КЮЛЬ-ТЭПЕ́, Кюльтэпе (цюрк. попельны ўзгорак),

1) стараж. горад бронзавага веку у Кападокіі (цэнтр. Турцыя) каля Кейзеры. Пры даследаванні выяўлена дзелавая перапіска асірыйскіх купцоў-каланістаў, якія ў 19 ст. да н.э. кантралявалі і пашыралі гандаль паміж Анатоліяй і Месапатаміяй, гліняныя таблічкі з асірыйскім клінапісам, шмат матэрыялаў з часоў, якія папярэднічалі ўзвышэнню хетаў.

2) Паселішча паўд.-закаўказскай групы энеаліту Каўказа (4-е — пач. 1-га тыс. да н.э.). Назву атрымала ад сяла за 8 км ад Нахічэвані (Азербайджан). Выяўлены 4 розначасовыя культ. пласты магутнасцю 22 м (энеаліт, кура-аракская культура, эпохі верхняй бронзы і ранняга жалеза).

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧАВАРЫЯ́НІ (Мухран Іванавіч) (н. 12.4.1929, с. Аргвеці, Грузія),

грузінскі паэт. Вучыўся ў Тбіліскім ун-це (1952). Друкуецца з 1952. У паэт. зб-ках «Вершы» (1955), «Вымушаны вас узрадаваць» (1957), «Няхай крочаць» (1970), «Калі б не тыя, хто быў калісьці...» (1973), «Як Кура» (1987), «Шматпакутны...» (1989) і інш. складаны свет узаемаадносін чалавека і грамадства, гіст. лёс краіны, жыццё і праца суайчыннікаў. Лірыка М. адметная грамадзянскім пафасам, публіцыстычнасцю, жыццесцвярджальнасцю, багатай нюансіроўкай верша. Пераклаў на груз. мову шэраг твораў Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.​Грачанікаў, У.​Някляеў.

Тв.:

Рус. пер. — Тишина без тебя. М., 1974.

Н.І.Мацяш.
А.Д.Мачаварыяні.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЖО́МІ,

горны бальнеакліматычны курорт у Грузіі. За 150 км ад Тбілісі ў Баржомскай цясніне ў даліне р. Кура. Засн. ў 1922. Субтрапічны клімат з мяккай маласнежнай зімой, цёплымі, сонечнымі летам і восенню. Шматлікія штучныя крыніцы і прыродныя выхады вуглякіслых мінер. водаў (на лячэнне выкарыстоўваюцца з 19 ст., значныя аб’ёмы экспартуюцца). Кліматычнае (аэрагеліятэрапія з чэрв. да канца кастр.) і бальнеалагічнае лячэнне хворых з расстройствамі функцый страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевых шляхоў, абмену рэчываў і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Больш як 100 санаторыяў, пансіянатаў і гасцініц, турысцкія і інш. базы адпачынку і экскурсійнага абслугоўвання, паветрана-канатная дарога, шматлікія арх.-гіст. помнікі 12—18 ст., паблізу Баржомскі запаведнік.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-ГРУЗІ́НСКАЯ ДАРО́ГА,

гістарычная назва дарогі цераз гал. Каўказскі хр. (Крыжовы перавал, 2384 м), якая злучае г. Уладзікаўказ і Тбілісі. Даўж. 208 км. Пракладзена рус. войскамі (рух адкрыты ў 1799). Пасля далучэння Грузіі да Расіі (1801) пачата буд-ва палепшанай дарогі (у 1863 яе палатно забрукавана). Дарога праходзіць па даліне р. Церак, Дар’яльскай цясніне, затым па цясніне р. Байдаркай да перавалу, адкуль спускаецца ў даліну р. Белая Арагві і па правабярэжжы р. Кура падыходзіць да Тбілісі. На Ваенна-Грузінскай дарозе — г. Мцхета (у старажытнасці сталіца Грузіі), Зема-Аўчальская ГЭС, помнікі даўніны (саборы, крэпасці, вартавыя вежы і інш.), што ў сукупнасці з жывапіснымі краявідамі спрыяе развіццю турызму.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЦХЕ́ТА,

горад, раённы цэнтр у Грузіі, пры ўпадзенні р. Арагві ў р. Кура, на Ваенна-Грузінскай дарозе. 9,9 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя. Прам-сць: з-д «Прамсувязь», трыкат. ф-ка, харч. прам-сць. ГЭС.

