МАСАРЭ́НКА (Алесь) (Аляксандр Герасімавіч; н. 12.4.1938, в. Ходарава Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). Працаваў у Слаўгарадскім райкоме камсамола, у школе-інтэрнаце, на Бел. радыё, у выд-вах, на кінастудыі «Беларусьфільм», у час. «Маладосць», «Полымя» і інш. У 1992—98 рэдактар час. «Першацвет». Друкуецца з 1962. У аўтабіягр. аповесці «На бабровых тонях» (1971) героі — землякі і родзічы аўтара, руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Зб. апавяданняў і аповесцей «Журавіны пад снегам» (1976) пра першае пасляваен. пакаленне, якое спазнае радасць працы, любові да роднай зямлі. Раман «Баргузінскае лета» (1982) прысвечаны будаўнікам БАМа. Творы М. вылучаюцца актуальнасцю тэматыкі, пранікненнем у псіхалогію персанажаў, багаццем мовы, апавядальніцкім майстэрствам.

Тв.:

Сонца майго дня. Мн., 1988;

Пакуль не завялі кветкі. Мн., 1994.

У.​В.​Гніламёдаў.

т. 10, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)