Ту́лап ‘кажух з роўнай спіной, без таліі’ (Шат., Сл. ПЗБ), тула́п ‘доўгі кажух’ (Сцяшк. Сл.), тулу́б ‘тс’ (Бес.), ту́лоб, ту́луб ‘вялікі доўгі кажух’ (ТС, зах.-палес., ЛА, 4), тулубо́ккажушок’ (ТС), тулубе́ц ‘кароткая вопратка з аўчыны’ (Лекс. Бел. Палесся), ту́луб, ту́луп ‘доўгая вопратка з аўчыны’ (там жа), тулу́п ‘выпатрашаны труп жывёлы без унутранасцей’ (Кліх), ‘шкура (жабы)’ (там жа), тулу́пам ‘цалкам’: скура здымаецца з вангора цэлым тулупам (іўеў., Сл. ПЗБ), тулу́п ‘кажух’ (усх.-бел., ЛА, 4) ‘верхняя зімняя доўгая мужчынская вопратка з аўчын’ (Сцяшк., ПСл), тулу́пчыккажушок’ (слонім., Шн. 3). Выглядае на тое, што лексема запазычана (для шэрагу форм, магчыма, праз пасрэдніцтва ід. tulep) з рус. тулу́п ‘кажух без таліі, які аблягае, як халат, усё цела, увесь стан’, якое, у сваю чаргу, запазычана з цюркскіх моў, параўн. крым.-тат., алт., казах. tulup ‘суцэльны скураны мех без швоў, зняты з адной жывёліны’, казах. тулып ‘чучала’, ‘шкура здохлага цяляці, набітая сенам (ставяць перад каровай, якую дояць)’, чагат. тулб ‘скураны мяшок’ (Міклашыч, 365; Фасмер, 4, 118; Анікін, 563–564). Дапускаецца збліжэнне з ту́лаб ‘тулава’ (кажух засцерагае стан, тулава чалавека) альбо магчымасць генетычнай сувязі з тул2, тулі́ць (ЕСУМ, 5, 673; Чарных, 2, 270; Куркіна, Этимология–1982, 21–24; Трубачоў, Этимология–1991–1993, 10–11). Гл. таксама тулуп.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

асму́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і смуглы. // Абветраны; загарэлы. Сустрэну я мілага, прыгожага свайго, надзену на галаву яму васількова-блакітны вянок, і ўсміхнецца мілы ды пацалуе ў асмуглыя вусны. Каваль. Асмуглыя рукі яе [дзяўчыны] Захінаюць кажушок стары. Глебка.

2. Тое, што і асмужаны (у 2 знач.). Глядзіць [месяц] на дол, на лес асмуглы, Як нейкі дбалы вартаўнік. Колас. І назаўсёды асталася дзесьці і каляіністая сцежка паўз лес, і асмуглае неба, і маці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кажу́шак1 ’паўкажушок, кароткі кажух’ (маз., Сержп.; Сцяц.), кажушка ’тс’ (слонім., Шн.). Укр. дыял. кожушок ’тс’, укр. палес. кожушка ’паўкажушок’, чарніг. ’жаночая футра’. Суфіксальныя вытворныя ад кажух1; аб храналогіі і суаднесенасці меркаваць цяжка. Параўн. кажушок (гл.). Месца націску, магчыма, сведчыць аб польскім уплыве (параўн. польск. kożuszek).

