэння у Беларусі (з 1988), за 5 км на ПдЗ ад в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл. 3 валуны шаравата-ружовага парфірападобнага граніту. Найбуйнейшы камень даўж. 4 м, шыр. 2,6 м, выш. над паверхняй зямлі 1,8 м, у абводзе 12 м. Другі валун ляжыць за 30 м на Пн (даўж. 2,3 м, шыр. 2,3 м, выш. над паверхняй зямлі 0,7 м). Трэці камень знаходзіцца за 1 км на ПдЗ ад вёскі, формаю нагадвае вял. прас (даўж. 3,3 м, шыр. 1,4 м, выш. 1,6 м). Глыбачанскія валуны прынесены ледавіком каля 18 — 20 тыс. гадоў назад з раёна г. Выбарг.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКЕ́Н (Lekain; сапр. Кен; Cain) Анры Луі

(31.3.1729, Парыж — 8.2.1778),

французскі акцёр; найбуйнейшы прадстаўнік асветніцкага класіцызму. Вучань і паслядоўнік Вальтэра. Зазнаў уплывы М.Барона і А.Лекуўрор. У 1740-я г. ўдзельнічаў у спектаклях прыватных т-раў. З 1750 акцёр «Камеды Франсэз» у Парыжы. Салонна-арыстакратычнай вытанчанасці акцёрскай ігры проціпастаўляў вобразы, напоўненыя грамадз. пафасам і велічнай прастатой. Лепшыя ролі ў трагедыях Вальтэра — Арасман («Заіра»), Магамет («Магамет»), Чынгісхан («Кітайскі сірата»), у творах А.​М.​Лем’ера — Лінсей («Гіперместра»), Вільгельм Тэль («Вільгельм Тэль»), Ж.​Ф.​Лагарпа — Уорык («Граф Уорык») і інш. Ажыццявіў рэформу ў галіне тэатр. касцюма, імкнуўся да гіст. і этнагр. дакладнасці ў адзенні персанажа.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЭ́СЮ, Тоё Ода, Іміна (1420, Місу, Японія — 1506),

японскі жывапісец, найбуйнейшы майстар манахромнага жывапісу, «суйбоку-га». Быў будыйскім святаром. Вучыўся ў Дзёсэцу, Сюбун. У 1467 або 1468 быў у Кітаі, дзе размаляваў павільён Лібуюань імператарскага палаца ў Пекіне. Працаваў у традыцыях кіт. жывапісу перыяду Паўд. Сун, у жанры пейзажа («Зімовы пейзаж», «Пейзажы чатырох пор года»), імкнуўся да свабоднай трактоўкі рэальных форм, што садзейнічала стварэнню вобразаў, афарбаваных асабістым светаўспрыманнем мастака. Уласцівыя творам суровасць, адчуванне неспакою і дынамізм С. перадаваў у 2 стылістычных манерах: «сін» (ломаныя лініі малюнка, нервовыя мазкі-кропкі) і «хабоку» (рэзкія пэндзлевыя мазкі, прасторавыя і святлопаветраныя эфекты).

Літ.:

Воронова Б.Г. Тойо Ода. М., 1958.

т. 15, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕЦК,

горад у Расіі, цэнтр Ліпецкай вобл., на р. Варонеж. 477 тыс. ж. (1997). Вядомы з 13 ст.; у 1284 разбураны татарамі; з 1779 губернскі горад (адбудаваны на месцы с. Ліпецкія Заводы). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: чорная металургія (найбуйнейшы ў Расіі Наваліпецкі металургічны камбінат, трубны з-д), машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, станкі, пускавыя рухавікі і інш.), буд. матэрыялаў, хім. (з-ды азотна-тукавы, гумава-пластмасавых вырабаў), харчасмакавая, швейная, мэблевая. 2 ВНУ. 2 тэатры. Краязнаўчы музей і Дом-музей Г.​В.​Пляханава. Сабор Раства Хрыстова (18—19 ст.). Бальнеалагічны і гразевы курорт.

Літ.:

Колтаков В.​М.​Памятные места Липецка: Справ.-путеводитель. Воронеж, 1980;

Липецк: (Справ.-путеводитель). [Воронеж], 1967.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНА́Р (Renard) Жуль (22.2.1864, Шалон-сюр-Мен, Францыя — 22.5.1910),

французскі пісьменнік. Дэбютаваў як паэт-сімваліст (зб. вершаў «Ружы», 1886). Першы буйны празаічны твор — раман «Макрыцы» (1887) пра жыццё вясковых буржуа. У рамане «Паразіт» (1892) сатыр. вобраз пісьменніка-псеўдабунтаўшчыка і прычыны яго дэградацыі. Тэмы дзяцінства і вёскі распрацоўваў у рамане «Рыжык» (1894). Аўтар зб-каў нарысаў і апавяд. «Патайны ліхтар» (1893), «Вінаградар у сваім вінаградніку» (1894), «Буколікі» (1896), «Нашы суровыя браты» (1908) пра сял. побыт, п’ес, у т. л. «Ханжа» (1909) і інш. Найбуйнейшы яго твор — «Дзённік» (выд. 1927), у якім адлюстраваны светапогляд і прынцыпы Р., грамадскае і культ. жыццё Францыі канца 19 — пач. 20 ст.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1946;

Дневник. М., 1965.

