ВЕСЛАНО́ГІЯ РАЧКІ́ (Copepoda),

атрад беспазваночных кл. Ракападобных. 3 падатрады: цыклопы, каланіды (Calanoida), гарпактыцыды (Harpacticoida). Каля 7500 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэснаводных вадаёмах усяго зямнога шара. Цыклопы жывуць пераважна ў прэсных, каланіды ў прэсных (дыяптомусы) і марскіх (каланусы) водах, гарпактыцыды — на дне ў морах і прэсных вадаёмах. На Беларусі некалькі дзесяткаў відаў. Найб. вядомыя 2 віды: цыклоп і дыяптомус (Diaptomus gracioides), які жыве ў тоўшчы вады азёр і сажалак; лімнакалянус занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Цела (даўж. 0,1—30 мм, зрэдку да 32 см) членістае, падзелена на галавагрудзі і брушка, укрыта хіцінавым покрывам, у паразітычных відаў вельмі змененае. Афарбоўка яркая, разнастайная. На галаве 5 пар прыдаткаў, у грудным аддзеле 5 пар членістых канечнасцей, падобных на вёслы (адсюль назва). Жавалы моцныя, вока адно, дыхаюць усёй паверхняй цела. Актыўныя драпежнікі (цыклопы), фільтратары (каланіды), дэтрытафагі (гарпактыцыды). Весланогімі рачкамі кормяцца маляўкі і многія прамысл. рыбы, вусатыя кіты. Раздзельнаполыя, яйцы адкладваюць у ваду; у развіцці — 12 стадый метамарфозы. Некаторыя весланогія рачкі — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей (круглых і стужачных). Асобныя прэснаводныя віды выклікаюць хваробы ці гібель рыб у сажалкавых і азёрных рыбных гаспадарках.

т. 4, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мальга́ ’дробная рыбка’ (брасл., бярэз., докш., Сл. ПЗБ), мальгва́, мыльгва́, мальгве́ча ’рыбныя маляўкі’, ’маладняк увогуле’, ’дробная неўрадлівая бульба, плады, ягады’, ’малеча, дзеці’ (Нас., Бяльк.; Яшк., З жыцця; слаўг., Яшк., Мат. Маг.), мальгоўка ’маляўка’ (Нас.), мальва́ ’тс’ (Ян., Растарг.), ма́льгва ’дробязь, глупства’ (Бяльк.). Укр. мільга́, паўн.-жытомірск. мо̂лʼга́ ’верхаводка, Alburnus alburnus L.’, ’малькі’. Рус. мальва́, мальга́ ’дробная рыба’, ’дзеці, малеча’, ’малодшы сын’, ’дробныя грошы’, мальга́вка, мальгва́ ’дробная рыба’. Усходнеславянскі балтызм. Параўн. літ. malė ’дробныя рыбкі’, лат. male ’рыба Blicca argyroleuca’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 557). Утвораны пры дапамозе суфікса ‑ʼга (напр., сіньга́ ’від рыбы’) і суфікса ‑ва (напр., дзятва́, братва́) або ў выніку кантамінацыі лексем мальга́ і мальва́. Параўн. таксама бел. моль3, молька, рус. моль, мольва, мольга́, молява ’малькі’, ’дробная рыбка’, моль ’моль’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПОЛІМАРФІ́ЗМ (ад полі... + морфа) у біялогіі, наяўнасць у межах аднаго віду раслін або жывёл двух (дымарфізм) ці больш вельмі непадобных груп асобін. Уключае адрозненні ў знешнім выглядзе асобін з адной ці розных папуляцый. Характэрны для многіх відаў флоры і фауны, у т. л. на Беларусі.

