САБАЦЬЕ́ ((Sabatier) Поль) (5.11.1854, г. Каркасон, Францыя — 14.8.1941),

французскі хімік-арганік, адзін з заснавальнікаў арган. каталізу. Чл. Парыжскай АН (1913). Скончыў Вышэйшы пед. ін-т у Тулузе (1877). У 1882—1930 у Тулузскім ун-це (з 1884 праф.). Навук. працы пераважна па каталізе Прапанаваў выкарыстоўваць замест высакародных металаў у якасці каталізатараў нікель, медзь, кобальт, жалеза. Адкрыў метады каталітычнага гідрыравання арган. злучэнняў з выкарыстаннем у якасці каталізатараў дробнадысперсных металаў. Увёў у практыку каталізу носьбіты каталізатараў (дробнадысперсных металаў) для павышэння іх устойлівасці. Нобелеўская прэмія 1912.

Тв.:

Рус. пер. — Катализ в органической химии. Л., 1932.

П.Сабацье.

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

прэпараты з каштоўнымі для с.-г. раслін глебавымі мікраарганізмамі. Да іх належаць нітрагін, азотабактэрын, фосфарабактэрын і прэпараты сілікатных бактэрый. Павышаюць фіксацыю атм. азоту раслінамі, актывізуюць біяхім. працэсы ў глебе, паляпшаюць каранёвае жыўленне раслін.

На Беларусі наладжана вытв-сць гама-рызатарфіну (разнавіднасць нітрагіну) — прэпарату клубеньчыкавых бактэрый, вырашчаных на спецыяльна прыгатаваным тарфяным субстраце. Для лепшай азотфіксацыі ў яго дадаюць мікраэлементы — бор, кобальт, малібдэн. Для кожнага віду бабовых (лубін, гарох, віка, канюшына, люцэрна і інш.) прэпарат рыхтуюць са спецыфічных відаў бактэрый, здольных у сімбіёзе толькі з гэтым відам раслін фіксаваць атм. азот. Асабліва эфектыўны прэпарат на глебах, дзе бабовыя высяваюцца ўпершыню (прыбаўкі ўраджаю больш за 100%).

т. 2, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАТО́ПНЫЯ ІНДЫКА́ТАРЫ, мечаныя атамы,

рэчывы, якія маюць адрозны ад прыроднага ізатопны склад. Выкарыстоўваюцца ў якасці адзнакі («меткі») у фізіцы, хіміі, біялогіі, медыцыне, металургіі і інш. пры вывучэнні розных працэсаў (у т. л. ў жывых арганізмах).

Метад І.і. заснаваны на блізкасці фіз.-хім. уласцівасцей розных ізатопаў аднаго і таго ж хім. элемента. Прапанаваны ў 1913 венг. радыехімікам Дз.Хевешы і ням. хімікам Ф.​Панетам. У якасці ізатопнай «меткі» звычайна выкарыстоўваюць радыеактыўныя ізатопы (напр., вуглярод-14, фосфар-32, жалеза-59, кобальт-60, ёд-131), якія можна лёгка выявіць і вымераць колькасна з дапамогай дэтэктараў ядзерных выпрамяненняў. Стабільныя І.і. выяўляюцца метадамі мас-спектраскапіі.

Э.​А.​Рудак.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ферамагне́тыкі

(ад фера- + магнетыкі)

фіз. рэчывы (жалеза, нікель, кобальт, некаторыя сплавы), здольныя намагнічвацца нават у слабых магнітных палях дзякуючы ферамагнітнай упарадкаванасці ў размяшчэнні іх атамных магнітных момантаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

РАДЫЕАКТЫ́ЎНАЕ РЭ́ЧЫВА,

хімічнае рэчыва (матэрыял), у саставе якога ёсць радыенукліды. Небяспечныя для чалавека (гл. Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Радыеактыўнае забруджванне).

