здольнасць раслін процістаяць маразам, рэзкім ваганням т-ры, высушванню, выправанню і інш. неспрыяльным умовам. Абумоўлена зменамі абмену рэчываў (назапашванне вугляводаў і тлушчаў у тканках, абязводжванне клетак), залежыць ад паходжання віду, стану расліны, асаблівасцей кліматычных умоў і інш. Пры аднолькавых умовах расліны розных відаў і сартоў маюць розную З. Нават у межах адной культуры ёсць адрозненні паводле З. (напр., т-ра вымярзання сартоў азімага жыта ад -10 да -30 °C). Найб. зімаўстойлівыя лясныя расліны — большасць хвойных (пераносяць маразы да -45 °C і больш), а таксама брусніцы, багун, грушанка, журавіны, падалешнік і інш. Спосабы павышэння З. заснаваны на ўдасканальванні метадаў загартоўвання раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
буякі́, ‑оў; адз.няма.
1. Кустовая нізкарослая ягадная расліна сямейства бруснічных, якая расце ў нізкіх лясных месцах. Святло выхоплівала з цемнаты мокрыя, сумнаватыя ствалы маладых хвоек, бліскучую, як слюда, кару бяроз, кусцікі буякоў і багунніку.Кудравец.
2. Цёмна-сінія з шызым налётам кіславатыя на смак ягады гэтай расліны. Роўнае, чыстае поле было і на лузе, дзе мы кідалі з бацькам стагі, на тых балотах, куды хадзілі з маткаю па журавіны, буякі...Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МАСАРЭ́НКА (Алесь) (Аляксандр Герасімавіч; н. 12.4.1938, в. Ходарава Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). Працаваў у Слаўгарадскім райкоме камсамола, у школе-інтэрнаце, на Бел. радыё, у выд-вах, на кінастудыі «Беларусьфільм», у час. «Маладосць», «Полымя» і інш. У 1992—98 рэдактар час. «Першацвет». Друкуецца з 1962. У аўтабіягр. аповесці «На бабровых тонях» (1971) героі — землякі і родзічы аўтара, руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Зб. апавяданняў і аповесцей «Журавіны пад снегам» (1976) пра першае пасляваен. пакаленне, якое спазнае радасць працы, любові да роднай зямлі. Раман «Баргузінскае лета» (1982) прысвечаны будаўнікам БАМа. Творы М. вылучаюцца актуальнасцю тэматыкі, пранікненнем у псіхалогію персанажаў, багаццем мовы, апавядальніцкім майстэрствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНА́ЦЬЕЎ (Яўген Аляксеевіч) (н. 11.11.1936, в. Лісіна Гарахавецкага р-на Уладзімірскай вобл., Расія),
бел. мастак кіно, жывапісец, кніжны графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1962). У 1962—95 на кінастудыі «Беларусьфільм» (у 1987—93 гал. мастак). Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Полымя» (1974), «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984), «Чужая бацькаўшчына» (1983, з А.Верашчагіным), «Радуніца» (1985), «Мяне завуць Арлекіна» (1987), «Пад небам блакітным» (1988), «Усё наперадзе» (1990) і інш. Аўтар ілюстрацый да твораў В.Быкава, В.Вольскага, К.Станюковіча, А.Якімовіча; жывапісных работ «Нацюрморт», «Партрэт бабулі» (абодва 1986), «Цёплы вецер», «Змрок», «Мой свет», «Успаміны», «Беларускія журавіны» (усе 1990-я г.), «Прыезд на хутар» (паводле кінафільма «Людзі на балоце», 1994) і інш.
Я.Ігнацьеў. Прыезд на хутар (паводле кінафільма «Людзі на балоце»). 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЧНАЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, укрытыя зялёным лісцем на працягу ўсяго года. У адрозненне ад летне- і зімовазялёных раслін кожны ліст вечназялёных раслін жыве некалькі гадоў (напр., ліст. лімона — 3, ігліца елкі — 8—12, хвоі — 3—5 гадоў), паступова замяняецца новым, таму гэтыя расліны называюць таксама шматгадовазялёнымі. Лісце вечназялёных раслін звычайна мае прыстасаванні, якія змяншаюць выпарэнне вады раслінай (транспірацыю) і павышаюць зімаўстойлівасць.
