ВЕ́ТКАЎСКАЯ РАЗЬБА́,

1) аб’ёмна-ажурная пазалочаная разьба, якой у г. Ветка Гомельскай вобл. ў 18—19 ст. аздаблялі ківоты да абразоў. Была высокаразвітым пасадскім ці манастырскім рамяством, працягвала і развівала традыцыі беларускай рэзі. Дэкор уключаў вінаградныя лозы, лісце, гронкі, пазней кветкі і інш. На пач. 20 ст. прыйшла ў заняпад. Калекцыя ўзораў веткаўскай разьбы ёсць у Веткаўскім музеі народнай творчасці.

2) Архітэктурны дэкор, пашыраны ў г. Ветка і навакольных вёсках. Традыцыя ідзе ад перасяленцаў з Цэнтр. Расіі (17—18 ст.). Веткаўская разьба арганічна спалучае бел. і рус. традыцыі нар. арх. дэкору. У 18—19 ст. нескладанай выемчатай разьбой геам. характару аздабляліся пераважна аконныя ліштвы. З сярэдзіны 19 ст. пад уплывам класіцызму дэкор узбагаціўся накладнымі элементамі ў выглядзе ромбаў, прамавугольнікаў, рэечак, такарных дэталей. Верхнія часткі ліштваў набылі форму трохвугольных франтончыкаў з прафіляванымі накладкамі, дэкор карнізаў і вуглоў часам імітаваў элементы мураванай архітэктуры класіцызму. З канца 19 ст. пашырыўся прапілаваны дэкор расліннага характару, якім багата аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі, вароты, а ў наш час і веранды, мансарды, франтоны. Сучасная веткаўская разьба звычайна спалучаецца з паліхромнай расфарбоўкай, вызначаецца павышанай дэкаратыўнасцю, перавагай стылізаваных раслінных матываў, шматпланавасцю кампазіцыі.

Я.М.Сахута.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім р-нах. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Для яго характэрныя разнастайныя прыёмы вышыўкі і стрыманасць каларыту. Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі». Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыста-тканы з вялікай гронкай кутасоў пояс. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівыя ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнасцю рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна ў дробныя гафрыраваныя складачкі). Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульнанацыянальных відаў і формаў не мелі.

М.Ф.Раманюк.

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ШЫЎКА,

від дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у якім узор ці выява выконваюцца ўручную (іголкай, часам кручком) або машынным спосабам на тканінах, скуры, лямцы і інш. матэрыялах ільнянымі, баваўнянымі, ваўнянымі, шаўковымі ніткамі, а таксама воласам, бісерам, жэмчугам, каштоўнымі камянямі, бліскаўкамі і інш. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) выкарыстоўваюцца кавалкі тканіны, тасьма, шнур, скура, аўчына і інш. Вышыўка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, у розныя эпохі займала пэўнае месца ў дэкар. мастацтве (у Францыі папярэднічала габеленам, у Італіі — карункам). Шырока выкарыстоўвалася ў рытуальным адзенні народаў Усходу, культавым і княжацкім адзенні славянскіх народаў. Сусв. вядомасць набылі мсцёрская белая гладзь, красцецкая вышыўка, таржоцкія залаташвейныя вырабы, узбекскія і таджыкскія «сузані» і інш.

