старажытнае рачное і марское судна ўсх. славян. Шырока бытавала на тэр. Беларусі. Вядома з 7 ст., калі на іх перавозілі грузы па шляху «з варагаў у грэкі». Аднадрэвы човен, найчасцей з дашчанымі набоямі па баках для павелічэння памераў. З 12 ст. мела палубу. Кіравалася рулявымі вёсламі на карме і носе, рухалася з дапамогай грабных вёслаў і ветразя. Вял. Л. змяшчала 40—60 і нават 100 чал. Тэрмін «Л.» выйшаў з ужытку ў 14 ст. ў сувязі са з’яўленнем тэрміна «судна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НСКАЯ ВЕ́ЖА,
свяшчэнная вежа (зікурат) у гонар бога Мардука, пабудаваная ў г.Вавілон. Буд-ва адносіцца да 2-га тыс. да н.э., канчатковы выгляд Вавілонская вежа набыла ў 6 ст. да н.э. Паводле Герадота і археал. знаходак, уяўляла сабой масіўнае мураванае збудаванне з сямі ступеняў (даўж. 92 м, выш. 91 м); на верхнім ярусе знаходзілася свяцілішча, дзе быццам бы жыў Мардук. Знёс вежу Аляксандр Македонскі, які планаваў пабудаваць на яе месцы гал. свяцілішча імперыі. Паводле Бібліі, буд-ва і разбурэнне вежы цесна звязаны са змяшаннем моў розных народаў (гл.Вавілонскае стоўпатварэнне). Грэкі лічылі Вавілонскую вежу адным з дзівосаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ДАГА,
старажытнарускі горад на р. Волхаў (цяпер с. Старая Л. Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл.). Згадваецца ў рус. летапісах і скандынаўскіх сагах. Да 10 ст. апорны пункт на шляху«з варагаў у грэкі», у 11—15 ст. крэпасць і рамесна-гандл. цэнтр Наўгародскай феадальнай рэспублікі, з 1478 — Маскоўскага вялікага княства. Эканам. значэнне страціла пасля буд-вапаўн. порта ў Архангельску, ваеннае захоўвала да 17 ст. У 1703 Пётр I перанёс горад у вусце Волхава (Новая Л.). На месцы стараж. Л. захаваліся рэшткі землянога вала, каменнай крэпасці, тры царквы 12—15 ст. з фрагментамі фрэсак. Раскопкі вядуцца з 1880-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТМУТАРАКА́НЬ,
старажытнарускі горад, верагодна, на Таманскім п-ве каля станіцы Таманскай Краснадарскага краю (Расія). У 6 ст. на гэтым месцы існаваў ант. горад Германаса, у 8—9 ст. — паселішча Таматарха, падпарадкаванае Хазарскаму каганату. Пасля разгрому каганата ў 965 кіеўскім кн. Святаславам Ігаравічам, магчыма, тут узнікла Т., якая стала цэнтрам Тмутараканскага княства. Тут жылі касогі, грэкі, аланы, славяне і армяне. У 1023 кн.Мсціслаў Уладзіміравіч пабудаваў у Т. царкву Багародзіцы. У канцы 11 ст. Т. захапілі полаўцы, потым Візантыя, у 13 ст. — генуэзцы, пазней — Залатая Арда; у 15 ст. на гэтым месцы існавала генуэзская калонія Матрэга, якую ў 1475 разбурылі тур. войскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНАГО́РЫЯ (грэч. Phanagoreia),
антычны горад на Таманскім п-ве (цяпер гарадзішча каля пас. Сянной Краснадарскага краю Расіі). Засн. ў 2-й пал. 6 ст. да н.э. З 5 ст. да н.э. ў складзе Баспорскай дзяржавы. Росквіт Ф. прыпадае на 5—2 ст. да н.э. Горад чаканіў уласную сярэбраную манету. Насельніцтва Ф. (грэкі, меоты, сінды, сарматы) займалася гандлем, рыбалоўствам, рамяством. З 2 ст. да н.э. ўваходзіла ў Пантыйскае царства. У 1 ст. да н.э.наз. Агрыпія. Горад існаваў да 11—12 ст.н.э. Раскопкамі (вядуцца з 19 ст.) выяўлены гарадзішча, частка якога затоплена морам, рэшткі абарончых сцен, жылых кварталаў, храмаў, гімнасій, тэрмаў, рамесніцкіх майстэрань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАДАРО́ (Theodōrō), Мангупскае княства,