А.​В.​Хадановіч.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫНЕ́СКА Аляксандр Іванавіч (13.1.1913, г. Адэса, Украіна — ліст. 1963),

Герой Сав. Саюза (1990, пасмяротна). Капітан 3-га рангу (1942). Скончыў Адэскі мараходны тэхнікум (1933), штурманскія курсы (1934) і курсы перападрыхтоўкі (пасля 1937) пры Чырванасцяжным вучэбным атрадзе падводнага плавання ў Ленінградзе. З 1933 на Балт. флоце. З 1939 камандзір падводнай лодкі. У Вял. Айч. вайну вызначыўся як камандзір (1943—45) падводнай лодкі «С-13»: у раёне Данцыгскай (Гданьскай) бухты выявіў і патапіў 13.1.1945 найбуйнейшы лайнер фаш. Германіі «Вільгельм Густлаў» (у свеце наз. «атакай стагоддзя»; сярод загінуўшых былі экіпажы для 70 герм. падводных лодак), а 10 лют. — ням. дапаможны крэйсер «Генерал фон Штойбен» (больш за 3 тыс. вайскоўцаў). Пасля вайны працаваў у гандл. флоце, Ленінградскім параходстве, на заводзе «Мезон» у Ленінградзе.

Літ.:

Геманов В.С. Подвиг «тринадцатой»: Слава и трагедия подводника А.​И.​Маринеско. Л., 1991.

У.​Я.​Калаткоў.

А.І.Марынеска.

т. 10, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎЛЬБЕРЧ, Маўльперч (Maulbertsch, Maulpertsch) Франц Антон (хрышчаны 8.6.1724, Лангенарген, Германія — 8.8.1796), аўстрыйскі жывапісец; найбуйнейшы прадстаўнік аўстр. барока. Вучыўся ў Венскай АМ (1741—49), з 1770 яе прафесар. Зазнаў уплывы венецыянскага жывапісу і Рэмбранта. Працаваў у Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Румыніі, Славакіі, Чэхіі. Творы вызначаюцца экспрэсіўнасцю, падкрэсленым дынамізмам кампазіцыі, насычанасцю каларыту і святлоценявой мадэліроўкі; работы позняга перыяду маюць рысы класіцызму. Майстар манум. жывапісу: фрэскі ў касцёле п’ярыстаў (1752—53) і ун-це (1756—59) у Вене, цэрквах у Інсбруку (1775—76, Аўстрыя) і ў Шумегу (1757—58), саборы ў Папе (1780—81) і епіскапскай рэзідэнцыі ў Сомбатхеі (1783, Венгрыя), капэле палаца прымаса ў Браціславе (1781) і інш. Аўтар алтарных карцін «Св. Павел» (1759), «Узняцце крыжа» (1760), «Св. Тройца» (каля 1785—86) і інш.; гравюр («Прычашчэнне апосталаў», 1765, і інш.).

Я.​Ф.​Шунейка.

Ф.А.Маўльберч. Святы Павел. 1759.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ОЛД ВІК»

(Old Vic Theatre),

найбуйнейшы драм. т-р у Лондане. Адкрыты 11.5.1818 як т-р тыпу мюзік-хола пад назвай «Кобург тыэтр», з 1833 — Т-р Вікторыі (у народзе фамільярна наз. «Old Vic» — «Старая Вік»). У 1880 у т-ры размясціўся цэнтр оперы і драмы — Каралеўская зала Вікторыі. З канца 1890-х г. вядучы т-р Вялікабрытаніі. Ставіліся пераважна п’есы класічнай англ. і сусветнай драматургіі. З 1914 спецыялізуецца на пастаноўцы п’ес У.​Шэкспіра. У розны час кіраўнікамі т-ра былі Л.​Бейліс, Т.​Гатры, Л.​Аліўе (сумесна з Р.​Рычардсанам і Дж.​Барэлам), Х.​Хант, М.​Бентал, М.​Эліят і інш.; выступалі акцёры Дж.​Гілгуд, Аліўе, А.​Гінес, Ч.​Лотан, Рычардсан, М.​Рэдгрэйв, С.​Торндайк, П.​Эшкрафт і інш. У 1963—76 у памяшканні т-ра выступаў Нац. т-р Вялікабрытаніі.

т. 11, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)