На Беларусі найб. стараж. ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках скуранога абутку 10—13 ст., знойдзенага пры раскопках гарадзішчаў Полацка, Мінска, Брэста, Ваўкавыска і інш. У 14—18 ст. вышыўка ўжывалася для аздаблення культавага ўбрання, адзення вышэйшага саслоўя і шляхты. Каляровым шоўкам, залатымі і сярэбранымі ніткамі аздаблялі тонкія льняныя тканіны, з якіх выраблялі адзенне, харугвы, плашчаніцы, абразы і інш. Стараж. бел. сюжэтная вышыўка (шытво) звязана з візант.-рас. і зах.-еўрап. іканапіснай традыцыямі. Арнаментальныя кампазіцыі пераплятаюцца з узорамі традыц. ўзорыстага ткацтва 18—19 ст. (мануфактуры па вырабе слуцкіх паясоў, карэліцкіх шпалераў і інш.). Здаўна вышыўка была адным з асн. заняткаў жанчын. Аздобленыя вышыўкай адзенне, абутак, тканыя бытавыя вырабы, дэкар. пано заўжды вызначаюцца мясц. кампазіцыйнымі і тэхн. прыёмамі, арнаментальнымі і выяўл. матывамі, колеравым ладам і г.д. Вышыўка падзяляецца на лічаную (выкананая з улікам структуры тканіны, калі для кожнага шыўка лічаць ніткі тканіны) і адвольную, або нялічаную. Да першай адносяцца процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка і інш., да другой — ланцужок («пляцёнка», «тамбур»), нялічаная гладзь, а таксама гафт, аплікацыя, абкідальныя швы і інш. У нар. мастацтве з 19 ст. пашыраны процяг, крыжык чырв. ці чырв.-чорнага каларыту, у 20 ст. — і адвольная паліхромная вышыўка. У арнаменце характэрныя кампазіцыі з геам. і раслінных фігур, радзей — антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Нар. вышыўка мае рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. Для Зах. Палесся адметнае паўсюднае выкарыстанне шва процяг і крыжыка (кашулі, фартухі і наміткі нар. строяў, кажухі). Для Усх. Палесся характэрны разнастайнасць тэхн. прыёмаў, багацце арнаментальных матываў (рамбічны і расл. арнамент, птушкі, фігуры жанчын) з ёмістай і шматзначнай сімволікай. У турава-мазырскім строі 20 ст. пашыраны расл. паліхромны арнамент. Чорны і белы каларыт вышыўкі сустракаецца найчасцей у аздабленні летняга касцюма буда-кашалёўскага строю і неглюбскага строю. Адзін з найб. пашыраных матываў Прыдняпроўя — невялічкая шматпялёсткавая разетка, заключаная ў прамавугольныя ці рамбічныя ячэйкі або закампанаваная ў шахматным парадку. Самабытнасцю і тонкім маст. густам вызначаецца вышыўка Наддзвіння і Паазер’я, дзе пашырана белая або бела-чырвоная мярэжка, цыраванне з разнастайнымі фактурнымі вылучэннямі выяўл. і геам. матываў (вясельныя ручнікі, абрусы, падолы фартухоў). Вышыўка ўсх. раёнаў дапаўняецца чырв. ўстаўкамі кумачу, нашыўкамі тасьмы і бліскавак. Часам у чырв.-малінавы колер вышыўкі тактоўна ўводзяцца сіні і жоўты, якія павышаюць дэкар. выразнасць узораў. У вышыўцы Цэнтр. Беларусі спалучаюцца рысы нар. мастацтва ўсіх этнагр. рэгіёнаў (часцей процяг і крыжык). Высокі маст. ўзровень нар. майстроў капыльска-клецкага строю і пухавіцкага строю. Прыкметная сувязь з узорыстым ткацтвам (закладаннем) у геам. матывах чырв.-чорных вышыўках Случчыны, у аснове якіх — ромб розных абрысаў, дапоўнены зубчыкавымі паскамі, зоркамі і інш. Большай строгасцю і стрыманасцю вызначаюцца лінейна-графічныя арнаменты вышыўкі Панямоння (геам. і расл. ўзоры часцей выконваюцца крыжыкам у чырв.-чорным каларыце). Нар. вышыўка мае шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў). Цяпер традыц. ручная вышыўка бытуе ў нар. побыце. Яна набыла папулярнасць і сярод прафес. мастакоў, якія ствараюць сцэнічныя або модныя сучасныя касцюмы, дэкар. тканіны сувенірнага і быт. прызначэння. Машынная вышыўка па матывах народнай выкарыстоўваецца на ф-ках маст. вырабаў, у швейных атэлье і г.д. Творы майстроў экспануюцца на нац. і міжнар. выстаўках.