Унутры папуляцый адрозніваюць некалькі тыпаў П. Узроставы П. звязаны з чаргаваннем пакаленняў (напр., у ржаўных грыбоў, прахадных рыб, насякомых, якія развіваюцца з метамарфозам). Палавы П. звязаны з неаднолькавай марфалогіяй і экалогіяй асобін рознага полу (у насякомых, птушак, млекакормячых). Функцыянальны П. адлюстроўвае ўзроставыя палавыя адрозненні і найб. выразны ў жывёл, якія развіваюцца з метамарфозам (напр., маляўкі рыб, лічынкі земнаводных і насякомых, функцыянальна нераўнацэнныя дарослым). Фазавы П. абумоўлены шчыльнасцю папуляцый, якая выклікае т.зв. фазавую зменлівасць (напр., у асобін адзіночнай і статкавай фаз у саранчовых). Генетычны П. звязаны з вар’іраваным уздзеяннем натуральнага адбору ў розных умовах, і з павышанай адноснай жыццяздольнасцю геннай структуры арганізма. Розныя тыпы ўнутрыпапуляцыйнага П. могуць быць узаемазвязаныя і сумяшчальныя ў часе. П. ускладняе і робіць больш разнастайнымі сувязі арганізма з асяроддзем, стварае аснову для відаўтварэння шляхам дывергенцыі ў працэсе эвалюцыі.

Полімарфізм у біялогіі: 1 — у розных папуляцыях хвой (хвоі, якія раслі ў розных умовах: а — у лесе, б — на адкрытым месцы, в — на балоце); у межах адной папуляцыі: 2 — генетычны (спадчынныя формы мухі дразафілы: а — самец, б — самка, в, г, д, е — розныя формы патомства); 3 — палавы (мурашка рыжая лясная: а — самка, б — самец, в — рабочая асобіна).

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маля́ўка1, мыля́ўка, маля́ўкі ’малёк, маленькая рыбка, якая толькі што выйшла з ікры’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’дробязь, малеча’ (Бяльк.), рус. маля́вка, кастр., ярасл., валаг. маля́ва, моля́ва ’маленькая рыбка’, тамб., тул. малявка, молявка ’вельмі маленькая істота (рыбка, птушачка, зверына)’, паўн.-дзв., ленінгр. ’галавасцікі’, укр. малявка ’дробная рыба’; бел. маляўка ’рыба гарчак, Rhodeus sericeus amarus’ (Жук., БелСЭ), рус. малявка ’тс’; бел. маля́ўка ’рыба Leucaspius delinateus’ (Жук., 214), рус. маск. малявка ’тс’; бел. маляўка ’рыба гальян звычайны, Phoxinus phoxinus (L.)’, рус., урал., бас. р. Камы малявка ’тс’; польск. malawka, mulawka ’від рыбы’, molawka ’дробная рыбка’. Утварэнне з суфіксам ‑к‑а ад прыметніка ⁺малявы. Параўн. рус. калуж. маля́вочный, маля́вошный ’малыш, малы (у звяртанні да дзіцяці)’, макед. малав ’малы’, серб.-харв. ма̏љав ’пушысты, які аброс валаскамі, пухам’.