Кажу́шак2 ’шчупак; шчупак наогул і шчупак сярэдняга памеру’ (Мат. Гом.; тураў., Крыв.; Флора), кожушак ’тс’ (параўн. пін., Нар. лекс.; жытк., Нар. словатв.; палес., Крыв.; ТС), кожушек, кажушок ’шчупак’ (тураў., КЭС), кажушка ’тс’ (лельч., Мат. Гом.; Палес., Крыв.; ТС), кожушʼе ’вялікі шчупак’, кожушленя ’маленькі шчупачок’, кожушленятко, кожушлятко памянш. да кожушленя, кожушно ’вялікі шчупак’ (апошнія прыклады з Тураўскага слоўніка). Паводле Тарнацкага, к, № 177, заходняя зона ўжывання лексемы праходзіць па Гарыні, параўн., аднак, наш прыклад з паўдн. Піншчыны, на ўсходзе яна сустракаецца ў Жыткавіцкім, Столінскім і Лунінецкім раёнах (гл. Крывіцкі, Лекс. Пал., 168); сустракаецца ў Лельчыцкім раёне (Мат. Гом.). Вузкалакальная інавацыя (фактычна ц.-палес.), этымалогія няпэўная. Цыхун (Бел.-укр. ізал., 85) мяркуе, што тут перанос ад кажух, кажушок ’від адзення’ з матывацыяй ’гладкая (як вырабленая) скура (у маладых шчупакоў)’. Пазней ён (вусна) прапанаваў дзве іншыя версіі і паведаміў багаты фактычны матэрыял. Як сведчаць палявыя запісы падчас тураўскіх экспедыцый, відавочна, што кажушак з’яўляецца адной з тых назваў, якія дыферэнцыруюць агульную назву шчупак. Шырокая ўжывальнасць слова кажушок ’шчупак сярэдніх памераў’ прывяла да зацямнення матывацыі, аб тым, што гэты працэс працягваецца, сведчаць значэнні ’шчупак наогул’ і памяншальныя вытворныя са значэннем ’маленькі шчупак’. Маленькія шчупакі лёгка дыферэнцыруюцца па колеру, і гэта яркая адзнака прыводзіць да ўзнікнення тэрміна зялёныя і сінія, параўн. У Тураўскім слоўніку: «Поймаў кожушленят зелёных», «кожушлятка сініе ў траве», можна меркаваць, што сярэдні па ўзросту шчупак можа таксама называцца на такому ж прынцыпу. Параўн. кажух4 ’расліннае покрыва на балоце’. Па другой, больш пераканаўчай версіі кажушак < *кажушак ’?’ < кожа ’скура’. Матывацыя назвы тлумачыцца Цыхуном: «кажушкамі называюць сярэдніх па памеру шчупакоў таму, што скура ў іх робіцца больш тоўстай і менавіта такіх шчупакоў можна фаршыраваць». Такая этымалогія пацвярджаецца інфармацыяй аб выкарыстанні шчупакоў у гэтым рэгіёне («надзеваная рыба»); яе можна падмацаваць і такім фактам, што адпаведным укр. кожушок называюць, паводле Грынчэнкі, скуру, вонкавую абалонку некаторых жывёл. Укр. і рус. назвы ад kožuxъ абазначаюць скуру, якая скідаецца, параўн. у фальк. тэкстах (’скура змяі’): рус. шадр., перм. «Как уснул Иван‑царевич, она вышла на улицу, сбросила кожух, сделалась красной девицей»; валаг. і інш. «Вот она кожух скинула и взяла мальчика на руки»; укр. (’скура жабы’): «Взяла кожушок з себе скинула, вийшла… Знову кожушок наділа і стала такою жабою, як і була». Параўн. яшчэ ад іншай асновы рус. перм. кожура: «А у нее была одежа из лягушечьей кожуры». Аб магчымасці яшчэ адной версіі сведчаць рус. валаг., пск. кожура ’рыбная луска’, с.-ур. кожуха ’тс’, параўн. яшчэ назвы раслін з калючымі пладамі, якія чапляюцца за адзенне: укр. кожушка, кожушки (липка, липучка, репашки), рус. кожушка. Па гэтай версіі шчупакоў сярэдніх памераў маглі называць кажушкамі па неабходнасці (пачынаючы з некаторага іх узросту) знімаць луску, чысціць. Ва ўсякім разе як па гэтай, так і па папярэдняй версіі кажушак < кожух ’скура, абалонка’ (адкуль і значэнне ’чахол’) з кажушак ’назва вопраткі’ непасрэдна не суадносіцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ма́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Маці, мама. — Матка! А калі гэта да нас Шпак .. прыходзіў? — спытала адна маладзіца сваю свякроў, бабку Таццяну. Колас.

2. Самка жывёл і насякомых, якая выводзіць патомства. Малыя ягняты, .. адбіўшыся ад матак, на момант спыняліся. Крапіва. Пчолы-разведчыкі знаходзілі .. вуллі і пакрысе абжывалі іх, каб потым прывесці сюды матку з роем. Кулакоўскі.

3. Унутраны палавы орган жанчын і самак жывародзячых жывёл, у якім развіваецца зародак.

4. (звычайна ў прыдатку). Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Апранула зямля-матка Кажушок зялёны. Колас. Я тут бачыў свой край, поле, рэчку, бор, Сваю катку-зямлю — Беларусь. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распіраць — расперці.