Літ.:

Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. Мн., 1991.

М.Ф.Раманюк.

т. 4, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРГІ́ЛІЙ, Публій Вергілій Марон (Publius Vergilius Maro; 15.10.70 да н. э., Андэс, каля г. Мантуя, Італія — 21.9.19 да н. э.),

рымскі паэт. Вывучаў рыторыку і філасофію ў Крэмоне, Мілане, Рыме. Пазней жыў у Неапалі. Паэт. славу яму прынёс зб. «Буколікі» («Пастухоўскія песні», 42—38 да н. э.) — 10 эклог (асобных вершаў), цесна звязаных з тагачаснай рэчаіснасцю, у якіх ідэалізуецца вясковае жыццё (гл. Букалічная паэзія). Прароцтва пра нараджэнне божага дзіцяці і пачатак залатога веку (4-я эклога) хрысціянскае сярэднявечча прызнала за прадбачанне нараджэння Хрыста, за што вельмі шанавала Вергілія. У дыдактычнай паэме «Георгікі» («Земляробскія вершы», кн. 1—4; 36—29 да н. э.) вёску разглядаў як апору дзяржавы. Гераічная паэма ў 12 кнігах «Энеіда» (29—19 да н. э.) стала нац. эпасам. Створаная з арыентацыяй на Гамера, яна распрацоўвала сюжэт пра міфічнага заснавальніка Рым. дзяржавы траянца Энея, усхваляла Рым і рым. народ. З ранняга Адраджэння творчасць Вергілія рабіла выключны ўплыў на еўрап. л-ры, у т. л. на лацінамоўную паэзію Беларусі — героіка-эпічныя творы Я.Вісліцкага («Пруская вайна», 1516), М.Гусоўскага («Песня пра зубра», 1523). Паэт і філосаф 17 ст. М.Сарбеўскі напісаў трактаты «Аб паэзіі дасканалай, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954). Да багатай традыцыі парадыйнай інтэрпрэтацыі сюжэтных матываў «Энеіды» далучылася і беларуская «Энеіда навыварат». У 1909 у Мінску выдадзены «Скандоўнік да «Энеіды» — дапаможнік для правільнага чытання лацінскіх вершаў.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. СПб., 1994.

Літ.:

Полонская К.П. Римские поэты эпохи принципата Августа. М., 1963. С. 13—46.

С.Дз.Малюковіч.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ва Усх. Палессі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах Гомельшчыны. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Яму ўласцівы разнастайнасць формаў, багацце арнаментальных кампазіцый, адметныя шыйныя ўпрыгожанні. У жаночым гарнітуры вылучаюцца 3 варыянты: кашуля, 4-полкавая панёва, фартух, намітка (сярпанка); кашуля, андарак, белы фартух, гарсэт (кабат), каптур з хусткай; кашуля або блуза, крамная спадніца з прышыўным ліфам (шнуроўка). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вузкім рукавом, стаячым каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвонымі, чорнымі і белымі баваўнянымі ніткамі) кампанаваўся ў палосы рознай шырыні на рукавах, на плечавых устаўках, каўняры і падоле. З геаметрычных матываў пашыраны ромбы, васьмівугольныя зорачкі, зубчыкавыя паскі, з раслінных — дрэва жыцця (размяшчалася буйным аднарапортным узорам на ўсю даўжыню рукава), 8-пялёсткавыя кветкі, ружы, ягады каліны. Вышыўку фартухоў часта дапаўнялі нашыўкамі з каляровага саціну, карункамі. Андаракі гладкафарбаваныя, найчасцей чырвона-малінавыя або затканыя падоўжнымі бела-вохрыстымі палосамі ці вышытыя па нізе рознакаляровымі ніткамі. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец (пераважна з цёмных крамных тканін, упрыгожаныя аплікацыяй, брыжамі), хусткі (даматканая белая з чырвонымі прокідкамі, суконная чорная з дэкар. махрамі, крамная страката-набіваная, якую не завязвалі, а выкладалі на галаве і грудзях). Насілі пацеркі, шыйныя абручыкі, вышытыя рознакаляровым бісерам. Мужчынскія кашулі былі тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай. Нагавіцы шылі з палатна ў чорна-белыя палоскі (палатнянікі) або з шэрага ці карычневага сукна (суконнікі). Вопратку (світка, бурнос, бурка, кажух) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з фабрычнага сукна ці саціну, аплікацыяй шнурам, фалдаваннем (маршчэннем), строчкай.