Маля́ўка2 ’хвароба рожа’ (шчуч., Сцяшк. Сл.) утворана ад (на)‑маляваны: плямы на скуры выглядаюць, як памаляваныя. Да малява́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́лкі, ме́лкій, ме́ленькі, віл. мялкі́ ’які мае невялікую глыбіню’, ’невысокі, з нізкімі краямі’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), ст.-бел. мѣлкий ’дробны’, ’неглыбокі’, ’неістотны, малазначны’ (Булахаў, Гіст., 128); укр. мілки́й, рус. ме́лкий, ст.-рус. мѣлкий ’невялікі’, ’неглыбокі’, ’нязначны паводле колькасці’, ’бедны’, ’дробны’, польск. miałki, н.-луж. mjałki, měłki, в.-луж. niłki, чэш. mělký, славац. melký ’неглыбокі’, славен. mȋwka, mȋlka ’дробны рачны пясок’, ст.-серб.-харв. миоки ’плыткі’ (Бернекер, 2, 48). Прасл. mělъkъ. Далей няясна. Магчыма, ад melti ’малоць’ з падаўжэннем вакалізму асновы (Бернекер, там жа; Брандт, РФВ, 22, 356) і з дадаваннем фарманта і.-е. *‑qo‑, параўн. ст.-ісл. melr ’мель’ < mala ’малоць’. Буга (Rinkt, 1, 464; 2, 405), Мацэнаўэр (LF, 11, 169), Траўтман (165) і іншыя параўноўваюць прасл. mělъkъ з літ. maíla, maĩliusмаляўкі’, лат. maĩle ’рыба ялец, Alburnus lucidus’, mailens ’сетка для малькоў’, ст.-ісл. mjór ’тонкі, дробны, вузкі, цесны’ і з прасл. mьnʼjь ’меншы’, — у чым Фасмер (2, 596) і Махэк₂ (359) сумняваюцца. Сюды ж віл. мелкаводзь ’мелкаводдзе’ (Сл. ПЗБ), мелкаслоіна, мелкаслойка ’драўніна з павівастым слоем’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Моль1, міль, муль, мэль, мыль, муоль, маля́, молька ’матылёк Tineola biselliella, які псуе футра і шэрсць, а таксама іншыя матылькі з атрада лускакрылых’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Шат., Касп., Бяльк., Бес., Дразд., Янк. 1, Сл. ПЗБ), муоль ’чарвяк’ (Федар. 4). Укр. міль, рус. моль, польск. mole, н.-, в.-луж. mól, чэш. mol, славац. moľ, славен. mòlj, серб.-харв. мо̀љац, макед. молец, балг. моле́ц. Прасл. molʼь, роднаснымі да якога з’яўляюцца гоц. malô, ст.-ісл. mǫlr ’тс’ — усе ўзыходзяць да malan ’малоць’ (< і.-е. *mol‑), што Махэк₂ (372) лічыць непраўдападобным. Прыводзяць яшчэ роднасныя ст.-інд. malũkas ’від чарвяка’, арм. mlukn ’клоп’ (Бернекер, 2, 74; Мацэнаўэр, LF, 10, 332; Фасмер, 2, 648; Бязлай, 2, 192).

Моль2, молька, молю́га ’рыбы-маляўкі, малькі, дробныя рыбкі’ (Янк. 1, Крыв., ТС, Ян.; гродз., Сл. ПЗБ; шчуч., Сцяшк. Сл., паўн.-усх., КЭС), молька ’дробная рэч, на якую не трэба звяртаць увагі’ (Бяльк.). Рус. моль, мольва, молька, мольга. Відаць, балтызм. Параўн. літ. malė ’дробная рыбка’, лат. male ’рыба Blicca argyrolenca’ (Мюленбах-Эндзелін, 557; Фасмер, 2, 648–649). Гл. таксама мальга́.

Моль3 ’лес, які сплаўляецца па рацэ шарашом, асобнымі бярвеннямі, не звязанымі ў плыт’ (ТСБМ; Маслен., ТС; навагр., Нар. лекс.). Да мальём (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

творы маст. л-ры для дзяцей і юнацтва. У шырокім сэнсе ўключае і многія «дарослыя» творы сусв. класікі, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання («Рабінзон Круза» Д.​Дэфо, «Падарожжа Гулівера» Дж.​Свіфта, «Спартак» Р.​Джаваньёлі, «Хаціна дзядзькі Тома» Г.​Бічэр-Стоу, раманы Ж.​Верна, «Авадзень» Э.​Л.​Войніч і інш.), а таксама казкі (Ш.​Перо, братоў Я. і В.​Грым, Х.​К.​Андэрсена, А.​Пушкіна і інш.), творы нар. эпасу («Слова пра паход Ігаравы», «Сасунцы Давід» і інш.). Папулярнасцю сярод дзяцей карыстаюцца раманы Дж.​Ф.​Купера, творы К.​Чукоўскага, «Курган», «Бандароўна» Я.​Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Я.​Коласа і інш.

