ВЫ́ШЫЎКА,

від дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у якім узор ці выява выконваюцца ўручную (іголкай, часам кручком) або машынным спосабам на тканінах, скуры, лямцы і інш. матэрыялах ільнянымі, баваўнянымі, ваўнянымі, шаўковымі ніткамі, а таксама воласам, бісерам, жэмчугам, каштоўнымі камянямі, бліскаўкамі і інш. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) выкарыстоўваюцца кавалкі тканіны, тасьма, шнур, скура, аўчына і інш. Вышыўка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, у розныя эпохі займала пэўнае месца ў дэкар. мастацтве (у Францыі папярэднічала габеленам, у Італіі — карункам). Шырока выкарыстоўвалася ў рытуальным адзенні народаў Усходу, культавым і княжацкім адзенні славянскіх народаў. Сусв. вядомасць набылі мсцёрская белая гладзь, красцецкая вышыўка, таржоцкія залаташвейныя вырабы, узбекскія і таджыкскія «сузані» і інш.

На Беларусі найб. стараж. ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках скуранога абутку 10—13 ст., знойдзенага пры раскопках гарадзішчаў Полацка, Мінска, Брэста, Ваўкавыска і інш. У 14—18 ст. вышыўка ўжывалася для аздаблення культавага ўбрання, адзення вышэйшага саслоўя і шляхты. Каляровым шоўкам, залатымі і сярэбранымі ніткамі аздаблялі тонкія льняныя тканіны, з якіх выраблялі адзенне, харугвы, плашчаніцы, абразы і інш. Стараж. бел. сюжэтная вышыўка (шытво) звязана з візант.-рас. і зах.-еўрап. іканапіснай традыцыямі. Арнаментальныя кампазіцыі пераплятаюцца з узорамі традыц. ўзорыстага ткацтва 18—19 ст. (мануфактуры па вырабе слуцкіх паясоў, карэліцкіх шпалераў і інш.). Здаўна вышыўка была адным з асн. заняткаў жанчын. Аздобленыя вышыўкай адзенне, абутак, тканыя бытавыя вырабы, дэкар. пано заўжды вызначаюцца мясц. кампазіцыйнымі і тэхн. прыёмамі, арнаментальнымі і выяўл. матывамі, колеравым ладам і г.д. Вышыўка падзяляецца на лічаную (выкананая з улікам структуры тканіны, калі для кожнага шыўка лічаць ніткі тканіны) і адвольную, або нялічаную. Да першай адносяцца процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка і інш., да другой — ланцужок («пляцёнка», «тамбур»), нялічаная гладзь, а таксама гафт, аплікацыя, абкідальныя швы і інш. У нар. мастацтве з 19 ст. пашыраны процяг, крыжык чырв. ці чырв.-чорнага каларыту, у 20 ст. — і адвольная паліхромная вышыўка. У арнаменце характэрныя кампазіцыі з геам. і раслінных фігур, радзей — антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Нар. вышыўка мае рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. Для Зах. Палесся адметнае паўсюднае выкарыстанне шва процяг і крыжыка (кашулі, фартухі і наміткі нар. строяў, кажухі). Для Усх. Палесся характэрны разнастайнасць тэхн. прыёмаў, багацце арнаментальных матываў (рамбічны і расл. арнамент, птушкі, фігуры жанчын) з ёмістай і шматзначнай сімволікай. У турава-мазырскім строі 20 ст. пашыраны расл. паліхромны арнамент. Чорны і белы каларыт вышыўкі сустракаецца найчасцей у аздабленні летняга касцюма буда-кашалёўскага строю і неглюбскага строю. Адзін з найб. пашыраных матываў Прыдняпроўя — невялічкая шматпялёсткавая разетка, заключаная ў прамавугольныя ці рамбічныя ячэйкі або закампанаваная ў шахматным парадку. Самабытнасцю і тонкім маст. густам вызначаецца вышыўка Наддзвіння і Паазер’я, дзе пашырана белая або бела-чырвоная мярэжка, цыраванне з разнастайнымі фактурнымі вылучэннямі выяўл. і геам. матываў (вясельныя ручнікі, абрусы, падолы фартухоў). Вышыўка ўсх. раёнаў дапаўняецца чырв. ўстаўкамі кумачу, нашыўкамі тасьмы і бліскавак. Часам у чырв.-малінавы колер вышыўкі тактоўна ўводзяцца сіні і жоўты, якія павышаюць дэкар. выразнасць узораў. У вышыўцы Цэнтр. Беларусі спалучаюцца рысы нар. мастацтва ўсіх этнагр. рэгіёнаў (часцей процяг і крыжык). Высокі маст. ўзровень нар. майстроў капыльска-клецкага строю і пухавіцкага строю. Прыкметная сувязь з узорыстым ткацтвам (закладаннем) у геам. матывах чырв.-чорных вышыўках Случчыны, у аснове якіх — ромб розных абрысаў, дапоўнены зубчыкавымі паскамі, зоркамі і інш. Большай строгасцю і стрыманасцю вызначаюцца лінейна-графічныя арнаменты вышыўкі Панямоння (геам. і расл. ўзоры часцей выконваюцца крыжыкам у чырв.-чорным каларыце). Нар. вышыўка мае шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў). Цяпер традыц. ручная вышыўка бытуе ў нар. побыце. Яна набыла папулярнасць і сярод прафес. мастакоў, якія ствараюць сцэнічныя або модныя сучасныя касцюмы, дэкар. тканіны сувенірнага і быт. прызначэння. Машынная вышыўка па матывах народнай выкарыстоўваецца на ф-ках маст. вырабаў, у швейных атэлье і г.д. Творы майстроў экспануюцца на нац. і міжнар. выстаўках.

Літ.:

Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. Мн., 1991.

М.Ф.Раманюк.

т. 4, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)