Засн. ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. Да канца 5 ст. н.э. сталіца ўсх.-грузінскай дзяржавы Картлі (Іберыі). Раскопкамі ў 1870-я г. і з 1937 выяўлены рэшткі гар. кварталаў, рэзідэнцый, могільнікі, датаваныя ад энеаліту да позняга сярэднявечча. Захаваліся храм-манастыр Джвары (6—7 ст.), сабор Светыцхавелі (11 ст.) і інш. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Кисель В.П. Памятники всемирного наследия. Мн., 1998. С. 71—72.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТЛІ,

гістарычная вобласць ва Усх. Грузіі ў сярэднім цячэнні р. Кура. У ант. і візант. крыніцах вядома пад назвай Іберыя. З канца 4 ст. пад уладай Сасанідаў, ад якой вызвалілася (акрамя г. Тбілісі) да канца 6 ст. З пач. 7 ст. пад уплывам Візантыі, саюзнікі якой хазары ў 627 захапілі Тбілісі, дзе знаходзіўся сасанідскі гарнізон. Да 730-х г. К. заваяваны арабамі, панаванне якіх працягвалася тут да 1122, калі цар Давід Будаўнік знішчыў Тбіліскі эмірат. З канца 10 ст. К. — ядро адзінай груз. дзяржавы. Пасля распаду гэтай дзяржавы ў 2-й пал. 15 ст. К. вылучылася ў самаст. Картлійскае царства, якое аб’ядналася ў 1762 з Кахеты ў Картлійска-Кахецінскае царства (з 1801 у складзе Расіі).

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ку́рыца1 ’свойская птушка; самка пеўня’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Касп., Яруш., Бяльк., Сцяшк., Сержп. Пр., Жд. 2). Гл. кур1.

Ку́рыца2 ’vulva’ (Некр.). Слова, магчыма, яшчэ праславянскае. Укр. курка ’тс’. Параўн. славен. kȗrjica ’тс’, н.-луж. kurica ’тс’, традыцыйна да кура (гл.) (Штрэкель, AfslPh, 27, 50). Больш верагодна да прасл. kurъ ’род’ (гл. Мартынаў, Лекс. взаим., 208–209). Параўн. курва (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Курапа́тка ’дзікая птушка атрада курыных’ (ТСБМ). Укр. куропатка, куропатва, рус. куропатка, куропатва ’тс’, польск. kuropatwa, чэш. koroptev, славац. kuroptwa, в.-луж. kurotwa ’тс’. Паўднёваславянскія мовы паралелей да гэтага слова не ведаюць Рэканструкцыя дае прасл. kuro‑pъty. Першая частка гэтага складанага слова ўзыходзіць да kurъ, kura (гл. кур, кура), другая — да агульнай назвы птушак pъta (гл. птушка). Такім чынам, першаснае значэнне ’птушка, падобная да курыцы’. Падрабязна з улікам апошняй літаратуры гл. Слаўскі, 3, 407–409.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАЎКА́З (паходжанне слова, магчыма, звязана з хецкім «каз-каз» — назва народа, які жыў на паўд. беразе Чорнага м),