Першымі кнігамі для дзіцячага чытання былі азбукі, буквары, што паявіліся ў Еўропе ў 15—16 ст. Першай спец. дзіцячай кнігаю лічыцца «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» чэш. педагога Яна Амоса Каменскага (1658). У Расіі Дз.л. ўзнікла ў 18 ст. Найб значныя творы 19 — пач. 20 ст. — байкі І.​Крылова, «Канёк-Гарбунок» П.​Яршова, многія творы М.​Лермантава, М.​Някрасава, М.​Гогаля, У.​Караленкі, А.​Чэхава. Л.​Талстога і інш. Папулярныя творы для дзяцей італьян. пісьменніка Дж.​Радары, польск. педагога Я.​Корчака і інш.

Зараджэнне бел. Дз.л. звязана з узнікненнем кнігадрукавання, вучэбнай кнігі, дзейнасцю Ф.​Скарыны, С.​Буднага, Л. і С.​Зізаніяў, Л. і К.​Мамонічаў, Сімяона Полацкага і інш. У 19 ст. творы для дзяцей пісалі Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч, Я.​Лучына. Яны заклалі асновы гуманіст. Дз.л., звязанай з традыцыямі фальклору. Гэтымі якасцямі вызначаліся «Беларускі лемантар» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа (1909), п’еса-казка К.​Лейкі «Снатворны мак» (1912). Творы для дзяцей друкаваў час. «Лучынка». У скарбніцу Дз. л. ўвайшлі многія творы М.​Багдановіча, З.​Бядулі і інш. Сістэматычна кнігі і перыёдыка для дзяцей выдаюцца з 1920-х г. Жанр літ. казкі развівалі У.​Дубоўка, С.​Шушкевіч, А.​Якімовіч, вершы і песні для дзяцей пісалі Купала, Дубоўка, П.​Трус, А.​Гурло, Я.​Журба і інш., апавяданні — Колас, Якімовіч, Л.​Чарняўская. Заснавальнік бел. навук.-фантаст. і прыгодніцкай аповесці — Я.​Маўр. У 1930-я г. тэматыка Дз.л. пашырылася, з’явіліся займальныя творы па гісторыі, прыродзе, маральна-этычных праблемах («Палескія рабінзоны», «ТВТ» Маўра, «Міколка-паравоз» М.​Лынькова, «Насцечка» К.​Чорнага, паэма «Міхасёвы прыгоды» Коласа). Традыцыі фальклору выкарыстаны ў вершаванай казцы Якімовіча «Каваль-Вярнідуб», аповесці Бядулі «Сярэбраная табакерка», п’есах-казках В.​Вольскага. У Айч. вайну Дз.л. ўзбагачалася за кошт твораў для дарослых (Чорны, Лынькоў, паэма А.​Астрэйкі «Прыгоды дзеда Міхеда», вершы М.​Танка, А.​Куляшова, П.​Броўкі, П.​Панчанкі і інш.). Падзеі вайны адлюстраваны ў кн. пісьмаў-успамінаў дзяцей, што зведалі жахі фашызму, — «Ніколі не забудзем» (1948, 4-е выд. 1981). Лёс дзяцей вайны паказаны ў апавяданнях Я.​Брыля, Маўра, Якімовіча і інш., у паэмах А.​Бялевіча, Э.​Агняцвет і інш., у аповесцях П.​Кавалёва «Андрэйка» (1948), Г.​Васілеўскай «Маланка ўначы» (1963), Г.​Бураўкіна «Тры старонкі з легенды» (1968), у творах А.​Пальчэўскага, Х.​Жычкі, Я.​Курто, Л.​Прокшы, Д.​Слаўковіча, І.​Сяркова і інш. Свет дзяцінства і юнацтва даследуецца ў тэтралогіі А.​Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» (1966—70), у аповесцях І.​Навуменкі («Вайна каля Цітавай копанкі», 1957), А.​Рылько («Мядовыя краскі», 1959), П.