М.Ф.Раманюк.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БКА Пятро

(Пётр Фёдаравіч; 6. 7.1905, в. Вялікая Уса Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 18.12.1969),

бел. паэт. Акад. АН БССР (1957, чл.-кар. 1950). Скончыў БДУ (1930). Працаваў сакратаром рэдакцыі час. «Узвышша», у газ. «Калгаснік Беларусі», час. «Полымя рэвалюцыі». З 1945 у АН Беларусі: у Ін-це л-ры, мовы і мастацтва, у 1952—56 заг. сектара лексікаграфіі, у 1956—57 дырэктар Ін-та мовазнаўства, у 1957—69 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, адначасова ў 1968—69 акад.-сакратар Аддз. грамадскіх навук. Друкаваўся з 1924. Першы зб. лірыкі «Шыпшына» (1927) выявіў прыхільнасць да рамант. паэзіі, літ. і фалькл. традыцый. Кнігі «Урачыстыя дні» (1930), «Хада падзей» (1932), «Чатыры вятры» (1935) вызначаюцца жанравай разнастайнасцю, узмацненнем грамадз. матываў. Асобныя вершы 1930-х г. рытарычныя, дэкларацыйныя. Тэма рэвалюцыі і Грамадз. вайны ў паэмах «Трывожны сігнал» (1929), «Арлянка» (1931), «Мужнасць» (1934), «У тыя дні» (1937), драм. паэме «Над Бярозай-ракой» (паст. 1940). Вершы часоў Айч. вайны прасякнуты філас. роздумам, напоўнены пачуццём любові да Радзімы, лірызмам. Гал. тэмы пасляваен. творчасці — аднаўленне, памяць вайны, барацьба за мір. Аўтар лібрэта оперы «Андрэй Касценя» (нап. 1947, паст. 1970), вершаванай п’есы «Святло з Усходу» (паст. 1957), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў. Вёў даследчую работу ў галіне бел. лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Пушкіна («Барыс Гадуноў», вершы), М.Лермантава, М.Горкага (паэма «Дзяўчына і смерць», апавяданні), У.Маякоўскага, А.Пракоф’ева, Т.Шаўчэнкі (паэма «Марына», вершы), М.Рыльскага і інш.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1984—86.

Літ.:

Барсток М. Пятро Глебка. Мн., 1952;

Перкін Н. Пятро Глебка. Мн., 1955;

Пясняр мужнасці: Кніга пра Пятра Глебку. Мн., 1976.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАХО́ЎСКІ Сяргей Іванавіч