тэрыторыя паміж Чорным, Азоўскім і Каспійскім морамі ад Кума-Маныцкай упадзіны да паўд. часткі Армянскага нагор’я. У межах К. частка Расіі, Азербайджан, Арменія, Грузія, частка Турцыі і Ірана. Пл. больш за 500 тыс. км². Вылучаюць Паўн. К., Перадкаўказзе і Закаўказзе. У цэнтры — горная сістэма Вял. К., якая падзяляецца на Зах. К (да Эльбруса), Цэнтр. К. (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. К. (на У ад Казбека). Вял. К. цягнецца ад Таманскага п-ва да Апшэронскага на 1500 км, шыр. 160—180 км. Восевую частку К. складаюць Галоўны, або Водападзельны, і Бакавы хрыбты, з вяршынямі больш за 5000 м (г. Эльбрус — 5642 м, Дыхтау — 5203 м, Шхара — 5068 м, Казбек — 5033 м). На Пн ад восевай зоны перадавыя хрыбты — Скалісты, Пашавы, Церскі, на Пд — Бзыбскі, Кадорскі, Рачынскі. Хрыбты Вял. К. вызначаюцца альпійскімі формамі рэльефу або маюць характар куэстаў. Рэльеф Перадкаўказзя раўнінны; у яго зах. ч. Кубана-Прыазоўская нізіна, ва ўсходняй — Прыкаспійская нізіна, паміж імі Стаўрапольскае ўзв. з выш. да 831 м. У цэнтры і на З Закаўказзя — сярэднягорны рэльеф; горныя хрыбты Малога К. (выш. да 3724 м, г. Гямыш) і Армянскае нагор’е (выш. да 5165 м, г. Вял. Арарат). На ПнЗ размешчана Калхідская, на УКура-Араксінская нізіны, на ПдУ — Ленкаранская нізіна і складкавыя Талышскія горы (выш. да 2492 м). Тэр. К. знаходзіцца ў межах Альпійскай складкавай вобласці. Утварэнне горнай сістэмы пачалося ў мезазоі, у кайназоі адбылося падняцце і фарміраванне горнага рэльефу, у антрапагене ў выніку амаладжэння гор склалася сучасная араграфічная структура К. Горныя хрыбты Вял. К. і масівы Малога К. складзены пераважна з палеазойскіх гранітоідаў. Пашыраны таксама юрскія, мелавыя, палеагенавыя адклады. Армянскае нагор’е ўкрыта вулканічнымі пародамі неагенавага і чацвярцічнага часу. Нізіны Перадкаўказзя і Калхідская нізіна характарызуюцца шырокім развіццём неагенавых і палеагенавых кантынентальных і марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта (Баку, Грозны, Майкоп), газ (Краснадарскі і Стаўрапольскі краі), жалеза (Дашкесан), вальфрам і малібдэн (Тырныауз), цынк, свінцовыя руды (Садон), буд. матэрыялы (граніт, габра, мармур, туф, базальт, андэзіт, вапняк). Шмат мінер. крыніц. К. размешчаны на мяжы ўмеранага і субтрапічнага кліматычных паясоў. Хрыбты Вял. К. перашкаджаюць пранікненню халодных паветр. мас у Закаўказзе і цёплых субтрапічных у Перадкаўказзе. Сярэдняя т-ра студз. ў Перадкаўказзі ад -2 °C да -5 °C, у Закаўказзі 3—6 °C. Летам на Зах. К. уплываюць вільготныя паветр. масы Атлантыкі і Міжземнамор’я, на Усх. К. — сухія кантынентальныя масы ўнутр. абласцей Еўразіі. Сярэдняя т-ра ліп. ад 23—24 °C на З да 25—29 °C на У. На схілах Вял. К. вышынная кліматычная пояснасць. Сярэдняя т-ра студз. на выш. 2000 м каля -8 °C, жн. (самы цёплы месяц) 13 °C. Вышэй — высакагорны клімат з вял. вільгаццю і нівальны клімат вяршынь. Гадавая колькасць ападкаў у Перадкаўказзі 200—800 мм, на З Вял. К. і Калхідскай нізіне больш за 1500 мм, у хрыбтах Малога К. і Армянскім нагор’і 400—800 мм, на Кура-Араксінскай нізіне 200—400 мм. У гарах Вял. К. каля 2000 ледавікоў (агульная пл. 1428 км²); буйнейшыя — Дыхсу, Безенгі, Караугом, Цанер. Рэкі належаць да бас. Чорнага (Рыёні, Інгуры), Каспійскага (Церак, Кура, Самур) і Азоўскага (Кубань) мораў. Рэкі парожыстыя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння, суднаходныя ў ніжнім цячэнні. Шмат невял. азёр; буйныя — Ван, Севан, Урмія. Глебава-расліннае покрыва і жывёльны свет К. разнастайныя. На З Перадкаўказзя стэпавыя і лесастэпавыя ландшафты, на У — паўпустынныя, кавыльныя і ціпчаковыя стэпы на чарназёмах і палыновыя групоўкі на светла-каштанавых глебах. У межах Вял. К. выразная вышынная занальнасць, дзе вылучаюцца горна-лясная, горна-лугавая і гляцыяльна-нівальная зоны. Унізе схілаў Зах. К. дубовыя лясы на шэрых лясных глебах (на Пн) і рэліктавыя шыракалістыя на дзярнова-карбанатных глебах (на Пд) пераходзяць у грабава-букава-дубовыя лясы на бурых лясных глебах; на выш. 1200—1500 м ялова-піхтавыя лясы на дзярнова-карбанатных глебах. На выш. 2200 м — субальпійскія і альпійскія лугі на горна-лугавых тарфяністых глебах, вышэй 2750—3200 м — ледавікі. Ніжнюю ч. гор Усх. К. займаюць стэпы на горна-лугавых глебах, у лясной зоне арыднае рэдкалессе або хмызняковыя субтрапічныя зараснікі на горных карбанатных глебах, потым грабава-дубовыя лясы, вышэй хваёвыя лясы і горныя стэпы, якія пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі і снежнікі на выш. 3700—4200 м. У Закаўказзі субтрапічнае глебава-расліннае покрыва. На Калхідскай нізіне пашыраны балоты і альховыя лясы на забалочаных падзолістых і тарфяна-балотных глебах. Каля перадгор’яў іх змяняюць рэліктавыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У цэнтры Кура-Араксінскай нізіны палыновыя і салянкавыя паўпустыні на шэразёмах, у перадгор’ях стэпавыя групоўкі і арыднае рэдкалессе на шэра-карычневых і карычневых глебах. На Армянскім нагор’і расліннасць горна-Стэпавая і горна-лугавая на чарназёмах і каштанавых глебах. Схілы Малога К. і Талышскіх гор маюць вышынную пояснасць, блізкую да паўд. схілаў Вял. К., толькі ў Талышскіх тарах горна-лясны пояс гірканскага (азіяцкага) тыпу. Жывёльны свет Перадкаўказзя прадстаўлены пераважна грызунамі (суслік, палёўка, тушканчык, пясчанка). Вял. К. населены ляснымі і высакагорнымі жывёламі (алень, дзік, зубр, буры мядзведзь, куніца, вавёрка, муфлон); ёсць эндэмічныя віды (тур, каўказскі цецярук, улар). Фауна Кура-Араксінскай нізіны блізкая да сярэднеазіяцкай (джэйран, дзікабраз, тушканчык, пясчанка), на Армянскім нагор’і — заходнеазіяцкага тыпу (малаазіяцкі суслік, хамяк, сляпыш, горная курапатка). На тэр. К. 20 запаведнікаў, у т. л. Каўказскі, Тэбердзінскі, Рыцынскі, Дыліжанскі. К. — адзін з найб. курортных раёнаў (Каўказскія Мінеральныя Воды, група курортаў на Чарнаморскім узбярэжжы ад Анапы да Батумі). Цэнтр турызму і альпінізму, горналыжнага спорту.