Паводле радыетаксічнасці ўсе радыенукліды падзяляюць на 4 групы. Група А — асабліва небяспечныя для чалавека радыенукліды цяжкіх элементаў (напр., палоній-210, ізатопы плутонію з масавымі лікамі 238—240, 242, 244), ядры якіх здольныя да спантаннага дзялення ці альфа-распаду, маюць параўнальна вялікія перыяды паўраспаду і могуць назапашвацца ў жыццёва важных органах чалавека. Радыенукліды з высокай (стронцый-90, ёд-131, цэрый-144, радый-224, торый-227, уран-235 і інш.), сярэдняй (натрый-22, фосфар-32, кальцый-45, жалеза-59, кобальт-60, цэзій-137 і інш.) і малой радыетаксічнасцю (вуглярод-14, вадарод-3 і інш.) адносяцца да груп Б, В і Г адпаведна. Работа з Р.р. рэгламентуецца нормамі радыяцыйнай бяспекі.

т. 13, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЙДА́ХА (Idaho),

штат на ПнЗ ЗША. Уваходзіць у групу горных штатаў Далёкага Захаду. Пл. 214,3 тыс. км²; нас. 1099 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Бойсе. Найб. гарады Айдаха-Фолс і Пакатэла. Гар. насельніцтва каля 50%. На б. ч. тэрыторыі адгор’і Скалістых гор (выш. да 3857 м), на З ускраіна Калумбійскага плато, на Пд пласкагор’е Вял. Басейн і раўніна р. Снейк. Клімат кантынентальны, змякчаецца Ціхім акіянам. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (серабро, свінец, сурма, малібдэн, ртуць, золата, кобальт, ванадый, цынк, фасфаты, паўкаштоўныя камяні), харч. (асабліва перапрацоўка бульбы), лясная і дрэваапр., хім., радыёэлектронная, каляровая металургія. У таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі пераважае раслінаводства. Гал. культуры: бульба (каля ​1/4 збору краіны), пшаніца, кукуруза, ячмень, цукр. буракі, хмель. Садоўніцтва (пераважна яблыкі). Пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і авечкі). Транспарт аўтамаб., чыгуначны. Штат перасякаюць 2 транскантынентальныя чыг. магістралі. Развіты турызм.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕНІЗА́ЦЫЯ (ад лац. hydrogenium вадарод),

гідрыраванне, хімічны працэс далучэння вадароду (пераважна малекулярнага) да розных рэчываў у прысутнасці каталізатара пры высокай т-ры і ціску. У якасці каталізатараў найчасцей выкарыстоўваюць металы VIII гр. перыяд. сістэмы (напр., нікель, кобальт, плаціну, паладый), аксіды металаў (напр., аксід хрому Cr2O3, алюмінію Al2O3) і інш.

Гідрагенізацыяй азоту ў прам-сці атрымліваюць аміяк, аксіду вугляроду — метылавы спірт. Практычнае значэнне мае гідрагенізацыя арган. злучэнняў з кратнымі сувязямі. Далучэнне вадароду па падвойных сувязях (C=C) ляжыць у аснове ператварэння вадкіх алеяў і тлушчаў у цвёрдыя прадукты (напр., пры вытв-сці маргарыну). Гідрагенізацыя — адна з асн. рэакцый многіх працэсаў нафтаперапрацоўкі (напр., каталітычнага рыформінгу, гідракрэкінгу). Гідрагенізацыя можа адбывацца адначасова з гідрагенолізам: разрывам сувязі C—X (X — вуглярод, азот, сера, кісларод) у малекуле арган. злучэння пад уздзеяннем вадароду (напр., пры атрыманні шмататамных спіртоў з поліцукрыдаў).

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 5, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

радовішчы карысных выкапняў, якія ўтвараюцца пры асаджэнні рэчываў, раствораных у гарачых (ад 600—700 °C да 50—25 °C) мінералізаваных водах, што цыркулююць у нетрах Зямлі. Крыніцы такіх раствораў: магматычная, метамарфічная, поравая, або метэорная вада, што вызваляецца пад уздзеяннем розных геахім. і геал. працэсаў; растворанае мінер. рэчыва, выдзеленае астываючай магмай або мабілізаванае з парод, праз якія фільтруюцца падземныя воды.