(н. 25.9.1913, мяст. Нобель Зарэчненскага р-на Ровенскай вобл., Украіна),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1983). У 1914 з бацькамі пераехаў у Глуск. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1935). Працаваў на Бел. радыё, у прэсе. У 1936 беспадстаўна арыштаваны, сасланы на лесараспрацоўкі ў Горкаўскую вобл. У 1946—49 настаўнік у Слуцкім р-не. У 1949 арыштаваны паўторна і высланы ў Новасібірскую вобл.; настаўнічаў. Рэабілітаваны ў 1955. З 1956 у Мінску. У 1957—73 у час. «Бярозка», «Вясёлка». Друкуецца з 1926. Першы зб. вершаў «Дзень нараджэння» (1958). Грахоўскі — прыхільнік традыц. класічнай паэтыкі, канкрэтна-рэаліст. вобразнасці. Асн. рысы яго паэзіі — лірызм, роздум над складанымі праблемамі часу, спалучэнне грамадскіх і асабістых матываў, сцвярджэнне дабрыні, чалавечай годнасці, грамадз. адказнасці чалавека: зб-кі «Чаканне» (1960), «Паэма дарог» (1970), «Зачараванасць» (1978), «Асеннія гнёзды» (1982, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1983), «Кругі надзеі» (1985), «Верую» (1987), «І радасць і боль» (1988), «Споведзь» (1990, аповесці і вершы, Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і інш. Аўтар зб. апавяданняў «Які вялікі дзень» (1966), дакумент. аповесці «Рудабельская рэспубліка» (1967, экранізавана ў 1972), «Суровая дабрата» (1977), «Два лёсы — дзве трагедыі» (1988), аўтабіягр. трылогіі «Такія сінія снягі» (1988), «Зона маўчання» (1990), «З воўчым білетам» (1991) і інш. Піша для дзяцей (зб. вершаў «Сёння і заўтра», 1961; «Гарыць касцёр», 1966; аповесць «Гарачае лета», 1974, і інш.). Перакл. на бел. мову асобныя творы А.Гайдара, Р.Тагора, кн. «Выбраныя вершы і паэмы» А.Блока, зб. «Пасля спаткання» М.Дудзіна і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1994.

А.С.Гурская, І.У.Саламевіч.

т. 5, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Како́шнік1 ’галаўны ўбор, намітка’ (Бяльк.), ’старадаўні рускі жаночы галаўны ўбор у выглядзе ўпрыгожанага шчытка пад ілбом’ (БРС, ТСБМ). Слова ў другой фіксацыі неабходна лічыць русізмам, больш цяжкая справа з усх.-бел. лексемай. Адпаведнік гэтаму слову ў рус. мове: кокошник ’жаночы галаўны ўбор («кичкообразныя, полотенчатый, в виде чепца, шапочки, …широкой туфли, шитой золотом и позументом») і да т. п.’, змястоўнае апісанне рэалій дае СРНГ, 14, 101–102. Месца распаўсюджання слова — пск., цвяр., калуж., валаг., наўг. і інш., у глыбіні рус. моўнай тэрыторыі, сведчыць аб тым, што рус. лексема, паралелей да якой у іншых мовах не знаходзіцца, з’яўляецца інавацыяй. Бел. у такім разе або непасрэдна суадносіцца з рус. (у выніку гістарычнай сувязі ўсх.-бел. гаворак з рус.), або пранікненне з рус. гаворак. Нельга выключыць і магчымасці прыўнясення слова перасяленцамі. Што датычыцца матываў намінацыі рус. лексемы, можна саслацца на даследаванне Зяленіна, які меркаваў, што тэрмін суадносіцца з назвай курыцы (або пеўня) кокошь па той прычыне, што рэалія нагадвае грэбень на галаве птушкі (Russ. Volksk., 234 і наст.; там і малюнак). Іншыя назвы галаўнога ўбору, звязаныя з назвай птушкі: рус. кокоша, кокошка, сорока.