​Кавалёва («Лёнька Гром», 1961), Г.​Шыловіча («Чарапаха без панцыра», 1966), Я.​Бяганскай («Кожны марыць стаць Калумбам», 1968), М.​Зарэмбы («Дзень магнітнай буры», 1992) і інш. Развіваецца краязнаўчая, навук.-пазнавальная проза (кн. нарысаў В.​Вольскага, У.​Караткевіча, Я.​Пархуты, А.​Клышкі, У.​Арлова і інш.), аповесць біяграфічная (З.​Бандарына, С.​Александровіч, Л.​Арабей, В.​Хомчанка, А.​Лойка), прыгодніцкая (У.​Краўчанка, М.​Ваданосаў, А.​Шашкоў, А.​Чарнышэвіч і інш.), фантастычная (П.​Місько «Эрпіды на планеце Зямля», 1987, творы М.​Гамолкі, Р.​Баравіковай, У.​Шыціка, Аляксея Якімовіча і інш.). Проза для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту прадстаўлена лірычным апавяданнем, казачнай аповесцю, псіхал. навелай, займальнымі дыялогамі («Ліпка і клёнік» Брыля, «Такіх кветак не бывае» В.​Гарбука, «Дыялогі з унучкамі» Віткі; творы І.​Грамовіча, Кавалёва, П.​Рунца, Хомчанкі, У.​Юрэвіча і інш.). У нар. традыцыі напісаны казкі Васілевіч, А.​Кобец-Філімонавай, К.​Каліны, Місько, У.​Ягоўдзіка і інш. Гумарам, адчуваннем спецыфікі ўзросту вылучаецца паэзія для дзяцей (казкі Віткі «Вавёрчына гора», «Буслінае лета», зб-кі «Дударык», «Чытанка-маляванка»; Танка «Ехаў казачнік Бай»; Шушкевіча «Лясная калыханка»; Дубоўкі «Кветкі — сонцавы дзеткі»; Н.​Гілевіча «Загадкі»; Е.​Лось «Смачныя літары»; творы Лойкі, Р.​Барадуліна, Д.​Бічэль-Загнетавай, Н.​Галіноўскай, У.​Карызны, Т.​Кляшторнай, М.​Маляўкі, П.​Сушко, М.​Пазнякова і інш.). Пра хараство роднай прыроды паэмы-казкі М.​Калачынскага «Прыгоды Патапкі», М.​Лужаніна «Хто робіць пагоду», Лойкі «Як Тоня рэха шукала», творы А.​Дзеружынскага, І.​Муравейкі, С.​Грахоўскага, П.​Пранузы, В.​Лукшы, Ягоўдзіка і інш. Традыцыйна казачнае спалучана з сучасным у А.​Вольскага («Што такое мікра тое»), Ганка («Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні»), А.​Грачанікава («Валерка і лятаючая талерка») і інш. Шмат дасціпных гумарыст. твораў напісалі для дзяцей Барадулін, Агняцвет, М.​Чарняўскі і інш. Дз.л. далучае дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, паглыбляе сувязі з нац. каранямі (зб-кі «Добры чалавек» Гілевіча, «Хата, поўная гасцей» В.​Зуёнка, «Гуканне вясны» В.​Жуковіча, «Як Бог стварыў свет» У.​Ліпскага. «Пра ўсе справы Дзіва-Дзяржавы» Лойкі, «Гараднічанка» Бічэль-Загнетавай, «Азбука — вясёлы вулей» Барадуліна і інш.). У жанры драматургіі для дзяцей працаваў П.​Макаль, працуюць А.​Вольскі, А.​Вярцінскі, А.​Махнач, Ягоўдзік і інш.

Літ.:

Гурэвіч Э.С. Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967). Мн., 1970;

Дзіцячая літаратура БССР: (Рэкаменд. паказ. літ. 1945—1960 гг.). Мн., 1961;

Дзіцячая літаратура БССР: Рэкаменд. паказ. літ., 1961—1965 Мн., 1967.

М.​Б.​Яфімава.

т. 6, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)