А.​М.​Матузка.

Да арт. Каўказ. Дамбай-Ульген. Гара Пік Інэ.

т. 8, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ККА (араб. Умаль-Кура),

горад у Саудаўскай Аравіі, за 70 км ад узбярэжжа Чырвонага м. Адм. ц. прав. Хіджаз. Каля 800 тыс. ж. (1997). Гал. рэліг. цэнтр ісламу і месца паломніцтва мусульман (каля 5 млн. чал. штогод). Гандл.-трансп. вузел. У цэнтры М. — «свяшчэнны» комплекс мячэці Харам, або Бейт-Улах, вакол стараж. свяцілішча Кааба (608, занава адбудавана ў 1570). Абслугоўванне паломнікаў, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Мусульм. тэалагічная акадэмія. Ісламскі ун-т.

Узнікла каля крыніцы Земзем. Упершыню згадваецца ў Пталамея як Макараба. У 5—6 ст. паселішча араб. племя курэйш. Важны гандл. і культавы (культ Чорнага Каменя ў храме Кааба) цэнтр на караванным шляху з Паўд. Аравіі ў краіны Міжземнамор’я. У М. нарадзіўся і пачаў сваю дзейнасць заснавальнік ісламу Мухамед, які ўстанавіў паломніцтва (гл. Хадж) у храм Кааба ў М. адным з абавязкаў мусульманіна. Да сярэдзіны 10 ст. пад уладай Амеядаў, Абасідаў. У 930 М. захапілі бахрэйнскія карматы (радыкальная плынь ісламу). У 941 горад далучаны да Егіпта. У 1517 М. прызнала ўладу асманскіх султанаў, пры якіх правіцелі М. (шэрыфы) мелі значную самастойнасць. У 1806—13 у складзе дзяржавы вахабітаў. У 1916—24 сталіца каралеўства Хіджаз. У 1924 захоплена вахабіцкімі войскамі і далучана да Саудаўскай Аравіі.

т. 10, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)