Како́шнік2 ’капытнік, Calla palustris’ (мін., Кіс.; Касп.; чэрв., Нар. лекс.), какочнік ’тс’ (він., Ганч.; Кіс.). Какошнік як ’бабоўнік’ (Жд. 2), аднак, відавочна, што тут размова ідзе аб той жа расліне (параўн. нар. сінонімы для Calla palustris: заячы бабоўнік, бобак, бабоўнік), а зусім не пра бабоўнік ’Laburnum’ — ядавітую расліну, назва якой у бел. мове калькуе рус. тэрмін бобовник і з’яўляецца вельмі няўдалай, паколькі ў бел. гаворках лексема бабоўнік азначае расліну Calla або Menyanthes. Гэтыя расліны непадобныя, аднак у іх падобныя па форме карэнні, што тлумачыць аднолькавасць назвы. Як сінонім да бабок ’Menyanthes’ падае слова бабоўнік і ТСБМ, прыводзячы трэцім значэннем ’Laburnum’. Відавочна, што тут недакладнасць тлумачэння лексемы какошнік (Жд. 2): ужыта для дэфініцыі народная назва. Адсутнасць шматлікіх сінонімаў у бел. гаворках для расліны Menyanthes дазваляе думаць, што какошнік у мінска-маладзечанскім слоўніку азначае толькі ’ < аІІа’ і нельга меркаваць аб магчымым пераносе назвы какошнік на Menyanthes. Зафіксаваны варыянт какочнік уяўляе спробу паказаць унутраную форму або трансфармацыю «суфікса» на больш падыходзячыя ў выніку дээтымалагізацыі лексемы. Фармальныя паралелі да гэтага слова ў рус. кокошник; дакладных адпаведнікаў няма. Улічваючы, што ўтваральная аснова ў бел. мове вельмі рэдка прадстаўлена (гл. какотках і інш.), можна дапусціць, што тэрмін какошнік старыбел. інавацыя даўняга перыяду або наогул архаізм; у слав. мовах няма агульнай назвы для Calla. Апошняе меркаванне, аднак, толькі дагадка. Матывацыя суаднесенасці назвы расліны з тэрмінам для птушкі раскрываецца праз сінонімы петушкі. пеўнікі (гом., Кіс.), гуска, птушкі (маг., Кіс.), пітушкі (Бяльк.) і вядомыя меркаванні, паводле якіх так называюцца расліны з белым колерам кветак або са спалучэннем белага і жоўтага. Параўн. яшчэ рус. белокрыльник.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БРУ́САЎ Валерый Якаўлевіч

(13.12.1873, Масква — 9.10.1924),

рускі пісьменнік. Праф. (1921). Скончыў Маскоўскі ун-т (1899). Арганізатар і рэктар Вышэйшага літ.-маст. ін-та ў Маскве (з 1921). Пачынальнік сімвалізму ў рус. л-ры. Выступаў як паэт, празаік, драматург, літ.-знавец, тэарэтык верша і перакладчык. У зб-ках «Рускія сімвалісты» (вып. 1—3, 1894—95; у асноўным вершы Брусава), «Chefs d’oeuvre» («Шэдэўры», 1895), «Me eum esse» («Гэта — я», 1897) — уплыў зах.-еўрап. і рус. дэкадансу, пошукі новых формаў паэзіі. Аўтар зб-каў вершаў «Urbi et Orbi» («Гораду і свету», 1903), «Stephanos» («Вянок», 1906), «Люстра ценяў» (1912) і інш., празаічных зб-каў «Зямная вось» (1907), «Ночы і дні» (1913), гіст. раманаў «Вогненны Анёл» (1907—08), «Алтар перамогі» (1911—12), «Юпітэр звергнуты» (незак., апубл. 1934), п’есы «Падарожнік» (1911), трагедыі «Пратэсілай памерлы» (1913), у якіх — зварот да урбаністычных матываў, навукі і гісторыі, міфалогіі і сучаснасці. У зб-ках «Апошнія мары» (1920), «У такія дні» (1921), «Міг» (1922), «Меа!» («Спяшайся!», 1924) інтымная, пейзажная, міфалагічная, філас. і палітычная тэматыка. У гіст.-літ. працах (кн. «Далёкія і блізкія», 1912) і публікацыях, прысвечаных А.С.Пушкіну (больш за 80), Я.А.Баратынскаму, М.В.Гогалю, Ф.І.Цютчаву і інш., канкрэтнасць і канструктыўная яснасць аналізу, аргументаванасць вывадаў, лаканізм і вытанчанасць стылю, шырыня эрудыцыі Брусава-даследчыка. Перакладаў на рус. мову творы ант., зах.-еўрап. паэзіі і драматургіі (Дж.Байрана, Вергілія, Дантэ, П.Верлена, Мальера і інш.). Перакладчык арм. паэзіі (анталогія «Паэзія Арменіі са старажытных часоў да нашых дзён», 1916, факс. выд. 1987; званне нар. паэта Арменіі 1923). На рус. мову пераклаў асобныя вершы Я.Купалы. Творы на бел. мову перакладалі А.Александровіч, Ю.Гаўрук, А.Дудар, С.Дзяргай, С.Шушкевіч.

