запа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць патрэбныя якасці ў выніку запарвання. Дзежка запарылася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць прыгодным для скарыстання ў выніку запарвання. Сечка вапарылася.

3. Разм. Доўга парачыся ў лазні, давесці сябе да знямогі. Запарыцца да паўсмерці.

4. Разм. Моцна стаміцца ад шпаркай або доўгай язды, хады, цяжкай працы. Язэп стараўся не адстаць, кульгаў і ўсё больш абапіраўся на кій. — Запарыўся я зусім, — нарэшце не вытрываў ён. Асіпенка. // перан. Адстаць, не справіцца з работай. З работай цяпер я, можна сказаць, проста запарыўся. За час адпачынку набралася безліч рахункаў. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ку́белдзежка з вушкамі’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Др.-Падб., Жыв. сл., Нік. Очерки, П. С., Сцяц. Нар., Бяльк., Сержп. Пр., Доўн.-Зап. ПП, Грыг., Маш., Гарэц., Сцяшк., Мат. АС, Кліх, Янк. Мат., Жд. 3, Яруш., Шатал., Янк., Сл. паўн.-зах., Мядзв.). Ст.-бел. кубелъ (з 1533 г.) (< польск. kubeł < с.-в.-ням. kübel) (Булыка, Запазыч., 180). Укр. кубел ’від крытага вулея’, кубло ’пасудзіна з дрэва’, рус. кубел ’кадзь’, польск. kubeł ’пасудзіна, вядро’. Лічыцца спрадвечным словам, якое паходзіць ад kubъ (гл. куб2, кубак) і суфікса ‑ьlъ (Бернекер, 636; Слаўскі, 3, 297). Але больш верагоднай здаецца версія аб запазычанні праз польск. kubeł з с.-в.-ням. kübel ’драўляная пасудзіна, вядро’ (Брукнер, 279; Машынскі, JP, 35, 114–115), не выключана, што форма куб — вынік зваротнага словаўтварэння ад кубел.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́бка, смарг. лу́бачка ’кош, карзіна’, ’сявенька (з кары)’, ’плецены саламяны кораб для мукі’, ’дзежка для трымання мукі пад рукой’, ’бочачка’, ’салянка з ліповай кары’, ’кошык, сплецены з саломы і лазы’ (Нас., Яруш., Мікуц., Касп., Мат. Гом., Шат., П. С., Гарэц., Юрч., Янк. БП., Ян., Мат. Маг., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС; мядз., Нар. словатв., Жыв. сл.; барыс., Шн. 2; докш., маладз., Янк. Мат., Мат. АС; рагач., З нар. сл.), ’вулей у лесе’ (добр., рэч., Мат. Гом.), ’калыска’ (Сл. Брэс.; карэліц., Сл. ПЗБ); лу́бка і лу́пка ’раёўня’ (Сл. ПЗБ, слаўг., Нар. сл.), бялын. лупок ’лубок, што ставіцца на дрэве для лоўлі раёў’ (Мат. Маг.), лу́бка‑мядоўка ’ліповая бочачка для мёду’ (рагач., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), лубок ’тс’ (карм., добруш., Мат. Гом.). Ст.-бел. лубка (Скурат, БЛ, 8, 13–14). Да луб1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клёпка1 ’дошчачкі, з якіх складаецца бочка, дзежка, кадушка і пад.’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’дранка’ (Мат. Гом.). Укр. клепка, рус. клёпка, польск. klepka ’тс’. Няма падстаў разглядаць гэта слова як праславянскае. У такіх значэннях выступаюць толькі польскія і ўсходнеславянскія словы. Калі ўлічыць існаванне ст.-рус. клепка ў тым жа значэнні, польская крыніца становіцца неверагоднай і больш надзейнай здаецца старажытнаруская крыніца. Тэрмін мог узнікнуць на старажытнарускай глебе на аснове дзеяслова klepati, адтуль пранікнуць у польскую мову, а далей у чэшскую. Ням. Klappholz можа быць калькай з польскай мовы. Слаўскі (2, 209–210), Трубачоў (Эт. сл., 10, 11), ЕСУМ (2, 459) лічаць гэта слова праславянскім, хаця тэрміналагічнае значэнне яго абмежавана ў прасторы і часе.

Клёпка2 ’розум’ (ТСБМ, Нас., Шат., Юрч. Фраз. 2). Гэта значэнне ў тых жа дыялектах, дзе адзначана клёпка1 (гл.), што сведчыць аб метафарычным пераносе. Параўн. бел. клёпкі ў галаве не хапае, укр. не хватае клепок у голові, рус. не хватает клёпки в голове, польск. brak mu piątej klepki. У той жа час на беларускай моўнай глебе мы адзначаем клёпка ў значэнні ’розум’ і не ў складзе адпаведнага фразеалагізма. Гэта тлумачыцца тым, што тут атрымалася кантамінацыя з бел. клёк ’розум’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

распаўзці́ся, ‑паўзецца; ‑зёмся, ‑зяцеся, ‑зуцца; пр. распоўзся, ‑паўзлася, ‑лося; зак.

1. Папаўзці ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх насякомых, жывёл). Мурашкі распаўзліся. □ [Змеі], як відаць,.. вызваліліся і распаўзліся па караблі. Маўр. З учарашняга дня ваўчыца не вярнулася ў бярлогу, і галодныя ваўчаняты распаўзліся па кустах. Якімовіч. // Разм. Разысціся ў розныя бакі (пра людзей). — Вось што, хлопцы, — перавёў Лабановіч гутарку на іншае, — усім гуртам ісці на станцыю не варта. Давайце лепей распаўзёмся паціхеньку. Колас. // Павольна разыходзячыся, захапіць вялікую прастору (пра хмары, дым, туман і пад.). Па небе распаўзлася шэрая хмара і схавала сонца. Гроднеў. Густы дым распоўзся каля нары, але, здавалася, зусім не ішоў у сярэдзіну. Маўр. // Рассунуцца, раз’ехацца. Яна засталася адна. Рукі яе апусціліся, не давязаўшы вузла, і рагі ў прасцірадле распаўзліся з-пад рук. Чорны. // Разм. Прасторна, шырока размясціцца. Вялізнае сяло распаўзлося на багатым .. суглінку па броўках яроў, па схілах, па адхоне над рачулкай. Караткевіч.

2. Расплыцца, расцячыся па паверхні чаго‑н. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі, па снезе распаўзлася рыжая, як вывернуты стары кажух, пляма. Дуброўскі. / у перан. ужыв. Па светламу твару Колышава распаўзлася здрадлівая чырвань. Мележ. // Страціць пэўныя, яскравыя абрысы, форму пад уздзеяннем вільгаці, вады і інш. Дзе папера ад поту прамокла, там літары распаўзліся, але пыталіся выразна. Грамовіч. На прыгрэве каля ляска заечыя сляды. Пад цёплымі промнямі веснавога сонца яны распаўзліся. Ігнаценка. // Размокнуць, раскіснуць (пра зямлю, дарогу). Дождж прайшоў сляпы, спорны. Дарога распаўзлася. Лукша.

3. Разм. Разваліцца, разлезціся ад доўгай носкі, ад старасці. Алесь устаў. Можна выкруціць, выбіць аб руку пілотку. Выкруціў. Асцярожна, каб не распаўзлася. Брыль. [Крымянец] крыху паправіў падушку, якая даўно ўжо распаўзлася і з якой церушылася старая спарахнелая салома. Лынькоў. А тут новая бяда — чаравікі распаўзліся. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)