2. Р мн. ‑рак. Брус, які выкарыстоўваецца ў розных канструкцыях і збудаваннях для фіксацыі іх у пэўным становішчы. // Тое, чым распіраюць што‑н. і прадухіляюць збліжэнне паміж чым‑н. Праўда, майстры і тут ведалі, што рабіць. У ход ішлі распоркі, клін, кувалда, і дошкі станавіліся на сваё месца. Сапрыка.

3. Разрэз, распорак. На мне быў кароткі кажушок з аблямаванай распоркаю ззаду. Скрыган. Пярэдняя полка з засцежкай (распоркай), якую прыкрываў фартушок, амаль заўсёды рознілася ад іншых арнаментам. «Помнікі». // Разрэзанае, разарванае па шву месца. Шапка была б.. ніштаватая, каб яшчэ да яе казырок і каб не распоркі скрозь па швах. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., каго-што.

1. Згарнуць у адно месца; загрэбці. [Люба] загарнула жар, засланіла печ. Чорны.

2. Прыкрыць зверху (пяском, лісцем і пад.). Загарнуць зямлёй свежы пень.

3. Ахінуць, закруціць у што‑н. Казюк асцярожна загарнуў серп у хустку і палажыў у куток на палаці. Броўка. Загарнула маці Стася ў свой кажушок і панесла да хаты. Кавалёў.

4. Закрыць (кнігу, сшытак і пад.). [Алеся] з шумам загарнула канспект, энергічна пляснула па ім рукой. Васілевіч.

5. Загнуць, адвярнуць край адзення, тканіны і пад. Нявада зрабіў рух да акна, дзе святлей, і загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткі. Чорны. Грыцко загарнуў расчоскай проста ад ілба яго жорсткую рыжаватую чупрыну і лёгка, нібы толькі ўзмахнуўшы ножкамі, зняў яе. Кулакоўскі.

6. перан. Разм. Узяць сабе, прысвоіць. — Ты такі прагны, што ўсё загарнуў бы сабе. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Раскінуць на сабе адзенне. [Камар:] — Халодна — укрыйся. Горача — расхініся. Караткевіч.

2. Разысціся ў бакі, адхінуўшыся (пра краі, крыссе адзення). [Хрысціна] падняла ўгору рукі, каб паправіць хустку, кажушок расхінуўся. Асіпенка. // Адысціся, адхінуцца ў розныя бакі (пра што‑н. самкнутае, прыхінутае адно да аднаго). Але вось расхінуліся кусты, і, .. адмахваючыся хвастом ад аваднёў, паказалася Белалобая. Шуцько.

3. Раскрыцца (пра дзверы, акно, заслону і пад.). Клямка ціха бразнула, і дзве цяжкія форткі варот павольна расхінуліся. Крапіва. Пусцілі [вучняў] у клуб, і пакуль усе рассаджваліся на нізенькіх партах першакласнікаў, расхінулася заслона. Навуменка.

4. Расступіцца ў бакі, даўшы праход, месца. [Натоўп] раздаўся, расхінуўся ва ўсе бакі. Баранавых. // Размясціцца па баках, пакінуўшы вольную прастору пасярэдзіне. Вось расхінецца лес, пачнецца наезджаная дарога, а там ужо і самая будоўля. Няхай.

5. перан. Рассунуцца, расшырыцца. З пераходам тэхнікі ў калгас Шаманскі, Верамейчык і ўсе аграномы з брыгадзірамі адчулі, што гаспадарка пабыла большую самастойнасць, як бы шырэй расхінуліся граніцы яе росту. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трапа́ць, траплю, трэплеш, трэпле; незак., каго-што.

1. Ачышчаць валакно спецыяльнай прыладай, выбіваючы кастрыцу. Можна было цэлы дзень трапаць поруч з .. [Аняй] лён або стаяць ля малатарні і не пачуць ад яе ніводнага слова. Васілевіч. Жанчыны, на хаду падвязваючы фартухі, па адной і чародкамі беглі паўз Ярыніну хату ў сушню церці і трапаць лён. Бажко.

2. Ласкава пагладжваць, пастукваць рукой, пальцамі. [Гарлахвацкі:] (Трэпле яе па плячах). Бядовая ты ў мяне, Нюра. Крапіва. — З табою, брат, не прападзеш, — сам сабе пасміхаецца Амяльян і трэпле каня па крутой шыі. Колас.

3. Тузаць, гайдаць (пра вецер). Гуллівы вятрыска трэпле падалы .. спаднічак [дзяўчат], і яны прытрымліваюць іх рукой. Асіпенка. Расшпілены кажушок трапаў вецер. П. Ткачоў.