дзяржава на ПдЗ сучаснага Крыма ў 12—15 ст. Вылучылася са складу Візантыі, займала тэр. паміж р. Кача на Пн і Чорным м. на Пд, сучаснымі гарадамі Севастопаль на З і Алушта на У. Цэнтр — г. Феадаро (у 10—12 ст.наз. Мангуп). Насельніцтва (аланы, грэкі, караімы, нашчадкі готаў) займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рамёствамі і гандлем. У 14—15 ст. Ф. адстойвала сваю незалежнасць ад мангола-татараў і генуэзцаў, з пач. 15 ст. валодала портам Каламіта ў вусці Чорнай рэчкі. У 1475 заваявана туркамі. Горад Феадаро спыніў існаванне ў 18 ст., яго руіны пад назвай Мангуп-кале за 20 км на У ад Севастопаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕ́ЙЦЫ,
адно з асноўных стараж.-грэч. плямёнаў, якое жыло ў Фесаліі. З пач. 2-га тыс. да нашай эры засялялі Пелапанес і некаторыя а-вы Эгейскага м. Яны захавалі заснаваны іанійцамі саюз 12 гарадоў. У 17—16 ст. да нашай эры ўтварыліся дзяржавы ахейцаў Мікены, Пілас і інш., якія ў 15—13 ст. да нашай эры дасягнулі высокага эканам. і паліт. росквіту. Удзельнічалі ў Траянскай вайне. У 12 ст. да нашай эры выцеснены дарыйцамі ў М.Азію, на Кіпр і інш. астравы, на Пн Пелапанеса, дзе ўтварылі вобласць Ахая. Значэнне ахейцаў вырасла пасля 280 да нашай эры, калі полісы Ахаі арганізавалі Ахейскі саюз. У паэмах Гамера ахейцамі наз. ўсе грэкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЁЗДАВА,
комплекс археал. помнікаў канца 9—10 ст. каля аднайменнай вёскі, за 13—15 км ад Смаленска, на беразе Дняпра; гандлёва-рамесніцкі цэнтр на шляху з «варагаў у грэкі». Складаецца з 8 курганных могільнікаў і вял. паселішча з гарадзішчам у цэнтры. У могільніках каля 2000 курганоў. Даследавана больш за 1100 пахаванняў і каля 6000 м² паселішча. Пахавальны абрад да сярэдзіны 10 ст. трупаспаленне, пазней трупапалажэнне. Найб. росквіту дасягнула ў сярэдзіне 10 ст. Насельніцтва рознаэтнічнае: скандынавы, славяне, балты, асн. яго масу складалі рамеснікі і члены іх сем’яў, дружыннікі, гандляры. Раскопкамі выяўлена шмат рэчаў са Скандынавіі, Візантыі, краін Усходу, знойдзены 4 грашова-рэчавыя скарбы сярэдзіны 10 ст. З канца 10 ст. пачаўся заняпад паселішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́РЫС,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог расліннасці, вады, уладар замагільнага свету. Лічыўся сынам бога зямлі Геба і багіні неба Нут, яго сястрой і жонкай была Ісіда. Асірыса ўяўлялі ў вобразе чалавека з муміфікаваным целам і знакамі царскай улады; лічылі, што ён адвучыў людзей ад дзікага ладу жыцця, навучыў сеяць злакі, пячы хлеб, здабываць руды, будаваць гарады і інш. Брат Асірыса, бог пустыні Сет, забіў яго, але Ісіда знайшла цела мужа, здабыла ўтоеную ў ім жыццёвую сілу і зачала ад мёртвага Асірыса сына Гора. Грэкі атаясамлівалі Асірыса з Дыянісам. Міф пра смерць і ўваскрэсенне Асірыса паўплываў на ўзнікненне міфа пра Хрыста.
Да арт.Асірыс. Гор вядзе памерлага да трона Асірыса. Малюнак з «Кнігі мёртвых». Каля 1450 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРМАПІ́ЛЫ (Thermapylai),
горны праход на мяжы Фесаліі і Сярэдняй Грэцыі, на ПдУ ад г. Ламія. Месца бою паміж грэкамі і персамі ў 480 да н.э. ў час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. Вясной грэч. саюзнае войска (каля 5 тыс.чал.) на чале са спартанскім царом Леанідам заняло абарону каля Ф., перагарадзіўшы шлях шматтысячнай арміі перс. цара Ксеркса I. Грэч. войска 2 дні ўтрымлівала праход, але з дапамогай перабежчыка персам удалося выйсці ў тыл абаронцам. Леанід загадаў асн. сілам пайсці на абарону Афін, а сам з 300 спартанцамі працягваў бой. Увесь атрад загінуў у рукапашнай схватцы. У бітве персы страцілі каля 20 тыс.чал., грэкі — каля 4 тыс.чал. Спартанцы пахаваны ў агульнай магіле, на якой пастаўлены помнік.