Характэрныя для трапічнай і субтрапічнай флоры. У краінах з умераным і халодным кліматам, у т. л. на Беларусі, трапляюцца вечназялёныя расліны барэальнага і трапагеннага паходжання, напр. хвойныя дрэвы і кусты (елка, хвоя, ядловец), некаторыя лясныя і балотныя кусцікі і шматгадовыя травяністыя расліны (брусніцы, талакнянка, багун, верас, журавіны, дзярэзы, грушанкі і інш.). Многія вечназялёныя расліны як дэкар. вырошчваюць у адкрытым грунце, аранжарэях і пакоях (напр., алеандр, лаўравішню, пальмы, плюшч, самшыт, цытрусавыя). Добрыя прадуцэнты кіслароду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛО́ТНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
уласцівасць глебы, абумоўленая наяўнасцю іонаў вадароду ў глебавым растворы, а таксама абменных іонаў вадароду і алюмінію ў глебавым паглынальным комплексе. Выражаецца паказчыкам pH. Бывае актыўная, або актуальная (кіслотнасць глебавага раствору) і пасіўная, або патэнцыяльная (кіслотнасць цвёрдай фазы глебы), якая падзяляецца на абменную і гідралітычную. Кіслыя глебы маюць pH 3,5—5,5, блізкія да нейтральных — 5,6—6,0, нейтральныя больш за 6 і да 7, больш як 7,0 — шчолачныя. Патрабавальнасць збожжавых, кармавых, садовых і ягадных культур да К. г. розная. Напр., пры pH 5,8—6,5 добра растуць азімая пшаніца, буракі, парэчкі і інш.; пры pH 5,3—6 — агуркі, суніцы, яблыня, ячмень і інш.; пры pH 4,5—5 — агрэст, шчаўе і інш.; на вельмі кіслых тарфяніках пры pH 4 і ніжэй — журавіны. Рэгулююць К. г. вапнаваннем кіслых, гіпсаваннем шчолачных глеб, фізіялагічна кіслымі і шчолачнымі ўгнаеннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
чы́сцік
1. Кусты, зараснік на месцы высечанага лесу (Чашн.Касп.).
2. Галае, непраходнае балота (Віл.) або чыстае махавое балота, дзе растуць журавіны (Лёзн.).
□ ур. Чысцік (балота, парослае дробным хмызняком) каля в. Засценкі Віл. (Кас.).
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
стэнато́пны
(ад стэна- + гр. topos = месца)
прыстасаваны да пэўных умоў;
с-ыя арганізмы — жывёлы і расліны, якія могуць існаваць толькі ў месцах са спецыфічнымі, вельмі абмежаванымі ўмовамі асяроддзя (біятопах), напр. берагавая ластаўка, зімародак (жывуць на стромкіх берагах), журавіны, расіцы (растуць на сфагнавых балотах); параўн.эўрытопны.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВІСКО́НСІН (Wiskonsin),
штат на Пн ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўночна-Усходняга цэнтра. На Пн прымыкае да воз. Верхняе, на У — да воз. Мічыган, на З абмываецца р. Місісіпі. Пл. 140,7 тыс.км², нас. 5038 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — Мадысан, найб. горад і прамысл. ц. — Мілуокі. Гар. насельніцтва 65,7%.
Пераважае раўнінная паверхня, на Пн марэнныя грады. Больш за 14 тыс. азёр. Клімат блізкі да кантынентальнага. Доўгая халодная зіма і цёплае лета. Сярэдняя т-растудз. каля -10 °C, ліп. каля 20 °C. За год выпадае 760 мм ападкаў. Пад хваёва-шыракалістымі лясамі 45% тэр. Вісконсін — індустрыяльна-аграрны штат. На ўзбярэжжы воз. Мічыган значны індустрыяльны пояс. Гал. віды прадукцыі апрацоўчай прам-сці: разнастайнае прамысл. абсталяванне, с.-г. тэхніка, аўтамабілі, станкі, эл.-тэхн. вырабы, прадукты харчавання, мэбля, папера, цэлюлоза. Здабыча буд. матэрыялаў. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля малочнага кірунку (вядучы штат па вытв-сці малака і сыру), развіта свінагадоўля. Гал.с.-г. культуры: гарох, кукуруза, сеяныя травы, соя, бульба, журавіны. Развіты аўтамаб. і чыгуначны транспарт, на Вялікіх азёрах — суднаходства. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАПА́Д,
фізіялагічны працэс у дрэў, кустоў, радзей траў, звязаны з ападаннем лісця. Выпрацаванае ў працэсе эвалюцыі прыстасаванне да памяншэння паверхні наземных органаў у неспрыяльных умовах. Скарачае страту вільгаці і прадухіляе паломку галін пад цяжарам снегу. Перад Л. у лісці адбываюцца біяхім., фізіял. і структурныя змены. Разбураецца хларафіл, захоўваюцца караціноіды (абумоўліваюць восеньскую афарбоўку). Пажыўныя рэчывы (бялкі, вугляводы, мінер. злучэнні) 3 лісця адцякаюць у сцябло, плады, насенне, клубні, карэнішча і інш. Каля асновы ліста або чаранка паяўляецца аддзяляльны слой клетак, які лёгка разрываецца. Пад цяжарам ліста, парывамі ветру праводзячы пучок, што ўтрымлівае ліст на сцябле, ірвецца і ліст ападае. Пры рэзкіх паніжэннях т-ры, засусе, паяўленні шкодных газаў у паветры і інш. лісце хутка адмірае без утварэння аддзяляльнага слоя і доўга трымаецца на расліне ў засушаным стане. Ападанне лісця характэрна пераважна для раслін кліматычных паясоў з неспрыяльным сезонам: ва ўмеранай зоне — зімой, у трапічнай — у засуху. Адрозніваюць лістападныя (скідваюць усё лісце на пэўны час) і вечназялёныя расліны. Лістападныя дрэвы ў вільготнатрапічных лясах стаяць без лісця некалькі дзён, ва ўмераным поясе — да 8—9 месяцаў. У вечназялёных раслін (елка, брусніцы, журавіны, хвоя) лісце ападае паступова і зменьваецца раз у 2—30 гадоў. Выкліканы штучна Л.наз.дэфаліяцыяй.