4. Частым або неакуратным ужываннем рабіць якую‑н. рэч непрыгоднай. Шкада, што [Сафрон] новыя боты па лясных дарогах трэпле.. Але нічога не зробіш. На такую работу не ў лапцях ісці. Чарнышэвіч.

5. Разм. Ісці вялікую адлегласць. [Сцёпка:] — Я сам гатаваўся, сто вёрст [пехатой] трапаў, здаў экзамены... Колас.

6. Пачаць біць, калаціць, уцягваць ворага ў частыя баявыя сутычкі. Трапаць варожую армію.

•••

Трапаць нервы — хвалявацца; моцна нерваваць каго‑н.

Трапаць (мянціць, малоць) языком — гаварыць шмат і без толку, гаварыць бязглуздзіцу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапы́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падымацца ўверх, стаяць тарчма (пра валасы, шэрсць і пад.). Віця глядзіць на Валерыю. На ёй сіняя сукенка з высокім белым каўнерыкам, што вельмі пасуе да яе смуглявага твару; кароткія чорныя валасы крыху тапырацца ў бакі каля вушэй, і яна час ад часу папраўляе іх. Нядзведскі. Бялявыя коратка падстрыжаныя валасы тапырыліся калючым вожыкам. Хомчанка. // Не ляжаць роўна, гладка; карабаціцца. Кажушок Сымона Данілавіча тапырыўся. Грамовіч. Шчыльна падагнаная бекеша з такім жа каўняром, як і шапка, трошкі тапырылася на жываце. Кулакоўскі. // Не прылягаць. Ад мноства фатаграфій тоўстыя лісты альбома тапырацца, раскрываючыся самі сабою. Палтаран.

2. Выгінаць цела, напружвацца; падымаць тарчма шэрсць, іголкі і пад. (пра жывёл). Пеця трымаў за шыю чорнага вялікага ката Ваську, які тапырыўся і шыпеў. Сіняўскі. Паставіў [бацька] каня, падкінуў сена, а сам ужо збіраўся ісці ссякаць сухастоіну, як бачыць — тапырыцца штосьці конь. Якімовіч.

3. перан. Быць незадаволеным чым‑н. або капрызным; супраціўляцца. Базыль пагладзіў сына па галаве. — Ты паслухай спачатку; што да чаго, а тады ўжо тапырыцца будзеш... Курто. Непрыветлівыя позіркі скрыжаваліся на Арэшкіну, і ён адчуваў сябе вінаватым, але тапырыўся. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усле́д, прысл. і прыназ.

1. прысл. Непасрэдна за кім‑, чым‑н. Над параходам з’явілася чайка і паляцела ўслед. Даніленка. На павароце Хмыль аглянуўся: расхінуўшы на грудзях кажушок, Мацей памалу ішоў услед. М. Стральцоў. / З прыназ. «за» ўтварае спалучэнне з Т. Наташа з дзяўчатамі вязала ў полі снапы ўслед за жняяркамі. Асіпенка. Услед за ёю [восенню] вецер закаханы Шэпча чараўніцы пра любоў. Скурко. Услед за статкам рушылі падводы і грузавікі з калгасным дабром. Якімовіч. // У напрамку каго‑, чаго‑н., што аддаляецца. Віця пастаяў трошкі, паглядзеў услед і павярнуўся ісці дахаты. Каліна. [Ляцяць] у вырай журавы. Услед махаюць крыллем кволым Кусты, лімонніцы, чмялі. Барадулін.

2. прысл. Наўздагон за кім‑н. Ссутуліўшыся, .. [яфрэйтар] кінуўся быў да машыны. Услед пасыпалася каменне. Лынькоў. — Ходзіць, зрэнкі заліўшы, і ўсе ў яго вінаватыя, а толькі не ён, — зняважліва кінула.. [пасажыру] ўслед буфетчыца. В. Вольскі.

3. прысл. У той жа момант, амаль адначасова. Выскаквалі з двароў дзеці, .. крычалі на ўсе галасы: «Вяселле едзе!» .. Выбягалі ўслед бабы, дзяўчаты. Лынькоў.

4. прыназ. з Д. У напрамку каго‑, чаго‑н., што аддаляецца. Арцём чамусьці скоса паглядзеў услед дзяўчыне і адвярнуўся спінай. Ракітны. Сэрца ў хлопчыка заб’ецца, Сам увесь ён задрыжыць, І сама душа, здаецца, Услед звону паляціць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)