Гідратэрмальныя радовішчы фарміруюцца ў шырокім інтэрвале — ад паверхні Зямлі да глыбінь больш за 10 км. Паводле саставу пераважнай часткі каштоўных кампанентаў вылучаюць 5 тыпаў руд гідратэрмальных радовішчаў: сульфідныя (медзь, цынк, свінец, малібдэн, вісмут, нікель, кобальт і інш.), вокісныя (жалеза, вальфрам, ніобій, волава, уран і інш.), карбанатныя (марганец, жалеза і інш.), самародныя (золата, серабро), сілікатныя (азбест, слюды), рэдкіх металаў (берылій, літый і інш.). Па глыбіні і т-ры ўтварэння гідратэрмальныя радовішчы падзяляюць на гіпатэрмальныя, мезатэрмальныя і эпітэрмальныя радовішчы.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБАНІ́ЛЫ МЕТА́ЛАЎ,

хімічныя злучэнні металаў з аксідам вугляроду CO. Найб. даследаваны карбанілы пераходных металаў VI—VIII груп перыяд. сістэмы элементаў.

Адрозніваюць аднаядзерныя з 1 атамам мешу [напр., Ni(CO)4 тэтракарбаніл нікелю] і шмат’ядзерныя з некалькімі атамамі металу ў малекуле (напр., Co2(CO)8 октакарбанілдыкобальт, Fe3(CO)12 додэкарбанілтрыжалеза]. Большасць К.м. — крышт. рэчывы лёгкалятучыя і лёгкаплаўкія [напр. Co2(CO)8. крышталі аранжавага колеру, tпл 51 °C]; Ni(CO)4 і пентакарбанілы жалеза, рутэнію і осмію — вадкасці [напр., Fe(CO)5 — жоўтая вадкасць, tкіп 103 °C, шчыльн. 1460 кг/м³]. Раствараюцца ў арган. растваральніках. Пры награванні раскладаюцца на CO і метал. Атрымліваюць узаемадзеяннем CO з металамі (жалеза, нікель, кобальт) ці з іх злучэннямі ў прысутнасці аднаўляльнікаў (напр., вадароду, магнію, рэактываў Грыньяра). Выкарыстоўваюць для атрымання звышчыстых металаў, металаарган. злучэнняў; як каталізатары шматлікіх хім. працэсаў (гідрыравання, полімерызацыі, ізамерызацыі і інш.). Высокатаксічныя; асабліва атрутныя Ni(CO)4 і Fe(CO)5.

Літ.:

Сыркин В.Г. Карбонилы металлов. М., 1983.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́Т (грэч. magnētis ад Magnetis lithos літар. камень з Магнесіі — стараж. горада ў М.​Азіі),

цела, якому ўласціва намагнічанасць — здольнасць ствараць вакол сябе магнітнае поле. Бываюць пастаянныя М. і электрамагніты (у т. л. звышправодныя магніты), намагнічанасць якіх ствараецца эл. токам.

Пастаянны М. бывае прыродны, з магн. жалезняку (магнетыту) і зроблены ў выглядзе падковы, паласы, стрыжня і да т.п. з папярэдне намагнічаных ферамагнетыкаў (пераважна магнітацвёрдых матэрыялаў). Гал. ўласцівасць М. — здольнасць прыцягваць жалеза, нікель, кобальт, некат. лантаноіды, іх сплавы і злучэнні, а таксама злучэнні хрому, марганцу і урану. Характарызуецца астаткавым намагнічваннем, каэрцытыўнай сілай, формай пятлі гістэрэзіса, макс. шчыльнасцю магн. энергіі. Свабодна падвешаны, адхіляецца ў магн. полі Зямлі адным бокам (полюсам) на Пн, другім — на Пд (гл. Магнітныя палюсы Зямлі). Шырока выкарыстоўваецца як аўтаномная крыніца пастаяннага магн. поля ў элементах, прыладах і апаратах электра- і радыётэхнікі, электронікі, аўтаматыкі.

У.​М.​Сацута.

Магнітнае поле пастаянных магнітаў: а — без магнітаправода; б — з магнітаправодам; 1 — магніт; 2 — магнітаправод; 3 — рабочы зазор; N і S — полюсы магніта.

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)