Літ.:

Максимов Д.Е. Брюсов: Поэзия и позиция Л., 1969;

Сивоволов Б.М. Валерий Брюсов и передовая русская литература его времени. Харьков, 1985.

т. 3, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРУ́Н Алесь

(сапр. Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч; 11.3.1887, б. фальварак Новы Двор Мінскага р-на — 28.7.1920),

бел. пісьменнік, дзеяч нац.-вызв. руху. Скончыў мінскія гар. (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. Працаваў у Мінску сталяром. З 1904 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. За антыўрадавую дзейнасць у 1907 арыштаваны і ў 1908 сасланы ў Кірэнскі пав. Іркуцкай губ. З 1912 з Я.Лёсікам у Мельнічным выселку каля Кірэнска. Пасля працаваў на Лене і Віціме, на залатых капальнях у Бадайбо. У Мінск вярнуўся ў вер. 1917 хворы на сухоты. Удзельнічаў у дзейнасці бел. арг-цый. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917, удзельнічаў у стварэнні БНР, рэдагаваў газ. «Беларускі шлях», у 1919—20 узначальваў Бел. нац. к-т, быў чл. Бел. вайсковай камісіі. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве.

Раннія творы не зберагліся. 1905 датуецца паэма «Мае коляды» (Вільня, 1920, пад псеўд. А.Сумны) — гісторыя абуджэння нац. свядомасці ў вясковага хлопчыка. З 1907 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». Пісаў пераважна лірычныя вершы, якія вызначаюцца меладычнасцю, багаццем рытміка-інтанацыйнага ладу, спалучэннем філас. заглыбленасці з публіцыстычнасцю і тонкім лірызмам, творчым засваеннем фалькл. традыцый. Паводле матываў і тэматыкі яго паэзія блізкая да паэзіі Я.Купалы і Я.Коласа. У ёй выказана такое ж неадольнае жаданне лепшай долі для народа, непрымірымасць да несправядлівасці, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля шчасця людзей і Бацькаўшчыны. Аўтар зб. паэзіі «Матчын дар» (1918, 2-е выд. 1929, факсімільнае выд. 1988). Адметнасць прозы Гаруна — яе ідэйна-тэматычнае багацце. Пісаў пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), пра тое, як астрог калечыць лёс чалавека, разбурае яго псіхалогію («Чалавек без крыві», «Маладое»). Сцэны з жыцця бел. пасяленца ў Сібіры паказаў у апавяданні «Свята». Празаічны трыпціх «П’ера і Каламбіна» аб’ядноўвае тэма кахання, маст. роздум аб загадкавай сіле гэтага пачуцця. Празаічныя творы падпісваў псеўд. І.Жывіца. У зб. «Жывыя казкі» (1920) увайшлі п’есы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя жыццесцвярджальным аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці.

Тв.:

Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка. Мн., 1991.

Літ.:

Казбярук У. Светлай волі зычны звон: Алесь Гарун. Мн., 1991.

У.В.Рагойша.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)